ПУНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙНЫ (264—146 да н.э., з перапынкамі; назва ад пунійцаў),

войны паміж Стараж. Рымам і Карфагенам за панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Выгаднае месцазнаходжанне Карфагена спрыяла яго хуткаму эканам. развіццю і ператварэнню ў магутную краіну, якая падначаліла зах. ўзбярэжжа Паўн. Афрыкі і большасць Сіцыліі, мела ўплыў на Пірэнейскім п-ве, на Корсіцы і Сардзініі. Рым да 265 да н.э. заваяваў усю Італію і стварыў адзіную дзяржаву — рымска-італійскую канфедэрацыю. Ён не прызнаваў гегемоніі Карфагена ў Зах. Міжземнамор’і і імкнуўся завалодаць багатай Сіцыліяй. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся ў 3 П.в., якія былі з абодвух бакоў захопніцкімі.

1-я Пунічная вайна (264—241 да н.э.) вялася за Сіцылію. Рымляне мелі моцную толькі сухапутную армію. Вымушаныя ваяваць на моры, яны стварылі ваен. флот, які перамог у бітвах пры Мілах (260), мысе Экном (256) і пры Эгадскіх а-вах (241). Паводле мірнага дагавора ўладанні Карфагена ў Сіцыліі і а-вы паміж Сіцыліяй і Італіяй перайшлі да Рыма. У 237 Рым захапіў а-вы Корсіку і Сардзінію. Карфаген хутка аднавіў эканам. і ваен. магутнасць і нават кампенсаваў страчаныя ўладанні захопам значнай тэр. на Пірэнейскім п-ве, якія ператварыў у плацдарм для наступлення на Рым.

2-я Пунічная вайна (218—201 да н.э.) пачалася з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам г. Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2.8.216 пры Канах адбылася бітва, у якой рым. армія была акружана і знішчана (гл. ў арт. Каны). Каб працягваць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г. Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыю. страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе ісп. ўладанні перайшлі да Рыма.

У час 3-й Пунічнай вайны (149—146 да н.э.) ваенныя дзеянні вяліся на тэр. Карфагена. Рым. саюзнік нумідыйскі цар Масініса сваімі дзеяннямі вымусіў карфагенян узяцца за зброю. Гэта дало падставу рым. сенату для вайны за канчатковае знішчэнне Карфагена. Пасля трохгадовай аблогі рым. армія ўварвалася ў горад, разбурыла яго, а насельніцтва ператварыла ў рабоў. Ч. карфагенскай тэр. рымляне перадалі Нумідыі за дапамогу ў вайне. Астатняя тэр. ператворана ў рым. правінцыю Афрыка. Ў выніку П.в. Рым стаў магутнай рабаўладальніцкай дзяржавай у 3 частках свету: Еўропе, Афрыцы і Азіі.

Літ.:

Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;

Яго ж. Войны Рима с Карфагеном: основные тенденции и направления историогр. Мн., 2000;

Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д., 1997.

К.​А.​Рэвяка.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НТРАПЫ (ад грэч. archaios старажытны + anthrōpos чалавек),

адна са стадый эвалюцыі чалавека; выкапнёвыя людзі, якія ў раннім плейстацэне прыйшлі на змену чалавеку ўмеламу (Homo habilis). Усіх архантрапаў аб’ядноўваюць у адзін від — чалавек прамахадзячы (Homo erectus). Шматлікія знаходкі яго рэшткаў даюць магчымасць датаваць перыяд існавання гэтага віду тэрмінам ад 1,6 млн. да 360 тыс. гадоў назад, калі архантрапы былі адзінымі прадстаўнікамі роду чалавечага, якія ў часе адносна мала мяняліся. У параўнанні са сваім папярэднікам (чалавекам умелым) архантрапы характарызуюцца павелічэннем памераў цела, буйным абліччам і зубамі. Ад сучасных людзей адрозніваліся больш прымітыўнай будовай чэрапа (нізкае скляпенне са сплюшчваннем патылічнага аддзела, выступанне сківіц), адсутнасцю падбародачнага выступу ніжняй сківіцы, моцна развітымі надброўямі. Найб. стараж. касцявыя рэшткі (1,6 млн. гадоў) архантрапы знойдзены ў Афрыцы (Кенія). Шматлікія, але менш старажытныя (ад 900 да 500—400 тыс. гадоў назад) рэшткі архантрапаў выяўлены на Б. Усходзе і ў Кітаі (сінантрапы), на в-ве Ява (яванскі пітэкантрап, маджакерскі чалавек; гл. Пітэкантрапы), на тэр. Еўропы стаянкі архантрапаў у Германіі (гейдэльбергскі чалавек), Венгрыі (паселішча Верцешсёлёш), Чэхіі (Пржэзлеціцэ), Грэцыі (Петралона) і інш. Больш за 100 стаянак архантрапаў без касцявых рэшткаў адкрыта на тэр. Сярэдняй Азіі, Каўказа, Прыазоўя, Закарпацця, Алтая, Малдовы і інш. Па меры асваення новых жыццёвых арэалаў у выніку прыстасавання да новых умоў асяроддзя адбываліся змены морфатыпаў архантрапаў (узнікненне расавых адрозненняў). Архантрапы выраблялі каменныя прылады ашэльскага тыпу. Далейшая эвалюцыя архантрапаў прывяла да ўзнікнення палеантрапаў і чалавека разумнага (Homo sapiens).

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУРО́К (Cucumis),

род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал. ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс. г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.

Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш. Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.

Літ.:

Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;

Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.

Агурок.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.

1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СТА (Brassica),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.

К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 м выш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 см даўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.

Літ.:

Чулкова Е.И., Переднев В.П., Городилов Н.А. Капуста. Мн., 1973;

Советы огородникам. 2 изд., Мн., 1989.

У.​П.​Пярэднеў.

Капуста: 1 — кармавая; 2 — пекінская; 3 — кальрабі; 4 — брусельская; 5 — белакачанная; 6 — цвятная; 7 — чырвонакачанная.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЕВЫЯ (Equidae),

коні, сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́ЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна горнай прам-сці па здабычы і апрацоўцы алмазаў, а таксама вытв-сці сінт. алмазаў.

Апрацоўка алмазаў існуе са старажытнасці. Алмазы былі вядомы ў Індыі з 8—7 ст. да н.э. У пач. 18 ст. яны знойдзены ў Бразіліі, у 1829 — у Расіі (на Урале), у 1866 — у Паўд. Афрыцы. З канца 19 — пач. 20 ст. Афрыка стала асн. алмазаздабыўным рэгіёнам свету. З 1955 пачалася прамысл. здабыча алмазаў у Якуціі. Аульныя запасы алмазнай сыравіны ацэньваюцца больш як у 2 млрд. каратаў (І кар — 200 мг), найб. ў Заіры, ПАР, Батсване, Анголе, Гане, Намібіі, Аўстраліі.

Па здабычы ювелірных алмазаў 1-е месца ў свеце займае Афрыка, каля палавіны тэхн. алмазаў здабываецца ў Аўстраліі. Асн. вытворцы ювелірных алмазаў — Паўд. Афрыка, Батсвана, Расія, Намібія і Ангола. Каля 80% сусв. здабычы алмазаў кантралюе найбуйнейшая ў галіне кампанія «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс». Збыт прыродных алмазаў на сусв. рынку ажыццяўляе манапаліст — Алмазны сіндыкат. Каля 100% ювелірнай сыравіны, якая паступае на рынак, перапрацоўваецца ў брыльянты. Ювелірныя алмазы апрацоўваюцца пераважна ў Амстэрдаме, Тэль-Авіве, Бамбеі, Нью-Йорку. Сінтэтычныя алмазы (памеры 0,01—1,2 мм) вырабляюць Расія і некат. краіны Усх. Еўропы, амер. кампанія «Джэнерал электрык», прадпрыемствы кампаніі «Дэ Бірс», у ПАР, Ірландыі і Швецыі, а таксама японскія, герм. і інш. фірмы. Сучасная штогадовая вытв-сць сінт. алмазаў ацэньваецца ў 150 млн. кар; за іх кошт на 75% забяспечваецца выраб алмазнага інструменту. На Беларусі арг-цыямі ВА «Беларусьгеалогія» вядзецца пошук алмазаў. У 1980—90 выяўлены алмазаносныя кімберліт-лампраітавыя пароды на ПдУ рэспублікі. Знойдзены 3 крышталі алмазаў. На прывазной сыравіне наладжана апрацоўка алмазаў у Гомелі (прадпрыемства «Крышталь»).

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,

баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.​Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;

Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх пераважаюць пустыні. Распасціраюцца ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, субтрапічных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў Зямлі. Асобна вылучаецца арктычных пустыняў зона. Агульная плошча пустынь складае 31,4 млн. км² (каля 22% сушы Зямлі).

П.з. ўмеранага пояса займаюць участкі ў Паўн Амерыцы ў міжгорных катлавінах нагор’я Вял. Басейн на Пн ад 38—40° паўн. ш., у Еўразіі — паўд. ч. Прыкаспійскай нізіны, плато Усцюрт, ч. Туранскай нізіны, Казахскага драбнасопачніка, паўн. ч. тэр., прылеглай да Куньлуня і Наньшаня, Джунгарскую катлавіну і катлавіну Вял. Азёр у Манголіі (шыр. зоны да 700—800 км). Арэал іх распасцірання перарваны горнымі сістэмамі Цянь-Шаня і Джунгарскага Алатау. Большая ч. зоны прадстаўлена пясчанымі пустынямі. Паміж Каспійскім і Аральскім морамі, на плато Усцюрт — друзаватая гіпсаваная, у межах Тургайскага плато — гліністая, у зах. ч. Прыбалхашша — глініста-камяністая пустыні. Клімат кантынент., з гарачым летам і халоднай марознай зімой. Сярэднія т-ры ліп. 22—32 °C, макс. да 50 °C, студз. ад -7 да -15 °C, мінім. да -48 °C. Гадавая сума ападкаў 100—200 мм, у асобных месцах Сярэдняй Азіі — да 10 мм. Паверхня П.з. атрымлівае сонечнай радыяцыі 500—630 кДж/см² (120—150 ккал/см²) за год. П.з. субтрапічных паясоў распасціраюцца на Пн Афрыкі, уздоўж паўд. ўзбярэжжа Міжземнага м.; у Азіі — асобнымі арэаламі на Пд Сярэдняй Азіі (на Пд ад 40° паўн. ш.), унутры Іранскага нагор’я, уключаны плямамі ў паўпустыні на Пн Сірыі і Ірака, ахопліваюць высакагорныя халодныя пустыні Усх. Паміра і Тыбета; у Паўн. Амерыцы займаюць паўд. ч. Вял. Басейна, пустыню Махаве, паўн. ч. Мексіканскага нагор’я; у Аўстраліі — паўд. раёны мацерыка; у Паўд. Афрыцы пашыраны на плато і ў міжгорных упадзінах Вял. Кару, у Паўд. Амерыцы прымеркаваны да ўсх. схілаў і падножжаў Анд, дзе чаргуюцца з паўпустынямі. Клімат П.з. рэзка засушлівы, з гарачым летам і халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры самага халоднага месяца рэдка бываюць ніжэй за 0 °C, а самага цёплага — ніжэй за 20—25 °C. У Паўн. Амерыцы (Даліна Смерці), у адным з самых гарачых месц на Зямлі, т-ра паветра дасягае 56,7 °C. Высакагорныя пустыні Паміра і Тыбета маюць халодны кантынент. клімат. Сярэднія т-ры летам 10—15 °C, зімой ад -15 да -20 °C. Гадавая сума ападкаў 50—200 мм. Выпаральнасць 1500—2000 мм. Сумарная сонечная радыяцыя складае 670—750 кДж/см² (160—180 ккал/см²) за год. П.з. трапічных паясоў размешчаны ва ўнутраных раёнах і зах. (прыакіянічных) сектарах амаль усіх мацерыкоў. Найб. плошчы займаюць у Афрыцы (пустыні Сахара, Калахары, Наміб), у Азіі (пустыні Аравійскага п-ва і пустынныя раёны ў Індыі і Пакістане), у Аўстраліі (Вял. Пясчаная пустыня і Вял. пустыня Вікторыя). У Паўн. і Паўд. Амерыцы П.з. выцягнуты ўздоўж зах. ускраін (Каліфарнійскі п-аў, Мексіканскае нагор’е, схілы Анд). Клімат засушлівы, з мяккай цёплай зімой (сярэднія т-ры студз. 20—25 °C). Ваганні тэмператур ад -3—5 °C да 50—60 °C, паверхня глебы можа награвацца да 90 °C. Ападкаў выпадае 50—100 мм за год, у асобных раёнах ападкі не выпадаюць на працягу некалькіх гадоў. У пустынях прыакіянскіх сектараў ападкаў больш за 100 мм за год. Выключнай сухасцю вызначаюцца прыакіянскія пустыні Наміб і Атакама. Воблачнасць амаль адсутнічае. Сонечная радыяцыя пустынь трапічных паясоў дасягае найб. значэнняў на Зямлі — 750—920 кДж/см² (180—220 ккал/см²) за год. Пустынныя землі выкарыстоўваюцца шляхам развіцця аазіснага земляробства, арашэння, качавой жывёлагадоўлі. Глебы, расліннасць і жывёльны свет гл. ў арт. Пустыня.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),

атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.

Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.

Вераб’інападобныя: 1 — жаваранак чубаты; 2 — жулан; 3 — валасянка ястрабіная; 4 — івалга звычайная; 5 — сойка; 6 — мухалоўка малая; 7 — саракуш шэры; 8 — чарацянка; 9 — сініца даўгахвостая; 10 — канаплянка.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)