БУТАДЫЕ́Н-СТЫРО́ЛЬНЫЯ КАЎЧУКІ́,
дывініл-стырольныя каўчукі, сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і стыролу (ці ɑ-метылстыролу), [—CH2—CH=CH—CH2—]n—[CH2—CH(C6H5)—]m. Прадукты светла-жоўтага колеру, шчыльн. 900—990 кг/м³. Раствараюцца ў араматычных і аліфатычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння шчолачаў і к-т. Атрымліваюць суполімерызацыяй у эмульсіі ці растворы. Вулканізуюцца серай, атрыманая гума мае высокую трываласць, эластычнасць і зносаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці аўтамабільных шын, канвеерных стужак, гумавага абутку.
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЫЛАЦЭТА́ТЫ,
арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай к-ты і бутылавых спіртоў, CH3COOC4H9. Бясколерныя вадкасці з фруктовым пахам, tкіп 126,3 °C, шчыльн. 881,3 кг/м³ (н-бутылацэтат), tкіп 116,5 °C, шчыльн. 858 кг/м³ (ізабутылацэтат). Мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. У прам-сці атрымліваюць этэрыфікацыяй у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюцца як растваральнікі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пахучыя рэчывы для фруктовых эсенцый, у парфумерыі.
т. 3, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1950—54 у г. Быхаў Магілёўскай вобл. З 1959 камбінат, з 1976 завод, да 1981 галаўное прадпрыемства Быхаўскага вытв. агр. аб’яднання па вытв-сці і прамысл. перапрацоўцы агародніны і садавіны. У 1963—64 і 1992 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць кансервавы, сушыльны, меланжавы, бляшаначны і тарны цэхі. Асн. прадукцыя (1995): агароднінныя і фруктовыя кансервы, крухмал, бляшанкі і метал. накрыўкі.
т. 3, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т ДЗІЦЯ́ЧЫХ ПРАДУ́КТАЎ, «Беллакт». Створаны ў 1970 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. У 1986—90 рэканструяваны. З 1991 арэнднае, потым нар. прадпрыемства «Беллакт». Гал. цэхі з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці: кансервавы, заменніку неразведзенага малака, натуральнамалочны. Асн. прадукцыя (1995): сухія малочныя прадукты дзіцячага, дыетычнага і спецыялізаванага харчавання, масла сметанковае, сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, натуральнамалочная і нятлустая прадукцыя, сыры, марожанае, маянэз, безалкагольныя напіткі.
т. 4, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ ШКО́ЛА БЕЛАРУ́СІ імя У.І.Леніна. Існавала з кастр. 1932 да сак. 1939 у Мінску. Створана на базе Камуністычнага ун-та Беларусі. Рыхтавала арганізатараў сацыяліст. сельскай гаспадаркі, кіруючых парт. і сав. работнікаў раённага звяна. Кафедры ў 1934: палітэканоміі, эканам. палітыкі, ленінізму і гісторыі партыі, дыялект. матэрыялізму, гісторыі народаў СССР, усеаг. гісторыі, арганізацыі с.-г. вытв-сці, аграноміі, жывёлагадоўлі, механізацыі сельскай гаспадаркі. Рэарганізавана ў с.-г. тэхнікум.
т. 4, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААНАЛІЗА́ТАР,
прылада для вызначэння якаснага і колькаснага складу газавай сумесі. Бываюць ручныя і аўтаматычныя; паказвальныя, самапісныя і сігналізавальныя; паводле прынцыпу дзеяння і віду аналізу — мех., акустычныя, цеплавыя, магн., эл.-хім., аптычныя, храматаграфічныя і інш. Выкарыстоўваюцца для кантролю тэхнал. працэсаў у металургічнай, хім., вугальнай прам-сці; у цепласілавой і атамнай энергетыцы; для вызначэння газавага складу паветра вытв. памяшканняў; у мед. практыцы і інш. Гл. таксама Газавы аналіз.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЫНА́КС,
слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.
т. 5, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў Гомелі ў 1955. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): металургічныя працэсы і матэрыялаапрацоўка; тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; электратэхніка. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Мае вячэрні філіял пры «Гомсельмашы».
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ КРЫШТА́ЛЬ,
мінерал, бясколерная празрыстая разнавіднасць нізкатэмпературнай мадыфікацыі кварцу — SiO2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Трапляецца ў пустотах і «крышталяносных скляпах» у пегматытах, у жылах гідратэрмальных і альпійскага тыпу ў выглядзе адзінкавых крышталёў, іншы раз друзаў. Вядомы крышталі горнага крышталю масай да 1 т і больш. Выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы, вытв-сці шкла, ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, на Украіне, у Кітаі, Бразіліі, М’янме, Шры-Ланцы і інш.
т. 5, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДА́НАЎ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 26.7.1941, в. Варатынь Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне харч. машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі (1968). З 1977 у Магілёўскім тэхнал. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы і стварэнні энергазберагальнага тэхнал. абсталявання для прадпрыемстваў харч. прам-сці.
Тв.:
Совершенствование конструкций машин и аппаратов пищевых производств. Мн., 1996 (разам з Л.Ф.Глушчанка, В.В.Клімовічам).
т. 5, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)