ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл.Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА ПО́ЛЕ,
міжгорная катлавіна каля г. Прышціна ў былым аўт. краі Косава (Сербія), дзе 15.6.1389 адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднаным войскам сербаў і баснійцаў пад камандаваннем сербскага кн. Лазара (15—20 тыс.чал.) і тур. арміяй султана Мурада I (27—30 тыс.чал.). Пасля ўпартых баёў, у ходзе якіх загінулі Мурад I і Лазар, перамаглі туркі. У выніку паражэння на К.п. Сербія стала васалам Турцыі (з 1459 у складзе Асманскай імперыі), сербы і інш.балк. народы трапілі пад тур. панаванне больш як на 400 гадоў. Бітва на К.п. адлюстравана ў сербскіх песнях, былінах і паданнях як адна з найб. трагічных і гераічных падзей у гісторыі сербаў. У кастр. 1448 на К.п. таксама пацярпела паражэнне венг. войска на чале з Я.Хуньядзі (разбіта тур. арміяй султана Мурада II).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНАФО́НТ (Xenophōn; каля 430 да н.э., Афіны — каля 354 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык, пісьменнік.
Вучань Сакрата. Праціўнік афінскай дэмакратыі, прыхільнік арыстакратычнага ладу Спарты. Удзельнік паходаў перс. палкаводца Кіра Малодшага супраць Артаксеркса II (401 да н.э.), вайны спартанскага цара Агесілая II супраць персаў (396—394 да н.э.), афінян і фіванцаў (394 да н.э), Карынфскай вайны 395—387 да н.э. на баку Спарты. У Афінах быў завочна прыгавораны да смерці. За заслугі перад Спартай атрымаў маёнтак у Элідзе, дзе займаўся земляробствам і літ. працай. Пасля 371 перасяліўся ў Карынф, пасля 369 адноўлены ў грамадз. правах, але ў Афіны не вярнуўся. Гал. творы: «Кірапедыя» (пра выхаванне Кіра), «Анабасіс» («Паход Кіра»), «Грэчаская гісторыя».
Літ.:
Фролов Э.Д. Огни Диоскуров: Антич. теории переустройства общества и государства. Л., 1984. С. 135—167.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЫ́НСКІ (Фядот Андрэевіч) (псеўд. Сцепанец Багдан; 3.3.1867, г.п. Сцепань Сарненскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 1933),
педагог, літаратар, этнограф. Працаваў выкладчыкам Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе ў 1898—1902 вучыўся Я.Колас. Заўважыўшы талент маладога семінарыста, К. дапамог яму знайсці шлях у л-ру. Аўтар работ па рус. л-ры, гісторыі, бел. і ўкр. этнаграфіі, гісторыі нар. асветы, педагогіцы. Прапагандаваў пед. ідэі К.Дз.Ушынскага, М.І.Пірагова, Л.М.Талстога, У.Я.Стаюніна.
Тв.:
Старцы: Полесская легенда. Киев, 1894;
Черты общественного быта Литовской Руси XVI в. Вильна, 1907;
История развития и падения крепостничества в России (в связи с положением крестьянства Северо-Западной России). Вильна, 1911;
Первый урок о любви: Рассказы. [Вильна, 1915].
Літ.:
Семяновіч А. Настаўнік народнага паэта // Полымя. 1959. № 6;
Казбярук У. Новае пра Кудрынскага // ЛіМ. 1960. 6 лют.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГАБА́РДЫ (ням. Langobarden літар. доўгабародыя),
адно з плямён стараж.германцаў. У 1 ст.н. э. жылі на левым беразе Эльбы, у 4—5 ст. — у бас. сярэдняга Дуная. У 568 пад націскам авараў на чале вял. саюза плямён (саксы, сарматы, свевы, балгары і інш.) мігрыравалі ў Паўн. Італію. Заваявалі Ламбардыю (атрымала гэту назву ад Л.) і Таскану, дзе стварылі сваё каралеўства, пазней — Спалета і Беневента, якія сталі самаст. герцагствамі. У 6—8 ст.асн. масу Л. складалі вольныя абшчыннікі, развіваліся рамяство і гандаль; перанялі ад рымлян больш высокія агратэхн. прыёмы, пісьмо, афіц. мову (лацінскую). Далейшыя заваяванні Л. (захоп у 751 Равены, спроба захапіць Рым) скончыліся няўдачай. У 773—774 каралеўства Л. заваявана Карлам Вялікім.
Літ.:
Шервуд Е.А. Законы лангобардов: Обычное право древнегерман. племени: (К раннему этногенезу итальянцев). М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫФУ́НДЫІ (лац. latifundium ад latus вялізны + fundus маёнтак),
вялікія прыватнаўласніцкія зямельныя ўладанні. У Стараж. Рыме — вял. маёнткі з рысамі натуральнай гаспадаркі, дзеасн. рабочую сілу складалі рабы і калоны. У перыяд феадалізму Л. былі гал. формай вядзення сельскай гаспадаркі з залежнымі сялянамі. У новы час (17 — пач. 20 ст.) старыя і зноў утвораныя Л. як буйныя вытворцы с.-г. прадукцыі былі ўключаны ў сістэму рыначнай эканомікі, але захоўвалі пераважна паўфеадальныя формы эксплуатацыі. Былі пашыраны ў Германіі, Расіі, Іспаніі, Паўд. Італіі, краінах Лац. Амерыкі. У Беларусі з сярэдніх вякоў да пач. 20 ст. існавалі Л. ў выглядзе магнацкіх маёнткаў Радзівілаў, Сапегаў, Чартарыйскіх, Лацаў, Вішнявецкіх, Агінскіх і інш. Л. захоўваюцца ў наш час у шэрагу краін Лац. Амерыкі (Бразілія, Эквадор), Афрыкі (Паўд.-Афр. Рэспубліка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГО́РН,
асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 ст. скрыжаваннем італьян. белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцовымі і інш. пародамі, у 1852 завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьян.г. Ліворна (англ. Leghorn). Разнавіднасці Л. адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.
Сярэдняя маса пеўняў 2,5—2,7, курэй 1,8—2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5—5 мес. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вядзецца на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г. Заслаўе, Мінскі р-н) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ*.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЖЫЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён канца бронзавага і ранняга жал. вякоў (15—4 ст. да н.э.), якія насялялі зах. землі Польшчы, усх. вобласці Германіі, паўн. раёны Чэхіі і Славакіі. Назва ад Лужыцкай вобл. (Германія), дзе ўпершыню выяўлены характэрныя помнікі. Насельніцтва жыло на паселішчах у наземных жытлах слупавой канструкцыі і ў паўзямлянках з глінянымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў грунтавых могільніках, трапляецца і трупапалажэнне ў курганных могільніках. Плямёны Л.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Выраблялі метал. прылады працы, зброю, упрыгожанні, цюльпана- і яйцападобныя гаршкі, біканічныя і пукатыя вазы, інш. посуд, арнаментаваны шышкападобнымі выступамі і гарыз. жалабкамі. Скіфскія набегі з 6 ст. да н.э. паскорылі заняпад Л.к. На Беларусі зафіксаваны асобныя знаходкі рэчаў Л.к. каля Навагрудка, вёсак Здзітава Бярозаўскага, Барысы Брэсцкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧНІ́К, светач, дзед,
у беларусаў стараж. прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Былі стацыянарныя і пераносныя (рухомыя). Стацыянарны Л. меў дымаход, верхняя частка якога выходзіла на дах, і гарызантальна падвешаную пад ім жал. рашотку, дзе палілі смалістыя корчыкі. Сярод рухомых вылучаліся звычайныя і падвесныя Л. Звычайны ўяўляў сабой драўляную стойку, на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, з суцэльнай асновай з выемкай для вады ці крыжападобнай, тады побач ставілі пасудзіну з вадой. Падвесны Л. — кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з крукам для падвешвання на другім. Л. з дымаходам быў пашыраны ў цэнтр. Беларусі і на Палессі. Месцамі ўжываўся да 1930-х г.