род сукулентных кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Азіі, Афрыкі і Амерыкі. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць К.: Блосфельда (K. blossfeldiana), лямцавае (K. tomentosa), мармуровае (K. marmorata), Федчанкі (K. fedtschenkoi), трубкакветнае (K. tubiflorum), бехарскае (K. beharensis), Дэгрэмона (K. daigremontianum), перыстае (K. pinnata).
Шматгадовыя вечназялёныя паўкусты з сакаўным супраціўным лісцем. Кветкі чырвоныя, белыя, ружовыя або аранжавыя, сабраныя ў парасонападобнае суквецце. Цвітуць у снеж.—маі. Плод — каробачка. Лек. і дэкар расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМА́ТКА (Filago),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 3 віды К.: палявая (F. arvensis, нар. назвы бледнік, касмотка, барадач), малая (F. minima), германская (F. vulgaris). Трапляецца на пясчаных мясцінах, пустках, у хваёвых лясах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш 10—30 см. Сцябло белашарсціста-лямцавае, адзіночнае, часта ад сярэдзіны разгалінаванае. Лісце чаргаванае, сядзячае, лінейнае, суцэльнакрайняе Кветкавыя кошыкі дробныя, яйцападобныя, бледна-жоўтыя па 2—7 у клубочках. Плод — дробная сямянка. Лек., дубільныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́-ТЭПЕ́,
узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст. да н. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст. да н. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс. да н. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛУ́КІ,
цюркскае племя, якое складалася з 3 родаў. Узвысілася ў 8 ст. пасля распаду Цюркскага каганата. Займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, паступова пераходзіла да аселага земляробства. Насялялі тэр. ў Сямірэччы ўздоўж караваннага шляху з Сярэдняй Азіі ў Кітай. У 757—766 занялі ўсю тэр. дзяржавы цюргешаў. Правіцелі К., якія насілі тытул ябгу, зрабілі сваёй сталіцай г. Суяб (на р. Чу) і правілі тут да 940, потым цэнтр перанесены ў г. Кайлык (даліна р. Ілі). У 861 авалодалі Кашгарыяй. У 10 ст. ўвайшлі ў склад Караханідаў дзяржавы. У 960 прынялі мусульманства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДЖ ((Cage) Джон) (5.9.1912, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 12.8.1992),
амерыканскі кампазітар. Чл. Амерыканскай акадэміі мастацтваў і л-ры (1988). Вучань Г.Каўэла, А.Шонберга. Прадстаўнік муз. авангарда. Працаваў у галіне эксперыментальнай музыкі, выкарыстоўваў тэхніку дадэкафоніі, алеаторыку. З дапамогай экзатычных інструментаў узнаўляў рытмічныя і тэмбравыя асаблівасці стараж.муз. мастацтва народаў Усх.Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі. Аўтар п’ес для ўдарных інструментаў, фп., «падрыхтаванага фп.», а таксама т.зв. інструментальных відовішчаў. Напісаў кн. «В.Томсан» (1959, у сааўт.), «Цішыня» (1961), «Дзённік» (ч. 3—4, 1967—68), «Натацыі» (1969, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНДЫ́Р, кзыл-курай,
турка (Trachomitum),
род кветкавых раслін сям. кутравых. 6 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмеранай зоне Азіі.
Шматгадовыя травы ці паўкусты з прамастойным разгалінаваным сцяблом выш. да 1,5 м, у якім да 20—27% лубу. Лісце з кароткім чаранком, падоўжана- ці авальна-ланцэтнае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырвона-фіялетавыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі на верхавінках сцёблаў. Плод — лістоўкападобны, даўж. 8—20 см. Валокны з лубу К. насычаны дубільнымі рэчывамі і смоламі, устойлівымі да загнівання, прыдатныя для вырабу рыбалоўных сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМЕРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктанічных працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага інтрузіўнага магматызму ў мезазойскую эру. Папярэднічала альпійскай складкавасці. Вылучаюць 2 фазы К.с.: раннекімерыйскую (старажытнакімерыйскую), што адбывалася ў канцы трыясавага — пачатку юрскага перыядаў, і познакімерыйскую (новакімерыйскую), якая мела месца ў канцы юрскага — пач. мелавога перыядаў. Раннекімерыйская праявілася ў Паўн. Дабруджы, на Таймыры, у Паўн. Афганістане, Паўднёва-Усх.Азіі, Патагонскіх Андах, паўн.-ўсх. Аргенціне, на крайнім Пд Афрыкі; познакімерыйская — на Каўказе, у Верхаяна-Чукоцкай вобл., Цэнтр. Іране, Афганістане, Тыбеце, Зах. Кардыльерах Паўн. Амерыкі, Андах і інш. абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),
адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБА́НЧЫК, арапчык, пучковы,
папулярная назва рас. імітацыі нідэрландскага дуката ў 1735—1869. У афіц. дакументах упамінаецца як «вядомая манета». На аверсе — выява рыцара з пучком 7 стрэл у правай руцэ і мячом у левай, кругавая легенда на лац. мове, на рэверсе — у квадратным картушы пяцірадковая легенда на лац. мове. Прызначаўся спачатку толькі для выплат за мяжой, паступова заняў значнае месца і ва ўнутр. абарачэнні. З 19 ст. Л. звычайна выплачвалі жалаванне вайскоўцам на ўскраінах Рас. імперыі — у Сярэдняй Азіі, на Каўказе, у Царстве Польскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНО́С (Phytolacca),
род кветкавых раслін сям. лаканосавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Усх.Азіі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана 6 відаў. Найб. вядомыя Л. амерыканскі (Ph. americana), які з 18 ст. культываваўся ў вінаробчых раёнах Еўропы (цёмна-чырв. сок ужываўся для падфарбоўкі віна, адсюль назва роду), і ягадны (Ph. acinosa).
Шматгадовыя травяністыя расліны, зрэдку кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнакрайняе. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя, у гронкападобных суквеццях. Плод сакаўны, ягадападобны. Лек., харч. і дэкар. расліны.