ХЕЛІЦЭ́РЫ (ад грэч. chēlē клюшня, кіпцюр + keras рог),

першая пара галаўных канечнасцей у хеліцэравых. Выкарыстоўваюцца як сківіцы для захопу і раздзірання здабычы. Складаюцца з 2—3 членікаў. Маюць выгляд клюшняў (скарпіёны), кіпцюрападобных членікаў (павукі), стылетаў або кручкоў (кляшчы), адпавядаюць антэнам ракападобных.

т. 17, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭЛУЛО́ІД (ад цэлюлоза + грэч. eidos выгляд),

пластмаса на аснове нітрату цэлюлозы і пластыфікатару (камфары ці рыцыны). Шчыльнасць 1300—1350 кг/м³. Гаручы, празрысты, водаўстойлівы, трывалы матэрыял. Выкарыстоўваецца для вырабу цацак, мячоў для настольнага тэніса, галантарэйных і канцылярскіх тавараў і інш.

т. 17, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІЯ (ад грэч. harmonia сувязь, стройнасць, суразмернасць),

унутраная і знешняя ўпарадкаванасць, узгодненасць, цэласнасць з’яў і працэсаў, суразмернасць частак, зліццё розных кампанентаў аб’екта ў адзінае арганічнае цэлае; адзін з важнейшых крытэрыяў эстэт. ацэнкі гармоніі — паказчык, мера гістарычна дасягнутага ўзроўню практычна-духоўнага асваення чалавекам навакольнага асяроддзя. Гармонія заўсёды адносная і гістарычна канкрэтная. Выступае неад’емнай якаснай характарыстыкай зместу эстэт. ідэалу, вышэйшай сац.-эстэт. мэты грамадскага развіцця. Паводле характарыстык, распрацаваных у стараж.-грэч. філасофіі, гармонія — універсальны эстэтыка-касмалагічны прынцып светапогляду. Ант. філосафы адзначалі дыялектычны характар гармоніі. Сучасная сусв. эстэтыка разумее гармонію як аб’ектыўную магчымасць стасункаў чалавека са светам і дасягальны ідэал; як дасканаласць звышнатуральнай сутнасці рэчаў, якую можна суб’ектыўна ўявіць, але нельга дасягнуць. У гісторыі эстэтыкі разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага. Дыялектычны матэрыялізм бачыць аснову гармоніі ў матэрыяльным адзінстве свету, ва ўсеагульнай узаемасувязі і развіцці з’яў, у аб’ектыўных заканамернасцях.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,

нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап. дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.

Літ.:

Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг. М., 1970.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),

антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г. Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч. гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст. н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).

А.​Г.​Зельскі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІЯ́ЗМ [ад грэч. chiasmos размяшчэнне чаго-небудзь у выглядзе грэч. літары Χ (хі)],

від сінтаксічнага паралелізму, пры якім члены другой часткі складанага сказа (у паэзіі — другой часткі фразы, звычайна ў 2-м паэт. радку) стаяць у адваротным парадку; адна са стылістычных фігур. Выкарыстоўваецца для ўзмацнення выразнасці маст. апісання: «...служыла салдатам сасна — для труны, // для крыжа — бяроза» (А.​Куляшоў); «Па нівах тваіх, па тваіх гаях // сынава сэрца рыдае» (П.​Панчанка). Спецыфічным выразным сродкам з’яўляецца Х., дзе адно са слоў паўтараецца ў абедзвюх частках фразы: «... страціў спадчыннае слова — // штосьці страціў у душы абавязкова» (Н.​Гілевіч); «Мы жывем і любім так Радзіму, // каб Радзіма палюбіла нас» (С.​Грахоўскі). Амаль пастаянным прыёмам з’яўляецца Х. у адмоўным паралелізме, у яго складзе ўжываюцца словы з процілеглым (антанімічным) значэннем: «Я не буду доўга, // зараз жа вярнуся...» (Я.​Колас).

Л.​А.​Антанюк.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,

школа стараж.-грэч. філасофіі 6—5 ст. да н.э. Назва ад горада, у якім узнікла (Элея — грэч. калонія ў Паўд. Італіі). Заснавальнік Ксенафан, асн. прадстаўнікі Парменід, Зянон Элейскі, Меліс Самаскі. Яны ўпершыню проціпаставілі мысленне пачуццёваму ўспрыманню, адзначылі няўстойлівасць, цякучасць чалавечых адносін і ўспрыманняў; гал. ролю ў спасціжэнні ісціны адводзілі мысленню. Быццё, на іх думку, бесперапыннае, нерухомае, нязменнае, аднароднае, непадзельнае, аднолькава ўласцівае кожнаму элементу, рэчаіснасці, выключае якое-н. мноства рэчаў. Гэтая ідэя склалася ў процівагу дыялект. вучэнню аб прыродзе Геракліта. Для абароны вучэння Э.ш. Зянон прапанаваў сістэму аргументаў, пабудаваных у форме доказаў ад процілеглага і накіраваных супраць прызнання множнасці і руху быцця (напр., пушчаная страла нерухомая, таму што час складаецца з асобных імгненняў, а прастора — з асобных пунктаў). У далейшым паняцце адзінага нязменнага быцця паслужыла адной з крыніц філасофіі Платона і неаплатанізму.

І.​В.​Катляроў.

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прагно́з прадбачанне, прадказанне, заснаванае на пэўных дадзеных’ (ТСБМ). Праз рус. прогно́з ’тс’ (параўн. Крукоўскі. Уплыў, 75 і наст.) з грэч. πρόγνωσις ’даведванне наперад; прадвызначэнне’ ад грэч. προ‑ ’паперад’ і γνωσις ’веданне’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГІДРАМЕТЭО́РЫ (ад гідра... + грэч. meteōros які лунае ў паветры),

атмасферныя ападкі, якія ўтвараюцца пры выдзяленні вільгаці з паветра на паверхні Зямлі і прадметаў — раса, іней, шэрань і інш. Першапачаткова пад гідраметэорам разумелі прадукты кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы — воблакі, усе атм. ападкі.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГРАФІЯ (ад грэч. graphō пішу), другая састаўная ч. складаных слоў, якая азначае: апісанне, запіс, чарцёж, малюнак і да т.п. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. тэрмінаў — назваў навук, спосабаў узнаўлення, відарысаўтварэння, выяўлення чаго-н., а таксама прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя спосабы. Напр., галаграфія, гістарыяграфія, літаграфія.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)