род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.
Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-АРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1929 (да 1959 Ін-т хіміі АНБССР). На базе аддзела біяарган. хіміі ін-та створаны Інстытут біяарганічнай хімііНац.АН Беларусі (1974), на базе аддзела мадэльных установак — Хіміка-тэхнал. цэнтр Нац.АН Беларусі (1993). У Ін-це (1998): 4 аддзелы, 1 лабараторыя, аспірантура.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: стварэнне новых мембран, палімерных сарбентаў і іонаабменных валокнаў, палімераў водарастваральных і тэхн. прызначэння; распрацоўка новых метадаў сінтэзу арган. і элементаарган. злучэнняў, тэхналогіі ачысткі вады і паветра, метадаў атрымання лек. прэпаратаў; даследаванне каталітычных сістэм на аснове палімерных валокнаў, свабоднарадыкальных рэакцый у кандэнсаванай фазе. Распрацаваны: антыблочная кампазіцыя для вытв-сці цэлафану; антыстатык «Тэтрамікс», штучныя глебы для раслін; радыехім. метады і прамысл. тэхналогія вырабу заменнікаў крыві (прэпараты Рандэкс, Неарандэкс і інш.); тэхналогіі атрымання лесахім. прадукцыі (політэрпены, лыжныя мазі, садовы вар, кляі, бактэрыцыдныя прэпараты, рэгулятары росту раслін) і дапаможных матэрыялаў для электроннай і радыёпрам-сці (фотарэзістары, паляроідныя плёнкі, кантрастузмацняльныя матэрыялы, матэрыял для электравізуалізацыі); каталізатары вытв-сці капралактаму, элементарнай серы і працэсу рыфромінгу; тэхналогія вытв-сці з бульбы рэагенту дэпрэсарту і вылучэння біялагічна актыўных рэчываў з воднага асяроддзя і прадуктаў мікробнага сінтэзу; метады сінтэзу бензахіналінаў, амінаў, пірыдзінаў, ртутнаарган. злучэнняў, разнастайных функцыянальна замешчаных аліфатычных і гетэрацыклічных полігалагенарган. злучэнняў, арган. пераксідаў; электрахім. спосабы атрымання π-комплексаў пераходных металаў. На аснове распрацаваных тэхналогій наладжана вытв-сць ультра- і мікрафільтрацыйных мембран і мембраннага абсталявання, хімічна актыўных тэкст. матэрыялаў і фільтрацыйнага абсталявання для ачысткі паветра прадпрыемстваў рознага профілю ад таксічных прымесей. Асвоены выпуск лек. прэпаратаў на аснове чыстых амінакіслот. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.А.Ахрэм, Б.В.Ерафееў, М.С.Казлоў, К.М.Караткоў, С.М.Ліпатаў, М.І.Міцкевіч, Я.М.Павушкін, М.М.Паўлючэнка, М.А.Прыляжаеў, У.В.Шкатэлаў, М Ф.Ярмоленка, чл.-кар. Ю.А.Альдэкоп, І.І.Бардышаў, П.І.Бялькевіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі У.С.Салдатаў (дырэктар з 1981), чл.-кар. У.Я.Агабекаў, М.А.Майер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТЭРАПІ́Я (ад аэра... + тэрапія),
метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні лек.-прафілактычных уласцівасцяў атм. паветра. Асн. працэдуры аэратэрапіі — паветраныя ванны (кароткатэрміновае ўздзеянне паветра на аголенае цела); «веранднае лячэнне» (працяглае знаходжанне на адкрытых верандах, балконах, у аэрасалярыях, спец. кліматапавільёнах), дзённы і начны сон на адкрытым паветры і інш. Як сродак загартоўвання арганізма аэратэрапія асабліва карысная дзецям. Хворым і людзям старэй за 60 гадоў назначаюць з асцярожнасцю. Аэратэрапія павышае ўстойлівасць арганізма да неспрыяльных умоў у хворых з расстройствамі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, пры малакроўі і функцыянальных парушэннях нерв. дзейнасці. Спецыфічны кірунак аэратэрапіі — аэраіонатэрапія, асабліва эфектыўная там, дзе паветра насычана лёгкімі аэраіонамі (у гарах, паблізу вадаспадаў, каля месцаў марскога прыбою, пад кронамі дрэў). Яна выкарыстоўваецца як метад агульнага ўздзеяння (аэраінгаляцыі), а таксама як мясц. працэдура (аэраіонны масаж), у штучна створаных умовах — як метад фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗАМІ́Н (Impatiens),
род кветкавых раслін сям. бальзамінавых. Каля 400—750 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія — у Еўропе і Амерыцы. На Беларусі 4 віды: бальзамін звычайны (Impatiens noli-tangere) — мясцовы, расце ў сырых лясах, на забалочаных участках, уздоўж рэк і ручаёў; драбнакветкавы (Impatiens parviflora) — занесены, добра натуралізаваўся ў прыродных раслінных згуртаваннях; залозісты (Impatiens glandulifera) — здзічэлая расліна, натуралізуецца на сметніках; бальзамінавы, або садовы (Impatiens balsamina), вырошчваецца як кветкава-дэкар. і пакаёвая культура.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з валасніковістымі каранямі. Сцябло голае, галінастае, сакаўное, празрыстае. Лісце чаргаванае, простае, тонкае, без прылісткаў. Кветкі жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя і інш. колераў, зігаморфныя. Калякветнік двайны; чашачка з пялёсткападобнай шпоркай. Плод пераважна сакаўная шматнасенная падоўжаная каробачка (пры дакрананні лёгка раскрываецца і насенне з сілай раскідваецца). Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.
Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАКАПЫ́ТНІК (Petasites),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на пясчаных берагах рэк, заліўных лугах трапляецца белакапытнік несапраўдны (Petasites spurius), па берагах азёраў, каля крыніц у вільготных лясах і на схілах — белакапытнік гібрыдны, або лекавы (Petasites hybridus), які занесены ў Чырв. кнігу.
Шматгадовыя звычайна двухдомныя травяністыя расліны з галінастым паўзучым карэнішчам. Кветаноснае сцябло (паяўляецца ранняй вясною да ўтварэння лісця) прамое, касмата-апушанае. Прыкаранёвае лісце да 1,5 м у дыяметры, трохвугольна- або круглавата-сэрцападобнае, з лопасцямі, на чаранках, сцябловае — рэдукаванае, сядзячае, лускападобнае. Кветкі брудна-пурпуровыя, чырвоныя, фіялетавыя, жаўтаватыя або белыя, у разнаполых кошыках, сабраных у гронкі, коласападобныя суквецці, мяцёлкі або шчыткі. Плод — сямянка з чубком. Лек., меданосныя, вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, дэкар. і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЯ́К (Pteridium),
род папарацяўсям. гіпалепісавых. 8 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных абласцях, з іх арляк звычайны (P. aquilinum) расце амаль па ўсім свеце, арляк крымскі (P. tauricum) — у горным поясе Крыма і Каўказа. На Беларусі ўсюды ў хвойных і мяшаных лясах, на ўзлесках, высечках і гарах расце арляк звычайны.
Шматгадовая споравая расліна выш. да 2 м з доўгім паўзучым разгалінаваным карэнішчам. Лісце адзіночнае, двойчы-, тройчы непарнаперыстае, скурыстае, размешчана на доўгім моцным чаранку ў адной плоскасці. Сорусы ўкрыты індузіем, пад загорнутым краем ліста. Споры тэтраэдрычныя, шарападобныя. Маладое лісце ядомае. Багатыя крухмалам (да 45%) карэнішчы маюць у сабе арлякадубільную і сінільную к-ты, выкарыстоўваюцца на корм свінням (для буйн. раг. жывёлы і коней атрутныя); лек сродак ад глістоў, кашлю, залатухі, рахіту ў дзяцей і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТРА (Aster),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы, таксама ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Азіі і Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — астра стэпавая, або рамонкавая (Aster amellus), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Культывуюцца і зрэдку трапляюцца як здзічэлыя астра ланцэтная (Aster lanceolatus), новаанглійская, або амерыканская (Aster novae-angliae), новабельгійская, або вяргінская (Aster novae-belgii), вербалістая (Aster salignus), альпійская (Aster alpinus), куставая (Aster dumosus), птарміковая (Aster ptarmicoides) і інш. Кітайская астра — кветкава-дэкар. аднагадовая расліна з буйнымі, часцей адзінкавымі, рознакаляровымі кошыкамі адносіцца да роду Callistephus.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаргаванае. Кветкавыя кошыкі звычайна шматлікія, у шчыткападобных, мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Язычковыя кветкі пераважна сінія, чырвоныя, ружовыя, фіялетавыя, белыя. Плод — валасістая сямянка з чубком. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),
род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.
Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.