Дрыжа́ць, дрыжэць. Рус. дрожа́ть, укр. дрижа́ти, дріжа́ти, чэш. držeti, польск. drżeć. Прасл. *drъzǎti ’дрыжаць’ звязваецца этымалагічна з літ. drugỹs ’ліхаманка’, лат. drudzis. Параўн. Фасмер, 1, 540; Трубачоў, Эт. сл., 5, 138–144; Бернекер, 1, 231; Слаўскі, 1, 175. Бел. форма дрыжа́ць, укр. дрижа́ти тлумачацца спецыфічным фанетычным развіццём (прасл. *‑rъ‑ не пад націскам пераходзіць у бел. і ўкр. мовах у *‑ry‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дэ́раш ’конь пэўнай масці’ (БРС), дэ́раш, дэ́рэш ’конь любой масці з прымессю іншага колеру’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Кюнэ (Poln., 51), запазычанне з польск. deresz ’тс’ (< венг. deres; аб польск. слове Брукнер, 87). Сюды і ге́раш ’дэраш (масць каня)’ (Сл. паўн.-зах.) < дʼераш (з менай дʼ > гʼ пры палатальным вымаўленні гука «д»). Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 144; MESz, 1, 619.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заляца́ць ’папярэджваць, запэўніваць’ (Нас.). Суадносіцца з польск. zalecać ’рабіць’, ’даручаць’, дзе ‑lecać Слаўскі (4, 96) узвёў да прасл. lětiti ’даваць у апеку, даручаць’ < прасл. lětь ’воля, дазвол’. Гл. лець (Нас.). Націск бел. слова ўказвае на бел. яго паходжанне, хаця нельга выключаць і запазычанне з польск. з пераносам націску. Параўн. ст.-бел. залецати ’рэкамендаваць’ і шэраг вытворных, паводле Булыкі (Запазыч., 116), з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перакаля́каць (пірыкыля́кыць) ’перажыць, перамадзець’. Нагадвае польск. przekołatać ’перамучыцца’, якое магло быць фанетычна відазменена пад уплывам семантычна блізкай лексемы каля́каць ’размаўляць; доўга і прыніжала прасіць, канькаць’, пашыранай у суседніх рус. гаворках, аднак геаграфія, магчыма, пярэчыць такому пазычанню. Параўн., аднак, калата́ць ’біць, грукаць’, гл. калаты́рыць, а таксама перабі́цца ’пражыць як-небудзь’ (прасл. *koltiti і *kъltati, гл. Бернекер, 550; Брукнер, 247; Слаўскі, 2, 364–365).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́рац ‘жабрак’; паэт. ‘стары чалавек’, ‘манах, духоўны настаўнік веруючых’ (ТСБМ), ‘жабрак’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Сл. Брэс.), ста́рэц ‘тс’ (ТС), старцава́ць, старча́ць ‘жабраваць’, старча́нка ‘жабрачка’ (ТС), старчаня́та ‘жабракі’ (Мат. Гом.). Да прасл. *starьcь (параўн. укр. ста́рец ‘жабрак’, рус. ста́рец ‘стары’, польск. starzec, чэш. stařec, балг. ста́рец, макед. старец), якое ўтворана ад прасл. *starъ ‘стары’ з суф. ‑ьcь (Слаўскі, SP, 1, 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухарля́вы ’з худым целам (пра чалавека, жывёлу)’ (ТСБМ), ’хударлявы’ (Некр. і Байк., Касп.; ашм., Стан. Мал.). Укр. сухорля́вий, польск. дыял. sucherlavy ’тс’. Да сухі ’худы (чалавек)’ з суф. ‑ор‑, ‑л‑, ‑ав‑; гл. Слаўскі, SP, 2, 23, дзе таксама аб мене яшчэ праславянскіх суф. *‑or‑/*‑er‑ ЕСУМ (5, 488) бачыць тут кантамінацыю сухий і худорлявий; Брукнер (524) — уплыў chuderlawy, параўн. хударлявы, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́пці ’лёгкі хатні абутак’ (ваўк., ЛА, 4), ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), адз. л. та́паць ’лапаць; сандаля’ (Яўс.), то́пці ’тапачкі’ (ТС), тэ́пці ’тапкі’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Відаць, утварэнне ад тапкі (гл.), змененае пад уплывам лапці, топаць, тэпаць, гл. Непразрыстыя адносіны да семантычна блізкіх польск. kapcie ’хатні абутак’ (з XVI ст.), дыял. papcie ’тс’, славац. kapce ’суконны абутак з халяўкамі’ няяснага паходжання (Слаўскі, 2, 52).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імяні́ны. Рус. имени́ны, укр. імени́ны, польск. imieniny, в.-луж. mjeniny, чэш. jmeniny, славац. meniny. Ст.-рус. именины зафіксавана ў летапісе пад 1097 г. (спіс XV ст.). Ад асновы jьmen‑ (гл. імя) з суфіксам ‑iny, які ўтварае назоўнікі pluralia tantum са значэннем абрадаў, урачыстасці; параўн. радзіны, адведзіны, хрысціны, зімовіны, праводзіны і да т п. Гл. Шанскі, 2, I, 53; Слаўскі, 1, 454.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ісце́ц ’асоба, якая прад’яўляе іск’ (ТСБМ). Рус. истец ’тс’, польск. iściec ’уладальнік’, ’крэдытор’, ’даўжнік’, ’паручыцель’, ’сведка’, ст.-чэш. jistec ’уладальнік, крэдытор’, ’даўжнік’, ’абвінаваўца, ісцец’, серб.-харв. ѝстац ’законнае дзіця’, ’раўня’, балг. ище́ц ’ісцец’. Ст.-рус. истецъ ’ісцец’, ’адказчык’, ст.-бел. истец ’тс’. Прасл. вытворнае з суф. ‑ьcь ад *jьstъ (гл. існы). Трубачоў, Эт. сл., 8, 247; Фасмер, 2, 142; Слаўскі, 1, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляк1, лек ’спуд, спалох, перапуд’, ля́кі, ля́кы, ле́кэ ’жахі, пярэпалахі’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Нар. Гом., Ян., Клім., Бяльк.; малар., Нар. лекс.). Укр. ляк; рус. паўд.-зах. ляк (Даль), польск. lęk, чэш. lek, славац. ľak. Паўн.-слав. Да ляка́ць (гл.).

Ляк2 ’сургуч’ (Гарэц., Нас.; мін., КЭС). Запазычана з польск. lak ’мешаніна розных смалістых рэчываў, якая ўжывалася для запячатвання лістоў, якое з ням. Lack ’тс’, ’расліна Cheirantus’ < італ. lacca < с.-лац. laca < араб. lakk < перс. lak (Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 29).

Ляк3 ’селядцовая жыжка’ (віц., Шн. 3; Сцяшк., ТС). Запазычана з польск. lak, параўн. тыкоцінск. lak ’вадкасць з селядцоў у бочках’, каш. lok ’вада з мяса або з рыб’, якія з с.-н.-ням. lake ’селядцовая жыжка’ > ням. Lache ’лужа’ (Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 30). Сюды ж бел. гродз. ляк ’квашаніна’ (Сцяшк.).

Ляк4 ’глыбокі гліняны гаршочак’ (Сцяшк.; гродз., Сцяц. Словаўтв.). Да гляк (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)