БЯССКІ́ВІЧНЫЯ, агнаты (Agnatha),

надклас ніжэйшых пазваночных жывёл, 2 вымерлыя класы: няпарнаноздравыя (Monorhina, Cephalaspidomorphi) і парнаноздравыя (Diplorhina, Pteraspidomorphi); 1 сучасны клас — кругларотыя, які ўключае 40—42 віды міногаў і міксінаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, у марскіх і прэсных водах. На Беларусі вядомы 3 віды міногаў.

Стараж. прымітыўныя рыбападобныя жывёлы без сківіц і парных канечнасцей, з хордай. Унутр. шкілет храстковы (у вымерлых быў вонкавы касцявы шкілет). Шчэлепы ў выглядзе мяшкоў з пялёсткамі энтадэрмальнага паходжання. Ноздравая адтуліна ў большасці няпарная. Паўкружных каналаў 1 ці 2. Рот круглы, сысучага тыпу, корм лічынак — раслінныя рэшткі, водарасці, дарослыя паядаюць мяса і кроў рыб ці зусім не кормяцца. Выкапнёвыя бяссківічныя ўсмоктвалі разам з глеем і пяском дробныя арганізмы. Рэшткі бяссківічных вядомы з кембрыю да позняга дэвону Вялікабрытаніі, Нарвегіі (Шпіцберген), Германіі, ЗША, Кітая, Аўстраліі, Тувы і інш. месцаў. Росквіт у познім сілуры і раннім дэвоне. Даўж. ад некалькіх сантыметраў (верацёнападобныя жывёлы) да 1 м (пляскатыя донныя формы). Рэшткі бяссківічных з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі пры вывучэнні адкладаў.

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬВО́КСАВЫЯ (Volvocophyceae),

клас зялёных водарасцяў. Уключае 3 парадкі: поліблефарыдавыя (Polyblepharidales), хламідаманадавыя (Chlamydomonadales) і вальвоксавыя (Volvocales). Агульная колькасць сямействаў, родаў і відаў не вызначана. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца ўсюды. Растуць у стаячых прэсных вадаёмах (планктонныя формы), таксама ў глебе. Найб. вядомыя роды: вальвокс (Volvox), гематакокус (Hematococus), гоніум (Gonium), дуналіела (Dunaliella), пандарына (Pandorina), хламідаманада (Chlamydomonas), эўдарына (Eudorina).

Найб. прымітыўная група зялёных водарасцяў. Аднаклетачныя, цэнабіяльныя ці каланіяльныя арганізмы, маюць манадную структуру цела і жгуцікі (1—2, радзей 4—8). У вегетатыўным стане рухомыя на працягу ўсяго жыцця. Бясполае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клетак або зааспорамі, палавы працэс — галагамія, ізагамія, гетэрагамія і аагамія. Пры масавым развіцці выклікаюць зялёнае і чырв. «цвіценне» вады, што вядзе да зніжэння ў ёй кіслароду і замору рыб. Біял. ачышчальнікі і індыкатары забруджаных і сцёкавых водаў, удзельнічаюць ва ўтварэнні сапрапелю. Вальвоксавыя — важнае звяно ў ланцугу спажывання гідрабіёнтаў. З некат. відаў атрымліваюць карацін.

Да арт. Вальвоксавыя: 1 — вальвокс шарападобны; 2 — гематакокус дажджавы; 3 — дуналіела салявая.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),

бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.​Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.​Манюшкі).

Літ.:

Маралёў А. М.​Дз.​Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;

Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.

Б.​С.​Смольскі.

М.Ворвулеў.
М.Ворвулеў у ролі Апанаса.
М.Ворвулеў у ролі Аманасра.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,

клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.

Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.

Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,

марскія скарбонкі (Holothurioidea),

клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).

Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),

бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.​Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.​Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.​Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.​Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Галушкіна.
Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРЭ́НКА (Васіль Дзям’янавіч) (19.6.1923, г. Днепрапятроўск, Украіна — 16.9.1983),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1955, клас І.​Патаржынскага). З 1955 працаваў у Пермі і Маскве. З 1960 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў выканаўца партый: Лявон Бурак («Калючая ружа» Ю.​Семянякі, Апанас («Алеся» Я.​Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Платонаў («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), сенатар Фаскары («Джардана Бруна» С.​Картэса); у класічным рэпертуары — Анегін, Ялецкі, Роберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), а таксама камісар Арцем’еў («Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава), Фердынанд («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева). Вёў канцэртную дзейнасць. З 1980 выкладаў у Бел. кансерваторыі (у опернай студыі кансерваторыі паставіў оперы «Паяцы» Р.​Леанкавала і «Яўген Анегін»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).

А.​Я.​Ракава.

т. 5, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў (Валерый Ігнатавіч) (н. 1.9.1926, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Я.Віцінга). У 1954—56 саліст Бел. філармоніі, у 1956—78 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гібкім голасам цёплага тэмбру, майстэрствам стварэння псіхалагічна выразных вобразаў, асабліва лірычнага плана. Сярод роляў у нац. операх: Андрэй, Супонька, Пётр («Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Уронак («Яснае світанне» А.​Туранкова), Марцін («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага); у класічных — Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Звездачот, Індыйскі госць («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), дэ Грые, Вертэр («Манон», «Вертэр» Ж.​Маснэ), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Энца («Джаконда» А.​Панк’елі), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні).

Літ.:

Загародні Г. Валерый Глушакоў // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

А.​Я.​Ракава.

В.І.Глушакоў.
В.Глушакоў у ролях Марціна (злева) і кавалера дэ Грые.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫНЕ́ЎСКІ (Міхаіл Паўлавіч) (н. 12.2.1942, в. Тонеж Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас Г.Зелянковай). З 1968 хормайстар, з 1975 маст. кіраўнік — гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.​І.​Цітовіча. З 1968 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Для яго творчасці характэрны глыбокае веданне бел. муз. фальклору, аднолькавая ступень пранікнення ў заканамернасці акад. і нар. спявання. Асаблівай інтанацыйнай тонкасцю вылучаюцца падрыхтаваныя ім канцэртныя праграмы хар. музыкі, маляўнічыя і шматадценкавыя этнагр. праграмы, творы духоўнай музыкі. Аўтар шматлікіх запісаў нар. мелодый і шэрагу іх апрацовак для нар. хору («Ой, ты, грушка мая», «Вол бушуе, вясну чуе», «Як пайду я дарогаю», «Ночы мае, ночушкі», «Чырвоная каліначка» і інш.). Зрабіў значны ўклад у развіццё самадз. хар. мастацтва Беларусі, шмат працаваў з самадз. хар. калектывамі акад. плана. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

З.​Я.​Мажэйка.

М.П.Дрынеўскі.

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБА́РА (Генадзь Іванавіч) (н. 18.5.1952, саўгас імя Леніна, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл.),

бел. кларнетыст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1970, клас У.Скараходава; у 1975—80 выкладаў у ім), Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975), асістэнтуру-стажыроўку пры ім (1981). З 1975 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1986 саліст-інструменталіст Бел. філармоніі, з 1991 артыст ансамбля салістаў «Класік-Авангард». З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1988). У сольных канцэртах выканаў анталогію камернай музыкі для кларнета з твораў класікі і сучасных кампазітараў, у т. л. бел., прысвечаных менавіта З. (Г.​Вагнера, В.​Войціка, У.​Дамарацкага, К.​Цесакова і інш.). Аўтар пералажэнняў для кларнета твораў Л.​Бетховена, І.​Брамса, К.​Вебера, Р.​Шумана, Ф.​Шуберта і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў (1979, Мінск), міжнар. конкурсу «Пражская вясна» (1981). Сярод яго вучняў П.​Навуменка, Г.​Казадой, Я.​Ягудзін.

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)