княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл.Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:
Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл.Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял.кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЧЭ́НКА (Барыс Дзмітрыевіч) (9.12.1863, каля с. Рускія Цішкі Харкаўскага р-на, Украіна — 6.5.1910),
украінскі пісьменнік, вучоны і грамадскі дзеяч. У 1881—94 настаўнічаў. Адзін з арганізатараў Укр. радыкальнай партыі (1904). Старшыня Усеўкр. настаўніцкай суполкі (1905—07), т-ва «Просвіта» (1906—09). Прытрымліваўся пазіцый народніцтва, асветніцтва і нац.-дэмакратыі. У зб-ках вершаў «Пад вясковай страхой» (1886), «Пад хмарным небам» (1893), «Песні і думы» (1895), «Хвіліны» (1903), шматлікіх апавяданнях, аповесцях адлюстраваў жыццё ўкр. народа ў 2-й пал. 19 ст., яго імкненне да нац. вызвалення. Аўтар гіст. драм «Ясныя зоркі» (1895), «Стэпавы госць» (1897), «Нахмарылася» (1895—99). Даследаваў творчасць І.Катлярэўскага, Р.Квіткі-Аснаўяненкі, Я.Грабінкі і інш. У публіцыст. працах «Пісьмы з Украіны Наддняпроўскай» (1892—93), «Перад шырокім светам» (1907), «Народныя настаўнікі і ўкраінская школа» (1906) крытыкаваў нац. палітыку рус. царызму. Выдаў «Слоўнік украінскай мовы» (т. 1—4, 1907—09), «Этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Чарнігаўскай і суседніх з ёй губернях» (1895—99), фалькл.зб-кі «Песні і думкі» (1895), «Думы кабзара» (1897); склаў бібліягр. паказальнік «Літаратура ўкраінскага фальклору. 1777—1900» (1901). Пераклаў на ўкр. мову многія творы сусв. л-ры. На бел. мову асобныя творы Грынчэнкі перакладалі Э.Валасевіч, М Казбярук.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1963.
Літ.:
Білецький О. Борис Грінченко // Білецькій О. Зібрання праць. Київ, 1965. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЦАЛА (Яўген Піліпавіч) (14.1.1937, с. Новажыватаў Вінніцкай вобл., Украіна — 5.7.1995),
украінскі пісьменнік. Скончыў Нежынскі пед.ін-т (1959). Друкаваўся з 1961. Аўтар зб-каў апавяданняў і навел «Людзі сярод людзей» (1962), «Яблыкі з восеньскага саду» (1964), «Выкупаная ў любісце» (1965), «Хусцінка шоўку зялёнага» (1966), «Пах кропу» (1969), лірыка-псіхал. аповесцей «Дзяўчаты на выданні» (1971), «Двое на свяце кахання» (1973), «З агню ўваскрэслыя» (1978), гумарыстычна-гратэскавага рамана-трылогіі «Пазычаны муж», «Прыватнае жыццё феномена», «Парад планет» (1982—84); зб-каў вершаў «Пісьмо зямлі» (1981), «Час і прастора» (1983), «Жывём на зары» (1984) і інш. Яго творы адзначаны мяккім лірызмам, тонкім моўным жывапісам, глыбокай народнасцю і філас. асэнсаваннем рэчаіснасці. За кн. прозы «Арламі аранае» (1977), «Што мы ведаем пра любоў» (1979), «Паляванне з гончым сабакам» (1980) і цыкл «Апавяданні з Цярноўкі» (1981) Літ. прэмія Ю.Яноўскага 1982; за зб-кі «Сайёра» (1980) і «Праляцелі коні» (1984) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1985. За цыкл нарысаў-памфлетаў «Ментальнасць арды» (1994—95) прэмія імя І.Агіенкі 1996. На бел. мову асобныя творы Гуцалы пераклалі М.Дубянецкі, М.Лужанін, А.Мажэйка, М.Прашковіч, Л.Салавей, А.Чаркасаў, А.Шарахоўская, Б.Сачанка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),
каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл.Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).
Літ.:
Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;
Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Т.Р.Шаўчэнкі, адна з найбуйнейшых вышэйшых навуч. устаноў Украіны. Засн. ў 1834 у Кіеве як Ун-тсв. Уладзіміра ў складзе 2 ф-таў — юрыд. і філас. (меў гіст.-філал. і фіз.-матэм. аддзяленні; з 1850 — ф-ты); у 1841 адкрыты мед.ф-т. Да 1917 ун-т скончылі каля 20 тыс. чалавек. Ён быў адным з цэнтраў дэмакр. руху на Украіне. Сярод выпускнікоў ун-та вучоныя і дзеячы культуры, у т. л. О.Ю.Шміт, М.М.Бенардос, М.С.Грушэўскі, М.Ф.Рыльскі, М.А.Булгакаў, К.Г.Паустоўскі; у ім вучыўся і працаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У 1920—32 на базе ун-та былі створаны ін-ты: нар. адукацыі, сац. выхавання, прафес. адукацыі. У 1933 адноўлены, меў 7 ф-таў, у 1939 яму прысвоена імя Т.Р.Шаўчэнкі. З 1994 сучасная назва. У 1942—43 у складзе Аб’яднанага ўкр. ун-та эвакуіраваны ў Казахстан. У 1944 аднавіў сваю дзейнасць у Кіеве. У 1997/98 навуч.г. больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: філас., сацыялогіі і псіхалогіі, эканам., гіст., філал., рамана-герм. філалогіі, юрыд., механіка-матэм., кібернетыкі, фіз., радыёфіз., геал., геагр., хім., біял. і інш. Навучанне дзённае і завочнае. У складзе ун-та Ін-тміжнар. адносін, Ін-т журналістыкі, абсерваторыя, бат. сад (з 1841), выліч. цэнтр, Канеўскі запаведнік, навук.б-ка (каля 4 млн.экз.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬ-ШАЎЧЭ́НКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальныя дзеянні 1-га (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) і 2-га (ген. арміі І.С.Конеў) Украінскіх франтоў у раёне г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі Чаркаскай вобл., Украіна) 24.1—17.2.1944 у Вял.Айч. вайну. Мела на мэце сустрэчным ударам двух франтоў акружыць і ліквідаваць групоўку ням.-фаш. войск са складу 1-й танк. і 8-й ням. армій групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн), якая ўтрымлівала Корсунь-Шаўчэнкаўскі выступ і пагражала флангам 1-га і 2-га Укр. франтоў. У праціўніка было 170 тыс.чал., 2600 гармат і мінамётаў, 310 танкаў і штурмавых гармат, 1000 баявых самалётаў; сав. камандаванне на гал. напрамках удараў стварыла перавагу па колькасці войск у 1,7, па артылерыі ў 2,4, па танках і самаходных артыл. устаноўках у 2,6 раза. Войскі 2-га Укр. фронту перайшлі ў наступленне 24, 1-га Укр. фронту — 26 студзеня. Прарваўшы абарону праціўніка, яны злучыліся 28 студз. ў раёне Звенігародкі, стварылі знешні і ўнутраны франты акружэння, адбілі варожыя контратакі і контрудары, потым расчлянілі ням. групоўку і 17 лют. ліквідавалі яе. Праціўнік страціў больш за 73 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 18,2 тыс. палоннымі; пацярпелі паражэнне яшчэ 15 дывізій, якія прарываліся на дапамогу акружаным ням.-фаш. войскам. К.-Ш.а. стварыла спрыяльныя ўмовы для вызвалення Правабярэжнай Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане I стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд.ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст.тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах.ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт.Румынія і Малдова (рэспубліка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРАСЛА́ЎСКІ ((Mieroslawski) Людвік) (17.1.1814, г. Немур, Францыя — 22.11.1878),
польскі паліт. дзеяч, пісьменнік, ваенны гісторык. Генерал. Вучыўся ў кадэцкім корпусе ў г. Каліш. Удзельнік паўстання 1830—31. Потым у эміграцыі ў Францыі, чл. масонскай ложы. У 1834—36 дзеяч «Маладой Польшчы», з 1839 — Аб’яднання польск. эміграцыі. З 1843 чл.Польскага дэмакратычнага таварыства (з 1845 у яго кіраўніцтве); прызначаны кіраўніком запланаванага нац.-вызв. паўстання. У 1845 прыехаў у Велікапольшчу, дзе арыштаваны прускімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання (1847). Вызвалены ў выніку рэвалюцыі 1848 у Германіі, узначаліў паўстанцкія атрады ў Велікапольшчы. У 1849 узначаліў паўстанне на Сіцыліі (атрымаў чын генерала), потым армію бадэнска-пфальцкіх паўстанцаў. У 1861—62 кіраваў польск. вайсковай школай у г. Генуя (Італія). У 2-й пал. 1862 рэзка выступаў супраць крыла «чырвоных» у Цэнтральным нацыянальным камітэце і заснаваў апазіцыйны Нац.-рэв. камітэт; адстойваў канцэпцыю аднаўлення Польшчы ў межах да 3 падзелаў Рэчы Паспалітай, не прызнаваў нац. своеасаблівасці Беларусі, Літвы і Украіны. У пач.паўстання 1863—64 абвешчаны яго дыктатарам, пацярпеў 2 паражэнні і выехаў у Францыю. Аўтар прац «Паўстанне польскага народа ў 1830 і 1831 гг.» (т. 1—8, 1845—87), «Крытычны разбор кампаніі 1831 г...» (1845), «Пазнанскае паўстанне ў 1848 г.» (1852), «Дзённіка (1861—1863)» (выд. 1924).
Літ.:
Chmiel L. General Ludwik Mierostawski, 1814—1878. Warszawa, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦІ́ЦКІ (Іларыён Сямёнавіч) (7.4.1876, г. Буск Львоўскай вобл., Украіна — 18.9.1956),
украінскі філолаг-славіст, мовазнавец. Д-рслав. філалогіі (1902). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1899), Пецярб.археал.ін-т (1900). Арганізатар і дырэктар (1905—52) Львоўскага Нац. музея (Музей укр. мастацтва). Для бел. аддзела сабраў 23 слуцкія паясы, 12 кніг «Бібліі» Ф.Скарыны, бел. старадрукі, рукапісныя кнігі, граматы, акты, абразы і інш. У кн. «Адраджэнне беларускага пісьменства» (1908) даў высокую ацэнку развіццю новай бел. л-ры, у дадатку да яе змясціў забароненыя ў Расіі вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». Гісторыі бел. культуры і л-ры прысвяціў працу «Асновы адраджэння беларускага пісьменства» (1914), адлюстраваў гэтыя праблемы і ў кн. «Пачатак кнігадрукавання на землях Украіны 1573—1791» (1924) і інш.Кн. «Росквіт культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі» (1928) — першае ў Зах. Украіне даследаванне бел. л-ры.
Тв.:
Опись музея Ставропигийского института во Львове. Львов, 1908;
Лавришевское Евангелие начала XIV в. // Изв Отд.рус. яз. и словесности имп. Акад. наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1;
Нариси про мову пам’яток староруського письменства XI в. // Питання слов’янського мовознавства. Львів, 1948.
Літ.:
Панізнік С. Іларыён Свянціцкі // Полымя. 1968. № 3;
Яго ж. Чатыры сцяжыны паэта // Дзень паэзіі-72. Мн., 1972;
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Карані дружбы. Мн., 1976;
Рагойша В. «Шчырапаважаны прафесар...» // Рагойша В Напісана рукой Купалы. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́Д (ад грэч. synodos сход),
сход вышэйшых духоўных асоб у хрысц. царкве. У 1721—1917 Свяцейшы Усерас. С. — вышэйшы орган кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ). Усталяваны вярх. самадзярж. уладай замест скасаванага патрыяршаства, падпарадкоўваўся імператару. Паводле рэгламенту, у склад С. ўваходзіла 12 іерархаў царквы. Дзярж. нагляд над С. ажыццяўляў свецкі чыноўнік, прызначаны імператарам, — обер-пракурор. Праз яго падтрымліваліся ўсе сувязі С. з дзярж. органамі. Пасля аднаўлення патрыяршаства (1917) С. у РПЦ дзейнічае як царк. дарадчы орган пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі. У наш час у склад С. ўваходзяць пастаянныя члены: мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Украіны, мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт санкт-пецярбургскі і ладажскі, мітрапаліт круціцкі і каломенскі, старшыня аддзела знешніх царк. зносін, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі; і часовыя члены — епархіяльныя архірэі, якія па чарзе ўдзельнічаюць у рабоце С. На Беларусі з усталяваннем у 1989 Бел. экзархата дзейнічае Сінод Беларускай праваслаўнай царквы. У інш.правасл. цэрквах таксама існуюць С. з рознымі функцыямі. У каталіцкай царкве з 1960-х г. дзейнічае С. біскупаў як орган пры папе рымскім. С. на чале з патрыярхамі ёсць і ў некат. усх. цэрквах ва уніі з Ватыканам — копцкага, халдзейскага і інш. абрадаў. У пратэстантызме С. — сход духоўных і свецкіх асоб, які перыядычна склікаецца для прыняцця рашэнняў па рэліг. справах.