МА́ГНІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць магній. Найб. пашыраныя М.з. — магнію аксід, солі магнію і магнійарганічныя злучэнні.

Солі магнію ў асн. крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, бязводныя вельмі гіграскапічныя, утвараюць крышталегідраты. Магнію карбанат MgCO3 у прыродзе мінерал магнезіт. Магнезіт і даламіт (змешаны карбанат CaCO3∙MgCO3) выкарыстоўваюць для атрымання магнезіі, магнію і яго злучэнняў, як магніевыя ўгнаенні (напр., даламітавая мука). Магнію перхларат Mg(ClO4)2 — вельмі гіграскапічнае рэчыва. Гідрат саставу Mg(ClO4)2∙2H2O вырабляюць пад назвай ангідрон, выкарыстоўваюць як асушальнік газаў. Магнію сульфат MgSO4 раскладаецца пры т-ры 1100—1200 °C. У прыродзе сустракаюцца мінералы кізерыт MgSO4∙H2O, эпсаміт MgSO4∙7H2O, каініт Ka∙MgSO4∙3H2O і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання аксіду магнію, пратраву пры фарбаванні тканін, напаўняльнік паперы, у медыцыне (горкая соль). Магнію хларыд MgCl2 трапляецца ў выглядзе мінералаў бішафіту MgCl2∙6H2O, карналіту KCl∙MgCl2∙6H2O. Выкарыстоўваюць для атрымання магнію, у вытв-сці магнезіяльнага цэменту — сумесь напаленага MgO, MgCl2 і вады; водны раствор — як холадагент, антыфрыз, сродак супраць абледзянення лётных палёў, чыг. рэек, як антыпірэн для драўніны, дэфаліянт і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),

Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10​−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.​Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.

Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

камасі́т

(ад гр. kamaks, -akos = кій)

мінерал, які змяшчаецца ў жалезных метэарытах і з’яўляецца сумессю крышталічнага жалеза з нікелем.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

кардыеры́т

[ад фр. P. Cordier = прозвішча фр. геолага (1777—1861)]

мінерал класа сілікатаў, бясколерны або сіняга колеру, каштоўны камень.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

карнаты́т

[ад фр. A. Carnot = прозвішча фр. хіміка (1893—1920)]

мінерал класа фасфатаў ярка-жоўтага колеру; руда урану, ванадыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

касітэры́т

(ад гр. kassiteros = волава)

мінерал класа вокісаў і гідравокісаў цёмна-бурага, чырвонага, чорнага або жоўтага колеру; алавяная руда.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ільмені́т

[рус. ильменит, ад Ильменские горы (на Урале)]

мінерал падкласа складаных вокіслаў, вокісел жалеза і тытану, крышталічны, чорнага колеру.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ангідры́т

(ад ан- + гр. hydor = вада)

мінерал класа сульфатаў (сернакіслы кальцый), які пры злучэнні з вадой ператвараецца ў гіпс.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

азуры́т

(ад фр. azur = блакіт, ад ар. läzavard = сіні камень)

мінерал класа карбанатаў блакітнага або сіняга колеру; медная руда.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вітэры́т

[ад англ. W. Withering = прозвішча англ. мшералога (1741—1799)]

мінерал класа карбанатаў, вуглякіслы барый белага або жаўтаватага колеру.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)