партко́м, ‑а, м.
Партыйны камітэт — камітэт, які выбіраецца партыйнай арганізацыяй КПСС для вядзення бягучай работы. Мне ўспомнілася гэтае падарожжа з сакратаром парткома, гутарка з ім і яго словы — «пабачыце, што тут будзе рабіцца», калі я прыехаў на Нафтабуд у самы разгар будаўніцтва завода. Хадкевіч. // Памяшканне, пакой, дзе праводзіцца работа партыйнага камітэта. Дзімін падыходзіў ужо да парткома, калі ўбачыў машыну галоўнага інжынера. Карпаў. // Сход, пасяджэнне такога камітэта. [Страмілін:] Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паблажліва, нястрога адносіцца да каго‑, чаго‑н.; патураць каму‑, чаму‑н. Баранок як быццам ва ўсім згаджаўся з Сомікам, патакаў яму. Крапіва. Але бацьку, які заўжды шанаваў, песціў яе і патакаў ёй ва ўсім, яна ў гэты момант не падабалася. Хадкевіч. [Аграном:] — Сардэчна дзякую вам за давер’е, за пашану, Але дамовімся адразу грамадой, Калі рабіць на полі, дык рабіць з душой, Я абібокам патакаць не стану. Валасевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераблы́тацца, ‑аецца; зак.
1. Пераплесціся паміж сабою.
2. перан. Бязладна перамяшацца. Сваяцкія ніці паміж імі даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч. Як усё добра складвалася, меркавалася — і вось на табе, з’явіўся нейкі палонны француз, нейкі Мішэль, і ўсё пераблыталася, ускладнілася... Сачанка. // Страціць выразнасць, паслядоўнасць, стаць бязладным, хаатычным (аб думках, успамінах і пад.). Пераблыталіся думкі. □ Усё перакруцілася, пераблыталася ў галаве. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пучо́к, ‑чка, м.
1. Памянш. да пук 1; невялікая звязка чаго‑н. Сцёпа парваў пралесак, навязаў іх у пучкі. Баранавых. Па ўсіх шчылінах закураных сцен тырчаць пучкі сушаных траў і кветак. Бядуля.
2. Тое, што і пук 1 (у 2 знач.); невялікі пук. Фурманка наблізілася, і Паходня ўключыў ліхтарык, накіраваўшы на яе блакітны пучок святла. Хадкевіч. У кабінеце сядзеў стомлены, сіваваты падпалкоўнік медыцынскай службы. Пад вачамі ў яго — сіняватыя кругі, на пераносіцы — пучок маршчынак. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сквірчэ́ць, ‑чыць; незак.
Разм. Верашчаць, пішчаць, патрэскваць на гарачай скаварадзе (пра сала і пад.). [Андрэй:] — Неспакойны ж элемент гэта сала, да чаго сквірчыць, да чаго верашчыць. Лынькоў. У печы сквірчэла сала, і, удыхнуўшы пах смажаніны, Валянцін адчуў, які ён галодны. Сабаленка. З кухні чуваць было, як сквірчэла яешня, пах яе ўжо даносіўся сюды, у зальчык. Хадкевіч. / Пра падобныя гукі. У канторцы нікога не было. Толькі ўздыхалі маторы каларыфераў пад перакрыццямі ды сквірчэў за сцяною наждак. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спружы́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Са спружынамі, зроблены на спружынах. [Ігнась] ляжаў на мяккай спружыністай канапе. Мурашка.
2. Пругкі, як спружына; здольны спружыніць. З гадзіну паваляліся [шафёры] па спружыністым цёплым дзірване. І зноў у дарогу. Б. Стральцоў. // Моцны, пругкі (пра рухі). Уся .. ладна збітая постаць [Куранёва] у цёмнай куртцы на «маланках» і запраўленых у боты чорных штанах была спружыністая, імклівая. Хадкевіч. Адным кароткім спружыністым рухам .. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук — і толькі яго і бачылі. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сурвэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Невялікі (звычайна квадратны) кавалак тканіны або паперы, якім карыстаюцца для засцеражэння вопраткі ў час яды, у цырульнях і пад. Начальнік сядзіць за сталом.., падаткнуўшы пад бараду белую сурвэтку. Сачанка. Цырульнік змахвае сурвэткай рэшткі пены і шыпіць пульверызатарам. Каршукоў.
2. Абрус (звычайна невялікіх памераў), якім накрываюць стол. Палавічкі на падлозе, засланы бялюткай сурвэткай стол — усё тут было сціпла і разам з тым акуратна. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суро́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць суровага. Суровасць клімату. Суровасць характару. Суровасць тону. □ Вы здзівіцеся хараству гэтых мясцін: і пейзажам вясны і зімы, і велічнай суровасці гор, і вадападу. Скрыган.
2. Суровыя адносіны да каго‑, чаго‑н., суровае абыходжанне з кім‑н. [Адвернік:] Дазвольце мне ўступіцца, каб суровасць маці Змяніць на ласку, панна Маргарыта. Клімковіч. // Суровы выраз (у голасе, на твары і пад.). Суровасць на твары, з якой .. [Паходня] вымавіў гэта, нечакана змянілася лёгкай, прыветлівай усмешкай. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. (звычайна са словамі «ледзь», «ледзьве»). Малапрыкметны, слабы, невыразны. Ледзь улоўны пах лугавых траў. □ Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка. Столаначальнік адчуў ледзь улоўную іронію, сярдзіта паглядаў на пісца. Мехаў. Радасць, навеяная пісьмамі, змешвалася з усё больш улоўным пачуццём адзіноты, тым пачуццём, якога Паходня не любіў і стараўся пазбавіцца ў рабоце, у сустрэчах з людзьмі. Хадкевіч.
2. Спец. Які дае добры ўлоў. Улоўны год.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаці́на, ‑ы, ж.
Тое, што і хата (у 1 знач.). Крывавы зброд руйнуе брудным ботам Хаціны мірныя, дзе люд вясёлы жыў. Панчанка. Пабудавалі [Максім з Ганкай] сабе на востраве хаціну, набылі сёе-тое з хатніх рэчаў. Машара. // Убогая або старая, пахілая хата. — Хочаш не хочаш, а пераехаць прыйдзецца, — сказаў Раман Дзянісавіч, — хоць бы нават таму, што і наша хаціна асуджана на знос. Хадкевіч. Хаты невысокія, але ўсе добрыя, усе новыя. Старых, пахілых хацін нідзе не відаць. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)