запо́р 1, ‑а, м.
Прыстасаванне, якое служыць для запірання дзвярэй, варот і пад. Жалезны запор. Аўтаматычны запар. □ Неўзабаве заляскаталі запоры дзвярэй і ў пустаце форткі паказаўся злы твар. Машара. Мінаў.. [Амелька] толькі двары з моцнымі дубовымі варотамі, з цяжкімі жалезнымі запорамі. Краўчанка. Аднойчы, седзячы на ганку, Паўлік заўважыў, што дзверы ў хляўчук адчынены. Дагэтуль яны заўсёды былі на запоры. Беразняк.
запо́р 2, ‑у, м.
Працяглая затрымка стулу або сістэматычнае няпоўнае апаражненне кішэчніка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
машы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да машына (у 1 знач.). Швейная машынка.
2. Невялікая прылада для якой‑н. работы. Машынка для набівання папярос. □ У школе ёсць машынка. На школьным двары ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў. Колас. // Разм. Тое, што і пішучая машынка. У прыемнай кабінета дробненька стукала машынка. Кулакоўскі.
•••
Пішучая машынка — механізм з клавішамі-літарамі для ручнога друкавання тэксту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахо́дня, ‑і, ж.
Уст. Пераносная свяцільня ў выглядзе ліхтара на доўгай палцы або наматанага на канец палкі прасмоленага пакулля; факел. На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Караткевіч. Людзі распалілі вогнішчы, бегалі вакол іх з паходнямі, шумелі, крычалі, стралялі ў паветра, пускалі ў вячэрняе неба ракеты, каб напалохаць іх [зуброў] і разагнаць, але ўсё было дарэмна. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уту́лак, ‑лку, м.
Абл. Добраўпарадкаванасць жылля, быту; утульнасць. Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі — хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах — пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Быкаў. Венскія крэслы ад сцяны.. былі перастаўлены да стала. І адразу пакой набыў нейкі адметны выгляд і ўтулак, ён як бы пашырэў, параскашнеў. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шархо́ткі 1, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які ўтварае шорхат, шуміць, шапаціць. Вецер .. гнаў цераз чыгунку ў шэрую далеч шархоткія статкі лісцяў. Быкаў. Дым імпэтна, нібы хто цягне яго, узвіваецца над гнуткімі шархоткімі лазнякамі і знікае бясследна ў блізкай зусім цемры. Савіцкі.
шархо́ткі 2, ‑так; адз. шархотка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Абл. Бомы, шамкі. Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх. — Маладыя прыехалі!.. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАРО́НЬКІ,
вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад Касцюковічаў, 185 ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Бялынкавічы. 523 ж., 204 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
У 19 ст. вёска ў Клімавіцкім пав. Працавала царкоўнапрыходская школа, з 1909 — нар. вучылішча. З крас. 1919 Баронькі ў Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 у Бялынкавіцкім раёне, з 20.8.1924 цэнтр сельсавета. З 4.8.1927 у Касцюковіцкім раёне. У жн. 1941—вер. 1943 вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 было 627 ж., 180 двароў.
т. 2, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГІНА,
вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.
т. 3, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́КСІНІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Запаветы Ільіча». За 22 км на У ад г. Сянно, 46 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Багушэўская. 448 ж., 183 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1512. Належала да маёнтка Палонна ў Віцебскай зямлі. У розны час Алексінічамі валодалі Пацы, Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Сапегі, Друцкія-Любецкія, Стаброўскія і інш. У пач. 20 ст. вёска (сяло) у Пустынскай вол. Сенненскага пав.; 836 ж., 137 дамоў, правасл. царква. З 1924 цэнтр сельсавета.
т. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́ЛЬСК,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса «Пагранічны». За 24 км на Пд ад Гродна, 9 км ад шашы Гродна—Ваўкавыск. 837 ж., 283 двары (1994).
Вядома як мястэчка з 15 ст. З 1690 вёска ў Трокскім ваяв., належала Гродзенскай эканоміі. З 1808 заштатны горад Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ. Жыхары займаліся вырабам тканін, сельскай гаспадаркай, гандлем. У 1897 у Адэльску 1462 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска. З 1939 у БССР, з 1940 у Гродзенскім р-не.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Касцёл Ушэсця — помнік нар. дойлідства (1-я пал. 18 ст.).
т. 1, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ НУВА́С (паміж 747 і 762, г. Ахваз, Іран — паміж 813—815),
арабскі паэт. Жыў пры двары абасідскіх халіфаў у Багдадзе. Адзін з герояў кн. «Тысяча і адна ноч». Пісаў хвалебныя прыдворныя касыды, пародыі на традыц. жанры араб. паэзіі і багаслоўскія хадысы. Праціўнік бедуінскага «псеўдакласіцызму», распрацоўваў новыя тэмы і сюжэты (гарадское жыццё, забароненае ісламам віно, паляванне і інш.). Аўтар лірычных імправізацый, што апяваюць каханне і пачуццёвыя ўцехі (цыкл «Хамрыят»), богазневажальных і прасякнутых духам аскетызму вершаў (цыкл «Зухдзіят»), сатыраў, пяшчотных вытанчаных песень, прысвечаных нявольніцы Джынане. У яго вершах сустракаюцца імёны іранскіх гіст. і фальклорных герояў, апісанне звычаяў і традыцый зараастрызму.
Літ.:
Шидфар Б.Я. Абу Нувас. М., 1978.
т. 1, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)