ШРЫ-ЛА́НКА, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка,

дзяржава ў Паўд. Азіі, на аднайм. востраве (б. Цэйлон), у Індыйскім акіяне. Ад Індыі аддзелена Манарскім зал. і Полкскім пралівам. Пл. 65,61 тыс. км². Нас. 19 576,8 тыс. чал. (2002). Афіц. мовы — сінгальская і тамільская; мова міжнац. зносін — англійская. Афіц. сталіца — Шры-Джаявардэнапура-Котэ (месцазнаходжанне парламента), фактычная — г. Каломба. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 лютага).

Дзяржаўны лад. Прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Савет Міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. дзярж. асамблеі, дэпутаты якой выбіраюцца на 6 гадоў. Выбарчым правам карыстаюцца ўсе грамадзяне з 18 гадоў. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца таксама апеляцыйнай інстанцыяй, суды акруговыя, магістратаў і сельскія. Суддзяў прызначае ўрад, членаў Вярх. суда — прэзідэнт.

Прырода. Большая ч. краіны — узгорыстыя раўніны. На Пд і ў цэнтры сталовыя горы з пераважнымі выш. 1000—2000 м (найб. 2524 м, г. Підуруталагала). Карысныя выкапні: графіт, вапнякі, паўкаштоўныя і каштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты), фасфарыты; на ПнУ і ПдУ узбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі (ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый); разнастайныя буд. матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты). Клімат субэкватарыяльны, на Пд экватарыяльны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах каля 27 °C, у гарах 23—25 °C. Адно з самых халодных месцаў — горны курорт Нувара-Элія (2000 м над узр. м.) з сярэднегадавой т-рай 15 °C. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з ПнУ на ПдЗ з 1300—2000 мм да 2500—3000 мм. Рачная сетка густая. Рэкі кароткія, найб. — Махавелі (330 км). Глебы чырвона-бурыя і чырвона-жоўтыя фералітныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Больш за 70% тэр. ўкрыта натуральным раслінным покрывам. На Пд — участкі вечназялёных трапічных лясоў, на ПнУ трапічныя лістападныя лясы. Жывёльны свет разнастайны: сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы. мядзведзі, шмат малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках — кракадзілы. Нац. паркі: Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла (Рухуна).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — сінгалы (74%) і тамілы (18%). Жывуць таксама маўры (нашчадкі арабаў і мясц. мусульман) — 7%, бюргеры (нашчадкі галандцаў і партугальцаў), малайцы, веды, кафіры (афрыканцы), ланкійскія цыганы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (70%) і індуісты (15%). Ёсць хрысціяне (католікі) — 8%, мусульмане — 7% (1999). Натуральны прырост 0,85% (2002). Сярэдняя шчыльн. 298 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены ПдЗ вострава. У акрузе Каломба шчыльн. больш за 2 тыс. чал. на 1 км². У гарадах жыве 23% насельніцтва. Буйныя гарады (тыс. ж., 1993): Каломба — 2026 (з прыгарадамі), Маўнт-Лавінія — 175, Моратува — 135, Джафна — 125. Працаздольнага насельніцтва 6,6 млн. чал. (1998). У прам-сці занята 17% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38%, у сферы паслуг — 45%.

Гісторыя. З часоў палеаліту Ш.-Л. насялялі плямёны паляўнічых-збіральнікаў, ад якіх, відаць, пайшоў сучасны народ веды. У 6—3 ст. да н.э. востраў засялілі інда-арыйскія плямёны з Паўн. Індыі. Яны назвалі краіну Сінхаладвіпа (санскр. — «краіна львоў»), у скажонай транскрыпцыі Сілон (рус. і бел. Цэйлон), а сябе — сінгаламі. Адначасова ўжывалася і другая назва вострава — Ланка (благаславёная, цудоўная зямля). У 3 ст. н.э. склалася Сінгальская дзяржава (сталіцы — гарады Анурадхапура, Паланарува), дзе дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Яна з пераменным поспехам ваявала з прышэльцамі з Паўд. Індыі таміламі і ў 15 ст. распалася. На Пн вострава ўзнікла Тамільская дзяржава са сталіцай у г. Джафна. З 1505 да пач. 17 ст. прыбярэжныя раёны Ш.-Л. заваяваны партугальцамі, але яны не здолелі зламаць супраціўленне сінгальскага каралеўства з цэнтрам у г. Канды, якое з 15 ст. існавала ў горнай частцы вострава. У 1658 галандцы з дапамогай кандыйцаў выгналі партугальцаў, але ў 1795—96 самі былі выгнаны англічанамі. З 1802 Ш.-Л. — асобная брыт. калонія Цэйлон, у 1815 англічане захапілі і Кандыйскае каралеўства. У 1833 пры брыт. губернатару створаны Заканад. савет, у 1912 прынята канстытуцыя. Паводле канстытуцыі 1931 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. 4.2.1948 абвешчана незалежнасць Ш.-Л. ў складзе брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1972 Ш.-Л. — рэспубліка. У краіне дзейнічаюць каля 30 паліт. партый, але ўвесь перыяд незалежнасці ўлада папераменна належыць або правай Аб’яднанай нац. партыі (засн. ў 1946, правіла ў 1948—56, 1960, 1964—70, 1977—94), або левай Партыі свабоды Ш.-Л. (засн. ў 1951, правіла ў 1956—60, 1960—64, 1970—77 і са жн. 1994 у складзе Нар. альянсу). З 1994 прэм’ер-міністр Ш.-Л. — С.Бандаранаіке, прэзідэнт — яе дачка Ч.​Кумаратунге. Становішча ў краіне ўскладнена ўзбр. канфліктам (з 1983) паміж урадам і арг-цыяй Тыгры вызвалення Таміл Ілама, якая тэрарыст. метадамі змагаецца за стварэнне на Пн і ПнУ вострава незалежнай Тамільскай дзяржавы. Ш.-Л. — чл. ААН (з 1955), Руху недалучэння (з 1961), інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліст. 2000.

Гаспадарка. Ш.-Л. — агр.-індустр. краіна з развітой плантацыйнай гаспадаркай. З 1970-х г. у краіне праводзяцца рыначныя рэформы, што спрыяе пашырэнню аб’ёму інвестыцый у эканоміку (у 1997—550 млн. дол.), хуткаму развіццю прам-сці і сферы паслуг. Асн. інвестары — Японія, Паўд. Карэя, Сінгапур, мадэлі эканам. развіцця якіх Ш.-Л. прыстасоўвае да сваіх умоў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 62,7 млрд. дол. (3,25 тыс. дол. на 1 чал.). Штогадовы рост ВУП у 1997—2000—5,3%. У сельскай гаспадарцы ствараецца 21% ВУП, у прам-сці — 27%, у сферы паслуг — 52%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства, якое пашырана пераважна на ПдЗ вострава, дзе няма патрэбы ў арашэнні. Апрацоўваецца 14% тэр. Гал. плантацыйныя культуры — чай (збор больш за 240 тыс. т штогод), гевея (100 тыс. т натуральнага каўчуку), какосавая пальма (60 тыс. т копры), займаюць 2/3 пл. зямель, што апрацоўваюцца. З інш. плантацыйных культур вырошчваюць вострапрыпраўныя расліны (перац, кардамон, мускатны арэх, карыца, гваздзіка і інш.), какава, ананасы, цукр. трыснёг, тытунь. У канцы 20 ст. роля плантацыйнай гаспадаркі ў экспартных паступленнях значна знізілася (з 90% у 1970 да 20% у 2000). Гал. харч. культура — рыс (2,76 млн. т, 2000), пашырана паўсюдна, асабліва на алювіяльных глебах у далінах рэк і на прыморскіх нізінах. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. У больш засушлівых раёнах вырошчваюць проса (491 тыс. т, 2000), кукурузу (315 тыс. т), сорга (140 тыс. т), бабовыя, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,56, коз — 0,5, птушак — 11, свіней — 0,07, авечак — 0,01. Буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Улоў рыбы (1999) 247 тыс. т. У прамысловасці найб. інтэнсіўна развіваюцца тэкст. і швейная галіны. У 5 зонах свабоднага гандлю працуюць больш за 150 прадпрыемстваў па вытв-сці тэкст. вырабаў на экспарт. Развіты традыц. галіны — чайная, перапрацоўка какосавых арэхаў (алей, мыла, гліцэрын, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі і інш.), цукр., тытунёвая, мукамольная, гарбарна-абутковая. Ёсць прадпрыемствы чорнай металургіі (Орувела), маш.-буд. (пераважна зборачныя, па вытв-сці абсталявання для лёгкай прам-сці і інш.), нафтаперапр., гумавай (шынны з-д у Келані), фарфоравай, цэм. прам-сці. 50% прамысл. прадпрыемстваў сканцэнтравана ў г. Каломба і яго прадмесцях. Выпрацоўка электраэнергіі 6,6 млрд. кВт∙гадз (2000) на ГЭС (68%) і ЦЭС (32%). Здабыча графіту, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, солі. Вял. значэнне маюць маст. промыслы — разьба па дрэве, рогу, чарапахавых пласцінах, слановай косці, чаканка па метале, вытв-сць упрыгожанняў з каштоўных камянёў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог больш за 25 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 11,3 тыс. км. У краіне 220 тыс. легкавых і 249 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Чыгункі (даўж. 1463 км) пераважна аднакалейныя. Унутр. водных шляхоў — 430 км, трубаправодаў — 62 км. Гал. марскія парты: Каломба, Гале, Джафна, Трынкамалі. 15 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Каломба. Экспарт (4,9 млрд. дол., 2001) тканін, швейных і гумава-тэхн. вырабаў, чаю, каштоўных камянёў, прадуктаў какосавай пальмы. Імпарт (6 млрд. дол., 2001) машын і абсталявання, паліва, харч. прадуктаў. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Індыя. Штогод краіну наведваюць каля 500 тыс. замежных турыстаў. Даход ад турызму 275 млн. дол. (1998). Грашовая адзінка — рупія Ш.-Л.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Вял. ўплыў на стараж. мастацтва Ш-Л. (3 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.) зрабіла культура Індыі. У аснове планіроўкі стараж. гарадоў быў падзел на Унутр. (т.зв. Царскі) горад, умацаваны сценамі, з палацам і гал. культавымі пабудовамі, і Знешні горад з жылымі кварталамі, манастырамі, прадмесцямі (Анурадхапура). Самы вял. арх. комплекс горада — будыйскі манастыр (віхара) — пераўзыходзіў інда-будыйскія ўзоры па памерах, разнастайнасці тыпаў пабудоў: ступа (дагоба), дамы дрэва Бодхі, астанкаў, рэліквій і інш. Найб. даўнія арх. помнікі: звонападобныя ступы Тхупарама (3 ст. да н.э.), Руанвелі (2—1 ст. да н.э.), скальны манастыр Ісурумунія (5—8 ст. н.э.), палацы, штучныя вадаёмы ў г. Анурадхапуры; рэшткі палацавых будынкаў, ступы Даміла-тхупа, Ранкатвіхара-ступа, Кірывіхара, круглы храм Вата-да-ге, дом вобраза Ланкатылака, пячорны комплекс Галвіхара і інш. ў г. Паланарува. Для будыйскай каменнай пластыкі характэрны манументальнасць, стрыманасць вобразаў, лаканізм форм: гарэльеф «Закаханыя» ў Анурадхапуры (5 ст.), гіганцкія скальныя статуі Буды і Ананды ў Паланаруве (12 ст.). З 11 ст. ўзводзілі індуісцкія храмы (Шыва Дэвале № 1 і № 2 у Паланаруве). Выяўл. мастацтва звязана з інд. маст. школамі. У 5 ст. на скале Сігірыя створаны размалёўкі (мяркуюць, што першапачаткова іх было 500; захавалася 21) з выявамі фігур знатных жанчын у выглядзе паўбожастваў апсар, якія скрозь воблакі кідаюць на зямлю кветкі. З 16 ст. пашырыліся еўрап. ўплывы. Традыцыі нац. архітэктуры захоўваліся ў г. Канды [храм Зуба Буды (Далада Малігава), 14, 18—19 ст.], мастацтва — у Дамбуле (размалёўка пячорнага храма, 18 ст.). У 1-й пал. 19 ст. пераважалі формы англ. класіцызму, станковае мастацтва развівалася ў духу англ. акадэмізму. У 1888 прадстаўнікі традыц. кірунку ў мастацтве аб’ядналіся ў «Цэйлонскае таварыства мастацтва». У 1-й пал. 20 ст. ў сувязі з нац.-вызв. рухам склалася маст. аб’яднанне «Група 43», прадстаўнікі якога Х.​Піерыс, Дж.​Кіт, Дж.​Дэраніягала і інш. спалучалі нар. і міфалагічныя сюжэты з прыёмамі еўрап. мастацтва. Члены «Таварыства нацыянальнага мастацтва» (1950, арганізатар будыйскі вучоны-манах Мапалагама Віпуласара тхера) у сваіх творах адраджалі традыцыі сярэдневяковага сценапісу (Б.Л.​А.​Мендыс, К.​С.​Віджая і інш.). Развіваюцца стараж. віды маст. рамяства: ткацтва, разьба па дрэве (арх. дэталі, маскі), апрацоўка металу (насечка, чаканка) і каштоўных камянёў, вытанчаная разьба па слановай косці, выраб лакавых рэчаў. У буд-ве выкарыстоўваюцца дасягненні сусв. дойлідства і вопыт нац. архітэктуры. Помнікі гарадоў Анурадхапура, Паланарува, Сігірыя, Канды ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Талмуд Э.Д. История Цейлона, 1795—1965. М., 1973;

Республика Шри Ланка: История и современность. М., 1977;

Страны и народы: [Зарубежная Азия. Южная Азия]. М., 1982;

Тюляев С.И., Бонгард-Левин Г.М. Искусство Шри Ланка. М., 1974.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Шры-Ланкі.
Да арт. Шры-Ланка. У наваколлі горада Канды.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка на скале. Сігірыя. 5. ст.
Да арт. Шры-Ланка. Скульптурнае аздабленне круглага храма Вата-да-ге ў г. Паланарува. 12 ст.
Да арт. Шры-Ланка. Размалёўка пячорнага храма ў Дамбуле. 18 ст.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НА (Ghana), Рэспубліка Гана (Republic of Ghana),

дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс. км². Нас. 16 446 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).

Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч. тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс. ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.

Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац. арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.

6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.​Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.​Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.​Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл. ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац. дэмакр. кангрэс, Нац. патрыят. партыя і інш. Цэнтр. прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.

Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс. т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс. т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс. т, баксітаў 370 тыс. т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас. р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс. кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс. т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч. прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс. км, з іх 6,1 тыс. км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд. ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн. трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал. гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.

Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.​Ахума, А.​Аджае, Дж.​Каслі-Хейфарда, С.​Д.​Менса, Р.Е.​Г.​Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.​Р.​Акуа, раманы і п’есы Дж.​Х.​Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.​К.​Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.​Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.​Аму, К.​А.​Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.​К.​Армы, «Анова» К.​А.​Айда, «Муж для Есі Элуа» К.​Бедыяка, «Свавольнікі» К.​Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.​Т.​Сазерленд, Нкетыя, І.​Хо, Х.​Сетсаафія, Дж.​Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар. скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.​Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.​Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап. рэаліст. манеры.

Літ.:

История Ганы в новое и новейшее время. М., 1985;

Мазов С.В. Парадоксы «образцовой» колонии: Становление колониального о-ва Ганы, 1900—1957 гг. М., 1993.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Ганы.
Да арт. Гана. Узбярэжжа Гвінейскага заліва.
Да арт. Гана. Порт Такарады.
Да арт. Гана. ГЭС Акасомба на рацэ Вольта.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс. км². Нас. 13972,5 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г. Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).

Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр. ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-ра студз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-ра чэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.

Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс. чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).

Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст. н.э. тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл. Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб. халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).

У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.

У выніку ўзбр. нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар. Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г. ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.

Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд. дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс. га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс. т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн. т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд. м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн. т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн. т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн. т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд. кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сць буд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс. км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд. дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд. дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст. н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Йемена.
Да арт. Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.
Да арт. Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс. км², нас. 10 254 тыс. чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г. Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл. Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл. Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920 зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл. Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс. чал. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССР новай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач. кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл. Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст. індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. Савет БССР (гл. ў арт. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн. чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл. Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл. Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944 БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт. Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс. т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г. асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел. энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс. т супраць 402 тыс. т у 1960 і 275 тыс. т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн. га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс. чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс. канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс. чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.

З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. Савет БССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.

Літ.:

гл. пры арт. Беларусь.

І.​Я.​Марчанка.

Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.

т. 2, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГВА́Й (Paraguay), Рэспубліка Парагвай (гуарані Tetâ Paraguay, ісп. República del Paraguay),

дзяржава ў цэнтр. ч. Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Балівіяй, на У з Бразіліяй, на Пд і З з Аргенцінай. Пл. 406,8 тыс. км². Нас. 5434,1 тыс. чал. (1999). Дзярж. мовы — гуарані і іспанская. Сталіца — г. Асунсьён. Краіна падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (14 мая).

Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеаг. выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Кангрэсу (Палата дэпутатаў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на ўсеаг. выбарах на 5 гадоў, выканаўчая — ураду, які прызначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.

Прырода. Цэнтр краіны займае алювіяльная нізіна р. Парагвай, на ПнУ — ускраіны Бразільскага пласкагор’я, на З — раўніна Гран-Чака (выш. да 500 м, асобныя ізаляваныя горы выш. да 1000 м). Ёсць невял. радовішчы жал., марганцавых і медных руд, кухоннай солі, нафты і інш. Клімат трапічны, на У вільготны, на З сухі. Сярэдняя т-ра ліп. 17—19 °C, студз. 27—29 °C. Ападкаў ад 2200 мм на У да 700—1000 мм за год на З. Рачная сетка на У і ў цэнтры густая. Гал. рэкі Парана і яе прыток Парагвай. Пад лесам і хмызнякамі 32% тэрыторыі. На У мяшаныя трапічныя лясы, на З трапічнае рэдкалессе з каштоўнымі пародамі дрэў (квебраха, гуаякан, альгараба і інш.) і ўчасткі саваннаў. У складзе жывёльнага свету ягуары, тапіры, браняносцы, мурашкаеды, малпы, нутрыі, шмат птушак і змей. Нац. паркі — Дэфенсорэс-дэль-Чака, Тынфунке і інш.

Насельніцтва. Каля 95% складаюць парагвайцы — народ, які сфарміраваўся ад змяшання індзейцаў гуарані з нешматлікімі ісп. каланістамі 16—17 ст. Жывуць таксама бразільцы, немцы, аргенцінцы. У неабжытых раёнах захаваліся індзейскія плямёны. Вернікі пераважна католікі (больш за 90%), ёсць пратэстанты і інш. Сярэднегадавы прырост 2,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 13,4 чал. на 1 км². Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана на У ад р. Парагвай, дзе шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 53% насельніцтва. У г. Асунсьён 1,1 млн. ж. з прыгарадамі (1999), больш за 100 тыс. ж. у гарадах Энкарнасьён, Кансепсьён, Сан-Ларэнса, Вільярыка. У сельскай гаспадарцы занята 45% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 16%, у абслуговых галінах — 39%.

Гісторыя. У дакалумбаву эпоху на тэр. П. жыцці індзейцы гуарані, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі с.-г. культуры. У 1537 у П. з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г. Асунсьён — адм. цэнтр ісп. калоній на ПнУ Паўд. Амерыкі. У 1588 з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спец. пасяленні — рэдукцыі, у якіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 ісп. кароль Карл III выгнаў езуітаў з ісп. калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі ісп. каланісты. З 1776 П. — частка ісп. віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г. Буэнас-Айрэс. У выніку антыісп. паўстання 14.5.1811 абвешчана незалежнасць П. У 1814—40 кіраўнік дзяржавы Х.​Г.​Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі П. ад знешняга свету. У 1844 прэзідэнтам стаў К.​А.​Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, буд-ву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 прэзідэнтам абраны яго сын Ф.С.Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—70); гл. Парагвайская вайна). У выніку паражэння П. страціў амаль палавіну тэр. і насельніцтва.

Пасля вайны ў П. вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 у П. ўсталявалася дыктатура ген. А.Стрэснера, які абапіраўся на ваен. вярхі і партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры (1954—89) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тыс. чал. У лют. 1989 Стрэснер скінуты ген. А.​Радрыгесам, які пачаў паліт. лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідэр партыі «Каларада» Х.​К.​Васмосі. У 1997 у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х.​Аўеда, арыштаваны пазней па абвінавачанні ў забойстве паліт. саперніка. Новы прэзідэнт Р.​А.​Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 уцёк з краіны. У сак. 1999 прэзідэнтам П. абвешчаны кіраўнік Сената Л.А.​Г.​Макі. П. — чл. ААН (з 1945) і Лігі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.11.1992. У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыянальна-рэсп. асацыяцыя «Каларада», Сапраўдная ліберальна-дэмакратычная, Рэвалюцыйная фебрэрысцкая і інш.

Гаспадарка. П. — аграрна-індустр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. У 1990-я г. ў гаспадарцы назіраецца паляпшэнне эканам. становішча, працягваюцца рэформы ў агр. сектары, прыватызацыя, лібералізацыя знешнегандлёвага абароту. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 19,8 млрд. дол. (3600 дол. на чалавека). 27% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы, 30% — у прам-сці, 43% — у абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы каля 2,5 млн. га выкарыстоўваецца пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, больш за 22 млн. га пад пашай і лугамі. Значная частка зямель належыць буйным латыфундыстам. Асн. галіна — пашавая жывёлагадоўля мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 9,8, свіней — 2,5, коней — 0,7, авечак — 0,4, коз — 0,1, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—14,8 млн. курэй). Гал. харч. культуры (тыс. т., збор у 1998): кукуруза — 690, маніёк — 2200, соя — 1410, пшаніца — 320, рыс — 80, батат, фасоля. На экспарт вырошчваюць бавоўну — 550 тыс. т (1998), цукр. трыснёг, каву, тунг, тытунь, арахіс, цытрусавыя. Асн. жывёлагадоўчыя раёны — міжрэчча Парагвая і Параны, усход Гран-Чака, земляробства ў далінах гал. рэк. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, асабліва квебраха, збор дзікарослага парагвайскага чаю (матэ). Рыбалоўства і паляўніцтва. У прам-сці вылучаецца электраэнергетыка. Працуюць 2 буйныя ГЭС на р. Парана — браз.-парагвайская Ітайпу (магутнасць 12,6 млн. кВт, найб. ў свеце) і аргенцінска-парагвайская Ясірэта-Апіпе (3,7 млн. кВт), некалькі сярэдніх ГЭС на інш. рэках. У 1996 атрымана 45 млрд. кВт∙гадз. электраэнергіі, з іх 99,9% — на ГЭС, экспартавана ў суседнія краіны (найб. у Бразілію) 40,3 млрд. кВт∙гадз. Здабыча каменнай солі і буд. матэрыялаў. Невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы пераважна с.-г. сыравіны. Развіты харч. і харчасмакавая, найб. мясахаладабойная (выпускае штогод каля 300 тыс. т мяса і мясапрадуктаў) прам-сць, вытв-сць тунгавага, какосавага і эфірнага алею, дрэваапрацоўка і вытв-сць дубільнага экстракту з драўніны квебраха (1-е месца ў свеце), тэкст., тытунёвая галіны. Найб. прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчы і па вытв-сці мінер. угнаенняў з-ды каля Асунсьёна, сталеплавільны ў г. Вілья-Аес (150 тыс. т сталі за год), цэментны каля г. Кансепсьён. Развіты саматужныя промыслы: ганчарны, пляценне сумак і кошыкаў, выраб нац. карункаў, адзення і абутку. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, чыгуначны. У краіне 29,5 тыс. км аўтадарог, у т. л. 2,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 3,1 тыс. км суднаходных рэк, 971 км чыгунак, 10 аэрапортаў; участак Панамерыканскай шашы і Трансчакская шаша (злучае Асунсьён з Балівіяй). Гал. порт — Асунсьён, там жа міжнар. аэрапорт. У 1997 экспарт склаў 1,1 млрд. дол., імпарт — 2,5 млрд. дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (каля 50% па кошце), электраэнергія, соя, драўніна, алей, мясныя прадукты, кава; у імпарце спажывецкія тавары, машыны, абсталяванне і нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: Бразілія (48% экспарту, 29% імпарту), ЗША (адпаведна 4 і 22%), Аргенціна (9 і 14%). Замежны турызм. Краіна атрымлівае дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — гуарані.

Літаратура. Развіваецца на мовах ісп. і гуарані. У перыяд ісп. калан. панавання (16 — пач. 19 ст.) ствараліся гіст. хронікі, развіваўся багаты фальклор індзейцаў гуарані. Станаўленне нац. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. Першы паэт-рамантык, стваральнік нац. патрыят. лірыкі і нац. гімна — Н.​М.​Талавера. У канцы 19 — пач. 20 ст. пісьменнікі асветнікі С.​Баэс, М.​Дамінгес, Р.​Барэт спалучалі літ. публіцыстыку і крытыку з гіст.-філас. пошукамі. Ідэі асветнікаў паўплывалі на творчасць Х.​Э.​О’Ліры, Э.​Фарыньі Нуньеса. Анталогія нар. паэзіі «Лясныя кветкі» (1917) спрыяла актыўнаму выкарыстанню фальклору гуарані (паэзія А.​Гуанеса, М.​Артыса Герэра). Х.​Карэа — заснавальнік нац. драматургіі (п’еса «Голад няшчасных») і арганізатар нар. т-ра гуарані. Развівалася маст. проза (хранікальна-дакумент. раманы Х.​Пастара Бенітэса). Творчасць пісьменнікаў 1920—30-х г. адметная дэмакр. ідэямі, сац. тэматыкай, антыімперыяліст. накіраванасцю (Э.​Кампас Сервера, Х.​Пла, Э.​Рамера, А.​Роа Бастас). З канца 1940-х г. л-ра П. развівалася ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій; большасць пісьменнікаў эмігрыравала. У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у парагвайскую л-ру зрабілі Рамера (зб-кі вершаў «Параненая маланка», 1967; «Выгнанне і вечар», 1975), Роа Бастас (раманы «Сын чалавечы». 1960; «Я, Вярхоўны», 1974), Г.​Касаксія (раманы «Выгнаннікі», 1966; «Наследнікі», 1975), Пла (п’есы і зб. вершаў «Закаханы пыл», 1968) і інш.

Архітэктура. У перыяд ісп. каланізацыі (з 1520-х г.) у місіях езуітаў (рэдукцыях) будавалі арх. комплексы з храмам, вял. дварамі, майстэрнямі, складамі, дамамі для індзейцаў. 3-нефавыя драўляныя каркасныя касцёлы, абкружаныя галерэямі, мелі прымітыўныя фасады з цэглы і адобы (сырцовая цэгла з дабаўленнем рэзанай саломы), якія кантраставалі з багатым аздабленнем інтэр’ера. У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся першыя каменныя храмы ў стылі барока (арх. Х.​Б.​Прымалі, А.​Фаркада і інш.). Жылая забудова і цяпер пераважна 1-павярховая, спалучае ісп. тып дома (з унутр. дваром-патыо) з мясц. каркасна-галерэйнай сістэмай. У вёсках, невял. гарадах былі пашыраны хаціны з адобы, гліны, трыснягу, некалькі дамоў аб’ядноўваліся агульным дахам. З 18 ст. пачалі фарміравацца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, 2 цэнтр. плошчамі (адна — з храмам, другая — з ратушай). У 1840—65 сталіца П. Асунсьён перапланавана, на месцы знесеных будынкаў калан. часу ўзведзены грамадскія збудаванні і імпазантныя палацы ў неакласіцыстычным стылі: Паласіо дэль Кангрэса (б. оперны т-р на ўзор «Ла Скала» ў Мілане), Араторыо дэ Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён (цяпер Нац. пантэон герояў; абодва італьян. арх. А.​Равіца), чыг. вакзал і інш. Пабудаваны сабор (1842—50, арх. Равіца), касцёлы Сантысіма Трынідад (1854), Ла Энкарнасьён (1893, італьян. арх. Дж.​Каломба) — усе ў Асунсьёне; і інш. Сярод пабудоў 20 ст. — каледж «Бразілія-Парагвай» у Асунсьёне (1950—60-я г., браз. арх. А.​Э.​Рэйдзі, Р.​Бурле Маркс) і інш. Паркі: «К.​А.​Лопес», Кавальера, батанічны. Музеі: прыгожых мастацтваў і старажытнасцей, гісторыі і этнаграфіі, Збор К.​А.​Пусінеры Скала і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. П. мастацтва індзейскіх плямён развівалася ў рэчышчы дэкар. аздаблення утылітарных рэчаў (керамічныя вырабы, адзенне і інш.). З 16 ст. ісп. каланізатары арганізоўвалі маст. школы для аздаблення храмаў. Пашырыліся алтарны жывапіс, разьба па дрэве і камені, гравіроўка па метале. У 17—18 ст. у стылях барока і маньерызму развіваліся жывапіс (Х.​М.​Кавію), графіка (Т.​Тылькара). Самабытнасцю вызначаліся разное аздабленне парталаў, дэкор алтароў, паліхромная скульптура касцёлаў, у якіх спалучаліся стыль ісп. «чурыгерэска» і маст. традыцыі індзейцаў (выявы трапічных звяроў і пладоў, Хрыстос і анёлы з індзейскімі тварамі і інш.). З 19 ст. развіваецца свецкае мастацтва (пейзажы, партрэты, быт. кампазіцыі жывапісцаў А.​Гарсія, С.​Рыяса і інш.). У 1910 жывапісец і мастацтвазнавец П.​Альборна заснаваў Парагвайскую АМ. У 20 ст. развіваліся рэаліст. кірунак (жывапісцы Альборна, А.​Гевары, скульптары Ф.д’Альмейды, Э.​Мей Ліча, В.​Пальярола, А.​Пеньі, графік Х. дэ ла Эрэрыя і інш.), мадэрнісцкія кірункі (жывапісец К.​Каламбіна, скульпт. Б.​Куджары і інш.). Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва спалучае індзейскія і ісп. традыцыі. Пашыраны выраб тонкіх карункаў «ньядуці», гліняных фігурак і пасудзін, упрыгожанняў з медзі, серабра, пер’я, фігуратыўных падвесак з дрэва і косці, пляценне з пальмавых валокнаў і інш.

Музыка П. ўключае музыку індзейскую (гуарані, мака) і крэольскую. У індзейскім муз. фальклоры пашыраны абрадавыя, прац., гіст., лірычныя і інш. песні, інстр. музыка. Сярод інструментаў: падоўжныя і папярочныя флейты (мімбі), акарыны, касцяныя (кангаэра) і бамбукавыя (туру) трубы, барабаны і інш. ўдарна-шумавыя, у т. л. бразготкі мбарака. У крэольскай музыцы найб. пашыраны танцы (парагвайская полька, галандрыяна, сьела, саліта, вальс), традыц. песенныя жанры (парагвайскія каньён і гуаранія). Асн. муз. інструменты гітара і арфа. У 19 ст. адзінымі пастаяннымі муз. калектывамі ў П. былі ваен. духавыя аркестры. У канцы 19 ст. гастраліравалі еўрап. музыканты, якія выступалі ў Нац. т-ры (цяпер Муніцыпальны), т-ры «Алімп». У 1895 створаны «Парагвайскі ін-т» у Асунсьёне з муз. секцыяй і сімф. аркестрам, у 1913 — «Парагвайская гімназія», якая мела сімф. аркестр і стр. «Гайдн-квартэт» (у 1934 ін-т і гімназія аб’яднаны ў «Парагвайскі Атэнеум»), Сярод музыкантаў канца 19—20 ст. кампазітар, спявак і дырыжор Л.​Каведаньі, кампазітар, скрыпач і дырыжор Н.​Пельегрыні (адзін з аўтараў нац. гімна), кампазітары Х.​А.​Флорес, Х.​М.​Бётнер, Р.​Хіменес, Э.​Хіменес, Х.​К.​Марэна Гансалес, К.​Лара Барэйра і інш. У Асунсьёне працуюць муз. класы пры «Парагвайскім Атэнеуме», муз.-пед. вучылішча (з 1940), прыватныя муз. т-вы і навуч. ўстановы. Музыканты і інш. дзеячы мастацтва і навукі П. аб’яднаны ў Асацыяцыю парагв. аўтараў (з 1951).

Літ.:

Торрес-Риосеко А. Большая латиноамериканская литература: Пер. с исп. М., 1972.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Парагвая.
Парагвай. Панарама Асунсьёна.
Да арт. Парагвай. Сплаў лесу па р. Парана.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД

Утварэнне СССР. Ваенна-палітычны саюз БССР і РСФСР, заключаны ў час грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, не адпавядаў новым умовам. Пытанне пра заключэнне новага саюзнага дагавора неаднойчы абмяркоўвалася ў ЦК ВКП(б) і ЦБ КП(б)Б. 16.1.1921 паміж РСФСР і БССР падпісаны новы дагавор, паводле якога: прызнаваліся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі; ствараліся аб’яднаныя наркаматы ваенных і марскіх спраў, ВСНГ, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа; для каардынацыі дзейнасці ў галіне гасп. і культ. будаўніцтва створана прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Аднак канчаткова адносіны паміж дзяржавамі не былі вызначаны. Толькі пасля кастр. (1922) пленума ЦК РКП(б), які падтрымаў план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі), кіраўніцтва КП(б)Б атрымала больш ясныя паліт. арыенціры. IV Усебел. з’езд Саветаў (14—18.12.1922) прыняў рашэнне пра неабходнасць утварэння Саюза ССР і выбраў дэлегацыю на X Усерас. з’езд Саветаў у складзе 33 чал. Сярод дэлегатаў былі А.​Р.​Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНК БССР), В.​А.​Багуцкі, Ш.​Ш.​Ходаш, А.​С.​Славінскі, Я.​А.​Адамовіч, У.​М.​Ігнатоўскі і інш.

I Усесаюзны з’езд Саветаў 30.12.1922 прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВК СССР ад БССР увайшло 7 чалавек. Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, граніцы, узбр. сілы, транспарт, сувязь, планаванне нар. гаспадаркі, фінансы, аб’яўленне вайны і заключэнне міру. Асн. палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, прынятая на II з’ездзе Саветаў СССР у 1924.

У склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзіла 6 няпоўных паветаў Мінскай губ. Бел. дзеячы культуры, сав. і парт. кіраўніцтва БССР, найперш А.​Р.​Чарвякоў, У.​М.​Ігнатоўскі і інш., неаднаразова ставілі ў ЦК РКП(б) пытанне пра вяртанне ў склад БССР усх.-бел. зямель. Вяртанне гэтых тэрыторый у склад БССР адбывалася ў складаных унутр. і знешнепаліт. абставінах. На фоне актыўнага супраціўлення губернскіх улад і адсутнасці масавай падтрымкі з боку мясц. насельніцтва пры вызначэнні межаў рэспублікі найбольшая роля адводзілася знешнепаліт. фактару. Далучэнне да БССР раёнаў з большасцю бел. насельніцтва супрацьпастаўлялася палітыцы нац. ўціску і прыгнёту, якая праводзілася Польшчай у Заходняй Беларусі. Пашыраная Сав. Беларусь павінна была стаць адзіным цэнтрам прыцягнення бел. нац.-вызв. і рэв. руху за мяжой. Пры пастаноўцы тэр. пытання кіраўніцтва БССР прытрымлівалася тактыкі паслядоўных зваротаў і пошуку прыхільнікаў у цэнтр. парт., сав. і гасп. органах. І ў 1924, і ў 1926 праблема граніц БССР напачатку разглядалася ў ЦК РКП(б), і толькі пасля вырашэння пытання ў парт. парадку прынятая пастанова праводзілася праз саюзныя, рэсп. і губ. Саветы.

У выніку ўзбуйнення ў 1924 тэр. Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км², колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн. чал. У выніку 2-га ўзбуйнення ў 1926 тэр. рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс. чал. У пач. 1927 тэр. БССР склала 125 950 км², а насельніцтва каля 5 млн. чал., 80% з якіх складалі беларусы.

Сацыяльна-эканамічнае становішча БССР у 1920-я г. Новая эканамічная палітыка. Прамысловасць і сельская гаспадарка знаходзіліся ў запушчаным стане. У выніку войнаў і інтэрвенцый плошча пад пасевамі збожжавых у параўнанні з 1913 скарацілася на 40%, пад бульбай — на 55%. З 815 буйных прамысл. прадпрыемстваў не працавала 470. Прамысл. вытворчасць скарацілася ў 5 разоў, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палавіну даваеннай. Гаспадарчую разруху дапаўнялі паліўны крызіс, катастрафічнае становішча сувязі і транспарту, гіперінфляцыя.

Цяжкія матэрыяльныя ўмовы побач з паспешлівымі мерамі, якія прымаліся ўладамі для выпраўлення становішча, выклікалі незадаволенасць усіх сац. пластоў грамадства. Тавараабарот паміж горадам і вёскай амаль поўнасцю спыніўся. У гарадах адбываліся забастоўкі рабочых, сяляне супраціўляліся канфіскацыі збожжа. Цяжкае становішча рэспублікі ўзмацнялася паліт. і крымінальным бандытызмам. Сяляне да мерапрыемстваў сав. улады ставіліся насцярожана, праяўлялі актыўнасць антысав. фарміраванні, колькасць якіх на тэр. БССР хутка расла (у маі 1921 яны налічвалі, 2 тыс. чалавек, а ў чэрвені — 3,5 тыс., за 1921—22 учынена больш за 2,1 тыс. бандыцкіх нападаў). У вёсках ставіліся ваен. пасты, у чэрв. 1921 уведзена ваен. становішча ў Мінску.

Паварот да новай эканамічнай палітыкі [нэп; абвешчана на X з’ездзе РКП(б), люты—сак. 1921] быў зроблены па прычыне незадаволенасці насельніцтва і напачатку меў на мэце рэфармаванне толькі эканам. адносін. Адным з гал. стрыжняў нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам (ад 13 да 18 відаў прадуктаў), які ўскладаўся не на ўсю вёску, а на кожную асобную гаспадарку дыферэнцыравана (у залежнасці ад колькасці ворнай зямлі і едакоў у сям’і, ураджайнасці). Збор харчпадатку лічыўся адказным заданнем, у распараджэнне харчовых органаў вылучаліся падраздзяленні чырвонаармейцаў.

Дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 17.3.1922 з 1 жніўня ўводзіўся адзіны натуральны падатак, які павінен быў здавацца шасцю відамі прадукцыі. Сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, беднаце даваліся льготы. У 1923 усе віды натуральнага падаткаабкладання на вёсцы заменены адзіным с.-г. падаткам, які выплачваўся часткова прадуктамі, часткова грашыма, што дазваляла сялянам вызначаць кірунак развіцця сваёй гаспадаркі з пазіцый эканам. мэтазгоднасці.

Прынцып падатковай палітыкі быў класавы. Калі першапачаткова плацілі ўсе, то ў 1923 амаль 26 тыс. бядняцкіх гаспадарак у розным памеры вызваляліся ад падатку, а сума скідак раскладвалася на заможных. Гэта дрэнна адбівалася на развіцці прадукцыйнасці сял. гаспадарак і падрывала веру значнай часткі сялян у справядлівасць сав. улады. Да таго ж падатковая палітыка ўключала ў сябе як адзін з элементаў сваёй сістэмы празмерна нізкія цэны на хлеб, што пазней прывяло да дысбалансу ў эканам. адносінах паміж горадам і вёскай.

Прадугледжаны Дэкрэтам аб зямлі падзел памешчыцкіх і інш. зямель паміж сялянамі ў сувязі з ням. і польскай акупацыямі на большай частцы тэр. БССР пачаўся толькі ў 1920. У першую чаргу зямлёй забяспечваліся беззямельныя і малазямельныя сяляне. Тым не менш каля 40% гаспадарак не былі забяспечаны мінімальнай спажывецкай нормай. У сувязі са спыненнем перасялення і слабым паглынаннем яго прамысловасцю лішак вясковага насельніцтва з года ў год павялічваўся.

У 1925 Наркамат земляробства БССР распрацаваў план аднаўлення сельскай гаспадаркі (пазней гэта палітыка атрымала назву «прышчэпаўшчына» ад прозвішча наркома земляробства Дз.​Ф.​Прышчэпава). План прадугледжваў: вырашэнне праблемы аграрнай перанаселенасці, скарачэнне скрытага беспрацоўя ў вёсцы праз ліквідацыю групы беззямельных і малазямельных сялян; развіццё прадукцыйных сіл сял. гаспадаркі, ліквідацыю яе спажывецкага характару і перавод на рэйкі таварна-грашовых адносін; каапераванне сельскай гаспадаркі. Землеўпарадчымі работамі планавалася ахапіць да 60% тэрыторыі. З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася: развіццё жывёлагадоўлі; ліквідацыя 3-польнай сістэмы паляводства; пашырэнне вырошчвання тэхн. і кармавых культур, травасеяння; развіццё садаводства і пчалярства; наладжванне агранамічнай і ветэрынарнай работы. Меры па развіцці прадукц. сіл уключалі зніжэнне на 40% агульнай сумы с.-г. падатку, прадастаўленне дадатковых дзярж. сродкаў сістэме с.-г. крэдыту, палягчэнне найму працоўнай сілы, пашырэнне права здачы зямлі ў арэнду, на якой дазвалялася выкарыстоўваць наёмную рабочую сілу, ліквідацыю адм. перашкод дробнаму сял. гандлю, зніжэнне цэн на с.-г. машыны і павелічэнне працягласці крэдыту на іх куплю, прадастаўленне ўсім сялянам права ўдзелу ў кааперацыі. Аднолькава законнымі прызнаваліся сял. арцель, абшчына, індывідуальнае карыстанне зямлёй у выглядзе хутароў і адрубоў.

Дробная арэнда і наём рабочай сілы дазвалялі больш поўна выкарыстоўваць працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці. Аднак арэнда ў сял. гаспадарцы БССР не набыла вял. пашырэння: у 1925 ёй карысталася каля 7,7%, у 1927—11% сялян, што тлумачылася адсутнасцю буйных прыватнаўласніцкіх гаспадарак, падатковай і сац. палітыкай у адносінах да заможных сялян.

У 1929 у сельскай і лясной гаспадарцы БССР працавала 81,1 тыс. наёмных работнікаў, большасць з іх складалі малазямельныя сяляне-беднякі, якія не маглі пражыць са сваёй зямлі.

Да 1928 агульная колькасць сялян, якія выйшлі на хутары і адрубы, перасягнула 25% усіх гаспадарак (прыкладна палова з іх перасялілася яшчэ ў час правядзення Сталыпінскай рэформы), ім належала каля 20% зямлі. Усяго ў 1921—29 землеўпарадкавана да 44% агульнай плошчы сял. землекарыстання; у 1925—28 у раёны Сібіры і Д. Усходу выехала 74,8 тыс. бел. сялян. Аднак у цэлым перасяленне сялян не змяніла забяспечанасці зямлёй бел. вёскі, тым больш што частка іх вярнулася назад.

Ажыўленне ў сельскай гаспадарцы абумовіла рост зацікаўленасці сялян у сродках вытворчасці і крэдытах, прымусіла іх шукаць рынкі збыту сваёй прадукцыі. Пачаўся рост крэдытных кааператываў, ствараліся малочна-жывёлагадоўчая, садова-агародніцкая, насенняводчая, меліярацыйная і інш. віды кааперацыі. На пач. 1928 у БССР дзейнічала 1869 с.-г. кааператыўных т-ваў, якія аб’ядноўвалі 331,4 тыс. членаў. Колькасць кааператыўных аб’яднанняў вытворчага тыпу [камуны, таварыствы апрацоўкі зямлі (ТАЗы), арцелі] знізілася з 710 у 1921 да 611 у 1928, яны аб’ядноўвалі каля 5,2 тыс. сял. двароў. Нерэнтабельныя гаспадаркі, у т. л. слабыя саўгасы, ліквідоўваліся.

У сярэдзіне 1920-х г. колькасць бяднейшых сялян скарачалася, адбывалася ўраўноўванне вёскі, скарачэнне колькасці крайніх груп (прадпрымальнікаў і батракоў). У 1927 беднякі складалі 46,5%, сераднякі — амаль 51%, заможныя сяляне, т.зв. кулакі, — 2,5% агульнай колькасці сялян. Аднак ураўноўванне ішло па ўзроўні ніжэй сярэдняга. Частка батракоў хоць і атрымала зямельныя надзелы, але наймацца не перастала з-за недахопу зямлі або сродкаў вытворчасці, частка з іх вымывалася з вёскі. Заможнае сялянства ўяўляла сабой сац. праслойку дробнай сельскай буржуазіі. Забарона ў 1929 найму рабочай сілы і арэнды наогул зрабіла немагчымым яго далейшае існаванне.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў спачатку даволі хутка павышаўся дабрабыт сялян, аднаўляліся памеры пасяўных плошчаў, павялічыўся прыток прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гарады. Хоць зямля і заставалася нацыяналізаванай, дзяржава ў пэўнай ступені гарантавала правы сялян на яе ўладанне. У 1925 сельская гаспадарка ў асноўным дасягнула даваеннага ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі перасягнуў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 амаль на 10%.

Нягледзячы на землеўпарадкаванне, на большай частцы захоўвалася цераспалосіца, культура земляробства была нізкая. Не ўдалося спыніць драбленне сял. гаспадарак і памяншэнне іх надзелаў. У 1928 памер сярэдняга сял. надзелу зноў знізіўся да ўзроўню 1917. Зусім нязначнай была забяспечанасць сельскай гаспадаркі трактарамі і іншай тэхнікай (у 1929 у БССР мелася 237 трактароў).

Вызваленне сельскай гаспадаркі ад палітыкі «ваеннага камунізму» дало штуршок рэформам у галіне прамысловасці, гандлю, фінансаў. Палітыка сав. улады была скіравана на падтрымку дробнай вытворчасці, здольнай у кароткі перыяд ліквідаваць таварны голад, пашырыць тавараабарот паміж горадам і вёскай. Дазвалялася дзярж. арэнда і арганізацыя прыватных дробнапрамысловых прадпрыемстваў, уводзілася права ўласнасці на жыллёвыя пабудовы, фабрычна-заводскія прадпрыемствы, с.-г. і прамысл. прадукты і інш. У руках дзяржавы засталіся буйная прамысловасць, чыг. і рачны транспарт, банкаўская сістэма, амаль увесь оптавы гандаль, вял. частка жыллёвага фонду, зямля, лясы, нетры. Рынак прымусіў перавесці прамысл. прадпрыемствы на гасп. разлік і здзейсніць т.зв. трэстафікацыю. Аднак звычайным стала ўмяшанне парт. органаў у работу прамысловасці, а гасп. разлік падрываўся сістэмай дзярж. фінансавання для больш буйных прадпрыемстваў і трэстаў. Каля 80% несельскагаспадарчых сектараў эканомікі заставаліся нацыяналізаванымі. Дзяржбанк меў манаполію крэдыту, стаўкі па ім ён павышаў ці паніжаў паводле загадаў парт. кіраўніцтва. Пасля 1923 «кантрольныя лічбы» і прагнозы развіцця вытворчасці вызначаў Дзяржплан. Усё гэта стварала тэндэнцыю дзярж. цэнтралізацыі. Адзінай формай дзярж. капіталізму ў БССР была арэнда ў прамысловасці, бо канцэсіі і акцыянерныя т-вы развіцця не атрымалі.

У 1921—22 пачаў працаваць 1-ы дзярж. машынабудаўнічы і чыгуналіцейны з-д «Энергія», з-д «Метал» у Мінску, аднавілі дзейнасць шклозавод «Стрэва», хрусталёвая ф-ка «Барысаў», лесазавод у Бабруйску, фанерны з-д і запалкавая ф-ка «Дняпро» (Рэчыцкі пав.) і інш. У 1923—27 адноўлены і пабудаваны дзесяткі фабрык і з-даў, у т. л. ў Мінску кафельна-керамічны і гарбарны з-ды, шпалерная ф-ка. Выключна важнае значэнне для развіцця прамысл. патэнцыялу БССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у 1926/27 гасп. г. дасягнула 410, а занятых на іх рабочых — 32 137 чал. На працягу 1924—28 аб’ём валавой прамысл. прадукцыі вырас у БССР у 2,3 раза. Аснову прамысловасці рэспублікі, як і ў дарэвалюцыйны час, складалі харчовая, дрэваапрацоўчая і гарбарная галіны, на долю якіх прыпадала асн. частка агульнага аб’ёму валавой прадукцыі. Сярод галін, што развіваліся найб. дынамічна, былі тарфяная, металаапрацоўчая, электраэнергетыка.

Нэп спрыяў хуткаму росту лёгкай прамысловасці. Яна спажывала большую таварную частку прадукцыі сял. гаспадаркі і забірала залішнюю рабочую сілу. Стаўка рабілася на стымуляванне развіцця дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія гістарычна пераважалі на Беларусі, што ў хуткім часе дазволіла забяспечваць шырокія слаі насельніцтва харч. і прамысл. таварамі. Паводле перапісу 1923 у гарадах і гар. пасёлках рэспублікі дзейнічала 10 367 прадпрыемстваў, у т. л. 35% дзяржаўных. У 1926 у БССР было 60 178 дробных прамысл. прадпрыемстваў, на якіх працавала 100 725 чал. (з іх прыватных 58 034 з 10 295 наёмнымі работнікамі). Пераважная большасць прадпрыемстваў працавала без наёмных рабочых. У 1926 дробнасаматужная вытворчасць складала 42,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі, на яе прадпрыемствах было занята каля 70% рабочых.

Прыватныя прадпрыемствы з самага пачатку былі пастаўлены ў няроўныя ўмовы з дзяржаўнымі, якія мелі цэнтралізаванае забеспячэнне, гарантаваныя дзярж. заказы і закупкі. У горшых умовах знаходзіліся арэндныя прадпрыемствы. Тэрміны арэнды (ад 1 да 6 гадоў), адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні не спрыялі распрацоўцы доўгатэрміновай стратэгіі і значным капіталаўкладанням з боку прадпрымальнікаў. Праводзіліся пераважна арэндныя здзелкі, разлічаныя на хуткае ўзбагачэнне без вялікіх затрат, каля ​3/4 арэндных дагавораў заключалася толькі на 1 год. Нэпман 1920-х г. аддаваў перавагу рознічнаму, паўаптоваму гандлю, пасрэдніцкай дзейнасці.

Рэалізацыя нэпа накладвала адбітак і на жыццё рабочых: адмянялася абавязковая працоўная павіннасць часоў грамадз. вайны, скасоўваліся абмежаванні па перамене месца працы, у 1923—24 адбыўся пераход на здзельную аплату і выплату заробку грашыма. Тым не менш сярэдняя заработная плата не задавальняла нават самыя сціплыя запатрабаванні. Складанымі былі і жыллёвыя ўмовы рабочых. Павелічэнне кватэрнай платы і камунальных плацяжоў абумовілі фактычную ліквідацыю вынікаў «жыллёвага перадзелу» перыяду «ваеннага камунізму».

Да аграрнай перанаселенасці вёскі, адсутнасці пастаянных заняткаў у значнай часткі гар. і местачковага насельніцтва дадаліся частковы перавод прамысловасці на капіталіст. прынцыпы гаспадарання, закрыццё шэрагу прадпрыемстваў, што выклікала рост беспрацоўя. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс., у 1924—25,9 тыс. беспрацоўных. З далучэннем Гомельскага і Рэчыцкага пав. (1926) іх колькасць, нягледзячы на аднаўленне прамысловасці, у 1928 дасягнула 64,4 тыс. чал.

Цэнтр. звяном нэпа стала свабода гандлю, дзе і дасягнуты найб. адчувальныя вынікі, звязаныя з паляпшэннем матэрыяльнага становішча людзей. Вял. сетка біржаў і кірмашоў, гандл. прадпрыемстваў звязвалі прамысловасць з рынкам і сялянамі. Існавалі розныя віды гандлю: прыватны, кааператыўны, дзяржаўны. У 1922/23 г. на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Умацаванне грашовай сістэмы (рэформа 1922—24), стварэнне камерцыйных банкаў, т-ваў узаемнага крэдыту, ашчадных кас спрыялі эканам. росту прыватніка. Адным з паказчыкаў фін. стабілізацыі, даверу да дзяржавы стала хуткае павелічэнне колькасці ўкладчыкаў і памераў укладаў. Аднак становішча прыватніка ўскладнялася высокімі падаткамі і трансп. расходамі, фактычнай немагчымасцю атрымання крэдытаў.

У перыяд станаўлення нэпа краіна перажыла некалькі дысбалансаў прамысл. і с.-г. цэн. Так, у 1922 рынак быў выбіты з раўнавагі дарагоўляй с.-г. прадуктаў і лішкам прамысл. тавараў, у выніку чаго рэзка знізіўся дзярж. прыбытак. У 1923 у сялян была перавытворчасць, а фабрыкі зменшылі выпуск прадукцыі, што пазбавіла сялян прыбытку («нажніцы цэн»), Дзярж. маніпуліраванне крэдытамі дазволіла ліквідаваць крызіс і стабілізаваць сітуацыю. Крызіс збыту ў 1923—24 стаў прычынай наступлення ўлад на нэпманаў. На прыватны гандаль распаўсюджвалася нарміраванне рознічных цэн, за парушэнне якіх гандляроў прыцягвалі да адказнасці.

Лінія на выцясненне прыватнага гандлю запаволіла продаж прамысл. тавараў, што вяло да фін. цяжкасцей у прамысловасці. Кіраўніцтва краіны даволі хутка адрэагавала на крызіс 1925 і прыняло рашэнне аб пераглядзе гасп. планаў. Курс у адносінах да прыватніка быў крыху падкарэкціраваны: лягчэй было атрымаць гандлярам крэдыты ад дзяржавы і тавары ад дзярж. прамысловасці; палепшана забеспячэнне сыравінай; саматужнікам і рамеснікам даваліся льготы.

У 1926 пачалося новае наступленне на нэпманаў. Пастанова ад 26.8.1926 «Аб дзяржаўным рознічным гандлі» прапаноўвала павялічыць долю каап. і дзярж. гандлю за кошт прыватнага. Скарачаўся водпуск тавараў і сыравіны, зніжаліся крэдыты, ліквідоўваліся таварныя біржы, расло падаткаабкладанне, павышалася квартплата для ўладальнікаў гандлёвых і прамысл. прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысл. прадукцыі з 1925/26 па 1927/28 гасп. г. зменшылася з 49,2 да 28,6%, а на 1.10.1928 у БССР засталіся толькі 4 прыватныя цэнзавыя прадпрыемствы. У дробнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы яшчэ выпрацоўвалі больш за ​3/4 прадукцыі, але аб’ём яе хутка скарачаўся. Толькі за 1927/28 гасп. г. закрыта каля 5 тыс. гандлёвых прадпрыемстваў, крыніцы існавання былі пазбаўлены каля 20 тыс. чал. Меры супраць гандлю адразу ж адбіліся на саматужна-рамеснай прамысловасці, узніклі цяжкасці з набыццём сыравіны і збытам прадукцыі. У 2-й пал. 1920-х г. зноў ствараліся глаўкі па галінах, якія паўтаралі арганізацыю кіравання пры «ваенным камунізме», павялічылася ўмяшанне дзяржавы ў тавараабарот. На 1926/27 гасп. г. прынята новае палажэнне абс.-г. падатку — ён павялічваўся амаль у 2 разы для заможных гаспадарак, ім абмяжоўвалася выдача крэдытаў.

З аднаго боку, нэп садзейнічаў уздыму эканомікі, а з другога — вёў да росту сац. дыферэнцыяцыі. Вострай праблемай гарадоў стала беспрацоўе. Цяжкія матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы, рост бюракратызму, новы віток сац. расслаення грамадства ўзмацнялі негатыўныя настроі. Рабочыя выказвалі незадавальненне высокімі, на іх погляд, акладамі спецыялістаў. Сярод работнікаў парт. і дзярж. апарату, дзе заставалася нямала прыхільнікаў ідэалогіі і метадаў часоў «ваеннага камунізму», зноў стала пераважаць думка пра несумяшчальнасць выкарыстання прыватнага капіталу з задачамі сац. будаўніцтва.

Крызіс 1927—28 у адрозненне ад папярэдняга быў не толькі эканам., але і сац.-палітычным. Нягледзячы на нядрэнны ўраджай, збожжа было нарыхтавана амаль удвая менш, чым у 1926. Для збожжанарыхтовак прыцягнуты органы АДПУ і міліцыі, на вёску камандзіравана вял. колькасць парт. і сав. працаўнікоў з гарадоў. Комплекс надзвычайных мер дазволіў значна павялічыць нарыхтоўкі, аднак рэзка пагоршыліся адносіны часткі сялян да сав. улады. Пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 14.2.1929 уведзена картачная сістэма на хлеб, а пазней і на інш. тавары. Карткі выдаваліся толькі працуючым у дзярж. сектары эканомікі і іх утрыманцам. Насельніцтва прамысл. гарадоў і пасёлкаў атрымала перавагу ў параўнанні з жыхарамі неіндустрыяльных гарадоў; працуючыя на індустрыяльных аб’ектах — перад тымі, хто працаваў на другарадных вытворчасцях. Па-за дзярж. сістэмай забеспячэння апынуліся сяляне (каля 80% насельніцтва краіны) і пазбаўленыя паліт. правоў («лішэнцы»). Прамысл. тавары ў вёску завозілі ў значна меншых памерах і ў асноўным у канцы года. Аднак дзярж. забеспячэнне не гарантавала пражытачнага мінімуму нават гар. насельніцтву.

Індустрыялізацыя. У сярэдзіне 1920-х г. Беларусь мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У рэспубліцы пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны прам-сці. Рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль ​3/4 рабочых рэспублікі. Удзельная вага інжынераў і тэхнікаў складала менш за 2% агульнай колькасці занятых. Умовы, у якіх знаходзілася рэспубліка, дыктавалі неабходнасць больш інтэнсіўнага прамысл. развіцця.

Курс на індустрыялізацыю ўзяты на XIV з’ездзе ВКП(б) і X з’ездзе КП(б)Б (снеж. 1925). У сав. мадэлі індустрыялізацыі акцэнт рабіўся на развіццё перадавых на той перыяд галін, матэрыяльнай асновы ваен.-прамысл. комплексу. Аднак з сярэдзіны 1920-х г. і да канца 1-й пяцігодкі ў БССР асн. ўвага аддавалася развіццю лёгкай і харч. прамысловасці, што было абумоўлена дастатковымі запасамі мясц. сыравіны, кадрамі, традыцыямі. Асн. сродкі накіроўваліся ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо развіццё іх патрабавала менш выдаткаў і часу. Частка капіталаўкладанняў накіравана на развіццё энергетыкі, машынабудаўнічай прам-сці і на вытворчасць буд. матэрыялаў.

Курс на індустрыялізацыю патрабаваў велізарных капіталаўкладанняў, пераразмеркавання сродкаў на карысць прамысловасці, тым больш, што грашовая эмісія звяла да нуля станоўчыя вынікі грашовай рэформы. З паскарэннем індустрыялізацыі ў канцы 1920-х г. адбывалася перапампоўванне сродкаў з агр. сектара ў прамысловы. Былі зведзены да мінімуму невытворчыя расходы, выкарыстоўваліся працоўны энтузіязм народа, «добраахвотна-прымусовыя» пазыкі ў працоўных.

З 1928 эканоміка і культура БССР развіваліся ў адпаведнасці з 5-гадовымі перспектыўнымі планамі. За гады 1-й пяцігодкі ў рэспубліцы пабудавана 78 буйных, 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. швейныя ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» (Віцебск), імя Камінтэрна (Гомель), імя Валадарскага (Магілёў), імя Дзяржынскага (Бабруйск), панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Віцебск), Магілёўская ф-ка штучнага валакна, «Гомсельмаш», найбуйнейшая ў рэспубліцы электрастанцыя БелДРЭС і інш. Прадукцыя металаапрацоўчай галіны вырасла ў 3,8, харчовай — у 4,7, гарбарна-абутковай — у 6, швейнай — амаль у 13 разоў. На Беларусі былі створаны паліўная, машынабудаўнічая, хімічная галіны прам-сці, наладжана вытв-сць штучнага валакна, трыкатажу. У 1932 у рэспубліцы выпушчана 1500 металарэзных станкоў і больш за 13 тыс. розных с.-г. машын. Аднак планавыя паказчыкі пяцігодкі не былі выкананы. Аб’ём прамысл. вытворчасці БССР за пяцігодку павялічыўся ў 2,7 раза замест планавых 3,7 раза, план капітальнага буд-ва выкананы на 68,1%.

Да пач. 1930 ліквідавана беспрацоўе ў гарадах, аднак у выніку перазаключэння калектыўных дагавораў, тарыфнай рэформы, перагляду норм выпрацоўкі павялічылася ўраўнілаўка, што выклікала незадавальненне рабочых, якое парт.-дзярж. кіраўніцтва накіроўвала супраць «буржуазных» кадраў.

Каб стрымаць падзенне жыццёвага ўзроўню рабочых, яшчэ з пач. 1920-х г. пры фабрыках і заводах ствараліся сельскія дапаможныя гаспадаркі, сетка рабочых кааператываў і аддзелаў рабочага забеспячэння, якія ў пач. 1934 ахоплівалі больш за 100 тыс. рабочых і служачых. У 1934 дапаможныя гаспадаркі прадпрыемстваў рэспублікі мелі 27 тыс. га зямлі, пад калектыўнымі агародамі — каля 8 тыс. га; з агульнай колькасці рабочых сем’яў прамысл. гарадоў 22% мелі індывідуальныя ўчасткі, плошча якіх складала 6,9 тыс. га.

У 1931 — сярэдзіне 1932 эканам. палітыка была ўдасканалена. Пачала выкараняцца ўраўнілаўка на вытворчасці, уводзіўся гасп. разлік, разгортваўся калгасны гандаль. У канцы 1932 уведзены кантроль за фондам заработнай платы і дысцыплінай на прадпрыемствах, пашпартная сістэма ў гарадах прыгранічных раёнах.

Лістападаўскі пленум (1934) ВКП(б) прыняў рашэнне аб адмене ў СССР з 1.1.1935 картачнай сістэмы на хлеб. Неўзабаве былі адменены карткі на мясныя і рыбныя прадукты, тлушч, цукар і бульбу, на прамысл. тавары. Аднак праблема не была вырашана. З-за недахопу харчовых і спажывецкіх тавараў у гарадах выстройваліся вял. чэргі.

Пастановай ЦК ВКП(б) і СНК СССР з 25.7.1936 устаноўлены нормы водпуску тавараў у адны рукі. Сітуацыя з таварным дэфіцытам асабліва абвастрылася ў канцы 1930-х г. У Гомелі, Віцебску, Барысаве і інш. месцах хлеб прадавалі па спісах.

У гады 2-й і 3-й пяцігодак прамысловасць рэспублікі развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Аб’ём валавой прадукцыі за 1932—37 вырас амаль у 1,9 раза. Пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Магілёўскі аўтарамонтны з-ды, 2-я чарга БелДРЭС і інш. Аднак другі 5-гадовы план быў выкананы на 77%.

Значную ролю ў вытворчасці прадметаў спажывання ў 1930-я г. працягвалі адыгрываць саматужнікі, хаця колькасць іх хутка скарачалася: у 1926 іх налічвалася 89 066, у 193 5 — толькі 6385.

У сувязі з пагаршэннем міжнар. становішча ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. былі прыняты новыя законы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы, якія прадугледжвалі больш цяжкія меры пакарання за парушэнне прац. дысцыпліны. Адноўлены 8-гадзінны прац. дзень і 7-дзённы прац. тыдзень.

Да канца 1930-х г. БССР ператварылася з аграрнай краіны ў аграрна-індустрыяльную. У 1929—40 у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% прадукцыі. Беларусь вывозіла ў значных памерах прамысл. прадукцыю ў інш. раёны СССР. Змянілася і сац. структура насельніцтва. У адпаведнасці з перапісам насельніцтва 1939 доля рабочых у складзе насельніцтва дасягнула 21,9%, доля інтэлігенцыі — 14,5%. На аснове індустрыялізацыі фактычна быў ліквідаваны сац. пласт дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і інш. прадстаўнікоў прыватнай сферы.

Калектывізацыя. У канцы 1920-х г. рост с.-г. вытворчасці стаў запавольвацца. Узнікла ідэя вырашыць збожжавую праблему на базе калгасаў і саўгасаў, тым больш, што ў 1928 паказчыкі іх вытв-сці былі больш высокія, чым у аднаасобным сектары.

Першыя калектыўныя гаспадаркі ва ўсх. Беларусі з’явіліся ў канцы 1917 — пач. 1918. Аднак у гады нэпа цікавасць да калектыўных форм гаспадарання знізілася. У 1927 на тэр. БССР існавала 416 калгасаў, створаных у асноўным на памешчыцкіх і царкоўных землях. Сярод іх членаў пераважалі беззямельныя сяляне і батракі, колькасць сялян, што ўступалі ў калгасы са сваімі зямельнымі надзеламі, не перавышала ​1/5. Адначасова ствараліся саўгасы, у 1925 у БССР іх было 154.

Пытанне аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі як асноўнай задачы на вёсцы пастаўлена на XV з’ездзе ВКП(б) (снеж. 1927). Нягледзячы на шырокую агітацыю за стварэнне калгасаў, адм. меры да неплацельшчыкаў падаткаў і ўкрывальнікаў збожжа, рост падаткаў у адносінах да заможных сялян, матэрыяльную і фін. дапамогу калектыўным гаспадаркам, стварэнне новых калгасаў і ўступленне ў іх аднаасобнікаў у 1928—1-й пал. 1929 не набыло шырокіх памераў. Колькасць калгасаў за гэты час у БССР павялічылася з 611 да 1543, а сялян у іх — з 8 да 12,9 тыс. чал. (удзельная вага калектывізаваных гаспадарак — каля 1,5%). Сярод членаў калгасаў бяднейшыя сяляне складалі каля 69%, сераднякі — 31%.

У ліст. 1929 узяты курс на фарсіраваную калектывізацыю. Наркамзем БССР быў падвергнуты крытыцы за адсутнасць дакладнай лініі ў правядзенні калектывізацыі, забаронены хутарская і дробнапасялковая формы землекарыстання. У абставінах гонкі тэмпаў калектывізацыі, нарастаючага націску зверху, разгарнулася «спаборніцтва» мясц. арг-цый за хутчэйшае правядзенне калектывізацыі. Да пач. 1930 працэнт калектывізацыі ў БССР узняўся да 20,9% (165,3 тыс. сял. гаспадарак). Да 1.3.1930 у БССР у калгасах лічылася 58% сял. гаспадарак. 10.2.1930 ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК ВКП(б) дакладную запіску з прапановаю прызнаць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Празмерна хуткае стварэнне велізарнай колькасці калгасаў пры адсутнасці вопыту іх вядзення, недахопе кадраў сельскіх кіраўнікоў, спецыялістаў і тэхнікі выклікалі дэзарганізацыю ў сельскай гаспадарцы. Рэакцыяй сялян на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і прымусовае абагульненне сродкаў вытворчасці стаў масавы забой жывёлы (да мая 1930 пагалоўе коней і буйн. раг. жывёлы скарацілася больш чым на чвэрць).

У студз. 1930 усім акругкомам і райкомам КП(б)Б разасланы цыркуляр «Аб ліквідацыі кулацтва як класа», паводле якога «прыём кулакоў у члены ўсіх відаў кааперацыі» забараняўся. Дырэктывамі цэнтр. органаў кіравання, прынятымі ў студз.—лют. 1930, колькасць раскулачаных па раёнах вызначалася ў 3—5‰ усіх сял. двароў, а па рэспубліцы ў цэлым — 4,2% (34 тыс.), што было значна больш за рэальную колькасць заможных гаспадарак (каля 2%). У раскулачаныя траплялі сераднякі і беднякі, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Паводле афіц. звестак да канца мая 1930 у БССР раскулачана 15 629 кулацкіх гаспадарак. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады і іх актыў. Раскулачванне нярэдка мела характар не толькі экспрапрыяцыі іх асн. сродкаў вытворчасці, але і канфіскацыі ўсёй маёмасці, уключаючы прадметы асабістага ўжытку.

Задачам стымулявання суцэльнай калектывізацыі была падпарадкавана і падатковая палітыка краіны. Пастановай ЦВК і СНК СССР аб адзіным с.-г. падатку ад 23.2.1930 устанаўліваліся 3 сістэмы абкладання: калгасаў і калгаснікаў, аднаасобных гаспадарак, кулацкіх гаспадарак. Для першых быў вызначаны прынцып прапарцыянальнага абкладання даходаў, аднаасобныя і кулацкія гаспадаркі абкладаліся падаткам у індывідуальным парадку па спец. прагрэсіўнай шкале. Акрамя с.-г. падатку апошнія павінны былі плаціць яшчэ самаабкладанне і т.зв. культзбор. Кулацкія гаспадаркі, якія не выконвалі ўстаноўленыя для іх сельсаветам нормы цвёрдага задання ў належны тэрмін, падлягалі адказнасці ў крымінальным парадку. Калектывізацыя і раскулачванне выклікалі незадавальненне і супраціўленне сял. мас. Толькі за 3 першыя месяцы 1930 у рэспубліцы зарэгістравана каля 520, за 1-ю пал. 1931 — не менш як 1169 выступленняў супраць калектывізацыі.

Усю віну за «перагібы» ў правядзенні калектывізацыі І.​В.​Сталін усклаў на мясц. работнікаў (арт. «Галавакружэнне ад поспехаў», газ. «Правда» ад 2.3.1930). Рэзалюцыя Бюро ЦК КП(б)Б ад 17.4.1930 «Аб барацьбе з перагібамі ў калгасным руху» адзначала небальшавіцкі падыход да серадняка, указвала, што асобныя члены партыі даходзілі да грубага прымусу, дапускалі арышты тых, хто не жадаў уступаць у калгас, а раскулачванне ў шэрагу выпадкаў закранала серадняка. Сяляне ўспрынялі гэта як змену курсу і пачалі выходзіць з калгасаў. Да мая 1930 працэнт калектывізацыі знізіўся да 11%.

Студзеньскі (1931) пленум ЦК КП(б)Б зноў адзначыў неабходнасць павышэння тэмпаў калектывізацыі. Да 1.1.1932 яе працэнт падняўся да 50,4% агульнай колькасці сял. гаспадарак. Вясной 1932 была зроблена спроба стварыць матэр. стымулы для працаўнікоў сельскай гаспадаркі шляхам увядзення здзельнай аплаты працы. У пастанове ЦК ВКП(б) ад 14.3.1932 асуджалася прымусовае абагульненне жывёлы калгасамі, больш таго, паводле яе калгасы павінны былі памагаць бескароўным калгаснікам у набыцці кароў.

Паводле пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 6 і 10.5.1932 дазваляўся гандаль па цэнах, што складваліся на рынку, даходы калгасаў і калгаснікаў ад продажу на рынку прадукцыі ўласнай вытворчасці не абкладаліся падаткам, а з аднаасобніка бралася не больш за 30%. Аднак гандаль дазваляўся толькі пасля выканання дзярж. плана, стварэння насеннага і інш. фондаў. Статут с.-г. арцелі 1930 дазваляў калгасніку мець невял. асабістую дапаможную гаспадарку, хоць не вызначаў яе памеры і ўмовы функцыянавання. У выніку сяляне самавольна пашыралі ўчасткі і вялі на іх дробнатаварную гаспадарку. У сак. 1933 ЦК ВКП(б) указаў кіраўнічым органам Беларусі на недапушчальнасць такога становішча, і СНК БССР прыняў пастанову, паводле якой участак не павінен быў перавышаць 0,5 га і мог засявацца толькі агароднымі культурамі ці ранняй бульбай.

Паводле закону ад 7.8.1932 «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» (празваны ў народзе закон «Аб пяці каласках») за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці прызначаўся расстрэл, а пры змякчальных абставінах — зняволенне не менш як на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, без права на амністыю. Паводле гэтага закона ў БССР на працягу 1933—34 асуджана больш за 10 тыс. чал. У канцы 1932 органам ДПУ і судовым органам загадвалася ўзмацніць работу па спагнанні цвёрдых заданняў з заможных і кулакоў. Камуністы, якія не забяспечылі выкананне норм збожжанарыхтовак, аб’яўляліся памагатымі кулакоў і падлягалі дэпартацыі разам з імі або турэмнаму зняволенню на 5—10 гадоў, нават расстрэлу. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку». У такія калгасы спыняўся завоз тавараў, забараняліся кааператыўны і калгасны гандаль, крэдытаванне, датэрмінова спаганяліся крэдыты, зачыняліся ўсе млынавыя прадпрыемствы.

Вынікам калектывізацыі і неабгрунтаванай эканам. палітыкі стаў масавы голад у СССР у 1932—33. У БССР ад голаду загінула некалькі тысяч чалавек (найбольш на Палессі).

Адной з мэт законаў аб абавязковых пастаўках дзяржаве збожжа, сланечніку, бульбы і жывёлы калгасамі і аднаасобнікамі (1933), аб закупках збожжа спажывецкай кааперацыяй (1934) было павышэнне зацікаўленасці калгаснікаў і аднаасобнікаў у вытворчасці с.-г. прадукцыі, стварэнне больш спрыяльных умоў для росту ўраджайнасці і развіцця калгаснага гандлю. Збожжа, якое заставалася пасля выканання абавязковых паставак (а для калгасаў — і натуральнай платы МТС) пакідалася ў распараджэнні вытворцаў. Паводле пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 19.1.1934 закупкі збожжа ў насельніцтва праводзіліся толькі на аснове добраахвотнасці. Аднак дырэктывай ад 31.8.1934 калгасы, якія выканалі планы збожжанарыхтовак і натураплаты, абавязваліся да размеркавання даходаў па працаднях ствараць фонды для выканання плана дзярж. закупак.

У калгасах былі створаны паліт. аддзелы пры МТС, якія былі арыентаваны на правядзенне ў вёсцы надзвычайных мер. Сельсаветам і нават райкомам партыі было прадпісана выконваць задачы, пастаўленыя перад імі палітаддзеламі. У 1933—34 у БССР створаны 72 палітаддзелы. Паводле дырэктывы пленума ЦК і ЦКК ВКП(б) (студз. 1933) яны кантралявалі кадры калгасаў і МТС.

З мая 1932 да мая 1933 з рэспублікі выслана 35 тыс. сялянскіх сем’яў, на працягу 1933 у калгасах «выкрыта» і выключана 2700 «кулакоў-шкоднікаў», за «варожую» дзейнасць зняты 1544 работнікі. З агульнай колькасці рэпрэсіраваных і высланых за гэты час каля 10 тыс. складалі т.зв. сацыяльна чужыя і контррэвалюцыйныя элементы, каля 2,5 тыс. былыя калгаснікі. У такіх умовах з 1.1.1933 па 10.9.1934 зарэгістравана 1163 тэрарыстычныя акты на вёсцы, у т. л. 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасных двароў. З 2-й пал. 1934 узмацніліся тэмпы калектывізацыі: у студз. 1935 яе працэнт склаў 72,6%, у канцы года — 85,6%. Збожжапастаўкі 1934 былі выкананы, што дазволіла ўладам паставіць пытанне пра адмену картачнай сістэмы забеспячэння гараджан.

У сярэдзіне 1930-х г. частка аднаасобных сялян стала на шлях прадпрымальніцтва, павысіла прадукцыйнасць сваіх зямельных надзелаў, мела дапаможны заробак (праца на лесараспрацоўках, саматужны промысел, рамізніцтва і г.д.) і выконвала ўсе дзярж. павіннасці. У 1934—35 стаўкі падатку для аднаасобных гаспадарак зноў перагледжаны. З 1935 дадатковаму абкладанню падлягалі і калгаснікі, якія мелі пастаянныя даходы ад саматужных промыслаў.

У адпаведнасці з прыкладным статутам с.-г. арцелі, прынятым на 2-м Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў (люты 1935), калгаснікі атрымалі пэўную юрыдычную гарантыю ад дзяржавы на вядзенне прысядзібнай гаспадаркі. У залежнасці ад рэгіёна калгасніку дазвалялася мець ад 0,25 да 0,5 га прысядзібнай зямлі і 1—3 каровы, неабмежаваную колькасць дробнай жывёлы і птушкі. Надзелы адыгрывалі важную ролю ў валавой вытворчасці жывёлагадоўлі і гародніны, а да канца 2-й пяцігодкі значна апярэдзілі калгасы і па колькасных і па якасных паказчыках. У 1938 яны займалі 3,8% усіх плошчаў, а давалі 45% усёй с.-г. прадукцыі. Статут замацаваў прынцып размеркавання калгаснай прадукцыі па працаднях, былі палегчаны ўмовы прыёму ў калектыўныя гаспадаркі.

У 1939 у калгасах уведзены пэўны мінімум працадзён (для БССР 80), што фактычна рабіла дысцыпліну ў калгасах больш жорсткай. Рэкамендавалася скараціць прысядзібныя надзелы калгаснікаў, уводзіўся дадатковы падатак на сял. сады; калгаснікам забаранілі касіць для сваіх кароў сена на калгасных лугах; павялічаны нормы паставак збожжа і мяса. У выніку натуральная аплата працадзён была зніжана без грашовай кампенсацыі.

Завяршэнню калектывізацыі на Беларусі перашкаджала хутарская сістэма землекарыстання, таму быў узяты курс на ліквідацыю апошніх хутарскіх гаспадарак. За 2 даваенныя гады пераселена або зусім ліквідавана 192 тыс. хутароў. У 1920—30-я г. ў БССР рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян.

З далучэннем да БССР у вер. 1939 Зах. Беларусі парт.-сав. ўлады прынялі меры па правядзенні там калектывізацыі. Да чэрв. 1941 на тэр. зах. абласцей Беларусі арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс. сял. двароў (6,7% агульнай іх колькасці). У той час калгасам належала 7,8% усёй зямлі. На землях памешчыцкіх маёнткаў ствараліся саўгасы (у 1-й пал. 1940 іх арганізавана 28). Адначасова з калектывізацыяй праводзілася абрэзка зямель т.зв. кулацкіх гаспадарак, высылка асаднікаў і інш.

Да пачатку Вял. Айч. вайны ступень абагуленасці гаспадарак ва ўсх. Беларусі дасягнула 93,4%, а па пасяўной плошчы — 96,2%. У 1932—40 сярэдні памер с.-г. арцелі павялічыўся з 36 двароў да 75, пасяўная плошча — з 215 да 367 га. Прыкладна такімі ж былі і саўгасы. Да 1941 у БССР іх было 132 і яны валодалі 0,9% усёй плошчы с.-г. угоддзяў. У 1940 ва ўсх. абласцях БССР было 236 МТС, трактарны парк складаў 9,7 тыс. машын. Калектывізацыя прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сацыяльна-бытавых і грамадска-культурных адносін на вёсцы.

Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі. Паводле рашэння II Усебеларускага з’езда Саветаў (1920) вышэйшым органам дзярж. улады ў БССР з’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перыяд паміж з’ездамі — ЦВК і яго Прэзідыум. Старшыня ЦВК адначасова прызначаўся і старшынёй Савета Народных Камісараў (да 1924). 2-я сесія ЦВК БССР (5.2.1921) зацвердзіла палажэнне аб Савеце Народных Камісараў, паводле якога яму належала права выдаваць «дэкрэты, распараджэнні, інструкцыі і ўвогуле прымаць усе меры, неабходныя для правільнага і хуткага цячэння дзяржаўнага жыцця». Для кіраўніцтва рознымі галінамі нар. гаспадаркі і культуры прадугледжвалася ўтварэнне 15 нар. камісарыятаў. Утварэнне СССР і прыняцце Канстытуцыі СССР 1924 выклікала неабходнасць змен і ў канстытуцыйным заканадаўстве БССР, што вырашыў VI Усебел. (Надзвычайны) з’езд Саветаў (сак. 1924). VIII Усебел. з’езд Саветаў (11.4.1927) зацвердзіў Канстытуцыю БССР 1927, у якой пацвярджалася, што БССР «ёсць сацыялістычная дзяржава дыктатуры пралетарыяту», а носьбіт вярхоўнай улады — Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Фактычна ж адбывалася зліццё парт. і савецкага дзярж. апаратаў (дзярж. кіраўнікі ўваходзілі ў склад парт. органаў, а парт. кіраўнікі ў склад дзярж. савецкіх устаноў). Паводле Канстытуцыі БССР 1937 замест з’езда Саветаў і выбранага ім ЦВК і яго Прэзідыума вышэйшым органам улады з’яўляўся Вярхоўны Савет БССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, паліт. аснову якой складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, а эканам. аснову — сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на прылады і сродкі вытворчасці. Усе найважнейшыя пытанні дзярж. жыцця адносіліся да кампетэнцыі саюзных органаў.

Адзінай кіруючай і накіроўваючай сілай была Камуністычная партыя. X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) прыняў спец. рэзалюцыю «Аб адзінстве партыі», паводле якой фракцыі ў РКП(б) былі забаронены. Пачаліся ліквідацыі апазіцыйных партый, увядзенне цэнзуры і інш. У 1921 арыштавана 860 актыўных членаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у чэрв. 1924 адбыўся яе самароспуск. У 1921 самаліквідаваўся Бунд, распалася Яўрэйская камуніст. партыя. Напачатку ўдзельнікі небальшавіцкіх партый і рухаў маглі адмовіцца ад сваіх паліт. поглядаў, уступіць у кампартыю і працаваць у розных установах і ведамствах. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР сфарміравалася аднапартыйная сістэма. Крайні цэнтралізм улады і кіравання прывёў да разрастання апарата. Камуніст. партыя таксама падвяргалася перыядычным праверкам наяўнага складу членаў і «чысткам», вялася барацьба з апазіцыямі ўнутры партыі. У 1921 колькасць выключаных з КП(б)Б дасягнула амаль 20%, у 1924—4,2%, у 1929—3717 чалавек.

У 1920-я г. з’явіліся законы па забеспячэнні свабод і правоў грамадзян, ствараліся кодэксы, у т. л. грамадзянскі, працоўны і крымінальны; пашыраліся выбарчыя правы, праводзілася судовая рэформа, фарміравалася адвакатура і пракуратура. ВЧК была рэарганізавана ў АДПУ з ранейшымі функцыямі. У кастр. 1922 ДПУ зноў дазволена выкарыстанне пазасудовых рэпрэсій.

Большасць новых палажэнняў і законаў адлюстроўвалі класавы і парт. прынцыпы. Прадстаўнікі рабочага класа прыцягваліся ў выбарныя дзярж. і парт. органы, прафесійныя, камсамольскія і інш. грамадскія арг-цыі, карысталіся прывілеямі пры ўступленні ў бальшавіцкую партыю. Сяляне выбіралі ў Саветы ўсіх узроўняў сваіх прадстаўнікоў у параўнанні з рабочымі па квоце 1:5. Усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні ўпершыню абвешчана ў Канстытуцыі БССР 1937.

У 1920-я г. пэўная частка асоб была выключана з паліт. і грамадскага жыцця — т.зв. «лішэнцы» (выхадцы з былых прывілеяваных саслоўяў, гандляры, святары, царскія супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзеці прадстаўнікоў гэтых пластоў грамадства і г.д.). Яны не мелі права не толькі выбіраць і быць выбранымі, але займаць дзярж. ці грамадскія выбарныя пасады, быць членамі прафсаюза, атрымліваць дапамогу па беспрацоўі і г.д.

Рэчаіснасцю сав. жыцця была вял. колькасць урачыстасцей, састаўной часткай якіх былі шматтысячныя дэманстрацыі, парады, мітынгі і інш. Да ранейшых 12 рэлігійных (выключаны з календара ў 1930) дадаліся шматлікія новыя святы і памятныя даты: 1 мая, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Парыжскай камуны, Міжнар. юнацкі дзень, Міжнар. дзень жанчын, дэманстрацыі ў падтрымку сав. улады, бягучых рэв. падзей у Еўропе і г.д. Вуліцам, прадпрыемствам, навуч. установам даваліся новыя назвы. Гербы і старыя эмблемы саступалі месца сав. сімволіцы, здымаліся манархічныя помнікі, адкрываліся новыя ў памяць рэвалюцыянераў.

У пач. 1920-х г. у БССР сталі з яўляцца розныя культ.-асв. т-вы і суполкі, грамадскія аб’яднанні навук., творчага і прафес. кірунку: эканамічныя, гісторыі і старажытнасцей, бібліяфілаў, мед., пед. т-вы, літ. арг-цыі; прафес. аб’яднанні мелі юрысты, музычныя працаўнікі, мастакі, зубныя ўрачы і інш. Акрамя таго, працавалі рэліг. абшчыны, дзейнічалі мусульманскае дабрачыннае т-ва, яўр. гар. к-т і інш.

У пачатку нэпа была дазволена свабода друку (дзейнічалі прыватныя выдавецтвы і выданні), аднак паводле парт. і ўрадавых пастаноў 1922—23 уводзілася цэнзура практычна ўсіх друкаваных выданняў, пад кантроль дзяржавы пастаўлены грамадскія аб’яднанні. Дазвол на існаванне атрымлівалі аб’яднанні, якія ставілі за мэту ўдзел у сацыяліст. будаўніцтве, найб. буйныя з іх узначальвалі вядомыя парт. і дзярж. дзеячы. Членства ў іх паступова з добраахвотнага станавілася абавязковым.

З 1924 афіц. палітыкай нац.-дзярж. і культ. будаўніцтва ў БССР стала беларусізацыя. Першыя крокі ў яе ажыццяўленні зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць бел. мовы, стварэнне бел. школ). У КП(б)Б улілося шмат дзеячаў нац.-вызв. руху, многія з якіх пазней увайшлі ў склад вышэйшых парт. і дзярж. органаў БССР і сталі ініцыятарамі беларусізацыі (А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, У.​М.​Ігнатоўскі, А.​Л.​Бурбіс, А.​В.​Баліцкі). Яе правядзенню спрыялі і рашэнні ВКП(б) па нац. палітыцы пач. 1920-х г. Наркаматы БССР пераводзілі справаводства на бел. мову, для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай моў. У 1921 адкрыты БДУ, у 1922 — Ін-т бел. культуры, на базе якога ў 1929 створана Бел. акадэмія навук. Аб’яўленая ў ліп. 1923 ЦВК СССР і ЦВК БССР амністыя ўдзельнікам антысавецкіх нац. арг-цый і фарміраванняў, бел. паліт. і культ. дзеячам, членам бел. нац. урадаў і бел. партый, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ва ўзбр. барацьбе супраць сав. улады і заявілі аб лаяльных да яе адносінах, дала ім магчымасць далучыцца да нац.-культ. будаўніцтва. 2-я сесія ЦВК БССР (15.7.1924) спец. пастановай «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі» ўзняла беларусізацыю на дзярж. ўзровень. Побач з вывучэннем гісторыі, культуры, нац. і эканам. асаблівасцей Беларусі ажыццяўляўся перавод працы навучальна-выхаваўчых, навуковых і адм. устаноў на бел. мову. Калі ў 1925 у рэсп. установах бел. мовай валодала толькі 22% супрацоўнікаў, а ў акруговых і раённых — 36%, то ў 1926 — адпаведна 54% і 42%, а ў 1927—80% і 70%. Адным з кірункаў нац. палітыкі была т.зв. каранізацыя, згодна з якой на партыйную, сав. і грамадскую работу вылучаліся кадры з карэннага насельніцтва. З сярэдзіны 1920-х г. пачаўся даволі паспяховы перавод навучання ва ўсіх тыпах устаноў на родныя мовы навучэнцаў. Бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ў рус., яўр., польскіх і інш. нац. школах рэспублікі. На ўсіх дзярж. мовах выдаваліся газеты, часопісы, л-ра.

У святле гэтых падзей Берлінская канферэнцыя Рады БНР (кастр. 1925) аб’явіла аб роспуску сваіх паліт. цэнтраў і спыненні барацьбы з сав. уладай і прызнала БССР месцам кансалідацыі бел. народа. Важнай паліт. падзеяй у жыцці БССР стала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу ў Мінску (ліст. 1926) — першае міжнар. навук. мерапрыемства па беларусазнаўстве. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі навук. і навуч. устаноў БССР, грамадскія дзеячы, вядомыя вучоныя Літвы, Латвіі, Германіі, Польшчы, Украіны і Расіі, прадстаўнікі бел. культуры, якія знаходзіліся за межамі БССР (В.​Ластоўскі, К.​Езавітаў, А.​Галавінскі, У.​Жылка, У.​Пігулеўскі). Некаторыя з іх таксама прызналі Мінск адзіным цэнтрам нац.-культ. развіцця Беларусі і засталіся тут працаваць.

Згортванне нэпа суправаджалася адступленнямі ад праведзеных рэформ і ў паліт. сістэме. Ліберальная інструкцыя 1925 па выбарах у Саветы ў ліп. 1926 адменена, новыя інструкцыі зноў значна пашыралі катэгорыі асоб, пазбаўленых выбарчых правоў. У 2-й пал. 1920-х г. узмоцнены кантроль Саветаў над сходамі сялян, у якіх маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто меў выбарчыя правы. Узмацняўся кантроль партыі за дзейнасцю Саветаў. Спісы кандыдатаў у Саветы складаліся парт. арг-цыямі і ўзгадняліся ў райкомах партыі. Скліканню кожнага з’езда Саветаў БССР ці сесіі ЦВК папярэднічалі пленумы ЦК КП(б)Б, якія вызначалі парадак дня і прымалі на ім праекты рашэнняў. Такі ж парадак устанаўліваўся і ў адносінах мясц. Саветаў. Функцыі Саветаў абмяжоўваліся гасп. і культ.-арганізац. пытаннямі. Камсамол і прафсаюзы таксама дзейнічалі пад парт. кантролем, узмацнілася цэнзура. У канцы 1920-х г. адмаўленне ад удзелу ў выбарах ужо разглядалася як негатыўныя адносіны да партыі і сав. улады.

З сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся кантроль за паліт. паводзінамі грамадзян. Да паліт. злачынства прыраўноўвалася не толькі антысав. дзеянне, але і яго тэарэт. магчымасць. У пач. 1930-х г. значна павялічыўся рэпрэсіўны апарат, утвораны пазасудовы орган — асобая нарада замест судовай калегіі АДПУ.

З канца 1920-х г. пачалася барацьба з т.зв. бел. нацыянал-дэмакратызмам, які разглядаўся як антысавецкая плынь. Рэпрэсіраваны ўдзельнікі бел. нац. руху 1917—24, якія засталіся жыць на тэр. СССР. Пачатак гэтаму пакладзены дзейнасцю ў БССР у маі—чэрв. 1929 камісіі ЦК ВКП(б) на чале з У.​П.​Затонскім па абследаванні практыкі правядзення нац. палітыкі. Вынікам дзейнасці камісіі стала т.зв. справа «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ): арыштаваны 108 прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі, у т. л. акадэмікі Бел. АН В.​Ю.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​М.​Некрашэвіч, прафесары А.​А.​Смоліч і У.​І.​Пічэта, наркомы земляробства (Дз.​Ф.​Прышчэпаў) і асветы (А.​В.​Баліцкі), пісьменнікі М.​Гарэцкі, У.​Дубоўка, Я.​Пушча. Пасля закрытага кастр. (1930) пленума ЦК КП(б)Б, які ўхваліў дзеянні АДПУ і прапановы бюро ЦК, арыштаваныя па абвінавачванні ў прыналежнасці да «СВБ» былі засуджаны на розныя тэрміны зняволення або высланы за межы БССР. Адначасова паводле рашэнняў пленума пачалася чыстка партыі ад т.зв. нацыянал-ухілістаў, найперш у яе кіруючых звёнах. Усё гэта прывяло да згортвання палітыкі беларусізацыі.

У 1931 супрацоўнікі АДПУ правялі аперацыю супраць «контррэвалюцыйных шкодніцкіх арганізацый»: «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі» (БФПСП), «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі». Іх ячэйкі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, ЦСУ, Наркамземе, Наркамаце забеспячэння, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, Белбудаб’яднанні, Белметалаб’яднанні, Белскураб’яднанні, спажывецкай кааперацыі і інш.

У 1933 супраць бел. інтэлігенцыі спецорганамі праведзены справы «Беларуская народная грамада» (з’яўлялася працягам «СВБ», праходзіла 68 чалавек пераважна бел. пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў) і «Беларускі нацыянальны цэнтр» (праходзіў 161 чал., пераважна дзеячы нац.-вызв. руху Зах. Беларусі, якія перабраліся ў БССР). Ячэйкі арганізацый былі «выяўлены» спецорганамі ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваеннай акрузе, у шэрагу гарадоў і раёнаў БССР.

Паводле пастановы Прэзідыума ЦВК СССР ад 1.12.1934 справы па паліт. абвінавачаннях разбіраліся ў пазасудовым парадку з выкарыстаннем вышэйшай меры пакарання. У 1929—30, 1933 праведзены парт. чысткі. Калі на 1.1.1933 кампартыя Беларусі налічвала 65 040 чал., то ў 1934—37 909. У выніку праверкі партдакументаў за 1935—36 выключана з партыі і знята з работы 17% старшынь райкомаў і 14% іх намеснікаў, 22% сакратароў райвыканкомаў і інш.; у партыі засталося 31 937 членаў. Вынікам «вялікага тэрору» 1937 стала наступнае скарачэнне колькасці партыйцаў да 31 603 чал., нягледзячы на новыя прыёмы, якія ішлі паралельна. Аднаўленне складу КП(б)Б пачалося з 1938, на 1.1.1941 яна налічвала ўжо 72 177 членаў. Выбары 1937 і 1938 у Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР мелі адпаведна працэнт удзелу 97,4% і 99,65%, практычна ўсе з тых, хто галасаваў, аддалі свае галасы за «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных».

У 1937—38 ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі выкрыты т.зв. «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі. Праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускай філіі меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш.; арыштаваны і расстраляны старшыні ЦВК і СНК БССР, іх намеснікі, члены ЦВК і СНК, сакратары ЦК КП(б)Б, былі рэпрэсіраваны амаль усе наркомы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі нар. гаспадаркі, 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Бел. АН, больш за 100 бел. пісьменнікаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і інш. Большасць з іх была прыгаворана пазасудовымі органамі да вышэйшай меры пакарання.

У 1937 была звернута ўвага на факты дэспатызму і здзекаў над калгаснікамі і аднаасобнікамі з боку мясц. органаў улады. У БССР для разбору «шкодніцкай» дзейнасці прыбылі нам. старшыні Камісіі парт. кантролю пры ЦК ВКП(б) і адначасова заг. с-г. аддзела ЦК Я.​А.​Якаўлеў і заг. аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) Г.​М.​Малянкоў. Пры іх удзеле адбыўся ліпеньскі (1937) пленум ЦК КП(б)Б. Недахопы ў развіцці сельскай гаспадаркі, масавыя незадавальненні і пратэсты сялян супраць падатковай палітыкі, невыкананне планаў шэрагам прадпрыемстваў тлумачыліся контррэв. дзеяннямі антысавецкага падполля. З 24 прамоўцаў на пленуме ў далейшым рэпрэсіраваны 20 чалавек.

У выкананне пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б)Б ад 2.8.1937 «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і ліквідацыі шкодніцтва ў справе калгаснага ўладкавання», дырэктыў партыі і ўрада аб ліквідацыі наступстваў шкодніцтва ў галіне судовай працы Вярхоўным судом БССР былі перагледжаны больш за 50 тыс. спраў адносна каля 70 тыс. асуджаных у 1934—37 калгаснікаў, аднаасобнікаў і сельскага актыву за невыкананне дзяржабавязкаў. З 50% асуджаных адразу была знята судзімасць. У шэрагу раёнаў БССР восенню 1937 праведзены адкрытыя працэсы над раённымі кіраўнікамі, прыцягнуты да адказнасці работнікі органаў пракуратуры і суда.

Пастанова СНК і ЦК ВКП(б) «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» ад 17.11.1938 азначала адыход ад масавых рэпрэсій. Органам НКУС і Пракуратуры забаранялася праводзіць масавыя аперацыі па арыштах і высяленні, а самі арышты прадпісвалася здзяйсняць у адпаведнасці з Канстытуцыяй толькі паводле пастановы суда ці з санкцыі пракурора. Ліквідаваліся «тройкі», справы неабходна было перадаваць на разгляд судоў ці Асобай нарады пры НКУС.

Адмова ад масавых рэпрэсій праходзіла без шырокага асвятлення ў друку, рэабілітацыя арыштаваных была частковай і непаслядоўнай. У дакладной у ЦК ВКП(б) ад 7.7.1939 П.К Панамарэнка асудзіў адкрытыя працэсы 2-й пал. 1937 — пач. 1938 над раённымі кіраўнікамі. У выніку быў спынены шэраг спраў (Бялыніцкая, Кармянская, Бярэзінская, Пухавіцкая, Клічаўская, Чавуская, Мазырская, Аршанская і інш.).

Паводле афіц. звестак у 1935—40 ад паліт. рэпрэсій у БССР пацярпелі 86 168 чал., з іх 28 425 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. У агульную лічбу каля 600 тыс. ахвяр паліт. рэпрэсій уваходзіць таксама больш за 100 тыс. жыхароў рэспублікі, рэпрэсіраваных у адм. парадку на тэр. Зах. Беларусі ў 1939—41, 1944—53.

У выніку масавых чыстак адбылася практычна поўная змена кіруючых кадраў усіх узроўняў. Да ўлады прыйшло новае пакаленне ўпраўленцаў, падрыхтаванае савецкай сістэмай адукацыі. На 1.1.1941 у БССР працавалі 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс. з сярэдняй адукацыяй. Аднак забяспечанасць спецыялістамі гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай, узровень падрыхтоўкі кадраў быў мінімальны. У дзярж. і гасп. органы, установы культуры і школы пасля невялікай падрыхтоўкі і нават без яе, прыцягваліся работнікі з агульнай сярэдняй і 7-гадовай адукацыяй. Яны складалі больш як ​1/3 працаўнікоў разумовай працы.

Адукацыя, навука, культура. Першыя дэкрэты сав. улады па пытаннях адукацыі былі накіраваны на ліквідацыю царскай школьнай сістэмы і распрацоўку асноўных прынцыпаў сав. школы. «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе» і пастанова 1-й Парт. нарады (1921) дэкларавалі сувязь школы з палітыкай Камуніст. партыі, бясплатную абавязковую агульную і політэхн. адукацыю, адзіную для ўсіх грамадзян свецкую школу, дэмакр. арганізацыю навучання працоўнага характару. Навучанне павінна было складаць 9 гадоў. З 1922 асн. школай БССР стала 7-гадовая школа, аднак масавай у 1920-я г. была пачатковая 4-гадовая. У адпаведнасці з задачай політэхнізацыі 7-гадовыя школы набылі вытворчы ўхіл. На вёсцы ствараліся школы сялянскай моладзі, у горадзе пры фабрыках і заводах — фабрычна-заводскія сямігодкі. Да сярэдзіны 1920-х г. сярэдняя школа на Беларусі адсутнічала, праграму сярэдняй адукацыі выконвалі рабочыя факультэты, агульнаадук. курсы, з 1926—9-гадовыя школы і школы 2-й ступені (8—9-ы класы). У 1930-я г. вялася уніфікацыя школы ў межах усяго СССР. Пастановай СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР» (15.5.1934) усталёўвалася адзіная сістэма агульнаадук. школы: пачатковая (1—4-ы класы), няпоўная сярэдняя (1—7-ы класы), сярэдняя (1—10-ы класы).

У час беларусізацыі выкладанне ў школах праводзілася на роднай мове навучэнцаў, у праграмы ўведзены прадметы краязнаўчага цыкла, бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ва ўсіх нац. школах, пры паступленні ў тэхнікумы і ВНУ патрабавалася веданне бел. мовы. Пастановай СНК і Прэзідыума ЦВК БССР ад 7.4.1926 у рэспубліцы ўводзілася ўсеагульнае пачатковае навучанне, з 1932/33 навуч. г. — няпоўнае сярэдняе. Адначасова з сістэмы адукацыі пачалі знікаць школы нац. меншасцей.

У 1920-я г. побач з агульнаадукацыйнай існавала прафес.-тэхн. школа, асн. тыпамі якой былі школа фабрычна-заводскага вучнёўства, прафшкола, прафклас, с.-г. школа, вучэбна-практычныя майстэрні, школы с.-г., саўгаснага і трактарнага вучнёўства. У 1940 пачалася перабудова сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, стваралася сістэма працоўных рэзерваў.

У 1920—30-я г. ў БССР разгорнута сетка школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослых (у 1928/29 навуч. г. 309 ліквідацыйных пунктаў і 319 школ малапісьменных). Працавалі вячэрнія школы для дарослых. Паводле перапісу насельніцтва ў снеж. 1926 пісьменных у рэспубліцы ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў было 53,1%, у 1940/41 навуч. г. — каля 85% насельніцтва.

З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР у 1939 там пачалося ўвядзенне сав. школьнай сістэмы, усеагульнага бясплатнага навучання ў аб’ёме сямігодкі, ствараліся нац. школы. У 1940/41 навуч. г. на тэр. Беларусі працавалі 12 294 школы ўсіх відаў, у якіх навучалася 1 737,1 тыс. чалавек і працавала 56,9 тыс. настаўнікаў.

У 1920-я г. актыўна развівалася сетка сярэдніх спец. навучальных устаноў.

Адкрыты тэхнікумы: Віцебскі механіка-будаўнічы, Мінскі арх.-будаўнічы, Полацкі лясны, Мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 у БССР працавала 58 сярэдніх спец. навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). Адначасова адбывалася станаўленне вышэйшай школы Беларусі. У пач. 1920-х г. у БССР працавалі Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та, Віцебскі дзярж. маст.-практычны ін-т (у 1923 рэарганізаваны ў мастацкі тэхнікум), Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі пед. ін-ты. У 1920 Мінскі політэхнічны тэхнікум пераўтвораны ў ВНУ, а ў 1922 рэарганізаваны ў інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. 30.10.1921 адбылося ўрачыстае адкрыццё БДУ (3 ф-ты, 1250 студэнтаў). У выніку ўзбуйнення Беларусі ў 1924 сетка ВНУ рэспублікі пашырылася, што не адпавядала матэрыяльным магчымасцям краіны. Шэраг навуч. устаноў падлягаў рэарганізацыі і зліццю: Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі вышэйшыя пед. ін-ты аб’ядноўваліся з пед. ф-там БДУ; Мінскі і Горацкі с.-г. ін-ты — у Бел. дзярж. акадэмію сельскай гаспадаркі. У 1924 пачаў працу ветэрынарны ін-т у Віцебску. Падрыхтоўкай кадраў парт. і сав. работнікаў займаліся сав. і парт. школы, якія працавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі і Магілёве. У 1925 Мінская вышэйшая парт. школа рэарганізавана ў Камуніст. універсітэт імя У.​І.​Леніна, а ў 1932 пераўтворана ў Вышэйшую камуністычную с.-г. школу Беларусі. З правядзеннем беларусізацыі з мэтай надання краязнаўчага ўхілу ва ўсіх ВНУ засноўваліся спец. кафедры па вывучэнні Беларусі. У 1925/26 навуч. г. для падрыхтоўкі навукова-пед. кадраў пры ВНУ ствараліся аспірантуры. У 1930—31 Мінскі, Віцебскі і Магілёўскі пед. тэхнікумы рэарганізаваны ў педінстытуты; пачалі працу Аршанскі і Гомельскі пед. ін-ты. Да канца 1920-х г. у сістэму адукацыі ўведзена вышэйшае завочнае навучанне, экстэрнат. У 1930 адкрыты 4 новыя ВНУ: электратэхнічны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы ў Мінску і механічны ў Гомелі. У 1930/31 навуч. г. ўстановы рэарганізаваліся па галіновай прыкмеце, на базе асобных ф-таў ствараліся самастойныя ВНУ і перадаваліся ў падпарадкаванне гасп. аб’яднанняў, для якіх яны рыхтавалі спецыялістаў. Сетка ВНУ значна пашырылася, толькі на базе с.-г. акадэміі створана 11 ВНУ. Драбленне матэрыяльнай базы прывяло да стварэння маламоцных ін-таў: у 1925 працавалі 4 ВНУ з 4342 студэнтамі, а ў 1931—32 з 10 547 студэнтамі. У 1933 ВНУ з вузкай спецыялізацыяй зноў аб’яднаны, аднавілі працу с.-г. акадэмія і політэхн. інстытут. У 1932 пачала дзейнічаць Мінская кансерваторыя. У 1935—37 створаны 2-гадовыя настаўніцкія ін-ты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове, а пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР — у Баранавічах, Гродне, Пінску. У 1937 адкрыты Мінскі ін-т фіз. культуры. У 1939/40 навуч. г. ў БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя (15,4 тыс. студэнтаў) і 102 сярэднія спец. навуч. ўстановы (133,6 тыс. навучэнцаў), каля 20 тыс. займалася на завочных аддзяленнях і курсах.

Навука. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой у 1922 арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Старшынямі Інбелкульта былі С.​Некрашэвіч, з 1924 — У.​Ігнатоўскі; у яго дзейнасці ўдзельнічалі Я.​Дыла, З.​Жылуновіч, У.​Пічэта, Я.​Карскі, Я.​Купала, Я.​Колас, Я.​Лёсік і інш. У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, Цэнтральнае бюро краязнаўства. У 1926 у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый з ахопам каля 10 тыс. чалавек. Значную навук. работу праводзілі вучоныя БДУ і Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі. 1.1.1929 на аснове Інбелкульта адкрыта Акадэмія навук. У 1932 у яе складзе налічвалася 14 НДІ, працавалі 22 правадзейныя члены Бел. АН, 150 навук. работнікаў. Усяго ў рэспубліцы ў канцы 1930-х г. дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх было занята больш за 1,5 тыс. навук. супрацоўнікаў.

У 1920—30-я г. адкрыты шэраг культ.-асветных устаноў — рабочых клубаў, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, дамоў культуры, бібліятэк (у 1927 у рэспубліцы налічвалася 271 хата-чытальня і 95 нар. дамоў). У кастр. 1921 пачала працаваць Бел. дзярж. бібліятэка. У 1937 у рэспубліцы было 14 музеяў. У сав. гіст. навуцы пераўтварэнні ў галіне культуры ў міжваенны перыяд атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.

Літ.:

Партийная этика: Дискуссии 20-х гг. М., 1989;

История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории Сов. государства. М., 1991;

Хлевнюк О.В. 1937-й: Сталин, НКВД и советское общество. М., 1992;

Яго ж. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. М., 1996;

Зеленин И.Е. Политотделы МТС — продолжение политики «чрезвычайщины» (1933—1934) // Отечеств. история. 1992. №6;

Яго ж. Коллективизация и единоличник (1933 — первая половина 1935 г.) // Там жа. 1993. № 3;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 1920—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994;

Ивницкий Н.А. Коллективизация и раскулачивание (начало 30-х годов). М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Революция и человек: быт, нравы, поведение, мораль. М., 1997;

Шишкин В.А. Власть. Политика. Экономика: послереволюционная Россия (1917—1928 гг.). СПб., 1997;

Голанд Ю. Кризисы, разрушившие НЭП. Валютное регулирование в период НЭПа. М., 1998;

Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923). Мн., 1999;

Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000;

Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд. Мн., 2001;

НЭП в контексте исторического развития России XX века. М., 2001;

Перед крутым поворотом: Тенденции в полит. и духов. жизни Беларуси (1925—1928 гг.): Отражение времени в арх. док. Мн., 2001;

Раманава І. «Зона»: Бел. памежжа па сав. бок дзярж. кардону ў 1930-я гг. // Спадчына. 2001. №1—2;

Яе ж. Голад 1932—1934 гг. і Беларусь // Там жа. 2004. №1;

Яе ж. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2002.

І.​М.​Раманава.

Заворванне былога балота.
Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка ў час будаўніцтва.
Мокрапрадзільны ватэрны цэх Віцебскай ільнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна».
Мінскі фармацэўтычны завод.
Віцебскі камбінат па вытворчасці алею.
Галоўны корпус і рабочы пасёлак Асінаўскай электрастанцыі.
Галоўны корпус і сілавая станцыя Магілёўскага гарбарнага завода.
Упаковачны цэх Барысаўскай запалкавай фабрыкі.
Дыскаванне глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.
Фрэзер для глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.
Трактарная калона «Інтэрнацыянал».
Сыраварня. Калгас «Рассвет». 1930-я г.
Мінск. Вуліца Савецкая. 1929.
Чытальныя залы Віцебскага латышскага і Мінскага польскага клубаў.
Універсітэцкі гарадок у Мінску.
Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры Віцебскай ільнопрадзільнай ф-цы «Дзвіна».
Сямігадовая школа ў в. Дукора Пухавіцкага раёна.
Вырабы керамічнага аддзялення Віцебскага мастацкага тэхнікума.
Туберкулёзны санаторый «Сасноўка». Віцебскі раён.
Цэнтральная бульбяная станцыя ў Мінску.
Клуб у калгасе «Рассвет».

т. 18, кн. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГА (Congo), Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас. р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на У з Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пд з Замбіяй і Анголай, на З з Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс. км². Нас. 47 440 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр. ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г. Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст. адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.

Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл. Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 мм за год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас. р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн. кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас. р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс. ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач. н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас. р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас. р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.​Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.

ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас. р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні з інш. еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталі рэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт. партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г. Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.

У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.​Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.​Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.​Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.​Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр.

адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.

Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн. га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн. га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс. т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс. т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс. м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс. т (1994). У прамысловасці найб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас. р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс. т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. З інш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.

Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал. прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс. км, чыгунак 5,1 тыс. км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс. км, з іх 2,4 тыс. км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі з прав. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд. дол., імпарт — 0,87 млрд. дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г. прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн. навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед. ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.

Літ.:

Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.
Да арт. Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),

дзяржава на аднайм. астравах у паўд.-зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс. км², Паўднёвы — 151,8 тыс. км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс. км²). Пл. 269,1 тыс. км². Нас. 3662,3 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Уэлінгтан, асн. прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).

Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.

Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр. ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-ра ліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял. нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Паўднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс. км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс. ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.

Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.

Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.​Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд. ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.​Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс. дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн. м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн. т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш. Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд. кВт гадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч. прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр. з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн. га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн. га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс. т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс. т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс. т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс. км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд. дол., імпарт — 13 млрд. дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.

Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ. літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.​Домета і Т.​Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.​Голдэра і Дж.​Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.​Э.​Баркер) і т.зв. калан. раман (Дж.​Уайт, Дж.​Г.​Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.​Макей, У.​Сатчэл). Стваральніца рэаліст. псіхал. навел — К.​Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.​Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.​Мейсан, А.​Фэрберн, Д.​Гловер). У вершах А.​Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.​Р.​Херві, М.​У.​Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст. сац. рамана (Дж.​Лі, Дж.​Малган, Р.​Хайд, Ф.​Сарджэсан) і апавядання (Р.​Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.​Бакстэр, А.​Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.​Дэвін, М.​Джозеф, Н.​Хіліярд, С.​Аштан-Уорнер, Б.​Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л. псіхал. (М.​Шэдбалт, Б.​Міткаф, А.​Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.​Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.​Туварэ, В.​Іхімаэра, П.​Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш. маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.​Ліндаўэр, Ф.​Ходжкінс, Ч.​Ф.​Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.​Нейрн, П.​Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.​Ф.​Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.​Мітчэл) і акварэльны (Э.​Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.​О.​Грос), гарадскі (Э.​Пейдж) і індустрыяльны (Дж.​Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.​Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.

Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац. муз. культуры адыгралі А.​Нгата, кампазітары і спевакі К.​Тахаві, В.​Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.​Нгаваі, А.​Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.​Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.​Казінс, Д.​Лілбёрн, Э.​Локвуд, Дж.​Маклаўд, К.​Смол, Р.​Трымейн, Д.​Фаркуар.

Літ.:

Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;

Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;

Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).

Герб і сцяг Новай Зеландыі.
Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.
Да арт. Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.
Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.
Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.

т. 11, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Харчовая прамысловасць Беларусі з’яўляецца шматпрофільнай высокаразвітой галіной, доля якой у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці складае 18,3% (2002). Уключае 478 прадпрыемстваў і вытворчасцей, большасць з якіх уваходзяць у канцэрн «Белдзяржхарчпрам». У дзярж. уласнасці знаходзяцца 26,4% прадпрыемстваў (вырабляюць 29% агульнага аб’ёму прадукцыі), у прыватнай уласнасці — 72% (68,7% агульнага аб’ёму прадукцыі). У галіне 29 прадпрыемстваў-дамінантаў, удзельная вага якіх у агульным аб’ёме вытворчасці дасягае 23,4%. Ступень зносу асн. прамыслова-вытворчых фондаў адна з самых нізкіх у прам-сці Беларусі — 46,8%. Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу 127 тыс. чалавек. Галіна мае 20 падгалін, іх прадпрыемствы вырабляюць больш за 3000 відаў харч. прадуктаў. У 2002 выраблена прадукцыі на 4571 млрд. руб., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі адна з найб. высокіх у прам-сці — 5,4%. У 2001 на душу насельніцтва прыпадала (кг): цукру-пяску 65,5; алею 1,8; хлеба і хлебабулачных вырабаў 77,1; кандытарскіх вырабаў 14; макаронных вырабаў 2,1; маргарынавай прадукцыі 1,7; мяса 36,7; каўбасных вырабаў 15,6; мясных паўфабрыкатаў 4,7; масла жывёльнага 6,7; цэльнамалочнай прадукцыі (у пераліку на малако) 96,3; сыроў тлустых 4,8; мукі 71,1; круп 2,7. Вядучая роля ў харч. прамысловасці належыць мясной, малочнай і масласыраробнай, лікёра-гарэлачнай галінам. Такая структура склалася пад уплывам харч. патрэб насельніцтва і дзякуючы наяўнасці значнай сыравіннай базы.

У 2002 доля прадукцыі харч. прамысловасці ў таварнай структуры экспарту Беларусі складала 7,9% (у Расію — 13,8%). У структуры экспарту 53,9% займае цукар, 19,6% — кандытарскія вырабы (лідэры ААТ «Чырвоны харчавік» і «Кандытарская фабрыка «Слодыч»), 9,3% — солад (ААТ «Белсолад»), малочныя кансервы і сухое малако (лідэр ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат»), 1,8% — піва. Экспартаваліся малочныя кансервы (57,6 тыс. т, з іх у Расію 47,5 тыс. т; таксама ў Германію, Літву, Польшчу, Таджыкістан), масла сметанковае (29,7 тыс. т, пераважна ў Расію), сыры, тварог (28,3 тыс. т, пераважна ў Расію), цукар (332,1 тыс. т, у Расію), кандытарскія вырабы (25,9 тыс. т, пераважна ў Расію, таксама ў Германію, Латвію), солад (73,1 тыс. т, у Расію), піва (57,3 млн. л, у Расію) і інш.

Імпартаваліся ў 2002 алей сланечнікавы (75,5 тыс. т, Расія, Украіна), цукар (592,4 тыс. т, Бразілія, Куба, Тайланд, Расія), сокі фруктовыя і агароднінныя (47,6 тыс. т, Расія, Малдова, Украіна, Літва), тытунёвыя вырабы (6025,7 млн. шт.) і інш.

Развіццё і размяшчэнне. На Беларусі харч. прамысловасць пачала развівацца ў 1-й пал. 19 ст. У 1830-я г. ўзнікла цукровая прамысловасць. Да 1860-х г. працавалі 33 невял. цукр. з-ды ў панскіх маёнтках, пераважна на поўдні Магілёўскай і Мінскай губ. У 1859—60 яны вырабілі 672,9 т цукру. Развіццё гандлю і земляробства садзейнічала росту перапрацоўчых галін харч. прамысловасці на базе мясц. сыравіны. Пераважалі спіртавыя, гарэлачныя, піваварныя, маслабойныя, крухмала-патачныя, тытунёвыя прадпрыемствы, млыны, крупадзёркі. У канцы 19 ст. ў галіновай структуры харч. прамысловасці адбыліся змены: значна скарацілася мукамольная, заняпала, а пасля перастала існаваць цукр. вытворчасць, не вытрымаўшы канкурэнцыі з украінскай; расла канцэнтрацыя вытворчасці, прадпрыемствы расшыраліся, павялічвалася колькасць рабочых. У пач. 20 ст. ўзніклі манапольныя аб’яднанні: «Заходняе дрожджа-вінакурнай і сельскагаспадарчай прамысловасці акцыянернае таварыства», сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Заходняга краю (у Оршы), акц. т-ва піўзавода «Багемія» (у Мінску, існавала да 1906) і інш. У 1913 на тэр. 5 бел. губерняў было 568 спіртавых, 33 крухмальныя, 19 тытунёва-махорачных прадпрыемстваў.

Харч. прамысловасць давала 35,5% валавой прадукцыі ўсёй цэнзавай прамысловасці Беларусі. Найб. развіты былі спіртавая, гарэлачная, піваварная, дражджавая, а таксама мукамольна-крупяная вытворчасць.

У 1920—30-я г. галіна развівалася больш інтэнсіўна. Пабудаваны малочны з-д (1928) і кандытарская ф-ка «Камунарка» (1931) у Мінску, кандытарская ф-ка «Спартак» (1927) і маргарынавы з-д (1932) у Гомелі, мясакамбінат у Оршы (1930), кандытарская фабрыка ў Бабруйску (1930), макаронная ў Барысаве (1931), малочна-кансервавы камбінату Рагачове (1937). У 1940 харч. прамысловасць вырабляла 27,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі і займала 1-е месца сярод інш. галін. Пасля Вял. Айч. вайны галіна адноўлена. Вытворчасць яе прадукцыі ў 1945 перасягнула ўзровень 1913 у 2,6 раза, але гэта склала 18,5% ад узроўню 1940. Пабудаваны буйныя, высокааснашчаныя прадпрыемствы: мяса- і птушкакамбінаты ў Мінску, Брэсце, Магілёве, Бабруйску, Гродне, Оршы, Баранавічах, Полацку, Ваўкавыску, Пінску, Маладзечне, Віцебску; малочнакансервавыя камбінаты ў Лепелі, Ваўкавыску, Глыбокім, Лідзе; сыраробныя з-ды ў Бярозе, Гомелі, Магілёве, Слуцку, Полацку; піўзаводы ў Гомелі і Магілёве; кансервава-агароднінасушыльныя камбінаты ў Быхаве, Ганцавічах; цукр. заводы ў Гарадзеі, Жабінцы, Скідзелі, Слуцку і інш. У 1970—80-я г. пабудаваны мяса- і рыбаперапрацоўчыя комплексы ў Мінску, мясакамбінаты ў Жлобіне, Бярозе, піўзаводы ў Бабруйску і Рэчыцы, малочны завод у Брэсце, сыраробны ў Шуміліне.

На большасці прадпрыемстваў вядзецца планамернае абнаўленне тэхн. абсталявання і рэканструкцыя. У 2002 завершана рэканструкцыя ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

Асн. кірункі развіцця харч. прамысловасці: асваенне сучасных тэхналогій (мембранных, ультрагукавых), якія дазваляюць больш поўна выкарыстоўваць сыравіну, паскараць тэхналагічныя працэсы, зніжаць колькасць адходаў і захоўваць у натыўным стане біялагічна актыўныя кампаненты сыравіны; выпуск прадуктаў функцыянальнага харчавання, якія маюць лекава-прафілактычныя якасці (напр., прабіятычныя прадукты), дыетычных (абястлушчаных, з паніжанай колькасцю цукру), з нетрадыцыйнай сыравіны, хуткага прыгатавання, якія захоўваюць якасці і састаў натур. сыравіны.

Тэхнічнае абсталяванне для прадпрыемстваў харч. прамысловасці вырабляюць ААТ «Машхарчпрад» (Мар’іна Горка), «Гандальмаш» (Баранавічы), доследна-мех. з-д «Харчмаш» (Мінск), Эксперым.-канструктарскае бюро машынабудавання (Мінск), Гомельскі «Тэхнапрыбор», закрытае акц. т-ва (ЗАТ) «Атлант» (Мінск), Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання і інш. Выкарыстоўваецца абсталяванне расійскіх прадпрыемстваў: «Малмаш» (Масква), Някрасаўскага машынабудаўнічага з-да, таксама аснашчэнне з Украіны, Германіі, Польшчы, Італіі, Венгрыі і інш.

Развіццю харч. прамысловасці ў краіне садзейнічаюць Магілёўскі ун-т харчавання, які рыхтуе кадры для харч. прамысловасці, бел. н.-д. і канструктарска-тэхналагічныя ін-ты мяса-малочнай прамысловасці, харч. прадуктаў, н.-д. і праектна-тэхналагічны ін-т хлебапрадуктаў, Ін-т рыбнай гаспадаркі, Ін-т «Плодаагароднінапраект», Ін-т «Белдзіпрааграхарчпрам» і інш.

Мясная прамысловасць складае 25,6% у аб’ёме валавой прадукцыі харч. прамысловасці (2002). Галіна ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі, вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-раслінныя кансервы, жывёльныя тлушчы. Асн. частку прадукцыі даюць (2002) 3 мясакансервавыя (Аршанскі, Баранавіцкі, Бярозаўскі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя Ашмянскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Гомельскі, Жлобінскі, Магілёўскі, Мінскі, Слуцкі і інш.

Малочная і масласыраробная вытворчасць дае 22,3% валавой прадукцыі харч. прамысловасці. У 2002 у Беларусі працавала больш за 200 малакаперапрацоўчых заводаў і цэхаў. Большасць прадпрыемстваў шматпрофільныя. Сучасны кірунак развіцця галіны — распрацоўка і выпуск вітамінізаванай і прабіятычнай малочнай прадукцыі, які асвойваецца на найб. буйных прадпрыемствах гэтай галіны — Брэсцкім малочным камбінаце, Бярозаўскім сыраробным камбінаце, ААТ «Гродна Малкамбінат», «Малако ААТ» (Віцебск), ААТ «Беллакт» (Ваўкавыск), Мінскіх гармалзаводах №2 (ААТ «Млітэпс») і №3, ААТ «Кобрынскі масла-сыраробны камбінат» і ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» і інш. Прадукцыя галіны неаднаразова адзначана на міжнар. выстаўках. Назіраецца ўстойлівы рост аб’ёмаў вытворчасці ў малочна-кансервавай падгаліне.

Алейна-тлушчавая прамысловасць вырабляе алеі, маргарыны, маянэзы, гасп. мыла і інш. Асн. прадпрыемствы галіны: Гомельскі тлушчавы камбінат, ААТ «Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод», «Бабруйскі завод алеяў», «Мінскі маргарынавы завод» і інш.

Рыбная прамысловасць спецыялізуецца на вырошчванні, здабычы і перапрацоўцы рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя прэсервы і кансервы). Уключае 26 рыбных гаспадарак, з іх найб. буйныя «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў. Перапрацоўкай марской рыбы і морапрадуктаў займаюцца больш за 15 прадпрыемстваў, з іх найб. буйныя сумесныя прадпрыемствы «Санта-Імпэкс Брэст», «Санта-Брэмар» (Брэст), ААТ «Рыбакомплекс» (Мінск).

Мукамольна-крупяная прамысловасць спецыялізуецца на перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Дзейнічае каля 2000 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. буйныя прадпрыемствы: ААТ «Брэстхлебпрадукт», «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў», «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» і інш.

Дражджавая прамысловасць прадстаўлена ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), які вырабляе хлебапякарныя прасаваныя і высушаныя дрожджы — 50 т за суткі, 18 тыс. т штогод. Прадукцыя прадпрыемства поўнасцю задавальняе патрэбы хлебапякарных прадпрыемстваў і рознічнага гандлю краіны, 15% аб’ёму прадукцыі экспартуецца. Галіна характарызуецца ўстойлівым ростам аб’ёмаў вытворчасці.

Хлебапякарная прамысловасць уключае больш за 160 прадпрыемстваў, раўнамерна размеркаваных па тэр. краіны; найб. у Мінску (6 хлебазаводаў і «Аўтамат») і абл. цэнтрах. Прадпрыемствы аб’яднаны ў вытворчыя аб’яднанні Мінскхлебпрам, 6 абласных і Барысаўхлебпрам. Вырабляецца больш за 200 найменняў хлеба (жытняга, пшанічнага, жытне-пшанічнага, палепшанага, заварнога, фармавога, подавага), батоны. сушкі, сухары, абаранкі, караваі, кандытарскія вырабы і інш. Сучасны кірунак развіцця галіны — выпуск дыетычнай і лекава-прафілактычнай прадукцыі (бессалявы, бялковы, бездражджавы, вітамінізаваны, вотруб’евы і інш. хлеб).

Цукровая прамысловасць вырабляе цукар-пясок, цукар-рафінад, лімонную кіслату, цукр. сіроп. Працуюць 4 прадпрыемствы агульнай уліковай вытворчай магутнасцю перапрацоўкі цукр. буракоў 15,5 тыс. т за суткі і 3 тыс. т цукру-сырцу: ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», «Жабінкаўскі цукровы завод», «Скідзельскі цукровы камбінат», «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат», якія ўваходзяць у асацыяцыю «Беларускі цукар». Па ўзроўні выпуску цукру Беларусь займае 3-е месца сярод краін СНД (пасля Украіны і Расіі). Паводле тэхн. аснашчэння бел. прадпрыемствы ўваходзяць у лік перадавых прадпрыемстваў краін Усх. і Цэнтр. Еўропы. Выхад цукру пры перапрацоўцы цукр. буракоў склаў 12,74% (на Скідзельскім камбінаце 13,64%) — найб. высокі паказчык сярод краін СНД.

Кандытарская прамысловасць у структуры выпуску таварнай прадукцыі канцэрна «Белдзяржпрам» займае 17,1% (2002). Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш., больш за 500 найменняў. Вядучыя прадпрыемствы — сумеснае прадпрыемства ААТ «Спартак» і ААТ «Камунарка». Станоўчая дынаміка па аб’ёме вытворчасці назіраецца ў ААТ «Чырвоны харчавік» (Бабруйск, тэмп 107,5%), ААТ «Конфа» (Маладзечна, тэмп 106,4%), ААТ «Чырвоны мазыранін» (Нароўля, тэмп 105,4%).

Вінаробная прамысловасць вырабляе віны вінаградныя з прывазной і пладова-ягадныя з мясц. сыравіны. Найб. прадпрыемствы: ЗАТ «Мінскі завод вінаградных він» (гандлёвая марка «Амбасадор», каля 40 найменняў ад сухіх да дэсертных натуральных вінаградных він), Мінскі завод ігрыстых пеністых* він, Гомельскі вінаробчы завод і інш.

Лікёра-гарэлачная прамысловасць вырабляе розныя віды гарэлкі, лікёры, наліўкі, настойкі, аперытывы, бальзамы і інш. Уключае больш за 70 прадпрыемстваў, у т. л. РУП «Мінск Крышталь», Брэсцкі «Белалка» (адзіны экспарцёр у галіне), Віцебскі, Гродзенскі, Гомельскі, Клімавіцкі лікёра-гарэлачныя заводы. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Гомель, Пружаны і інш.). Прадпрыемствы неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі ўзнагароды «За лепшую якасць прадукцыі».

Півабезалкагольная прамысловасць вырабляе піва, газіраваныя салодкія напіткі, мінеральную і пітную ваду, сокі. Піва вырабляюць 16 прадпрыемстваў, сярод іх найб. ААТ «Аліварыя», «Крыніца», «Лідскае піва», «Рэчыцапіва». Асн. вытворцы безалкагольнай прадукцыі: ААТ «Акватрайпл», «Дарыда», харч. камбінат Белкаапсаюза (усе Мінск), «Вяйнянская крыніца» (Магілёўскі р-н). У 2002 выраблена мінер. вады 378,5 млн. паўлітраў, безалкагольных напіткаў — 23,4 млн. дэкалітраў.

Соладавая прамысловасць вырабляе солад піваварны. Асн. прадпрыемства ААТ «Белсолад» (Іванава) 99% прадукцыі якога экспартуецца ў Расію. Вырабляюць солад таксама на ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), «Крыніца», «Маладзечнапіва», Аршанскім, Слуцкім і Полацкім піўзаводах. У 2002 выпушчана 72 тыс. т соладу, з іх 62,7 тыс. т — на прадпрыемстве «Белсолад».

Харчоваканцэнтратная прамысловасць вырабляе сумесі з высушаных раслінных і жывёльных прадуктаў для хуткага прыгатавання гатовых страў. Уключае каля 25 прадпрыемстваў, найб. буйное — ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты», створанае ў 1997 на аснове Лідскага з-да харч. канцэнтратаў, Навагрудскага і Радунскага агароднінасушыльных заводаў.

Плодаагароднінная прамысловасць ажыццяўляе перапрацоўку агародніны, садавіны, ягад, вырабляе плодаагароднінныя кансервы, сушаную агародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты і інш. (больш за 300 найменняў). Працуюць каля 260 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі і Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльныя заводы, кансервавыя заводы ў Клецку, Кобрыне, Пінску, Слуцку, Красным (Маладзечанскі р-н). Перспектыўная галіна, але недастаткова развітая з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў. Укараняюцца ў вытворчасць кансервы з нетрадыцыйнай сыравіны — дзікарослай, тапінамбуру, агароднінных кансерваў з дабаўленнем марской капусты. Частка прадукцыі экспартуецца (лідэры — Маларыцкі і Клецкі заводы).

Тытунёвая прамысловасць вырабляе папяросы і цыгарэты з прывазной сыравіны. Асн. прадпрыемства — Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», якая выпускае 23 найменні тытунёвых вырабаў, у т. л. цыгарэты з падоўжаным фільтрам «Прэм’ер класічныя», «Магнат класічныя», «Мінск», «Арбіта-люкс», «Белая Русь»; з паніжанай колькасцю нікаціну і смол «Прэм’ер лёгкія», «Магнат лёгкія», «ГТФ лёгкія» і інш. Больш за 18 найменняў тытунёвых вырабаў выпускае бел.-амерыканскае СП «Тытунь-інвест» (Мінск).

Салявая прамысловасць. Асн. вытворца ААТ «Мазырсоль» — буйнейшае і высокатэхналагічнае прадпрыемства па вытворчасці харч. вакуум-выварачнай солі экстра на тэр. СНД. Прадпрыемства на аснове базавага сорту солі «Экстра» вырабляе соль з мікрадабаўкамі ёду і фтору, таксама соль прафілактычную (з памяншэннем на 30% колькасці натрыю і ўвядзеннем у састаў солі іонаў калію і магнію), за што неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. конкурсах і выстаўках. Асноўныя паказчыкі па вытворчасці прадукцыі харч. прамысловасці (па гадах) прыведзены ў табл. 1.


Табліца 1
Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі харчовай прамысловасці
Вытворчасць прадукцыі 1990 1995 1998 1999 2000 2001 2002 2003
Каўбасныя вырабы, тыс. т 216,6 141,3 163,8 150,0 150,8 156,0 167,4 195,9
Масла, тыс. т 159,1 65,1 74,2 62,6 65,1 66,7 65,1 64,3
Цэльнамалочная прадукцыя (у пераліку на малако), тыс. т 1776 801 952 1032 954 960 907 929
Тлустыя сыры, тыс. т 65,0 24,7 43,3 40,5 41,0 48,1 45,2 52,5
Рыбная прадукцыя (без кансерваў), тыс. т 45,8 13,2 20,0 21,4 23,0 28,5 16,3 22,4
Алей, тыс. т 26,4 6,7 11,3 15,8 16,9 17,9 20,5 17,0
Кансервы, млн. умоўных слоікаў 788,7 310,0 413,3 433,7 442,2 428,9 458,5 422,7
з іх: мясныя і мясараслінныя 97,0 30,7 63,7 58,7 42,7 32,5 38,3 33,0
рыбныя 5,4 3,5 9,5 9,1 9,1 31,6 54,7 57,4
малочныя 168,3 75,4 115,1 94,3 94,1 101,3 89,0 115,7
агароднінныя 143,9 67,8 62,3 86,1 59,6 53,2 59,4 71,1
фруктовыя 301,2 72,4 94,2 104,1 131,2 142,0 135,7 108,6
натуральныя сокі 180,2 43,0 63,6 64,6 79,6 91,2 85,9 63,7
Цукар-пясок, тыс. т 347,1 140,1 476,3 500,9 565,0 654,4 666,1 710,6
Хлеб і хлебабулачныя вырабы, тыс. т 1583 1037 949 967 866 769 707 689,1
Мука, млн. т 3,1 1,4 1,2 1,1 0,9 0,7 0,6 0,7
Крупы, тыс. т 229,3 72,6 83,8 60,0 37,9 27,2 23,2 28,3
Кандытарскія вырабы, тыс. т 173,4 72,6 142,2 150,2 149,0 139,8 136,3 132,8
Макаронныя вырабы, тыс. т 60,2 36,4 52,8 49,9 38,3 20,8 20,3 17,8
Гарэлка і лікёра-гарэлачныя вырабы, млн. дал 8,8 14,8 13,5 13,3 10,8 10,0 9,5 8,2
Вінаграднае віно, млн. дал 6,6 0,3 1,1 0,9 0,7 0,9 1,5 1,1
Пладова-ягаднае віно, млн. дал 0,1 5,1 18,2 22,3 23,7 23,2 27,4 27,6
Піва, млн. дал 32,8 15,2 26,0 27,3 23,7 21,7 20,3 20,6
Папяросы і цыгарэты, млрд. шт. 16,4 6,2 7,3 9,3 10,4 11,2 10,5 10,5
Лінія па вытворчасці вараных каўбас Бярозаўскага мясакансервавага камбіната. 2004.
Бярозаўскі сыраробны камбінат (2004): 1 — лінія па разліве кісламалочных напіткаў; 2 — камера выспявання цвёрдых сычужных сыроў.
Гарадзейскі цукровы камбінат. 2004.
Хлебазавод №6 Мінскхлебпрама (2004): 1 — лінія па вырабе батонаў; 2 — лінія па вырабе і фасаванні аўсянага пячэння.

т. 18, кн. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс. км². Нас. 3677 тыс. чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г. Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).

Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх. ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.​Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.

Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс. ж.), Гюмры (211 тыс. ж.), Ванадзор (173 тыс. ж.), Эчміядзін (65 тыс. ж.), Раздан (64 тыс. ж.), Абавян (62 тыс. ж.).

Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць быт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.

Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн. га, з іх ворыва 0,5 млн. га, пашы 1,6 млн. га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс. га с.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс. км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.

Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб. стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э. Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст. н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн. арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э. Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл. Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828 Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл. «Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч. тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс. чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав. сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.​Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.

Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.

Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс. ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч. г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец. навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук. б-ка АН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.

Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац. інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.

Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст. «Сасунцы Давід».

Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк. л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш.), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж. арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.​Ванандэці, П.​Мінасян, А.​Багратуні, Э.​Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж. арм. мова (грабар) саступае месца нар. літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.​Аламдаран, М.​Тагіядзян, Х.Абавян, Г.​Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш. Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.​Пешыкташлян, Р.​Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.​Прашан, Г.​Агаян, Ц.​Камсаракан, А.​Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.​Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.​Шант), прозе (Э.​Ацян, Ерухан, В.​Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.​Тэр’ян, Д.​Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.​Чарэнца, Д.​Дэмірчана, С.​Зарана, Н.​Зарана, Г.​Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.​Аванесян, Х.​Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.

У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.​Айвазян, В.​Петрасян, Р.​Даваян, А.​Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.​Мугнецян, Л.​Хечаян, В.​Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-ра т.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.​Ашакян, Амстэг, Г.​Шахнур, М.​Ішхан, Захрат, А.​Карапенц).

Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст.; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.​Кочар, М.​Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц. арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.​Сундукяна (1966, арх. Р.​Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.​Акапян, Г.​Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.​Хачыкян, А.​Тарханян, Г.​Пагасян, М.​Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.​Тарасян, Г.​Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.​Чаркезян, Ж.​Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.​Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.​Качар), помнікі Е.​Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.​Нікагасян), М.​Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.​Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд. ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.

Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст. асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.​Рослін, С.​Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.​Мркуз, М.​Заграбян, Б.​Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап. рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст. арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.​Аўнатанян, С.​Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.​Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.​Шаін. У фарміраванні арм. маст. школы ў 1920-я г. вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.​Аракелян, А.Каджан, А.​Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.​Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.​Сцепанян, А.​Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.​Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.​Якулаў, М.​Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.​Айвазян), скульптуры (Е.​Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.​Акапян, Р.​Адалян, М.​Петрасян, А.​Укапян, А.​Хачыкян, Р.​Хачатран, Г. і Р.​Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.​Мірзаян, С.​Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.​Сіманян, Р.​Швердзян, А.​Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр. ін-т і маст. вучылішча імя Ф.​Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.

Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.​Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш. Прафес. муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст. н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм. прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.​Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз. нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.​Еранян, Г.​Карганаў). Асновы арм. нац. муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац. муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.​Тэр-Гевандзяна, С.​Бархударана, вак. творы Р.​Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.​Сцепаняна, Г.​Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.​Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.​Айвазян, А.​Далуханян, В.​Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.​Агаджанян, А.​Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.​Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.​Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.​Айрапецян, С.​Навасардзян; скрыпачы І.​Налбандзян, Р.​Агаранян, А.​Габрыэлян, Э.​Тэтэвасян; віяланчэлісты М.​Абрамян, С.​Асламазян, Г.​Адамян, Г.​Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-р муз. камедыі, Дзіцячы муз. т-р, Хар. капэла, Дзярж. сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр. муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.

Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес. т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.​Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес. т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.​Пешыкташлян заснаваў арм. нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.​Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.​Сундукяна і А.​Параняна, пазней — А.​Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.​Адамяна. На пач. 20 ст. арм. нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж. т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж. арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.​Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.​Авецісян, Г.​Джанібекян, В.​Гулазян, Д.​Малян, Р.​Нерсесян, В.​Папазян, В.​Вагаршан, Т.​Сар’ян; рэжысёры В.​Аджэмян, А.​Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка.

Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.​Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм. маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.​Бархударан, А.​Марцірасян, А.​Ай-Арцян, С.​Кеворкаў, Э.​Карамян, С.​Параджанаў, акцёры Х.​Абрамян, А.​Джыгарханян, Г.​Тонунц, М.​Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.

Літ.:

Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;

Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;

Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;

Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;

Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;

Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;

Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;

Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];

Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст. М., 1985.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), І.​Ф.​Раманоўскі (гісторыя з 1918), С.Сарынян (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Арменіі.
Да арт. Арменія. Шыкахохскі запаведнік.
Да арт. Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Цясніна ракі Раздан.
Да арт. Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.
Да арт. Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.
Да арт. Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.
Да арт. Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.
Да арт. Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.
Да арт. Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.

т. 1, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)