ШУПЕ́НЬКА Генадзь Серафімавіч (н. 6.4.1936, в. Падбярэззе Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. крытык і літаратуразнавец. Скончыў БДУ (1965). З 1969 працаваў у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі, у 1979—2001 у выд-ве «Мастацкая літаратура» (у 1982—96 заг. рэдакцыі). Яго кнігі нарысаў, літ. партрэтаў, артыкулаў «Цеплыня чалавечнасці» (1977), «Галоўнае — талент» (1987) прысвечаны праблемам маст. майстэрства, творчай індывідуальнасці пісьменніка, творчасці Я.​Брыля, А.​Васілевіч, Н.​Гілевіча, І.​Мележа, П.​Місько, І.​Пташнікава, Я.​Скрыгана, В.​Хомчанкі, Ф.​Янкоўскага і інш. Пераклаў на бел. мову аповесці «Мілы ба-пэр!» Ц.​Дзеры (1983), «Кат» П.​Лагерквіста (1986, з М.​Гілем) і інш.

Тв.: Прага мастацкасці: Выбранае. Мн., 1996.

т. 17, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУП (ваен.),

прылада для выяўлення мін, бомбаў і інш. боепрыпасаў у грунце (да 15 см) і пад снегам (на ўсю таўшчыню покрыва, да зямлі). Ш. заводскай вытв-сці складаецца з завостранага стальнога стрыжня і рукаяткі (з 3 драўляных звёнаў). Бываюць даўж. 0,8 м (для дзеянняў сапёра ў ляжачым становішчы) і 1,5—2 м (для дзеянняў у стаячым становішчы). Ш. праколваюць грунт пад вуглом 25—45° на адпаведную глыбіню праз кожныя 20 см; месца, дзе стрыжань натыкаецца на цвёрды прадмет, уважліва аглядваюць. Выкарыстоўваюцца таксама глыбінныя Ш. даўж. да 6 м, якія ўводзяць у грунт пры дапамозе калаўроціка.

І.​А.​Шор.

Зборны шчуп: а — прамая ўстаноўка наканечніка; б — нахіленая ўстаноўка наканечніка.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ХАВА Ларыса Мікалаеўна (н. 27.7.1939, пас. Кузьмінкі Маскоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1986), праф. (1988). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1963). З 1963 працавала ў Маларыцкай раённай бальніцы. З 1968 у НДІ аховы мацярынства і дзяцінства. З 1970 у Мінскім мед. ін-це (у 1986—88 заг. кафедры), адначасова ў 1983—88 гал. педыятр Мін-ва аховы здароўя. З 1988 нам. дырэктара НДІ радыяцыйнай медыцыны. З 1995 кіраўнік мед. цэнтра паталогіі шчытападобнай залозы. Навук. працы па пытаннях выяўлення схільнасці да захворванняў у дзяцей, уздзеянні фактараў Чарнобыльскай аварыі на шчытападобную залозу дзяцей і падлеткаў і інш.

Тв.:

Щитовидная железа у детей: последствия Чернобыля. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 18, кн. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБА́ЦКІ Аляксандр Мікалаевіч (н. 29.8.1956, в. Струмень Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Д-р тэхн. н. (1999), дац. (1989). Скончыў БДУ (1978), дзе і працуе (з 1991 заг. кафедры, з 1997 прарэктар). Адначасова ў 1989—95 у Мін-ве адукацыі Беларусі (з 1992 нач. упраўлення). Навук. працы па стварэнні карпаратыўных інфарм. сістэм, праблемах інфарм. і камунікацыйных тэхналогій і выкарыстанні іх у інфарматызацыі працэсаў адукацыі.

Тв.:

Канцэпцыя інфарматызацыі адукацыі. Мн., 1990 (разам з М.​І.​Лістападам);

Информационный метод анализа и оптимизации в системах поддержки принятия решений. Мн., 1999 (разам з В.​А.​Чэвушавым);

Автоматизация обработки документов. Мн., 1999;

Проектирование информационно-технологических систем. Мн., 2001.

т. 18, кн. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАГУ́БІК Барыс Паўлавіч (н. 6.8.1949, в. Грыцавічы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ваен. навук. Канд. ваен. н. (1989), праф. Акадэміі ваен. навук Рас. Федэрацыі (2001). Палкоўнік (1990). Скончыў Ленінградскае ваен. вучылішча (1969), Ваен. артыл. акадэмію імя Калініна (1982). З 1981 у НДІ Мін-ва абароны СССР. З 1992 ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь: з 1993 нач. аддзела аператыўна-тактычных даследаванняў Мінскага вышэйшага ваен. каманднага вучылішча, з 1995 нач. ваенна-навук. цэнтра Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь, з 2002 нам. нач. НДІ Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. З 2003 нам. дырэктара НДІ тэорыі і практыкі дзярж. кіравання. Даследуе праблемы дзярж. кіравання і арганізацыі тэр. абароны.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 18, кн. 1, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

за́сплынь Рэчыва наплывання, нагнаення ў забалочаным вадаёме, стаўку (Мін.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ЭКАНОМІКА БУДАЎНІЦТВА

Як навука эканоміка будаўніцтва на Беларусі пачала складвацца ў 1920-я г. Пытанні гэтай галіны вывучаліся ў Дзяржплане БССР, галіновых наркаматах, Ін-це эканомікі АН Беларусі, БПІ. Асн. навук. распрацоўкі былі звязаны з тэхн. пераўзбраеннем буд. арг-цый, удасканаленнем структуры капітальных укладанняў, індустрыялізацыяй буд. вытворчасці. У пасляваенныя гады найбольшая ўвага аддавалася распрацоўцы эканам. асноў сістэмы планавання і кіравання буд. комплексам, павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці буд. арг-цый, скарачэння тэрмінаў уводу ў дзеянне асн. фондаў. У 1970—80-я г. вывучаліся пытанні арг-цыі працы, павышэння эфектыўнасці буд. вытворчасці, удасканалення механізму гаспадарання ў буд. арг-цыях, укаранення калектыўнага і брыгаднага падраду, эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, пошуку рэзерваў зніжэння кошту буд-ва (М.​Ц.​Архіпец, У.​Ф.​Бохан, Л.М Варабей, У.​Г.​Еўтух, Я.​М.​Лемеш, І.​Т.​Хачатуранц).

У наш час пытанні эканомікі буд-ва даследуюцца ў навук. арг-цыях Мін-ва архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь, Н.-д. эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь, Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел. эканам. ун-це, Брэсцкім тэхн. ун-це і інш. З пач. 1990-х г. у н.-д. арэндным прадпрыемстве «Будэканоміка» Мін-ва архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь вядуцца даследаванні па пытаннях удасканалення арганізац. структуры кіравання буд. комплексам, эфектыўнасці інвестыцый у буд-ве (Л.​М.​Варабей, С.​В.​Старынскі), кіравання маёмасным комплексам і распрацоўкі варыянтных прагнозаў раздзяржаўлення і прыватызацыі дзярж. буд. арг-цый (Е.​М.​Кучар, Л.​А.​Ігнаценка), нарміравання працы, стымулявання рэсурсазберажэння, укаранення новай сістэмы якасці на буд. прадпрыемствах (Г.​Я.​Эцін), фарміравання практыкі падрадных таргоў у буд-ве (Л.​М.​Варабей, У.​Я.​Адамовіч); вядуцца прававыя даследаванні ў сферы буд. дзейнасці (У.​Ф.​Бохан, Р.​Я.​Грунтова, Л.​М.​Кавалёва). У Брэсцкім тэхн. ун-це вывучаюцца праблемы інавацыйнай адаптыўнасці і канкурэнтаздольнасці ў буд-ве (Э.​П.​Галавач, А.​І.​Рубахаў), ствараюцца методыкі аналізу дзейнасці буд. арг-цый ва ўмовах рынку (П.​М.​Івароўскі). У Рэсп. навук.-тэхн. цэнтры па цэнаўтварэнні ў буд-ве даследуюцца пытанні цэнаўтварэння і фарміравання стартавай прапановы інвестара пры буд-ве аб’ектаў (У.​М.​Столпнер). Фарміраванне ў Беларусі рынку нерухомасці прывяло да ўзнікнення прынцыпова новага кірунку ў эканоміцы буд-ва — эканомікі нерухомасці, які паступова вылучаецца ў самаст. навук. сферу (П.​С.​Гейзлер, Л.​Г.​Саяніна, М.​Ю.​Трыфанаў). Даследуюцца пытанні фарміравання і развіцця сістэмы пазабюджэтнага фінансавання жыллёвага буд-ва, механізмаў і фін. тэхналогій іпатэчнага жыллёвага крэдытавання, прыцягнення фін. жыллёвых інвестыцый (У.​Г.​Еўтух, С.​А.​Мартынаў, Э.​І.​Пятровіч, А.​Д.​Сідарэнка).

Літ.:

Евтух В.Г. Эффективность строительного производства: проблемы, поиск, практика. Мн., 1983;

Воробей Л.М. Совершенствование бригадных форм организации труда в строительстве. М., 1986;

Архипец Н.Т. Экономия материальных ресурсов в строительстве. М., 1988;

Жилищная политика в Республике Беларусь в условиях перехода к рыночной экономике. Мн., 1996;

Иваровский П.Н. Анализ деятельности строительно-монтажных организаций. Брест, 2003.

С.​А.​Мартынаў.

т. 18, кн. 2, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

падастава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаем, ‑стаяце; зак., што.

1. Дастаць, выцягнуць усе, многае або вялікую колькасць чаго‑н. Падаставаць кнігі з шафы. □ Невядомы.. падаставаў цвічкі, якія трымалі шкло, выняў шыбу і, прасунуўшы руку ў сярэдзіну, адшчапіў кручок. Курто. [Антон Аўдзеевіч:] Колькі.. [лейтэнант] падаставаў мін, колькі разоў хадзіў па краю бездані... Кірэенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выняць што‑н. схаванае — пра ўсіх, многіх. Апусцела пляцоўка: адны пайшлі абедаць у сталоўку, другія падаставалі загорнутыя ў газеты пакуначкі, паселі на шпалы і са смакам падмацоўваліся. Дадзіёмаў. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць, раздабыць што‑н. — пра ўсіх, многіх. — Нашы хлопцы немаведама скуль падаставалі стрэльбы і давай жарыць. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АБАРО́НА сістэма агульнадзяржаўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў мірныя і ваенныя часы ў мэтах засцярогі насельніцтва ад зброі масавага паражэння і інш. сродкаў нападу праціўніка, або выратавальных ці неадкладных аварыйна-аднаўленчых работ у ачагах паражэння і раёнах стыхійных бедстваў. Грамадзянская абарона набыла асаблівае значэнне ў сувязі з праяўленнем і развіццём ракетна-ядзернай і інш. зброі масавага паражэння. У 1950—60-я г. грамадзянская абарона створана ў большасці буйных дзяржаў. У СССР грамадзянская абарона створана ў 1961 на базе мясц. проціпаветр. абароны (МППА), заснаванай у 1932. У Рэспубліцы Беларусь захавалася структура былой агульнасаюзнай грамадзянскай абароны. Паводле Палажэння аб грамадзянскай абароне, зацверджанага Вярх. Саветам у 1991, грамадзянская абарона Рэспублікі Беларусь арганізуецца на ўсёй тэр. краіны паводле тэр.-вытв. прынцыпу. Агульнае кіраўніцтва грамадзянскай абароны ажыццяўляе Савет Міністраў, непасрэднае — МУС (з 1994; да гэтага сілы грамадзянскай абароны падпарадкоўваліся Мін-ву абароны). Адказнасць за грамадзянскую абарону на месцах нясуць выканкомы Саветаў дэпутатаў, мін-вы, ведамствы, прадпрыемствы і ўстановы, кіраўнікі якіх з’яўляюцца нач. грамадзянскай абароны. Пры іх ствараюцца штабы грамадзянскай абароны, якія штодзённа займаюцца пытаннямі арганізацыі і матэрыяльнага забеспячэння. Штаб грамадзянскай абароны рэспублікі ўзначальвае міністр унутр. спраў.

У сучасных умовах на грамадзянскую абарону краіны ўскладзены наступныя задачы: засцярога насельніцтва ад вынікаў стыхійных і экалагічных бедстваў, буйных аварый і катастроф, прымянення праціўнікам сродкаў паражэння ў ваен. час; каардынацыя дзеянняў органаў кіравання краіны па прагназаванні, папярэджанні і ліквідацыі вынікаў гэтых бедстваў, аварый і катастроф; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ у ходзе ліквідацыі вынікаў надзвычайных сітуацый і ў ачагах паражэння; стварэнне і падтрыманне ў гатоўнасці сістэм кіравання, апавяшчэння, сувязі; арганізацыя назірання і кантролю за радыяцыйным, хім., бактэрыял. становішчам; удзел у ажыццяўленні мер, накіраваных на павышэнне функцыянавання аб’ектаў і галін эканомікі ў экстрэмальных умовах і інш.

У.​В.​Савянок.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБЛІ́ВА АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АБ’Е́КТЫ,

тэрыторыі, акваторыі і аб’екты, цалкам або часткова, пастаянна або часова выключаныя з інтэнсіўнага гасп. выкарыстання (таксама тыя, што знаходзяцца ў карыстанні і валоданні), для якіх заканадаўствам і нарматыўнымі актамі ўстанаўліваецца асаблівы рэжым аховы і выкарыстання.

Тэрыторыі ўтвараюцца з мэтай захавання своеасаблівых эталонаў прыроды, забеспячэння экалагічнай раўнавагі і падтрымкі асяроддзя, прыдатнага для чалавека, жывёл і раслін, вывучэння натуральных і антрапагенных працэсаў у біясферы і кантролю за іх зменамі, аховы прыродных рэсурсаў, каштоўных натуральных і штучных прыродных комплексаў, аб’ектаў і з’яў, генафонду расліннага і жывёльнага свету і інш. Маюць экалагічнае, рэсурса- і аб’ектаахоўнае, навуковае, асветнае, выхаваўчае, культурнае, эстэтычнае, рэкрэацыйнае або гістарычнае (у асобных выпадках) і інш. значэнне. Да іх адносяцца тэр. запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў, некаторых помнікаў прыроды. У сусв. практыцы асн. формай з’яўляюцца нац. і прыродныя паркі, запаведнікі (рэзерваты).

На Беларусі (1995) 79 такіх тэрыторый (у т. л. Бярэзінскі біясферны запаведнік, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, нац. паркі Белавежская пушча і Браслаўскія азёры), 76 заказнікаў і 187 помнікаў прыроды рэсп. значэння. Агульная пл. 794,2 тыс. га (3,8% пл. рэспублікі).

Да аб’ектаў належаць некаторыя помнікі прыроды рэсп. значэння: асобныя рэдкія і векавыя дрэвы і іх групы, валуны, валунна-галечныя кангламераты і іх групы, геал. агаленні, унікальныя формы рэльефу, крыніцы і інш.

На Беларусі гэтыя тэр. і аб’екты маюць міжнар., рэсп. або мясц. значэнне. У адпаведнасці з «Законам Рэспублікі Беларусь аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) ім надаецца статус дзяржаўных. Кіраванне ў галіне арганізацыі, выкарыстання і аховы гэтых тэрыторый і аб’ектаў ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь, выканкомамі мясц. Саветаў дэпутатаў, Мін-вам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органамі на месцах; кантроль — мясцовымі Саветамі дэпутатаў, органамі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш.

З.​Ф.​Мураўёў, Г.​У.​Вынаеў.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)