ЛАМБА́РДА-ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

аўстрыйскае ўладанне ў Паўн. Італіі ў 1815—66. Утворана аўстр. манархіяй з абласцей Ламбардыя і Венецыя, перададзеных Аўстрыі паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15. Цэнтр — г. Мілан. Кіравалася віцэ-каралём. Аўстр. ўлады перашкаджалі развіццю эканомікі і культуры, устанавілі рэжым жорсткіх паліцэйскіх праследаванняў. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 б. ч. Ламбардыі адышла да Сардзінскага каралеўства. Венецыянская вобл. і невял. частка Ламбардыі заставаліся ў складзе Аўстрыі пад назвай Л.-В.к. да 1866, калі ў выніку аўстра-італьянскай вайны 1866 былі далучаны да аб’яднанага Італьян. каралеўства.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ ДЫК АНЬ (Le Duc Anh; н. 1.12.1920, Хуа Цьен-Хюэ, В’етнам),

в’етнамскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. арміі. Скончыў Акадэмію Ген. штаба Узбр. сіл СССР у Маскве. Удзельнік партыз. руху супраць японцаў у 2-ю сусв. вайну і вайны Супраціўлення супраць французаў (1946—54). У час В’етн. вайны 1964—73 камандаваў сіламі Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама. З 1976 на камандных і штабных пасадах у В’етн. нар. арміі, у 1980—86 нам. міністра, у 1987—92 міністр нац. абароны Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам (СРВ). У 1992—97 прэзідэнт СРВ.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1854,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і Турцыяй аб ваенным саюзе супраць Расіі. Падпісаны 10 крас. ў Лондане, у перыяд Крымскай вайны 1853—56, пасля аб’яўлення Вялікабрытаніяй і Францыяй вайны Расіі (15—16 сак. 1854). Л.д. дапаўняў і пашыраў Канстанцінопальскі саюзны дагавор, заключаны паміж гэтымі дзяржавамі 12.3.1854. Паводле Л.д. Вялікабрытанія і Францыя абавязаліся дапамагаць Турцыі, паслаць дастатковую колькасць сваіх войск на еўрап. і азіяцкі тэатры ваенных дзеянняў, дзейнічаць сумесна і неадкладна. Турцыя ў сваю чаргу пазбаўлялася права ўступаць у любыя перагаворы з Расіяй без паведамлення і згоды саюзнікаў.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́С, Аляксандр,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі і паэме «Іліяда» траянскі царэвіч, сын цара Прыяма і Гекубы. У спрэчцы Афрадыты з Герай і Афінай за званне прыгажуні прысудзіў перамогу Афрадыце. За гэта Афрадыта дапамагла яму выкрасці прыгажуню Алену, жонку спартанскага цара Менелая, што стала прычынай Траянскай вайны. У канцы вайны П. з дапамогай Апалона забіў грэч. героя Ахіла, але і сам загінуў. Вобраз П., асабліва сюжэт «суд П.», карысталіся папулярнасцю ў мастакоў і скульптараў (Л.Кранах Старэйшы, П.П.Рубенс, А.Канова і інш.).

Парыс. Скульптура А.​Кановы. 1810—16.

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНУ́РЫС, Анхур, Інхар,

у егіпецкай міфалогіі бог палявання, вайны. Цэнтр культу Анурыса — г. Тыніс, дзе ён лічыўся тварцом сусвету. У міфах найчасцей выступаў як сонечны змеяборац.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Анта́нта

(фр. entante = літар. згода)

блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі, які склаўся ў 1904—1907 гг. у процівагу Германіі і яе саюзнікам, а ў ходзе першай сусветнай вайны папоўніўся ЗША і Японіяй; распаўся ў пач. 20-х гадоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

інтэрні́раваць

(фр. interner, ад лац. internus = унутраны)

прымусова затрымліваць (уладамі дзяржаў, што ваююць) і пасяляць у спецыяльных месцах непрыяцельскіх грамадзян, а таксама раззбройваць на сваёй тэрыторыі (уладамі нейтральных дзяржаў) вайсковыя часці дзяржаў, якія знаходзяцца ў стане вайны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІ́СМАРК (Bismarck, Bismark) Ота Эдуард Леапольд фон Шонгаўзен (Schönhausen; 1.4.1815, Шонгаўзен, зямля Саксонія-Ангальт, Германія — (30.7.1898), дзяржаўны дзеяч Германіі, заснавальнік і першы канцлер Герм. імперыі. Князь (1871). Вывучаў права ў Гётынгене і Берліне (1832—35). Дэп. 1-га і 2-га аб’яднаных ландтагаў Прусіі (1847—48). З 1848 чл. Кансерватыўнай партыі. Прадстаўляў Прусію ў бундэстагу ў Франкфурце-на-Майне (1851—59). Прускі пасланнік у Расіі (1859—62) і Францыі (1862). У 1862—90 прускі прэм’ер-міністр. Канцлер Паўн.-герм. саюза (1867—71), рэйхсканцлер Германіі (1871—90). Пасля, дацкай вайны 1864, аўстра-прускай вайны 1866 і франка-прускай вайны 1870—71 ажыццявіў аб’яднанне герм. зямель пад вяршэнствам Прусіі. Адзін з гал. арганізатараў Траістага саюза 1882, накіраванага супраць Францыі і Расіі, аднак лічыў вайну з Расіяй вельмі небяспечнай для Германіі. Ва ўнутр. палітыцы праводзіў «Культуркампф», увёў Выключны закон супраць сацыялістаў, законы аб сац. страхаванні (1883—89) і інш. Аўтар кн. «Думкі і ўспаміны» (т. 1—2, 1898).

О.Бісмарк.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРС ((Anders) Уладзіслаў) (11.8.1892, г. Блоне каля Варшавы — 12.5.1970),

польскі ваенны і паліт. дзеяч. Генерал дывізіі (1941). Вучыўся ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы ў Рызе (1911—14), скончыў Вышэйшае ваен. вучылішча ў Парыжы (1923). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. З 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1920. У час дзярж. перавароту Ю.Пілсудскага (май 1926) нач. штаба ўрадавых войскаў. Камандаваў Валынскай (1928—37) і Навагрудскай (1934—39) брыгадамі кавалерыі, на пач. 2-й сусв. вайны — аператыўнай групай. Інтэрніраваны 29.9.1939 сав. войскамі ў час паходу ў Зах. Беларусь. У жн. 1941 вызвалены з палону і прызначаны У.Сікорскім камандуючым польскай арміяй у СССР, якую ў 1942 вывеў на Б. Усход (гл. Андэрса армія). На чале 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. У 1946—54 Вярх. галоўнакамандуючы і Ген. інспектар Польскіх узбр. сіл на Захадзе. Пасля вайны жыў у Лондане, адзін з кіраўнікоў польск. эміграцыі.

У.​Я.​Калаткоў.

Уладзіслаў Андэрс.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1968, адкрыты ў 1970 у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 474 м²), 13,1 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Бягомльшчыны, Вял. Айч. вайны, пасляваен. аднаўлення гаспадаркі, этнаграфічны. Экспануюцца каменныя сякеры, інш. прылады працы, касцяны гарпун, метал. ўпрыгожанні, знойдзеныя на тэр. раёна, матэрыялы аб падзеях рэвалюцый 1905—07 і 1917, грамадз. вайны. Асн. месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне, у якой матэрыялы пра пачатак вайны, пра падполле і партыз. рух, Барысаўска-Бягомльскую партыз. зону, дыярамы, прысвечаныя партыз. пераправе цераз Бярэзіну і партыз. шпіталю, пра вызваленне Бягомля і раёна воінамі 277-й стралк. дывізіі, землякоў Герояў Сав. Саюза Ф.І.Перхаровіча, А.І.Чарныша, А.Г.Юхнаўца. У этнагр. аддзеле стараж. кросны, саха, барана, узоры старадаўняга адзення, вырабы прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў творы жывапісу, скульптуры, матэрыялы пра бел. пісьменнікаў П.​Панчанку, Ю.​Свірку, А.​Ставера, кампазітара Н.​Сакалоўскага і інш.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)