ружо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які атрымліваецца ад змешвання чырвонай фарбы з белай (пра колер); светла-чырвоны. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. Сонца схавалася, і толькі ружовая палоска на небасхіле нагадвала пра скончаны дзень. Кавалёў.
2. З румяным, здаровым колерам твару (пра чалавека). Ружовы, тугі, як мяч, хлапчук барабаніў ножкамі па начоўках — толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі. Васілевіч. Хто там можа давесці, што .. [дзяўчынка] ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць. Брыль.
3. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы. І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. Лынькоў. З Петрусём усё ехала: радасць, шчасце, ружовыя надзеі. Нікановіч.
•••
Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што гл. глядзець.
У ружовым святле гл. святло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сігна́л, ‑у, м.
1. Умоўны знак (зрокавы або гукавы) для перадачы якога‑н. паведамлення, распараджэння, каманды і пад. Сігнал паветранай трывогі. Сігналы дакладнага часу. Дарожныя сігналы. □ Яфрэйтар стаяў каля акна і нецярпліва чакаў сігналу да адпраўкі эшалона. Мележ. Вечаровую цішыню прарэзалі зазыўныя гукі трубы гарніста — сігнал на новы паход... Каваль. Па сігналу ракеты байцы ўварваліся ў вёску. Краўчанка. // перан. Тое, што з’яўляецца прычынай для якога‑н. дзеяння ў адказ, служыць заклікам да чаго‑н. Забойства Бандароўны паслужыла сігналам для ўзброенага паўстання. Шкраба. Акупанты.. сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за драты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Гэта стала сігналам на масавы выхад. Брыль.
2. перан. Папярэджанне, паведамленне аб чым‑н. непажаданым. Дзімін чакаў яго з неўсвядомленай трывогай — начальства часцей з’яўлялася на завод, калі былі якія сігналы. Карпаў. Сігнал — не жартачкі! Камісія, вядома, прыехала ў саўгас, праверку пачала. Корбан.
3. Спец. Імпульс або група імпульсаў электрамагнітнай энергіі.
[Ням. Signal ад лац. signum— знак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́цце, ‑я, н.
1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.
2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.
3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.
•••
Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпе́р, прысл.
1. Зараз, у гэты момант. — Цяпер [цягнік] паімчыць пад горку.. Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе маладога камандзіра чулася трывога за сваіх, за падрыўнікоў. Лынькоў. — Цяпер улева бярыся, бо там вунь яма, — усміхаецца з берага дзед. Брыль. // На гэты раз. Потым стаў ён нападаць: Гоп аб землю палкай з маху — Людзі ў рогат: «Ха-ха-ха! Ах, каб ты, Хлапец, прапаў: І цяпер вось не папаў». Крапіва. // У час, які ахоплівае нядаўняе мінулае і бліжэйшае будучае; у сучасны момант, які проціпастаўляецца даўнейшым часам. Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за ператварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка. І цяпер мне тая музыка, Як жывая, ўспамінаецца. Колас.
2. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гаворкі: далей. [Пніцкі:] — Добра там.. Апанас Сегень кажа, што пра жніво загадзя трэба падбаць. Цяпер пра сябе. Чаму мяне не ўпісалі ў сталярную брыгаду? Чорны.
•••
Не цяпер, дык у чацвер — у бліжэйшым будучым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Кружок з дрэва, косці, пластмасы (звычайна белага або чорнага колеру), прызначаны для гульні на спецыяльнай дошцы.
2. толькі мн. (ша́шкі, ‑шак). Гульня па пэўных правілах на дошцы з 64, 100, 144 светлых і цёмных клетак кружкамі адпаведнага колеру паміж двума праціўнікамі. Клопікаў пасля вячэры іграў у шашкі са сваім старым дружбаком. Лынькоў.
3. Разм. Пра тое, што мае форму, узор клетак. Рысунак у дробную шашку.
4. Кубік спрасаванага выбуховага рэчыва. Піраксілінавая шашка. Дымавая шашка. □ Падрыўнікі заклалі шашкі, па камандзе падпалілі кароткія бікфордавыя шнуры і адбегліся ў адхон. Краўчанка.
ша́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Халодная зброя ў выглядзе доўгага, злёгку сагнутага клінка (у адрозненне ад шаблі мае не металічныя, а скураныя ножны). Закашляўся Максім, кракнуў, бы гусь, стараста, а ўраднік паправіў ля боку шашку ды разгладзіў далоняй вусы. Каваль.
[Ад кабард. sešxo.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
варо́ты, ‑аў; адз. няма.
1. Шырокі праезд у сцяне, плоце, які закрываецца створкамі або закладваецца жардзінамі. У варотах мільганулася жаночая постаць з вёдрамі. Колас. Гумно на двое варот — не гумно, а гмах. Чарнышэвіч. // Створкі, якімі закрываецца такі праезд. Вароты ў двор ужо былі насцеж адчынены. Краўчанка. Падышлі [браты] да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Якімовіч.
2. У спартыўных гульнях — строга акрэсленая і вылучаная частка прасторы на полі, якая абараняецца кожнай камандай. Футбольныя вароты. □ Пачалася гульня. Мы перадавалі мяч адзін аднаму, потым білі па варотах. Васілёнак. // Вузкі праход паміж скаламі (на моры, у гарах). Царскія вароты. Байдарскія вароты.
3. перан. Пункт, праз які ажыццяўляецца інтэнсіўная сувязь з навакольныя светам. Марскія вароты. □ Брэсцкі вакзал вобразна называюць варотамі нашай Радзімы. «Звязда».
4. Спец. Месца ўваходу ў які‑н. орган ці выхаду з яго крывяносных і лімфатычных сасудаў. Вароты печані.
•••
Ад варот паварот гл. паварот.
Вароты пірагамі падпёрты дзе, у каго — пра багатае прывабнае месца.
Не лезці ні ў якія вароты гл. лезці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вунь, часціца.
1. указальная. Ужываецца для ўдакладнення месца ці месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Вунь там, каля тых дубоў. Вунь дзе ён вынырнуў. А вунь, што гэта за дрэва? □ Вунь дзе ён, наш «саманны завод», каля самай дарогі, у глінішчах. Брыль.
2. вылучальная. Вылучае або падкрэслівае значэнне таго ці іншага слова ў сказе. Глядзі, вочы вунь у іх зусім зліпаюцца. Вунь і нядаўна іх бачылі на вуліцы. □ І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за елкі? Колас. [Тэкля:] — На дварэ ўжо восень, лісты вунь асыпаюцца. Краўчанка.
3. узмацняльная. У спалучэнні з займеннікамі ўказвае на меру або ступень якасці чаго‑н. Вунь глядзіце, колькі каменняў выбралі. Бядуля. [Дзямід:] — Вунь след які глыбокі ды шырокі. В. Вольскі.
4. у знач. прысл. У тым месцы, не тут. Вунь відаць вёска. □ Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, не тое!.. Адвярнула!.. Гэта шышка на сасонцы. Купала.
•••
Вунь (яно) што! Вунь (яно) як! — вокліч для выказу здзіўлення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пага́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Мярзотны, подлы. Паганы чалавек. □ Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая здрадніцкая місія, скончана. Колас. Партызаны .. вартавалі вёску ад паганых гасцей. Чорны. // Дрэнны, нядобры. Паганае надвор’е. □ Айцец Кірыл адмовіўся застацца выпіць чаю на дарогу, бо дзень кароткі, а дарога паганая. Колас. / Пра характар, звычкі, душэўны стан і пад. Паганы настрой. Паганы характар.
2. Прызначаны для смецця, нечыстот; брудны. Паганае вядро.
3. Які нельга есці, ядавіты. Паганы грыб.
4. Злы, куслівы (пра сабаку). [Мужык:] — Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся. Якімовіч.
5. Уст. Нехрысціянскі, язычніцкі. Паганыя ідалы. // Забаронены рэлігіяй. Паганая ежа. □ — Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень сварку. Чарот.
6. Разм. Не варты ўвагі. І зусім незразумела, навошта было падымаць такі шум з-за гэтай паганай двойкі? Краўчанка.
7. у знач. наз. паганя́е, ‑ага, н. Што‑н. дрэннае, нядобрае. Васіль увесь сціснуўся, насцярожыўся, чакаючы самага паганага. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. каго-што. Пачаць каціць, прымусіць каціцца (пераважна што‑н. круглае). Раптам свавольнік-вецер сарваў з галавы хлопчыка шапку і пакаціў яе, як мячык, па полі, у бок ад дарогі. Сіняўскі. // Пачаць рухаць, везці што‑н. на колах. Айцец Сабольскі падняў веласіпед з дарогі і пакаціў яго ў руках, чапляючыся нагамі за пні. Пташнікаў. Артылерысты палявых батарэй пакацілі наперад гарматы. Мележ.
2. Разм. Пачаць перамяшчацца (аб транспартных сродках). Неўзабаве.. [прышэльцы] выйшлі — завуркатаў на вуліцы матор, і легкавік ціха, як бы нехаця, пакаціў да станцыі. Вышынскі. // Паехаць, адправіцца куды‑н. [Ірына] пашыла з паўтузіна новых шаўковых халатаў і пакаціла ў Сачы. Краўчанка.
3. што. Перамяшчаць сілай цячэння. Рака Сасна дажджэцца той пары, Што зноў пакоціць хвалі праз бары. Астрэйка.
4. каго-што. Разм. Паваліць, прымусіць упасці. Вася падхапіўся з зямлі. Пачырванелы, сярдзіты. — Давай яшчэ раз!.. Мы схапіліся зноў. Тузаліся, тузаліся, і я зноў пакаціў яго. Рунец.
•••
Хоць шаром пакаці — пуста, нічога няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Значок аплаты паштовых і некаторых іншых збораў звычайна ў выглядзе чатырохвугольнай паперкі з абазначэннем цаны і якім‑н. рысункам. Гербавая марка. □ — Казімір! — хапіла яго за руку Ірынка. — Асцярожней! Ты ж не забывай, што я збіраю калекцыю паштовых марак. Краўчанка.
2. Знак, кляймо на тавары з абазначэннем горада, прадпрыемства, дзе вырабляўся тавар, яго якасць і інш. Фабрычная марка. □ І ў зарніцах аўтагеннай зваркі, Здаецца, бачым: з брамы завадской Аўтамабілі беларускай маркі Выходзяць на прастор зямлі маёй. Панчанка.
3. Гатунак, тып вырабу, тавару. Марка цэменту. Марка віна. □ Многія нават па гулу матора, пачутаму здалёк, пазнаюць ларку машыны. Дуброўскі.
4. Грашовая адзінка ў некаторых краінах. Задзівіўся дужа дзед, калі пакуп[нік] пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. Колас.
•••
Пад маркай чаго — пад выглядам.
Трымаць (вытрымліваць) марку гл. трымаць.
ма́рка 2, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Гіст.
1. Пагранічная вобласць з ваенным упраўлення ў раннефеадальнай Франкскай дзяржаве і ў сярэдневяковай Германіі.
2. Сялянская абшчына ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе.
[Ням. Mark — мяжа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)