У Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Размешчаны ў паўн.ч. Перадуральскага прагіну. Адкрыты ў 1924, прамысл. асваенне з 1934. Пл. каля 90 тыс.км². Балансавыя запасы 8,7 млрд.т, у т. л. разведаныя 8,2 млрд.т. Вугляносныя адклады пермскага ўзросту (магутнасць 1—7 км) уключаюць да 250 рабочых пластоў і прапласткаў (магутнасць 0,5—3,5 м, зрэдку да 30 м). Пераважаюць каменныя вуглі марак Б і Д, сярод каксаўных — маркі Ж. Здабыча падземным спосабам да глыб. 900 м. Адм. і прамысл. цэнтры — гарады Варкута і Інта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДНЫ АЛТА́Й,
паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКАЕ ПЛАТО́,
ледавіковае плато, найбольш высокая ч. паверхні ў цэнтр.ч.Усх. Антарктыды. Даўж. каля 2 тыс.км, шыр. каля 450 км. Выш. ад 3000 м на перыферыі да 4000 м і больш у цэнтры, дзе размешчаны падлёдныя горы Гамбурцава. Тоўшча ледавіковага покрыва ад 750 да 3800 м. Самая халодная ч. Антарктыды, з вельмі нізкім атм. ціскам: сярэднегадавая т-ра ніжэй за -56 °C; сярэдняя т-раліп. ніжэй за -72 °C, на станцыі «Усход» адзначаны абс. мінімум т-ры на Зямлі -89,2 °C. Адкрыта ў 1957—58 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Дзейнічае навук. станцыя «Усход» з 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАСТРЭ́ЛЬНІКІ,
геалагічнае агаленне стараж. азёрна-балотных адкладаў; палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963); з 1998 у складзе геолага-геамарфалагічнага помніка прыроды рова Яна і Цэцыліі. Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёман, каля в. Багатырэвічы (б. Самастрэльнікі) Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. У борце рова (выш. да 13 м) на працягу 50 м агаляюцца адклады муравінскага міжледавікоўя (магутнасць 3,3 м), багатыя на рэшткі рэліктавых раслін (больш за 100 відаў) выкапнёвай флоры ляснога тыпу, што існавала каля 100 тыс.г. назад. У агаленні выяўлены новыя для адкладаў муравінскага міжледавікоўя віды раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ПАВІЦКІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 300 м на ПдЗ ад в. Сіпавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун шэрага дробназярністага граніту кіроўнага тыпу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 10,9 м, аб’ём 7,8 м³, маса каля 20,7 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з У Швецыі. Мае прасападобную форму, на верхняй пляцоўцы захавалася паўсферычная выемка (дыяметр 5 см, глыб. 3 см) з адшліфаванымі сценкамі. Ямка зроблена чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці валун меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЬЧЫЦКІЯ КАНГЛАМЕРА́ТЫ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны за 1,4 км на Пн ад в. Забалацце Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Назва ад былой в. Смольчыцы. 15 камлыг (даўж. больш за 3 м), з іх найб.даўж. 11,8 м, шыр. 6,2 м, выш. 7,8 м, у абводзе 23,7 м, аб’ём 303 м³, маса каля 802 т. Утварыліся ў выніку цэментацыі карбанатным растворам водна-ледавіковых пясчана-жвірова-галечных і пясчана-жвіровых з валунамі адкладаў, што чаргуюцца паміж сабой (магутнасць слаёў 0,1—1,5 м). С.к. — эталон карбанатных новаўтварэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАДВО́РСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 400 м на ПдУ ад в. Стары Двор Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Шэры дробназярністы граніт. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,2 м, выш. 0,5 м, у абводзе 9 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 6 т. Прынесены ледавіком 20—18 тыс.г. назад са Скандынавіі. На верхняй пляцоўцы захаваліся 7 выемак дыяметрам 4—5 см, глыб. 0,5—2 см, якія зроблены чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. Размеркаванне ямак нагадвае люстраны адбітак малюнка сузор’я Вял. Мядзведзіцы. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУ́ШЧАВЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
скурныя залозы жывёл і чалавека, якія выдзяляюць скурны тлушч, што ахоўвае скуру і валасы ад высыхання. Развіваюцца з эпітэлію валасяных фалікулаў, размешчаны па ўсёй скуры. У чалавека Т.з. найб. насычана скура валасістай ч. галавы, шчок, падбародка (400—900 на 1 см²). Сакрэт Т.з. забяспечвае эластычнасць і непранікальнасць скуры для вады, некат. мікраарганізмаў, хім. рэчываў і інш. Сакрэт Т.з. некат. жывёл мае характэрны пах (гл.Мускусныя залозы); у кітападобных Т.з. прадстаўлены спецыфічнай анальнай залозай. Функцыі Т.з. рэгулююцца палавымі гармонамі. У самцоў Т.з. буйнейшыя, чым у самак, выдзяляюць больш сакрэту. Захворванні Т.з. чалавека — атэрома, вугры, себарэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЯНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ, травы,
жыццёвая форма раслін. Пашыраны ўсюды. Складаюць травастой лугоў, пашы і сенажацяў. На Беларусі каля 1,4 тыс. дзікарослых Т.р., больш за 5 тыс. відаў, сартоў і форм інтрадукавана.
Экамарфал. адзнака Т.р. сезоннага клімату — адсутнасць прамастойных надземных сцёблаў, што перажываюць неспрыяльны сезон. Сцёблы бываюць мяккія, сакаўныя або маюць некат. характэрныя рысы ўнутр. будовы (слабае адраўненне, рассечаная ці моцна парэнхіматызаваная стэла, адсутнасць перыдэрмы, слабая дзейнасць камбію). Т.р. бываюць аднагадовыя і шматгадовыя, пупышкі ўзнаўлення якіх знаходзяцца на ўзроўні глебы або ў глебе і размешчаны на карэнішчах. каўдэксах, клубнях, цыбулінах, радзей на паўзучых падземных парастках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЧЫ́НКА,
мужчынскі генератыўны орган кветкі, гамалагічны мікраспарафілу. Тыповая Т. складаецца з тычынкавай ніткі, дзе знаходзіцца праводны пучок, пыльніка, у якім размешчаны мікраспарангіі, і звязніка, што іх злучае. Сукупнасць Т. у кветцы складае яе андрацэй. На кветаложы Т. размяшчаюцца па спіралі (казяльцовыя), кругамі (ружавыя), дасягаюць вял. колькасці (да 300 у кактусаў), зрастаюцца ці склейваюцца пыльнікамі (складанакветныя) або поўнасцю (гарбузовыя), у пучкі (святаяннікавыя), а таксама з інш.ч. кветкі. У аднаполых жан. кветках Т. трацяць сваю асн. функцыю і ператвараюцца ў стэрыльныя стамінодыі, часам у нектарнікі. Лічыцца, што з Т. утварыліся пялёсткі венчыка. Форма Т. з’яўляецца сістэм. адзнакай.