ПАЎЛО́ВІЧ Мікалай Браніслававіч (15.7.1897, в. Мазурына Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 26.6.1973),

контр-адмірал (1944). Канд. ваенна-марскіх н. (1942), праф. (1951). Скончыў Марскі корпус у Петраградзе (1917). Служыў на караблях Балт. флоту, камандаваў тральшчыкам, эсмінцам. З 1931 выкладаў у Ваенна-марской акадэміі (ВМА). У сав.-фінл. вайну 1939—40 нам. камандзіра і нач. штаба атрада асобага прызначэння Балт. флоту. З мая 1941 нач. кафедры ВМА. У час Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944 нач. паходнага штаба камандуючага Паўн. флотам. З 1954 у адстаўцы. Аўтар прац пераважна па тактыцы ВМФ, у т. л. падручнікаў для ваенна-марскіх навуч. устаноў.

Тв.:

Развитие тактики Военно-Морского Флота. Т. 1—4. М., 1990.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),

род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГВАЛО́ДАЎ КА́МЕНЬ,

манументальны помнік эпіграфікі 12 ст., каля в. Дзятлава Аршанскага р-на, за 18 км ад Оршы. Адкрыты і даследаваны ў 1792. Валун выш. да 3 м з высечаным 6-канцовым крыжам (выш. 160 см) і надпісам на стараж.-рус. мове: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». Выш. літар. 15 см. Крыж і надпіс высечаны ў 1171 паводле загаду друцкага кн. Рагвалода Барысавіча пасля галоднай зімы 1170—71 у спадзяванні на ўраджай. Пазней над Р.к. была пабудавана капліца. Падобны да Барысавых камянёў. Не збярогся.

Рагвалодаў камень у капліцы. 1890-я г.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САВЕ́Т АБ’ЯДНА́НАГА ДВАРА́НСТВА»,

пастаянны орган з’ездаў упаўнаважаных дваранскіх таварыстваў — агульнарас. дваранскай арг-цыі. Існаваў з мая 1906 да пач. 1917. Быў выканаўчым органам з’ездаў. Выбіраўся на 3 гады, дзейнічаў паміж з’ездамі, складаўся са старшыні, 2 таварышаў і 12 членаў. Меў актыўную падтрымку пры двары, сярод правых фракцый Дзярж. думы, у Дзярж. савеце. Часта выступаў у якасці паліт. саветніка імператара Мікалая II і ўрада. Адстойваў непарушнасць самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, выступаў за актывізацыю барацьбы супраць рэв. руху, за ўзмацненне цэнзуры і інш. Вырашэнне агр. пытання бачыў у разбурэнні сял. абшчыны і пераходзе да хутарской сістэмы, рашучым правядзенні перасяленчай палітыкі. У час 1-й сусв. вайны страціў ранейшыя пазіцыі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 спыніў існаванне.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «СЛУ́ЦКІЯ ПАЯСЫ».

Створана ў 1960 як Слуцкая ф-ка маст. вырабаў на аснове арцелі «1 Мая» (засн. 1936) у г. Слуцк Мінскай вобл., з 2000 сучасная назва. Асн. прадукцыя: вырабы ручнога пераборнага ткацтва (сталовыя, чайныя, гасціныя і інш. камплекты, посцілкі, накідкі на крэслы, канапы, паясы і інш.), страчавышытыя бялізнавыя вырабы, сувенірныя лялькі. Уклад у развіццё нар. маст. промыслаў зрабілі ткачыхі Г.​Лешчанка, Т.​Пацыкайлік, вядучы мастак А.​Ісакова, вышывальшчыцы Г.​Бадыль, М.​Глобаж. Да пач. 1990-х г. працавалі ткацкія ўчасткі ў вёсках Чырвоная Дуброва, Семежава Капыльскага р-на, участак лозапляцення ў в. Вынісцы Слуцкага р-на.

Плеценыя вырабы з лазы Слуцкага прадпрыемства мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы».

т. 15, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАМБАЛІ́ЙСКІ Аляксандр Стаіменаў (1.3.1879, г. Славовіца, Балгарыя — 14.6.1923),

балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся аграноміі ў Германіі (1900—02). З 1902 адзін з лідэраў Балг. земляробчага нар. саюза (БЗНС). Выступаў супраць германафільскай палітыкі цара Фердынанда і ўрада В.​Радаславава. У 1915 арыштаваны і прыгавораны да пажыццёвага зняволення. У 1918 амнісціраваны. З кастр. 1919 кіраўнік кааліцыйнага, з мая 1920 аднапарт. (БЗНС) урада Балгарыі. Адзін са стваральнікаў тэорыі аграрызму, паводле якой асновай паліт. жыцця краіны абвяшчалася сялянства. Урад С. правёў шэраг дэмакр. рэформ, спрабаваў наладзіць адносіны з Сав. Расіяй, але 9.6.1923 у выніку ваен. перавароту скінуты. С. спрабаваў узняць у адказ сял. паўстанне, але быў схоплены і пасля катаванняў забіты.

т. 15, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКТАВІ́К,

від танічнага верша (гл. Танічнае вершаскладанне), у якім колькасць складоў паміж моцнымі націскнымі складамі (іктамі) ад 0 да 3—4. Пропускі націскаў на метрычна моцных месцах рэдкія, а ў 3-складовых інтэрвалах часта сустракаюцца звышсхемныя націскі на сярэднім складзе. Т. займае прамежкавае становішча паміж дольнікам і акцэнтным вершам (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў — апорных рытмічных націскаў у вершаваных радках). У бел. паэзію Т. увялі ў пач. 20 ст. Я.​Купала і М.​Багдановіч. Прыклад 4-іктнага Т. ў Я.​Купалы:

Я табе́, зямля мая пра́дзедаў маіх.
Не патра́плю нічо́га жале́ць на све́це,
На свет цэ́лы гато́ў твой прыго́н апе́ці
І ўзнясці́ паса́д на магі́лішчах тваі́х.
(«Для зямлі прадзедаў маіх...»)

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-КІТА́ЙСКАЕ МО́РА, Дунхай,

паўзамкнёнае мора Ціхага ак. паміж узбярэжжам Усх. Азіі (Кітай) і а-вамі Рукю і Кюсю (Японія). Пл. 836 тыс. км². Зах. ч. мора — мацерыковая водмель, глыбіні якой павялічваюцца на У і ПдУ ад 33—47 м да 150—160 м. Усх. ч. мора — упадзіна, з найб. глыб. 2719 м. Упадае р. Янцзы. Сярэдняя т-ра вады ў лют. 7—16 °C, у жн. 27—28 °C. Салёнасць 30—34,5‰. Прылівы паўсутачныя (да 7,5 м). Клімат мусонны. Тайфуны з мая па кастр. (3—4 на год). Ва ўсх. ч. мора пастаяннае паўн. цячэнне — працяг Паўн. Пасатнага цёплага цячэння. Рыбалоўства. Гал. парты: Шанхай, Ханчжоў, Нінбо, Цзілун (Кітай), Нагасакі (Японія).

т. 16, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ТЛА (ад грэч. titlos надпіс),

надрадковы знак, які ўжываўся ў стараж. (грэч., слав.) пісьменнасці і ўказваў на скарочанае напісанне слоў або лікавае значэнне літар.

У старабел. пісьменнасць Ц. перайшла са стараж.-рускай. Спачатку мела форму, блізкую да простай гарыз. рыскі над словам, потым колькасць яе варыянтаў павялічылася. Звычайна пісалася над агульнавядомымі кніжнымі словамі, Дзе апускаліся пераважна літары, якія абазначалі галосныя гукі: «г︮л︦с︦ъ︯» («голосъ»), «д︮н︦ь︯» («день»), «к︮р︦с︦т︦ъ︯» («крестъ»), «с︮н︦ъ︯» («сынъ»), «ц︮р︦ъ︯» («царъ»). Ужывалася над літарамі, якія абазначалі лікі і даты («купили жита з҃ копъ», «розделъ к҃г, «року≠афме месяца мая иі Дня»), над вынаснымі літарамі («праⷡ҇да», «чаⷭ҇). Розныя графічныя варыянты Ц. служаць палеаграфічнай прыкметай пры датаванні стараж. рукапісаў.

А.​М.​Булыка.

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЛЫ́М,

рака, правы прыток р. Об, у Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі. Даўж. 1799 км, пл. бас. 134 тыс. км². Утвараецца пры зліцці рэк Белы і Чорны Іюс, што бяруць пачатак у Кузнецкім Алатау. Ад месца зліцця да г. Ачынск — горная рака, ніжэй цячэ па Чулыма-Енісейскай катлавіне, дзе разбіваецца на рукавы і часта перамяшчаецца; потым у шырокай пойме Чулымскай раўніны са шматлікімі азёрамі і старыцамі, рэчышча з многіх рукавоў. Гал. прытокі: Кемчуг, Чычкаюл (справа), Кія, Яя (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з пач. ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 785 м³/с. Сплаўная. Суднаходная на 1173 км ад вусця. На Ч. гарады Назарава, Ачынск, Асіна.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)