ГА́РПЕ (Васіль Іванавіч) (1765, Эстонія — 3.3.1814),

расійскі ваенны дзеяч. Ген.-м. (1812). На ваен. службе з 1781. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, польскіх кампаній 1792 і 1794, рус.-аўстра-франц. 1805, рус.-тур. 1806—12 і рус.-швед. 1808—09 войнаў. У вайну 1812 камандзір 1-й брыгады 14-й пях. дывізіі 1-га корпуса П.Х.Вітгенштэйна. Удзельнік Клясціцкага бою 1812, баёў каля Полацка (жн. і кастр.) і інш. Найб. вызначыўся ў баях 7.11.1812 пры вызваленні Віцебска ад французаў (гл. Віцебскія баі 1812) і 27.11.1812 пад Барысавам, дзе была захоплена ў палон франц. дывізія разам з камандзірам. У 1813 удзельнічаў у замежных паходах рус. арміі ў Германіі. У Лейпцыгскай бітве 16—19.10.1813 цяжка паранены, у выніку чаго пазней памёр.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ (Данііл Васілевіч) (16.12.1902, в. Радзеўцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1989),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1957). Скончыў Вышэйшую пагранічную школу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937), Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1952). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943: нач. штаба, камандзір дывізіі. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі і Польшчы, баёў у Германіі. У час Беларускай аперацыі 1944 дывізія пад яго камандаваннем прарвала абарону праціўніка на ПнУ ад Рагачова, фарсіравала р. Друць, Дабасну, Алу і разам з інш. злучэннямі штурмам авалодала Бабруйскам; у вер. 1944 у час прарыву варожай абароны фарсіравала р. Нараў (Польшча) захапіла плацдарм і адбіла 7 контратак. Да 1959 у пагранічных войсках.

Д.В.Казакевіч.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЗЕР (Якаў Рыгоравіч) (4.11.1905, г. Варонеж, Расія —29.11.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1941), ген. арміі (1962). Скончыў паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр., 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, Ленінградскім франтах: камандзір дывізіі, нам. камандуючага, камандуючы арміямі. У ліп. 1941 у абарончых баях за Барысаў і Оршу 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія на чале з К. затрымала на 2 сутак наступленне праціўніка на р. Бярэзіна, на некалькі сутак — у напрамку р. Дняпро. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, узначальваў курсы «Выстрап». Дэп. Вярх. Савета СССР у 1962—66.

Я.Р.Крэйзер.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕР (Сямён Давыдавіч) (10.2.1900, г. Гомель — 1.11.1991),

генерал-маёр танк. войск (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камуніст. ін-т імя Свярдлова (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). З снеж. 1917 у Гомельскім чырвонагв. ат радзе, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У 1937—42 у замежнай камандзіроўцы. З 1942 нач. ф-та Ваен. ін-та замежных моў. З ліп. 1943 на Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 3-м Бел., 1-м Прыбалтыйскім франтах: камандзір механізаванай брыгады, нам. камандзіра механізаванага корпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Паўн.-Зах. Кітая. Вызначыўся ў баях за г. Шаўляй (Літва) і Елгава (Латвія). Да 1956 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна.

С.Д.Крэмер.

т. 8, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБА́САЎ (Валерый Мікалаевіч) (н. 7.1.1935, г. Вязнікі Уладзімірскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1975). Лётчык-касманаўт СССР (1969), Герой Венгрыі (1980). Канд. тэхн. н. (1968). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1958). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 11—16.10.1969 з Г.​С.​Шоніным здзейсніў палёт (як бортінжынер) на касм. караблі (КК) «Саюз-6»; 15—21.7.1975 з А.А.Лявонавым — палёт (як бортінжынер) на КК «Саюз-19» (па праграме ЭПАС); 26.5—3.6.1980 з Б.Фаркашам (Венгрыя) — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-36» і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж В.В.Румін, Л.І.Папоў), вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-35». Агульная працягласць палётаў 18,75 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР, залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛАВЕ́Ц (Міхаіл Паўлавіч) (25.10.1914, в. Скрыгалаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 6.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў БДУ (1937), курсы мал. лейтэнантаў пры Харкаўскім танк. вучылішчы (1941). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір танк. батальёна капітан К. вызначыўся ў студз. 1944 у баі за ст. Лялекаўка каля Кіраваграда, калі батальён пад яго камандаваннем за дзень адбіў 6 контратак, і ў час прарыву абароны праціўніка на румына-венг. граніцы 5.10.1944, калі батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Яго імем названы вуліцы ў Мазыры, Ціраспалі, в. Лешня, 8-гадовая школа ў в. Лешня, дзе ён вучыўся.

М.П.Катлавец.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lee) Роберт Эдуард) (19 1.1807, Стратфард, штат Віргінія, ЗША — 12.10.1870),

ваенны дзеяч ЗША. Генерал-маёр (1861). Скончыў ваен. акадэмію ва Уэст-Пойнце (1829), у 1852—55 узначальваў яе. Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. З 1855 камандзір коннага палка ў штаце Тэхас. У 1859 кіраваў задушэннем паўстання Дж.Браўна У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 камандаваў узбр. сіламі штата Віргінія, потым галоўнакамандуючы арміяй паўд. (канфедэратыўных) штатаў. Атрымаў шэраг перамог, паказаў сябе таленавітым арганізатарам і палкаводцам, але ў 1863 страціў ваен. ініцыятыву, капітуляваў у 1865. З кастр. 1865 прэзідэнт каледжа імя Дж.​Вашынгтона ў г. Лексінгтан. Маёнтак Л. ў Арлінгтане (каля г. Вашынгтон) ператвораны ў нац. брацкія могілкі.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКА-ШЧАКАТАЎСКА́Я АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

баі партыз. атрадаў імя Кірава (камандзір У.​П.​Яромаў), Мазырскага (А.​Л.​Жыльскі), укр. партыз. злучэння А.​М.​Сабурава, асобнага атрада імя В.​Бажэнкі (М.​А.​Рудзіч) па разгроме ням.-фаш. гарнізонаў у г.п. Нароўля, вёсках Шчакатава і Слабада Мазырскага р-на ў ноч на 30.8.1943 у Вял. Айч. вайну. Нараўлянскі гарнізон (каля 130 гітлераўцаў) быў умацаваны бліндажамі і дзотамі, узброены 10 кулямётамі і 3 мінамётамі і інш. Партызаны атрадаў імя Кірава і імя Бажэнкі перакрылі дарогу на Нароўлю, захапілі мост цераз р. Нараўлянка, акружылі і да раніцы знішчылі гарнізон. Партызаны Мазырскага атрада і злучэння Сабурава атакавалі гарнізоны ў вёсках Шчакатава і Слабада і за гадзіну бою знішчылі гэтыя гарнізоны.

У.​С.​Пасэ.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВА́ЛА-ШВЯЙКО́ЎСКІ (Іван Сямёнавіч) (кастр. 1787—22.5.1845),

дзекабрыст. З дваран Смаленскай губ. Вучыўся ў Маск. універсітэцкім пансіёне. З 1801 на вайск. службе, палкоўнік (1825). Удзельнік кампаніі 1805—07 супраць Францыі, рус.-тур. вайны 1806—12, вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. З жн. 1825 камандзір Смаленскага пях. палка. Служыў у Бабруйску, дзе ў 1823 уступіў у Паўд. т-ва. Ажыццяўляў сувязі з Паўн. і Польскім патрыят. т-вамі. З С.​І.​Мураўёвым-Апосталам і М.​П.​Бястужавым-Руміным распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Прыхільнік царазабойства, аднак у час паўстання Чарнігаўскага палка (снеж. 1825) адмовіўся прыняць у ім удзел. Засуджаны па справе дзекабрыстаў да 20 гадоў катаргі 22.8.1826, 10.7.1839 вызвалены і адпраўлены на пасяленне ў Табольскую губ.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Леанід Іванавіч) (н. 31.8.1945, г. Александрыя Кіраваградскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1981), лётчык-касманаўт СССР (1980). Палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1968), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1976). З 1970 у атрадзе касманаўтаў. Здзейсніў (як камандзір экіпажаў) палёты: 9.4—11.10.1980 з В.В.Руміным на касмічным караблі (КК) «Саюз-35» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (пасадка на КК «Саюз-37»), 14—22.5.1981 з Д.Прунарыу на КК «Саюз-40» і АС «Салют-6», 19—27.8.1982 з А.А.Серабровым і С.Я.Савіцкай на КК «Саюз Т-7» і АС «Салют—7» (пасадка на КК «Саюз Т-5»). У космасе правёў 200,6 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)