Сму́шак ‘шкурка, знятая з нованароджанага ягняці, а таксама футра са шкурак такога ягняці’ (ТСБМ, Сержп.), ‘душагрэйка з аўчыны’ (Нар. сл.). Параўн. укр. смух, сму́шок ‘вырабленая аўчына’, рус. дыял. смух, сму́шек ‘тс’, польск. smuch, smusz, smuszek, в.-луж. smóška ‘тс’. Паводле Брукнера (504), з нов.-в.-ням. Schmasche ‘скура ягняці’, с.-в.-ням. smaschîn (XIV ст.), smasse (XV ст.); аднак паходжанне нямецкага слова таксама няяснае. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 341, Фасмер, 3, 694 (ва ўсходнеславянскіх з польскай) ЕСУМ, 5, 332.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сталя́р ‘спецыяліст па тонкай апрацоўцы драўніны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сто́ляр ‘тс’ (Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк.), ст.-бел. столяръ ‘тс’; сюды ж сталя́рскі, сталя́рства (ТСБМ, Шат.). Укр. сто́ляр, рус. столя́р, разм. сто́ляр. З польск. stolarz ‘тс’, якое ўтворана ад stół ‘стол’ і калькуе ням. Tischler ‘тс’ ад ням. Tisch ‘стол’; гл. Фасмер, 3, 766 з літ-рай; Брукнер, 517. Карскі (1, 414) непасрэдным запазычаннем з польскай лічыць формы з націскам на першым складзе.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́тля, бу́таль. Укр. бу́тля, бо́тля, бу́тель. Запазычанне з польск. butla, butel ’тс’ (< франц. bouteille, с.-лац. buticula, гл. Варш. сл., 1, 241; Брукнер, 51). Рыхардт, Poln., 38; Рудніцкі, 274. Параўн. бутэ́лька. Рус. буты́лка, буты́ль таксама з польскай мовы (гл. Праабражэнскі, 1, 56; Фасмер, 1, 254; Шанскі, 1, Б, 238–239). Губшмід (Schläuche, 42) думае пра запазычанне рус. буты́ль прама з франц. мовы (падрабязна аб гісторыі ўсёй групы слоў там жа, 38 і далей). Гл. яшчэ Гарабец, Мовознавство, 1972, № 4, 82–83.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Но́саль ’насач, насаты чалавек’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.; шчуч., Сл. ПЗБ; Янк. 1; мазыр., Мат. Гом.), укр. носаль ’жук-даўганосік; малаток з доўгім канцом’, польск. дыял. nosal, nochal ’чалавек з доўгім носам’, чэш. nosal, славац. nosäl, nochal ’тс’., Суфіксальнае ўтварэнне ад нос 1 аднак незвычайны націск на корані, параўн. насар, насач і пад., а таксама украінскі адпаведнік схіляюць да думкі пра запазычанне з польскай мовы. Параўн. таксама каваль, маскиль і інш. утварэнні з суфіксам ‑аль, які трактуецца як запазычаны (Карскі 2–3, 25).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Атачы́ць ’акружыць’ (Гарэц.). У рускай пашырана на захадзе, укр. оточити, польск. otoczyć ’тс’, чэш. otočiti, славац. otočiť ’акружыць, павярнуць, пакрыць, абвязаць’, славен. otočati ’акружаць’. Дзеяслоў точити засведчаны ў ст.-рус. у значэнні ’гнаць, ездзіць’, аналагічныя значэнні вядомыя сучаснай чэшскай і славацкай мовам, дзе таксама дзеяслоў točiti ўказвае на вакольны, кругавы рух, паварот. Гэта значэнне і было, відаць, першасным для пашыранага цяпер у шэрагу славянскіх моў значэння слова атачыць ’акружыць’. Улічваючы адзінкавасць беларускага прыкладу, можна меркаваць пра яго запазычаны (відаць, з польскай) характар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бедронка ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Паколькі такі тып утварэння (на ‑онка) не характэрны для ўсх.-слав. моў (дакладней, для бел. і ўкр.), дзе выступае бедрык (гл.), то трэба меркаваць, што гэта запазычанне з польскай мовы (параўн. польск. biedronka, таксама biedrunka, параўн. і чэш. bedruňka). Польск. слова звязана з назвамі кароў biedrona, biedrawa, biedrula, гл. Слаўскі, 1, 32; Саднік-Айцэтмюлер, 4, 262–263 (параўн. бо́жая каро́ўка, ням. Herrgottkühlein і г. д.). Іначай аб паходжанні польск. слова Лант, Language, 29, 128–133. Гл. бедрык.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пло́тва ’плотка, Rutilus rutilus L.’ (навагр., Сцяшк. МГ), ’краснапёрка, Scardinius erythropthalamus L.’ Да платва́ (гл.), прасл. *ploty, Р. скл. plotъve, сюды ж плоціца, плаці́ца і ўтвораная ад іх шляхам адваротнай дэрывацыі гродз. плоць, якія ў суседняй польскай мове з XVI ст. сталі замяняцца формай *plot‑ъka (Банькоўскі, 2, 624–625); на бел. тэрыторыі ў сучасны момант гэтая форма пераважае: плотка, плі́тка, плутка, плы́тка ’плотка’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Жук., Гарэц., Яруш., Бес., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Растарг.; гродз., З нар. сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сталь ‘цвёрды метал серабрыста-шэрага колеру’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 2). Укр. сталь, рус. сталь ‘тс’. Запазычанне з польск. stal, дзе адзначала з XV ст. і ўзыходзіць да с.-в.-ням. stahl ‘тс’ (гл. Брукнер, 512; Карскі, Белорусы, 180; Фасмер, 3, 744; Нававейскі, Zapożyczenia, 262). З польскай таксама сталёвы (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ) < stalowy, пры народных утварэннях сталяны́ (Рам., 1–2; Шэйн. 1, Растарг.), ста́ліць ‘загартоўваць’ (Нас., Сержп. Прык.). Стальны́ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. стальной.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тсцёў, тсьця́ ‘цесцеў’, тсцёўскі ‘ўласцівы цесцю’, тсцёўшчына ‘спадчына пасля цесця’ (Нас., Гарэц.). Да цесць (гл.), якое з прасл. *tьstь ‘цесць’. Названыя беларускія формы ўзыходзяць да фанетычна і граматычна правільнай формы (ускосных склонаў, у прыватнасці Р. скл.) тсьці (í‑асновы) < прасл. *tьsti, якая падверглася ўплыву ‑jĭ‑асноў і набыла форму *tьstʼa ‘цесця’. У сучаснай беларускай мове парадыгма скланення выраўнялася паводле Н. скл. цесць, цесця і г. д. Не выключаны таксама ўплыў польскай мовы, параўн. ст.-польск. cieść, ćcia/cieścia ‘цесць’ (XV ст.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)