НА́РТЫ,

героі стараж. эпічных паданняў (нарцкага эпасу) многіх горскіх каўк. народаў. Як правіла, гэта магутныя воіны-асілкі, якія змагаюцца супраць сіл зла, але займаюцца і мірнай працай, носьбіты пазітыўнага пачатку. Яны ўступаюць у цесныя (часам сваяцкія) адносіны з багамі, што прымаюць непасрэдны ўдзел у іх гераічных здзяйсненнях. Некаторыя Н. змагаюцца супраць злых багоў і перамагаюць іх.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХЛЕ́БНІЦТВА,

асаблівы характар сувязей паміж жывёламі, калі адны арганізмы кормяцца рэшткамі здабычы другіх або прадуктамі іх выдзялення і не прычыняюць шкоды ці страт адзін аднаму; адзін з тыпаў сімбіёзу, форма каменсалізму (сатрапезніцтва). Напр., пясцы кормяцца рэшткамі здабычы белых мядзведзяў. Нахлебнікамі часам называюць жывёл, якія кормяцца рэшткамі корму, харч. прадуктаў, што знаходзяць у жыллі чалавека або каля яго.

т. 11, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РЫЯ (ісп. noria ад араб. наора — вадакачка),

прыстасаванне бесперапыннага дзеяння для перамяшчэння сыпкіх грузаў і вадкасцей. Цягавыя органы (стужка або ланцуг) з падвешанымі да іх чарпакамі размешчаны нахілена ці вертыкальна. Н. часам наз. каўшовым элеватарам. Выкарыстоўваецца для падымання грузаў на выш. да 60 м (звычайна паміж паверхамі вытв. будынкаў) у харч., мукамольнай, хім. і інш. галінах прам-сці.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАРО́ЖЧЫНА,

від феад. павіннасці ў ВКЛ у 16—18 ст. Бралася феадалам з сялян як грашовы эквівалент падводнай павіннасці, паводле якой сяляне абавязаны былі даваць землеўладальнікам падводы для перавозкі прадукцыі да рачных прыстаней і ў горад. Памер вызначаўся паводле мясц. звычаю і фіксаваўся ў інвентарах. Часам П. — разнавіднасць грашовага чыншу, які плаціў кожны сял. двор (т.зв. падвароўшчына).

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЧА́ШЫ,

пасада ў ВКЛ. Першапачаткова аб’ядноўваў функцыі П. і чашніка. У 15—16 ст. часам тытулаваўся чашнікам Павінен быў падаваць вял. князю ВКЛ напоі, папярэдне пакаштаваўшы іх сам. Пасада лічылася вельмі ганаровай, яе займалі толькі прадстаўнікі магнацкіх родаў. Першы вядомы П. ВКЛ — Алехна Мантыгердавіч (1410). З канца 16 ст. вядомы павятовыя П.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКСЕНІ́Т,

ультраасноўная інтрузіўная поўнакрышталічная горная парода, складзеная з піраксенаў (90—100%), часам з нязначнымі дамешкамі алівіну, плагіяклазу, магнетыту, тытанамагнетыту і інш. Адпаведна дамінуючаму піраксену вылучаюць разнавіднасці: вебстэрыты, гіперстэніты, бранзітыты, дыяпсідыты і інш. Колер жаўтавата-буры, зялёны да чорнага. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял і сыравіна для вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, рудныя разнавіднасці — сыравіна на жалеза і тытан.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФУНДА́ЛЬ (ад лац. profundus глыбокі),

глыбокая частка возера, куды не пранікаюць хвалевыя рухі і ветравое перамешванне. Ложа П. звычайна ўкрыта ілам, донная расліннасць адсутнічае; багата развіта флора бактэрый і грыбкоў, у выніку чаго ў ілах назапашваюцца газы (метан, вадарод, серавадарод) і адбываецца ўтварэнне азёрнай жал. руды. У вадаёмах Беларусі П. пачынаецца з глыб. 5—8 м, часам 10 м.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛІ́СТКІ,

парныя прыдаткі ў аснове ліста, свабодныя або прырослыя да чаранка. Характэрныя для многіх двухдольных. Бываюць плевачныя і зялёныя. Зялёныя П. прымаюць удзел у фотасінтэзе (напр., у гароху), часам застаюцца адзінай фотасінтэзуючай ч. ліста, калі пласцінка рэдукуецца (напр., у чыны). Адыгрываюць важную ролю ва ўтварэнні пупышкавых лускавінак. У многіх дрэў пасля разгортвання пупышак ападаюць (напр., у ліпы).

т. 13, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАС (лац. primas галоўная асоба ад primus першы),

1) у рымска-каталіцкай царкве тытул арцыбіскупа (мітрапаліта), які валодае ганаровым (часам і юрыдычным) першынством над астатнімі біскупамі і мітрапалітамі пэўнай краіны. На Беларусі рымска-каталіцкая царква мае свайго арцыбіскупа мітрапаліта і юрысдыкцыі П. ў Польшчы не падлягае.

2) Афіцыйны тытул архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Англіі як першаіерарха англіканскай царквы.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)