КО́КАН (франц. cocon),

ахоўнае ўтварэнне кукалак многіх насякомых. Звычайна К. сплецены з шаўковай ніткі, што выдзяляецца лічынкай перад акукліваннем (у многіх коканапрадаў, молей і шаўкапрадаў, а таксама ў некат. відаў мурашак, К. якіх няправільна называюць «мурашынымі яйцамі»), або з слізі, якую выдзяляюць лічынкі некат. жукоў. Несапраўдныя К. (або пупарыі) многіх мух — скуркі лічынак, якія засталіся пасля лінькі. Дажджавыя чэрві, п’яўкі, павукі і некат. малюскі ўтвараюць т.зв. яйцавыя К., унутры якіх развіваюцца яйцы.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПТЫ,

этнаканфесіянальная група егіп. арабаў, якія вызнаюць хрысціянства (пераважна манафісіты, ёсць уніяты і пратэстанты). Нашчадкі даараб. насельніцтва Егіпта. Жывуць пераважна ў гарадах Верх. Егіпта (2 млн. чал.), а таксама ў інш. краінах Б.​Усходу. Агульная колькасць — больш за 4 млн. чал. (1992). Гавораць на араб. мове; копцкая мова захавалася як царкоўная. У 4—7 ст., да заваявання арабамі, стварылі своеасаблівае мастацтва, якое ўвабрала ў сябе культ. спадчыну Стараж. Егіпта і антычнасці (гл. Копцкае мастацтва).

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),

статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАНЬ у матэматыцы,

1) К. ступені n з ліку a — лік x, n-я ступень x​n якога роўная a. Абазначаецца na, дзе a — падкарэнны выраз. Пры a ≠ 0 у полі камплексных лікаў існуе n розных значэнняў К., напр., 38 мае значэнні 2, −1+i3, −1−i3 2) К. алгебраічнага ўраўнення — лік, які пасля падстаноўкі ва ўраўненне замест невядомага пераўтварае ўраўненне ў тоеснасць. Гл. таксама Алгебраічнае ўраўненне, Здабыванне кораня.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ ПРАГІ́Н у геалогіі,

лінейна выцягнуты, асіметрычны прагін, які ўзнік на мяжы паміж платформай і складкавымі горнымі ўтварэннямі на геасінклінальным этапе. Звычайна мае пакатыя вонкавыя, стромкія ўнутр. крылы; даўж. больш за 1000 км. Запоўнены кангламератамі, пясчанікамі і інш. маласавымі пародамі. Марфалагічна прадстаўлены ланцугом упадзін, размежаваных папярочнымі падняццямі. З К.п. звязана намнажэнне вугляносных і саляносных тоўшчаў, а таксама фарміраванне структур, спрыяльных для назапашвання і ўтрымання нафты і газу. Найб. прагіны Перадкарпацкі, Перадуральскі, Перадапалачскі, Перадгімалайскі.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ДА [ад лац. custos (custodis) вартавы],

у рукапісных кнігах — абазначэнне парадкавага нумара сшытка на 1-й і апошняй яго старонках. У старадруках К. — 1-е слова (або частка слова) наступнай старонкі, якое змешчана ў ніжнім правым радку папярэдняй старонкі. К. выкарыстоўваліся, каб аблегчыць чытанне, а таксама забяспечыць правільнасць падбору аркушаў і сшыткаў у час пераплёту кнігі. У сучаснай кнізе К. называюць змешчаныя ў верхняй частцы старонак гранічныя тэрміны развароту энцыклапедыі або слоўніка.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКІЁР (Аляксандр Барысавіч) (28.5. 1824, г. Таганрог, Расія —9.2.1870),

расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1845). Служыў у Мін-ве юстыцыі, супрацоўнічаў у часопісах «Современник», «Отечественные записки», «Русский вестник» і інш. Працы па гісторыі рас. знешняй палітыкі і землеўладання, геральдыцы і інш. Асн. твор — «Руская геральдыка» (1855, Дзямідаўская прэмія 1856) — першае падобнае навук. даследаванне ў рас. гістарыяграфіі, у якім таксама даецца першы нарыс рас. сфрагістыкі (навукі аб пячатках).

Тв.:

Русская геральдика. М., 1990.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТГА́ЛЫ,

старажытнабалцкае племя, ад якога паходзіць этн. назва латышоў. Насялялі ўсх. частку сучаснай Латвіі па правым беразе Даўгавы (Зах. Дзвіны). Межавалі і кантактавалі з лівамі на 3, селамі і земгаламі на Пд, крывічамі на У, эстамі на Пн. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. У 10—11 ст. у васальнай залежнасці ад Полацка і Пскова. У пач. 13 ст. заняволены ням. рыцарамі-крыжакамі. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224—27) Л. наз. яшчэ латвійцамі. Гл. таксама Латгале.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ МАДЭ́ЛЬ,

прыстасаванне для атрымання ў ліцейнай форме рабочай поласці для будучай адліўкі. Звычайна з’яўляецца часткай мадэльнага камплекта.

Ад самой адліўкі адрозніваецца спец. выступамі, якія ўтвараюць у ліцейнай форме гнёзды для ўстаноўкі ліцейных стрыжняў, а таксама прыпускамі на ўсадку сплаву пры цвярдзенні і на мех. апрацоўку. Бываюць раздымныя і нераздымныя; драўляныя, гіпсавыя, цэментныя, пластмасавыя, пенаполістырольныя, парафінастэарынавыя і металічныя.

Д.​М.​Кукуй.

Раздымная ліцейная мадэль са стрыжнёвымі знакамі: 1 — палова мадэлі; 2 — стрыжнёвы знак.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́НАС (ісп. llanos, множны лік ад llano раўніна),

назва некаторых раўнінных тэрыторый у раёнах ісп. каланізацыі (напр., Лана-Эстакада ў ЗША, Л.​Арынока, Л.-Мохас і інш. у Паўд. Амерыцы). Таксама тып высакатраўнай саванны на раўнінах у бас. р. Арынока (тэр. Венесуэлы і Калумбіі). Укрыты густым і высокім травяным покрывам з перавагай злакаў, ёсць асобныя дрэвы або іх групы (тыпова маўрыкіева пальма). Па далінах рэк галерэйныя лясы. Выкарыстоўваюцца як паша, месцамі — пад земляробства.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)