ДАВІТАШВІ́ЛІ Георгій Міхайлавіч (27.2.1893, Баку — 4.7.1966),
грузінскі акцёр. Нар. арт. Грузіі (1934). Вучыўся ў школе сцэн. мастацтва ў Пецярбургу (1913—15). У 1915 выступаў у т-рах Таганрога, Уладзікаўказа, Баку, Батумі, з 1920 у драм. т-ры ў Тбілісі (цяпер Груз. т-р імя Ш.Руставелі). Яго творчасць вызначалася вял. сцэн. культурай, мяккай, высакароднай манерай выканання, рамантычнай узнёсласцю. Сярод роляў: Міндзія («Ламара» паводле Важы Пшавелы), Гелахсан («Тэтнульд» Ш.Дадыяні), Гарсія Лорка («Алькасар» Г.Мдывані), Гадуноў («Вялікі гасудар» У.Салаўёва), Захар Бардзін («Ворагі» М.Горкага), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 5, с. 563
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУТО́ВІЧ Барыс Нічыпаравіч (н. 1.8.1921, Масква),
рускі рэжысёр. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1951), дзе і выкладаў да 1958. Працаваў у т-рах Расіі. У 1958—63 на Беларусі: гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1958—60) і Бел. рэсп. т-ра юнага гледача (1962—63). Пастаноўкам Д. ўласціва яркая тэатр. форма, вобразна-асацыятыўная сцэн. мова, інтэлектуальнасць: «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Чырвоныя чарцяняты» П.Бляхіна, А.Палявога і А.Талбузіна (1961), «Клоп» У Маякоўскага (1962), «Бітва ў космасе» М.Гамолкі (1963). Аўтар кніг «Акцёр і роля: Некаторыя рэжысёрскія ўрокі Ю.А.Завадскага» (1983), «Загадкі малой драматургіі» (1989).
т. 6, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛМА́ТАЎ (сапр. Лучыч Васіль Панцеляймонавіч; 1852, вобл. Далмацыя, Югаславія — 27.2.1912),
рускі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у Адэсе. У 1873—76 у Маск. агульнадаступным т-ры, у 1880—84 у маскоўскіх т-рах Пушкінскім і Ф.Корша, у 1884—94 і з 1901 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Яго мастацтва вызначалася высокай культурай, філіграннай дакладнасцю, уменнем ствараць тыповыя вобразы. Сярод роляў: Гамлет, Макбет, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Агішын («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага і М.Салаўёва), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Ракіцін, граф Любін («Месяц у вёсцы», «Правінцыялка» І.Тургенева). Аўтар п’ес, фельетонаў, апавяданняў і аповесцей з тэатр. жыцця.
т. 6, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́Ў Яўген Іванавіч (н. 15.2.1941, г. Екацярынбург, Расія),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). У 1961—67 працаваў у т-рах Казані, Свярдлоўска, Бранска. З 1967 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца роляў героіка-рамантычных, характарных і лірычных.
Творчая манера адметная спалучэннем мяккага лірызму з адчуваннем драматызму чалавечага лёсу. Сярод лепшых роляў: Башлыкоў («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), князь Уладзімір («Гора і слава» А.Петрашкевіча), Васіль («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Павел, Сяргей («Грэшнае каханне», «Амазонкі» А.Дзялендзіка), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Дон Хуан («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), Фіеска («Змова Фіеска ў Генуі» Ф.Шылера), Бусыгін («Спатканне ў прадмесці» А.Вампілава).
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МТМАН-БРЫ́ЕДЫТ (Amtmanis-Brieditis, сапр. Амтманіс) Альфрэд Фрыцавіч (5.8.1885, сядзіба Званітаю Букас, Латвія — 15.5.1966), латышскі акцёр, рэжысёр, педагог; адзін з буйнейшых майстроў рэаліст. акцёрскага мастацтва Латвіі. Нар. арт. СССР (1953). Праф. (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1903. З 1919 у Латв. т-ры драмы імя А.Упіта, з 1944 маст. кіраўнік, з 1949 гал. рэжысёр. Сярод роляў: Улдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Атвасар («Гліна і фарфор» А.Грыгуліса, Дзярж. прэмія СССР 1948). Яго пастаноўкі вызначаліся яркасцю карцін нар. побыту, эмацыянальна насычанымі характарамі: «Сын рыбака» В.Лаціса (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Зямля зялёная» Упіта (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і інш.
т. 1, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ Алег (Альберт) Іванавіч (8.11.1929, г. Прыволжск Іванаўскай вобл., Расія — 28.4.1994),
рускі і ўкр. акцёр. Засл. арт. Украіны (1960), нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1978). Скончыў школу-студыю МХАТа (1951). Працаваў у Кіеве, С.-Пецярбургу, Маскве. Яго мастацтву былі ўласцівыя арганічнасць, уменне спалучаць у характары персанажа эмац. і аналітычныя пачаткі. Сярод роляў: Ганя Івалгін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» паводле М.Шолахава, Дзярж. прэмія СССР 1978), Павел («Павел I» Дз.Меражкоўскага, Дзярж. прэмія Расіі 1991). З 1956 здымаўся ў кіно: «Спыніўся цягнік» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1984), «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.
т. 2, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛАЎ Аляксей Уладзіміравіч (н. 20.11.1928, Масква),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.А.Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».
т. 2, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦІ́ (Baty) Гастон (26.5.1885, Пелюсэн, дэп. Луара, Францыя — 13.10.1952),
французскі рэжысёр, акцёр. Скончыў Ліёнскі ун-т. З 1919 у трупе рэжысёра Ф.Жэм’е (Парыж). У 1926 стварыў (разам з Ш.Дзюленам, Л.Жувэ, Ж.Пітоевым) прагрэс. рэжысёрскае аб’яднанне «Картэль». У 1930—47 кіраваў т-рам «Манпарнас—Баці», дзе паставіў «Трохграшовую оперу» Б.Брэхта, «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мадам Бавары» паводле Г.Флабера, «Макбета» У.Шэкспіра і інш. Спектаклі Баці вызначаліся рамантычным кірункам і строгім адборам выразных сродкаў. У шэрагу сваіх пастановак выступаў як мастак. З 1949 працаваў у галіне лялечнага т-ра і ў правінцыяльнай трупе «Камеды дэ Праванс». Аўтар тэарэт. прац пра тэатр.
т. 2, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ Аляксандр Пятровіч (н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.
т. 6, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр. Танер; Tonnerre) Фірмэн
(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац. нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)