Стра́та ‘згуба; згублена’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Нас., Байк., Некр., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. страта (XVI ст., гл. Карскі 2–3, 498). Аддзеяслоўны дэрыват ад страціць < траціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трохро́дны ‘траюрадны’ (Пан.). Па ўзоры двухро́дны брат < ст.-бел. братъ зъ двуродныхъ (двурожоныхъ); двух‑ на месцы дву‑ па аналогіі з займенным скланеннем прыметнікаў (Карскі 2–3, 242). Гл. трох-.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэць ‘трэцяя частка чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ст.-бел. треть ‘тс’, ‘трэцяя частка зямельнага надзелу (мера плошчы)’ (ГСБМ). Субстантываваны парадкавы лічэбнік трэці (гл.), параўн. траціна, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),

узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш. Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар. дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.

Літ.:

Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);

Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;

Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.

Я.М.Сахута.

Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.
Да арт. Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.
Да арт. Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.
Да арт. Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.
Да арт. Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс. экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн. экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.М.Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.І.Эпімах-Шыпілы, К.Б.Езавітава, Ф.Г.Шантара і інш. Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АН БССР, манаграфіі і публікацыі М.В.Доўнар-Запольскага, Дз.І.Даўгялы, Я.Ф.Карскага, А.П.Сапунова, У.І.Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.

Літ.:

Издания Правительственной библиотеки им. А.М.Горького. Мн., 1983.

В.М.Герасімаў.

т. 3, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч.Браслаўская града, у паўд.Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.І.Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЎКІН (Генадзь Мікалаевіч) (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж. к-та БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.Коневым і У.Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Сінія арэлі. Мн., 1987.

Літ.:

Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;

Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;

Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;

Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,

калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.

Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.Гасек, Г.Ф.Гендэль, Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Э.Меполь, А.Аляб’еў, А.Арэнскі, М.Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.Смольскага, «Матухне Кураж» С.Картэса).

На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст. найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л. рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.Вяржбіцкіх, Д. і В.Стафановічаў, А.Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ва ўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.

Літ.:

Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;

Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.

А.Л.Карацееў.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТАРАТУ́РА І МАСТА́ЦТВА»,

штотыднёвая бел. грамадска-паліт. і літ.-маст. газета. Выдаецца з 26.2.1932 у Мінску на бел. мове, выходзіла 1 раз, са студз. 1957—2 разы на тыдзень, з крас. 1970 штотыднёвік (на 16 старонках). Спачатку орган Федэрацыі аб’яднанняў сав. пісьменнікаў БССРчэрв. 1932 — Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР) і Галоўмастацтва БССР. У Вял. Айч. вайну не выходзіла. Адноўлена 10.4.1945. Рэдактары: Х.Дунец (1932—35), І.Гурскі (1935—41), А.Куляшоў (1945—46), М.Горцаў (1947—49), П.Кавалёў (1949—50), В.Вітка (1951—57), М.Ткачоў (1957—59), Я.Шарахоўскі (1959—61), Н.Пашкевіч (1961—69), Л.Прокша (1969—72), Х.Жычка (1972—76), А.Асіпенка (1976—80), А.Жук (1980—86), А.Вярцінскі (1986—90), М.Гіль (1990—97), У.Някляеў (1997—99), А.Пісьмянкоў (з 1999). Мае аддзелы: публіцыстыкі, пісьмаў і грамадскай думкі, літ. жыцця, крытыкі і бібліяграфіі, паэзіі і прозы, музыкі, тэатра, кіно і тэлебачання, выяўл. мастацтва, аховы помнікаў, маст. афармлення. Асвятляе літ., культ. і грамадска-паліт. жыццё Беларусі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях развіцця л-ры, тэатр. і выяўл. мастацтва, музыкі і кіно, тэлебачання і радыё, архітэктуры, самадз. творчасці і інш. Друкуе маст. творы: урыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы, апавяданні, прапагандуе новыя творы сучасных аўтараў. Публікуе матэрыялы па гісторыі л-ры, тэатра, кіно, на старонках газеты ў розных аспектах асэнсоўваюцца падзеі нац. мінуўшчыны. У газеце ўпершыню апублікаваны многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка, І.Мележа, В.Быкава, П.Панчанкі, І.Шамякіна, Я.Брыля, А.Макаёнка, І.Чыгрынава, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна, Б.Сачанкі, І.Пташнікава, Я.Сіпакова і інш.

У даваенны час змяшчала ў асн. матэрыялы, якія тычыліся розных юбілеяў, услаўлялі сацыяліст. рэчаіснасць, выкрывалі «ворагаў народа». У ацэнцы паліт. жыцця выяўлялася тэндэнцыйнасць, у аналізе асобных твораў пераважаў вульгарна-сацыялагічны падыход. На першы план ставілася ідэйная скіраванасць твора, а не яго маст. каштоўнасць. Аб’ектыўнасць у ацэнцы падзей і твораў, паварот да надзённых праблем жыцця намеціўся ў сярэдзіне 1950-х г. Асвятляе праблемы стану і лёсу нац. мовы. Упершыню надрукавала матэрыялы пра Курапаты, пра рэпрэсіі ў 1930-я г., вярнула з небыцця імёны А.Гаруна, Н.Арсенневай, М.Сяднёва, Ю.Віцьбіча, У.Глыбіннага і інш. Апошнім часам шмат увагі аддае гісторыі выяўл. мастацтва (М.Шагал, У.Стрэмінскі), музыкі (Н.Орда, А.Абрамовіч, Ф.Міладоўскі, В.Казлоўскі). Асэнсоўваецца жыццёвы і творчы шлях бел. нац. дзеячаў В.Ластоўскага, Я.Лёсіка, М.Доўнар-Запольскага, І.Дварчаніна, Сімяона Полацкага, А.Бурбіса, П.Бадуновай, Ф.Аляхновіча і інш.

А.А.Марціновіч.

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл. Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.Антушкевіч, Я.Стральбіцкі, М.Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясц. маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх. дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’ява бел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.

А.М.Пікулік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)