не́чысць, ‑і, ж., зб.

Разм.

1. Паводле забабонных уяўленняў — нячыстая сіла, чэрці, ведзьмы і пад. Загудзеў .. [парк] нечуванымі галасамі, .. закруцілася пажоўклае лісце — нібы нечысць уся пазляталася з усіх бакоў. Лынькоў.

2. перан. Жывёлы, насякомыя, якія выклікаюць агідлівае пачуццё. [Дзядзька:] — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. В. Вольскі.

3. перан. Аб ганебных людзях, якія ўвасабляюць сабою ўсё варожае, цёмнае. Фашысцкая нечысць. □ [Яшчын:] — Тут пра жыццё думаць трэба, а не слёзы ліць, калі нечысць прагналі са сваёй зямлі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмацава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмацаваць.

2. Разм. Тое, што падмацоўвае сілы, надае бадзёрасці. Шмат было і такіх [дзяцей], для каго.. кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. Брыль.

3. Воінская часць, атрад для падтрымкі другіх войск. — Перадайце ў штаб, каб далі падмацаванне,.. — крыкнуў маёр сувязному са штаба дывізіі. Няхай. / Пра групу людзей для падтрымкі, дапамогі каму‑н. — Адкуль з’явіліся гэтыя маладыя людзі? — працёршы акуляры, смяшліва ўтаропіўся Юрка на Люсю і Гошку. — Падмацаванне нам? Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакамячыць (у 1, 3 знач.).

2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі ад працяглага або неакуратнага нашэння, ужывання і пад. Стась устае, абцягвае на сабе мокрае, пакамечанае адзенне, папраўляе торбачку. Сачанка. Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Чарнышэвіч. // перан. Са слядамі стомленасці (пра твар, выгляд і пад.). Быў хлопец, здавалася, яшчэ зусім малады, а гэта — мужчына.. толькі ўвесь пакамечаны нейкі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лубны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палубы. Палубны насціл. □ Поруч са мной на палубнай лаўцы сядзіць, без перастанку гаворачы, папутчык. Багдановіч.

2. Які знаходзіцца або працуе на палубе. Ды і сам. Тапурыя шчыра верыў у тое, што ён, нізенькі і каржакаваты, непрыкметны чалавек, які працаваў палубным матросам на маленькім брудным парусніку, быў сапраўды высокім і стройным, як таполя. Самуйлёнак.

3. Які мае палубу, з палубай (пра судна). Палубная, лодка,.

4. Прызначаны для палубы. Палубная рэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пачуць.

2. у знач. прым. Які пачулі або якога пачулі. Нечакана пачуты крык аб паратунку да болю сціснуў сэрца. Шыловіч. Гэта выразны шорах, напэўна, хада парушальніка, — асцярожная, з напружанай думкай не быць пачутым, выкрытым. Брыль.

3. у знач. наз. пачу́тае, ‑ага, н. Тое, што пачулі, аб чым даведаліся са слоў. Салаўёў быў узрушаны пачутым, як вельмі важнай і прыемнай навіной. Шахавец. Ад пачутага і ўбачанага памутнела ўваччу, ногі самлелі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. пералез, ‑ла; заг. пералезь; зак.

1. што, цераз што і без дап. Лезучы, перамясціцца на процілеглы бок чаго‑н. Пералезці плот. Пералезці цераз загарадку. □ Ён дабег да паркана і ўскочыў на нейкі выступ, каб лягчэй было пералезці. Шамякін. Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Быкаў.

2. Лезучы, перабрацца, перамясціцца куды‑н. Дачка прачнулася, пералезла са свайго ложка ў пасцель да маці. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

1. Спаць некаторы час. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла .. [хлопцаў], то яны праспалі аж да паўдня. Маўр.

2. Прачнуцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся на першую лекцыю. Карпаў. Назаўтра Толя праспаў і ледзь паспеў разам са званком ускочыць у клас. Якімовіч.

3. што. Сплючы, не ўбачыць ці не пачуць, прапусціць, празяваць што‑н. Хлопцы не ведалі, чаму Курту іменна хацелася не праспаць Варшавы. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыда́ча, ‑ы, ж.

Тое, што дададзена, прыдадзена, прыбаўлена да чаго‑н., звыш чаго‑н. На балоце там, дзесяцін гэтак чатырыста, а ён [пан] аддае вам іх за дзвесце і без усякай прыдачы, проста ў адмену. Галавач. — Прыдачу давай — не памяняю. Са сваёй стрэльбай я ўжо, хлопча, не аднаго звера ўклаў. М. Ткачоў.

•••

У прыдачу — звыш чаго‑н., у дадатак да чаго‑н. Коля захапіў з сабою пару самых большых гарачых грачанікаў з кавалкам сала ў прыдачу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыме́рацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Вызначыць сваю адпаведнасць з кім‑, чым‑н. (па якіх‑н. якасцях, асаблівасцях). Затым .. [Фішар] прымераўся да глыбіні — бруствер яшчэ не дасягаў і грудзей. Быкаў. [Архіп Спірыдонавіч] парашыў паглядзець, як .. [сыны] жывуць, нават неяк прымерацца да іх жыцця. «Маладосць».

2. Разм. Прыстасавацца, прызвычаіцца да чаго‑н. Да крокаў тваіх я імкнуўся прымерацца, Наперад не лезучы гвалтам. Панчанка. [Кручанюк] патроху звыкся са сваёю славаю, добра прымераўся да розных трыбун і пачынаў ужо адчуваць сябе незаменным чалавекам для грамадства. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скокнуўшы, наблізіцца да чаго‑н., скачкамі дасягнуць чаго‑н.; падскочыць. Прыскочыць з кулакамі. □ — Я і нажом магу парнуць! — схапіўшы са стала нож, прыскочыў Ціток. Лобан. // Хутка прыехаць, прыбегчы. А пасля .. прыскочыў Шпулькевіч, кінуўся ў сані і пагнаў як толькі мог каня. Чорны. Тут начальнік з раёна прыскочыў: — Чаго ж ты ляжыш, Абібоча? Крапіва.

2. Падскочыць у такт чаму‑н. То прыскочыць, то прыгнецца, То рукою павядзе, Плечы ўскіне, засмяецца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)