МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),
аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна для муз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама для ўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел.нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.
Літ.:
Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ХАРАЎ (Якаў Васілевіч) (6.11.1870, в. Пажаркі Калужскай вобл., Расія — 1942),
рас. і бел. кампазітар, муз. этнограф. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, кл. М.Рымскага-Корсакава). З 1921 супрацоўнік Дзярж. ін-та муз. навукі ў Маскве, уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 выкладчык Бел.муз. тэхнікума ў Мінску. Збіраў песні народаў Расіі, бел.нар. песні (запісаў у розных мясцовасцях больш за 150 песень). Сярод муз. твораў: харавыя апрацоўкі 82 бел.нар. песень (у т. л. «Ой рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»), рамансы на словы Я.Купалы і Я.Коласа. Аўтар муз.-этнагр.прац. Сярод яго вучняў М.Аладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДКО́ЎСКАЯ (Алена Рыгораўна) (н. 21.4.1973, г. Гомель),
бел. спартсменка (плаванне). Засл. майстар спорту Беларусі (1991). Скончыла Гомельскі ун-т (1994). З 2001 трэнер-выкладчык Гомельскага вучылішча алімп. рэзерву. Чэмпіёнка XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія) на дыстанцыі 100 м брасам; бронз. прызёр у камбінаванай эстафеце 4×100 м. Чэмпіёнка Еўропы (1991, Афіны) на дыстанцыі 100 і 200 м і ў эстафеце; бронз, прызёр (1993, 1994) на дыстанцыі 100 м. Бронз. прызёр Універсіяды (1993, г. Буфала, ЗША) на дыстанцыі 100 м. Чэмпіёнка Спартакіяды народаўСССР (1991) на дыстанцыях 100 і 200 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Лія Мацвееўна) (н. 1.9.1934, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фалькларыстка. Канд.філал.н. (1974). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1960). У 1970—94 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе актуальныя праблемы бел. фалькларыстыкі, творчыя ўзаемасувязі нар. вусна-паэт. творчасці слав.народаў. Аўтар манаграфіі «Беларуская народная балада» (1978). Сааўтар манаграфіі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», слоўніка «Усходнеславянскі фальклор» (абодва 1993). Складальніца тамоў «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Веснавыя песні» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Жаніцьба Цярэшкі» (1993) са збору «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́СТЫКА (санскр.),
знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі. Першапачаткова меў культавае значэнне ў некат. стараж.народаў; атрымаў распаўсюджанне як арнаментальны матыў у мастацтве Індыі, Кітая, Японіі, Грэцыі, на в-ве Сіцылія і інш. (выявы С. на стараж. вазах, манетах, помніках сярэдневяковага мастацтва). Некат. гаршкі 11—13 ст., знойдзеныя пры раскопках стараж. гарадоў Беларусі, мелі на донцах рэльефнае кляймо ў выглядзе С. Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны (1939—1945) С. выкарыстоўвалася як цэнтр. элемент кампазіцыі дзярж. сцяга фаш. Германіі, стала эмблемай нацызму, сімвалам варварства, насілля, генацыду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),
1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.Шуберта.
2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.А.Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
свядомае або стыхійнае распаўсюджанне той ці іншай з’явы, працэсу, крызісу, канфлікту і г.д. па-за нацыянальныя межы. Можа заключаць у сабе спецыфічны самаст. змест або выступаць сінонімам глабалізацыі. У 1-м выпадку І. падкрэслівае не нацыянальна абмежаваны, а міжнар. характар змяненняў, не закранаючы іх канкрэтных маштабаў. І. як глабалізацыя, наадварот, паказвае сусв. кантэкст тых ці інш. змен у існаванні чалавечага грамадства. Гісторыя зведала нямала прыкладаў І. наступстваў шматлікіх чалавечых дзеянняў, якія напачатку канцэнтраваліся ў адным горадзе ці на невял. тэрыторыі, а потым распаўсюджваліся на многія краіны, цэлыя рэгіёны (напр., пакарэнне стараж. Рымам інш.народаў і стварэнне Рымскай імперыі, ваен. паходы і заваяванні А.Македонскага). Больш ці менш пастаянныя формы І. набыла ў эпоху капіталізму, што абумоўлена ўздымам прадукц. сіл, гандлю, суднаходства, а таксама каланіяльнай палітыкай вял. дзяржаў. Гэтым былі зроблены першыя эфектыўныя крокі на шляху станаўлення адзінства чалавецтва, што служыць неабходнай перадумовай І. важных з’яў і працэсаў, сур’ёзных крызісных канфліктаў, незалежна ад месца іх узнікнення. Неабходныя аб’ектыўныя ўмовы станаўлення сапраўднага адзінства чалавецтва стварае сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Усебаковая І. тэхнікі і тэхналогіі, эканам. сувязей, камунікацый, інфарм. сетак і г.д. сведчыць пра з’яўленне новага тыпу грамадскага развіцця, калі яно патрабуе не нацыянальна абмежаванай, а міжнар. прасторы. Адваротным бокам І. становіцца ўзаемазалежнасць прагрэсу народаў і краін. І. матэрыяльнай асновы жыцця грамадства пашыраецца на яго галоўныя праблемы, супярэчнасці і канфлікты, ад вырашэння якіх залежыць лёс сучаснай цывілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ (Нэлі Уладзіміраўна) (н. 29.7.1957, г. Шураб Ісфарынскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),
бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1976). Скончыла Казахскі ін-тфіз. культуры (1978). З пач 1970-х г інструктар Спорткамітэта БССР. У 1992—95 дзярж. трэнер Беларусі па спарт. гімнастыцы сярод жанчын. З 1992 суддзя міжнар. катэгорыі па спарт. гімнастыцы. З 1993 віцэ-прэзідэнт Бел. асацыяцыі гімнастыкі. Чэмпіёнка XXI і XXII Алімп. гульняў у камандным першынстве, вольных практыкаваннях (1976, г. Манрэаль, Канада; 1980, Масква), апорным скачку (1976); сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1976). Абс. чэмпіёнка свету (1979, г. Форт-Уэрт, ЗША). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве, бронз. прызёр у практыкаваннях на гімнастычным бервяне (1974, г. Варна, Балгарыя), камандным першынстве, апорным скачку, вольных практыкаваннях; сярэбраны прызёр у мнагабор’і (1978, г. Страсбур, Францыя), сярэбраны прызёр у камандным першынстве, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне, вольных практыкаваннях (1979). Чэмпіёнка Еўропы ў вольных практыкаваннях, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, апорным скачку, практыкаваннях на бервяне (1975, г. Шыен, Нарвегія); апорным скачку, сярэбраны прызёр у мнагабор’і, практыкаваннях на бервяне; бронз. прызёр у вольных практыкаваннях (1977, Прага). Абс. чэмпіёнка Спартакіяды народаўСССР (1975). Чэмпіёнка Спартакіяды народаўСССР у практыкаваннях на брусах, вольных практыкаваннях (1975, 1979), на бервяне (1975), апорным скачку (1979). Абс. чэмпіёнка СССР (1980), чэмпіёнка СССР у практыкаваннях на брусах (1973, 1975, 1979), на бервяне (1975—76), у вольных практыкаваннях (1975, 1979), апорным скачку (1976, 1979). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,
адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г.Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс.чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс.чал.), бакі страцілі па 30 тыс.чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс.чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс.чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс.аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс.чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.
Літ.:
Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;
Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.