ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),

іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).

т. 12, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІ́ПАЎ (Іван) (сапр. Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),

бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.

Тв.:

У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Каханоўскі Г.​А.​Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.​Віхерта) і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.

т. 12, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНЯК ((Poźniak) Тэлесфар) (н. 28.11.1932, в. Трапалава Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

польскі літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1983 яго праф., заг. аддзела рус. і інш. слав. л-р Ін-та слав. філалогіі. Даследуе ўсх.-слав. л-ры. Аўтар манаграфій «Дастаеўскі ў коле рускіх сімвалістаў» (1969), «Дастаеўскі і Усход» (1992), артыкулаў пра М.​Гогаля, А.​Астроўскага, А.​Чэхава, М.​Шолахава, Л.​Лявонава і інш. Вывучае творчасць К.​Чорнага, бел. сав. паэзію ваен. часу, польск. матывы ў творчасці Я.​Купалы, польска-бел. літ. сувязі, рэцэнзуе працы бел. літ.-знаўцаў. Аўтар «Анталогіі беларускай літаратуры XIX — пачатку XX ст.» (1993), «Анталогіі беларускай паэзіі XX ст.» (1997), гіст. нарыса «Беларуская літаратура» ў кн. «Гісторыя еўрапейскіх літаратур» (т. 3, ч. 1, 1989).

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАНУ́ЗА (Паўлюк) (Павел Кузьміч; н. 18.3.1918, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1941). У 1945—78 настаўнічаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. Друкуецца з 1936. У зб. «Разгневаная зямля» (1946) біяграфія франтавога пакалення пазначана асабістай выверанасцю, суаднесена з уласным лёсам. Стваральная праца народа, вернасць грамадз. абавязку, трываласць маральна-этычных ідэалаў, гісторыя і сучаснасць адлюстраваны ў зб-ках «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (1978), «Сустрэчы» (1983), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць...» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі «Добры дожджык», 1960; «Дзе вясны пачатак» 1965; «Вясновыя тэлеграмы», 1976; «Фарбы восені», 1982; «Звініць ручаёк», 1988). Перакладае з рус., укр., польск. і інш. моў.

Тв.:

Родныя мясціны. Мн., 1968;

Мой аўтограф. Мн., 1988.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНС ((Robbins) Джэром) (11.10.1918, Нью-Йорк, ЗША — 1998),

амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Творчую дзейнасць пачаў у 1937 як драм. артыст. З 1940 артыст, з 1944 балетмайстар у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (у 1949—63 адначасова нам. маст. кіраўніка). З 1969 у трупе Нью-Йоркскі гарадскі балет (з 1983 яе кіраўнік). Напачатку ставіў жанравыя балеты, у 1970-я г. развіваў творчы прынцып бессюжэтных балетаў Дж.​Баланчына, пазней ствараў сучасныя па духу балеты на аснове класічнай музыкі. Сярод лепшых пастановак: «Век трывог» на муз. Л.​Бернстайна (1950), «Канцэрт» на муз. Ф.​Шапэна (1956), «Вяселейка» на муз. І.​Стравінскага (1965), «Вячэрнія вальсы» на муз. С.​Пракоф’ева (1973), «Чатыры сезоны» на муз. Дж.​Вердзі (1979) і інш. Ставіў мюзіклы (лепшы «Вестсайдская гісторыя» Бернстайна, 1957; экранізаваны ў 1962).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЗАНАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (29.9.1894, Масква — 9.1.1957),

рускі пісьменнік, рэжысёр, педагог. Займаўся тэорыяй і практыкай маст. выхавання дзяцей (кн. «Тэатр для дзяцей», 1925, з Н.​Сац, і інш.). Аўтар п’ес «Будзь гатоў» (паст. 1924), «Негрыцяня і малпа» (паст. 1927, з Сац), аповесцей «Прыгоды Траўкі» (1928), «Неспакойны характар» і «Ізумрудныя берагі» (1942) і інш. У 1928—30 маст. кіраўнік БДТ-2 і педагог студыі пры т-ры. Зрабіў значны ўплыў на развіццё т-ра ў перыяд яго станаўлення, паставіў спектаклі: «Разлом» Б.​Лаўранёва (1928), «Рэйкі гудуць» (1929, з Саннікавым), «Горад вятроў» (1930, з М.​Міцкевічам), «Цудоўны сплаў» (1934) У.​Кіршона, а таксама «Авангард» В.​Катаева (1930, з Саннікавым), «Гонар» А.​Траецкага і Р. (1934); у БДТ-3 — «Рыкашэт» У.​Галубка (1935).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.​П.​Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас. дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.​А.​Вахевічам, перавыдадзены М.​М.​Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пры́тча кніжн. ’іншасказальнае апавяданне з павучальным вывадам’ (ТСБМ), пры́тча, пры́чта, пры́шта ’байка, апавяданне, быль’, ’непрыемны, нечаканы выпадак; непрыемны збег абставін’ (Нас., Касп., ТС), prýcca ’хвароба, немач’ (Варл.), пры́чча, пры́ча ’тс’ (віл., смарг., Сл. ПЗБ), пры́чча ’нечаканая хвароба; бяда’ (Бяльк.), пры́чта ’прытча, дзіва’ (Ян.), пры́тча ’штукі; свавольства’ (Нас.), ме́рыць пры́чча ’лячыць хваробу (забабонамі)’ (віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. притча ’апавяданне’ (Альтбаўэр). Укр. при́чта, при́тчагісторыя, здарэнне, выпадак’, рус. при́тча ’прытча’, дыял. ’няшчасце, бяда, напасць’; ’раптоўная хвароба, выкліканая чарамі, сурокамі’, при́тчия ’казка, байка, прытча’, ст.-рус. притъча ’няшчасны выпадак’ (XIII ст.), ст.-польск. przytcza ’выпадак, здарэнне’, серб.-харв. при̑ча ’апавяданне, прыказка’, славен. príča ’момант, цяперашні час’, ’сведчанне, сведка’, ’прытча, казка, прыказка’, балг. при́тча ’прытча’. Прасл. *pritъča ’выпадак’ ад *pritъknǫti ’прыткнуць’ (Міклашыч, 368; Праабражэнскі, 2, 127; Брукнер, 445; Фасмер, 3, 368; БЕР, 5, 740; Банькоўскі, 2, 953; ЕСУМ, 4, 581–582; ESJSt, 12, 719). Да ткнуць, тыкаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«ВЕ́СЦІ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,

навуковы часопіс. Выдаецца з 1940 у Мінску ў 7 серыях (у 1942—46 не выходзіў). Напачатку агульны часопіс для ўсіх аддзяленняў АН Беларусі, у 1956 падзелены на серыі: грамадскіх (з 1992 гуманітарных), біял. і фізіка-тэхн. Навук. з 1963 выходзіць серыя с.-г. Навук. з 1965 — фізіка-матэм., хім. Навук. з 1968 — фізіка-энергет. навук. Серыі гуманіт., біял. і с.-г. навук выходзяць на бел. мове, астатнія на бел. і рус. мовах. Серыя гуманіт. навук мае спец. раздзелы: «Гісторыя», «Філасофія і сацыялогія», «Мастацтвазнаўства, этнаграфія, фальклор», «Літаратуразнаўства», «Мовазнаўства», «Права», «Эканоміка». Часопіс асвятляе пытанні развіцця навукі, змяшчае матэрыялы навук. даследаванняў і вынікі работ ін-таў АН Беларусі, н.-д. ін-таў і ВНУ рэспублікі, а таксама рэцэнзіі, хронікі, юбілейныя артыкулы пра вядучых вучоных рэспублікі, інфармацыю пра навук. жыццё АН Беларусі.

М.​Н.​Крыўко.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)