біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс.га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАВАКЗА́Л,
комплекс збудаванняў у складзе аэрапорта для абслугоўвання пасажыраў і правядзення багажных аперацый. Адрозніваюць аэравакзалы па відах зносін (міжнар. і ўнутр. ліній), а таксама па прапускной здольнасці (ад 50—400 да 2500 пасажыраў за гадзіну). Аэравакзал уключае: прывакзальную плошчу, перон са стаянкамі самалётаў, гасцініцу і інш. У вял. гарадах з мэтай разгрузкі будуюць гарадскія аэравакзалы, якія звязаны з аэрапортам грамадскім або службовым транспартам. На Беларусі аэравакзалы ёсць ва ўсіх абл. цэнтрах. Самы вялікі — у міжнар. аэрапорце «Мінск-2».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛЬЦЫ́М (ад грэч. analkis слабы),
пародаўтваральны мінерал падкласа каркасных сілікатаў (група цэалітаў), Na2[AlSi2O6]2∙2H2O. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя масы, друзы, жэоды і інш. Бясколерны ці белы, шэры, зеленаваты, ружовы. Празрысты да амаль непразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6; крохкі. Шчыльн. 2,2—2,3 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, радзей магматычны, таксама аўтыгенны мінерал у азёрных адкладах, гліністых сланцах, пясчаніках. На Беларусі выяўлены ў значнай колькасці (да 20—30%) у пародах верхняга пратэразою, як акцэсорны мінерал — у адкладах дэвону, карбону і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМЕ́ЛЕ Мікалай, бел. этнограф і археолаг сярэдзіны 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губ. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру паўн.-ўсх. Беларусі. На падставе яго апісанняў Рускае геагр.т-ва выдала працу «Побыт беларускіх сялян» (Этнографический сборник. Спб., 1854. Вып. 2). У ёй апісаны жыллё, хатняе начынне, адзенне, ежа, сямейныя і каляндарныя абрады, вытв. заняткі, звычаі, сац. і маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства напярэдадні адмены прыгоннага права. У працы змешчаны таксаманар. прыказкі, песні, паданні. Аўтар высока цаніў працавітасць, маральныя і інтэлектуальныя якасці беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКЕТАВА́ННЕ,
метад збору пачатковага матэрыялу для сацыялагічных, эканамічных, псіхалагічных і інш. даследаванняў. Праводзіцца ананімна, у пісьмовай форме з выкарыстаннем апытальных лістоў (анкет), у прысутнасці даследчыка і без яго (па пошце). Пытанні анкетавання павінны быць аб’яднаны агульнай тэмай даследавання, сфармуляваны дакладна, адназначна, на даступнай рэспандэнтам мове. Адрозніваюць пытанні адкрытыя (свабода ў выбары адказу) і закрытыя (адказ выбіраецца з прапанаваных варыянтаў), аб’ектыўныя (пра ўзрост, адукацыю і інш.) і суб’ектыўныя (высвятляюць сац.-псіхал. ўстаноўкі або меркаванні рэспандэнтаў). Гл.таксамаАпытанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГО́ (франц. argot),
разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца вузкай сацыяльнай групай людзей з мэтай моўнага адасаблення, адна з формаў існавання мовы. У шырокім сэнсе арго — любыя разнавіднасці прафесійнага нелітаратурнага маўлення (арго лётчыкаў, паляўнічых і інш.). Нярэдка пад арго разумеюць маўленне дэкласаваных і крымінальных элементаў. Да арго адносяць тайныя мовы. Тэрмін «жаргон» таксама абазначае сац. разнавіднасць маўлення. Аднак у адрозненне ад арго жаргоны выкарыстоўваюцца больш шырокімі сац. і ўзроставымі групамі насельніцтва.
Літ.:
Жирмунский В. Национальный язык и социальные диалекты. Л., 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,
грамадска-культурная арг-цыябел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯПРЭПАРА́ТЫ (ад бія... + лац. praeparatus прыгатаваны),
біялагічныя прэпараты, рэчывы і прэпараты мікробнага, расліннага і жывёльнага паходжання, якія характарызуюцца высокай біял. актыўнасцю. Вял. пашырэнне атрымалі з сярэдзіны 1970-х г. у сувязі з развіццём геннай і клетачнай інжынерыі. Да біяпрэпаратаў адносяць большасць прадуктаў мікрабіял. сінтэзу (бялкова-вітамінныя дамешкі, антыбіётыкі, гармоны, монакланальныя антыцелы, інтэрферон і інш.), а таксамабіял. сродкі барацьбы са шкоднікамі сельскай гаспадаркі, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты з лек. раслін, плацэнты жывёл і інш. Выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекц. хвароб і як біястымулятары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНДА́ЎЭР (Brandauer; сапр.Штэнг; Steng) Клаўс Марыя
(н. 22.6.1943, г. Бад-Аўсзе, Аўстрыя),
аўстрыйскі акцёр тэатра і кіно. З 1963 выступае на сцэнах буйнейшых т-раў Дзюсельдорфа, Вены, Мюнхена, Гамбурга, Берліна, Зальцбурга. Выканаўца гал. роляў у п’есах У.Шэкспіра, Ф.Шылера, П.Бамаршэ, а таксама ў сучасным рэпертуары. Міжнар. вядомасць атрымаў пасля здымкаў у фільмах І.Саба «Мефіста» (у сав. пракаце «Мефістофель»), «Палкоўнік Рэдль», «Ханусен» і С.Полака «Развітанне з Афрыкай». Здымаўся ў ролі Дантона ў тэлевіз. фільме «Французская рэвалюцыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТЫМАЛО́ГІЯ (ад лац. victima ахвяра + ...логія),
навука, што даследуе псіхал. і маральныя рысы асобы — ахвяры злачынства і любыя формы праяўлення грамадскай паталогіі, у выніку якіх прычыняецца шкода асобе. У больш вузкім сэнсе (у т. л. ў крыміналогіі) вывучае тыпы ахвяр — віноўнікаў злачынства, чые паводзіны могуць быць небяспечнымі для іх саміх і ствараюць павышаную верагоднасць замаху на іх; умовы, спрыяльныя для ўчынення злачынства; даследуе сувязі ахвяры і злачынца, ролю ахвяры ва ўчыненым злачынстве, а таксама адносіны да ахвяры органаў правасуддзя.