РЫ́МНІК (Rîmnic),
рака ў Румыніі (прыток р. Сірэт), пры якой 22.9.1789 адбылася бітва ў час рус.-тур. вайны 1787—91. Рус.-аўстр. войскі (25 тыс. чал., з іх 7 тыс. рускіх) пад агульным камандаваннем А.В.Суворава перамаглі ўчацвёра большую тур. армію (каля 100 тыс. чал.) вял. візіра Юсуф-пашы, якую знянацку атакавалі і разбілі ў 4 лагерах паміж рэкамі Рымна і Р. Рускія і аўстрыйцы страцілі каля 700 чал., туркі, паводле розных звестак, ад 6 да 20 тыс. забітымі і параненымі. Перамога каля Р., за якую Сувораў атрымаў тытул графа Рымнікскага — узор разгрому намнога большых сіл праціўніка ў выніку рашучых, імклівых дзеянняў войск і палкаводца.
т. 13, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬСКІ Аляксандр Кузьміч (6.12.1903, ст. Алексікава Нованікалаеўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 14.11.1979),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую артыл. школу (1925), артыл. курсы ўдасканалення камсаставу (1933, 1937), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. У час Бел. аперацыі 1944 артылерыя 2-га Бел. фронту пад камандаваннем С. нанесла ўдары на рашаючых напрамках, што садзейнічала прарыву варожай абароны, фарсіраванню рэк Проня і Бася, выхаду да Дняпра і разгрому праціўніка. Да 1955 на камандных пасадах у Сав. Арміі, навук. рабоце.
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАРЖЭ́ЦКІ Баляслаў Часлававіч [1831, маёнтак (цяпер вёска) Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 1888], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це; у час эміграцыі — у ваен. школе ў Францыі. Служыў у Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. З 1860 знаходзіўся пад сакрэтным наглядам паліцыі. Як член Мінскага губ. к-та ўдзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861. У 1863 паўстанцкі камісар Мінскай губ. Знаходзіўся пры атрадзе С.Ляскоўскага. Увосень 1863 эмігрыраваў. Сядзіба Свентаржэцкіх у Багушэвічах была знішчана паводле загаду М.М.Мураўёва.
Літ.:
Кісялёў Г.В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.
Г.В.Кісялёў.
т. 14, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў УСЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Георгій),
князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Сын полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Згадваецца пад 1129 сярод сыноў Усяслава, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч саслаў у Візантыю. На думку А.Я.Праснякова і Т.Васілеўскага, С.Ў. у пач. 12 ст. валодаў Віцебскам, бо ў далейшым віцебскі сталец займалі яго ўнукі. Л.В.Аляксееў мяркуе, што Віцебск у гэты час належаў смаленскім князям. На думку А.М.Рапава, С.У. магло належаць Ізяслаўскае княства, бо пасля там княжыў яго сын Васілька Святаславіч. Меў сыноў Васіля, Давыда і Вячаслава, дачок Прадславу (Ефрасінню Полацкую) і Градзіславу (Еўдакію).
Л.У.Калядзінскі.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРТО́РЫЙ Квінт (Quintus Sertorius, каля 122—72 да н.э.),
рымскі палкаводзец. Удзельнік войнаў супраць кімвраў і тэўтонаў (105, 102), легат у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., прыхільнік Марыя і Цыны ў іх барацьбе з Сулам у час грамадз. войнаў 88—82 да н.э. У 83—81 да н.э. прэтар Блізкай Іспаніі (рым. правінцыя на ўсх. узбярэжжы Іспаніі). З 80 да н.э. ўзначаліў барацьбу іберыйскіх плямён супраць Рыма, ператварыў Іспанію ў цэнтр антысулаўскай апазіцыі. Аб’яднаў пад сваёй уладай амаль усю Іспанію, атрымаў шэраг перамог над рым. палкаводцамі Метэлам і Гнеем Пампеем. Забіты змоўшчыкамі з ліку сваіх прыбліжаных, якія шукалі прымірэння з Рымам.
т. 14, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСЦЭНДЭНТА́ЛЬНАЕ [ад лац. transcendens (transcendentis) які выходзіць за межы],
тое, што выходзіць за межы канечнага эмпірычнага свету. Тэрмін «Т.» ўведзены ў сярэдневяковай схаластыцы для характарыстыкі універсальных прадметаў пазнання (ісціна, адзінства, дабро і інш.). Гнасеалагічнае значэнне гэтаму паняццю надаў І.Кант, які пад Т. разумеў тое, што адносіцца да апрыёрных умоў пазнання і арганізуе вопыт (напр., прастора і час, субстанцыя, прычыннасць і інш.). Шырокае распаўсюджанне тэрмін «Т.» атрымаў у філас. сістэмах І.Г.Фіхтэ, Ф.Шэлінга і неакантыянства. Ням. фенаменолаг Э.Гусерль проціпастаўляў Т. ўсяму эмпірычнаму, а гал. мэтай фенаменалагічнай рэдукцыі абвясціў выхад на ўзровень Т. свядомасці, ачышчанай ад усіх элементаў вопыту.
Н.Г.Кісялёва.
т. 15, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМЯСТО́ЎСКІ Франц Іванавіч (10.2.1882, г. Вільня — май 1940),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, уваходзіў у «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Друкаваўся з 1904 пад псеўд. Дзядзька Пранук. Удзельнічаў у выданні газ. «Наша доля», друкаваўся ў «Нашай ніве». У апавяданнях «На мужыцкі розум», «Страх», «Доктар ад каўтуна» і інш. паказаў бел. селяніна кемлівым, сумленным, высмейваў забабоны. Апавяданне «Стася» напісаў на матэрыяле 1-й сусв. вайны, удзельнікам якой быў сам. У 1927—28 выдаваў у Зах. Беларусі газ. «Беларускі дзень», час. «Беларуская культура». У 1928 адышоў ад грамадскай і культ.-асв. працы. З 1939 служыў у польскім войску.
А.С.Ліс.
т. 16, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРАЛЬНАБЕЛАРУ́СКІ МАСІ́Ў,
найбольш прыўзнятая частка Беларускай антэклізы на У Гродзенскай і З Мінскай абласцей. Абмежаваны на ПнУ Налібоцкім, на Пд Свіслацкім і Ляхавіцкім разломамі і серыяй паўн. прыбартавых разломаў Прыпяцкага прагіну, на З — ізагіпсай паверхні фундамента 200 м. Мае форму кліна, даўж. 230 км, шыр. асновы 160 км. Паверхня крышт. фундамента ў цэнтр. і ўсх. частках прыўзнята на Бабаўнянскім выступе, месцамі выходзіць пад антрапагенавую тоўшчу. Уяўляе сабой сістэму блокавых падняццяў фундамента, перакрытых платформавым чахлом з познапратэразойскіх, мелавых, палеагенавых, неагенавых і антрапагенавых адкладаў. Паводле часу фарміравання Ц м. як часткі Бел. антэклізы — структура вендскага залажэння; як самаст. выступ у складзе Балтыйскага шчыта яна існавала ў валынскі час.
т. 17, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т КСМЗБ (ЦК КСМЗБ),
вышэйшы кіруючы орган Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі паміж яго з’ездамі і канферэнцыямі. Створаны ў студз. 1924 на I канферэнцыі КСМЗБ (Вільня). Працаваў пад кіраўніцтвам ЦК КПЗБ і ЦК КСМ Польшчы. Складаўся з 5—9 членаў. Друкаваныя органы — газеты і часопісы «Малады камуніст», «Малады змагар», «Камсамолец», «Голас моладзі» і інш. Знаходзіўся на нелегальным становішчы ў Вільні, Беластоку, Варшаве. У розны час першымі сакратарамі ЦК КСМЗБ сталі І.Унгер, В.З.Харужая, А.А.Альшэўскі, Х.Р.Гелер, Ф.Шчапоўскі, М.С.Хазан, Д.Клемпнер, М.П.Маслоўскі, І.В.Малец, С.Р.Анісаў, М.М.Дворнікаў, А.І.Федасюк.
М.А.Бобер.
т. 17, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адбі́так, -тка і -тку, мн. -ткі, -ткаў, м.
1. -тка. Адлюстраванне чаго-н. на гладкай бліскучай паверхні ў выніку пераламлення светлавога праменя.
Адбіткі дрэў чарнеюць з вады.
2. -тка. След, які застаўся на чым-н. ад іншага прадмета.
Адбіткі пальцаў на шкле.
Адбіткі птушыных лапак на вільготным пяску.
3. -тка. Тэкст, малюнкі і пад., адціснутыя паліграфічным спосабам.
А. тэксту на паперы.
4. -тку. Перадача ў вобразах і паняццях чаго-н.
А. жыцця ў рамане.
5. -тку. Адзнака, след, знак якіх-н. пачуццяў, уздзеянняў, уплываў.
А. журбы на тварах людзей.
Час кладзе на ўсё свой а.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)