прынятая з сярэдзіны 1970-х г. назва 7 найб. развітых краін свету: Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Францыі і Японіі. Назва ўзнікла ў сувязі са штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў гэтых дзяржаў для абмеркавання надзённых глабальных праблем паліт. і эканам. развіцця і выпрацоўкі ўзгодненай палітыкі па іх вырашэнні. Першая сустрэча адбылася ў 1975 у Рамбуе (Францыя), удзельнічалі лідэры 6 краін. У 1976 да іх далучыўся прэм’ер-міністр Канады, з 1977 — прадстаўнік ЕЭС. З 1992 да ўдзелу ў сустрэчах «вялікай сямёркі» запрашаюць і прадстаўніка Расіі. На пач. 1990-х г. на долю краін «сямёркі» прыпадала больш за 50% сусв. валавога нац. прадукту і прамысл. вытв-сці, больш за 25% с.-г. прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЕ́НАВЫ СІ́НТЭЗ, Дзільса—Альдэра рэакцыя,
рэакцыя 1,4-далучэння да злучэнняў са спалучанымі кратнымі сувязямі (дыенаў) рэчываў з актываванай кратнай сувяззю (дыенафілаў). Як агульная рэакцыя арган. хіміі Д.с. адкрыты О.Дзільсам і К.Альдэрам (1928).
У выніку Д.с. ўтвараюцца 6-членныя цыклы, напр., з бутадыену-1,3 (I) і малеінавага ангідрыту (II) атрымліваюць ангідрыд тэтрагідрафталевай к-ты (III). Звычайна дыенафіламі з’яўляюцца вытворныя алкенаў і алкінаў, кратная сувязь якіх актывавана суседняй электронаакцэптарнай групай (напр., =CO, −COOH, −NO2 і інш.), а таксама рэчывы, малекулы якіх маюць групы −C≡N, −N=N— =C=N−, =S=O і інш., дыенамі — ацыклічныя і цыклічныя 1,3-дыены (гл.Дыенавыя вуглевадароды), араматычныя злучэнні, гетэрацыклічныя злучэнні. Выкарыстоўваецца для сінтэзу поліцыклічных рэчываў, у т. л. стэроідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМО́МЕТР (ад дынама... + ...метр),
прылада для вымярэння сілы або моманту сілы. Бываюць: цягавыя — для вымярэння адной сілы (цягі) і вярчальныя — пары сіл (вярчальнага моманту); узорныя і рабочыя (агульнага прызначэння, спецыяльныя); пераносныя і стацыянарныя; мех. (спружынныя, рычажныя), гідраўл., эл. і інш.
Д. мае пругкі элемент, які дэфармуецца пад уздзеяннем сілы, і адліковае прыстасаванне для рэгістрацыі вымеранага намагання. З дапамогай Д. вымяраюць сілы ад некалькіх ньютанаў да 1 МН. Выкарыстоўваюць пры выпрабаваннях і эксплуатацыі машын, для вымярэння сілы рэзання або момантаў сіл, што ўзнікаюць пры апрацоўцы металаў (інструментальны Д.), мускульных намаганняў і інш. Д. з пішучым прыстасаваннем наз.дынамографам, з адліковым або паказвальным прыстасаваннем — работамерам ці імпульсіметрам.
Рабочы спружынны дынамометр (работамер): 1, 4 — захваты; 2 — корпус з пругкім элементам; 3 — цыферблат са шкалой; 5 — стрэлка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́ВА (Наталля Сяргееўна) (4.6.1881, в. Ладышкіна Тульскай вобл., Расія — 17.10.1962),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучылася ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1898). Удзельнічала ў выстаўках аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Мішэнь». Зазнала ўплыў імпрэсіянізму, кубізму і футурызму. Разам з мужам М.Ларыёнавым была адным са стваральнікаў рус.прымітывізму («Маскоўская вуліца», 1909; «Мыццё палатна», 1910) і т.зв. «лучызму» (спроба дэкар. абстракцыянізму). З 1915 жыла ў Парыжы. Афармляла спектаклі ў антрэпрызе С.Дзягілева («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава, 1914; «Жар-птушка» І.Стравінскага, 1926). Яе творам уласцівы дэкар. маляўнічасць і выразнасць, блізкая да рус. лубка.
Літ.:
Художники русской эмиграции (1917—1941): Биогр. словарь. СПб., 1994. С. 162—166;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́СМАН ((Gassman) Віторыо) (н. 1.9 1922, г. Генуя, Італія),
італьянскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1943). Працаваў у т-рах Рыма, Мілана. У 1948—49 у трупе пад кіраўніцтвам Л.Вісконці. У 1950 стварыў (з Т.Сальвіні) трупу — Нац.т-р [з 1952 т-рітальян. мастацтва, у 1959 — Італьян.нар.т-р (Рым)]. Гасман — мнагапланавы, рознабаковы акцёр са своеасаблівым «адмоўным» абаяннем, яркім тэмпераментам, іроніяй. Сярод роляў: Праметэй («Праметэй» Эсхіла), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). З 1949 працуе як рэжысёр. Сярод пастановак: «Атэла», «Рамэо і Джульета» Шэкспіра, «Гулец» У.Беці. З 1947 здымаецца ў кіно: «Горкі рыс», «Вайна і мір», «Абгон», «Пачвары», «Тэраса», «Пустыня Тартары», «Вяселле», «Пах жанчыны» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́НСАН ((Johnson) Філіп) (н. 8.7.1906, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
амерыканскі архітэктар. Вучыўся ў арх. школе Гарвардскага ун-та ў М.Броера (1940—50-я г.). Вучань і супрацоўнік Л.Міс ван дэр Роэ. Развіваючы яго прынцыпы, пабудаваў уласны дом у г. Нью-Канаан (штат Канектыкут, 1949) у выглядзе шклянога паралелепіпеда. У далейшым спалучаў прынцыпы і матэрыялы сучаснай архітэктуры са свабоднай стылізацыяй традыц.арх. формаў — класіцызму, готыкі, рэнесансу, а таксама Стараж. Рыма, сярэдневяковага Блізкага і Д. Усходу (Музей сучаснага мастацтва, 1930—36 і 1946—54, тэатр штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры», 1964, абодва ў Нью-Йорку; купал ядзернага рэактараў Ізраілі, 1960).
Літ.:
Noble Ch. Ph Johnson. London, 1972.
Ф.Джонсан. Інтэр’ер тэатра штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры» ў Нью-Йорку. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся ў лют. 1943 паміж партыз. брыгадай «Жалязняк» і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г. Докшыцы.
Перад пачаткам аперацыі партызаны перакрылі засадамі ўсе дарогі на Докшыцы. 1-ы атрад наступаў з ПдЗ, 2-і — з ПдУ, 3-і — з ПнУ, 4-ы прыкрываў наступаўшых. 6 падрыўных груп павінны былі дыверсіямі на чыгунцы адцягнуць шматлікія фаш. гарнізоны. якія размяшчаліся ўздоўж чыг. лініі Маладзечна—Полацк. Наступленне пачалося ў ноч на 3 лютага. Партыз. батарэі нанеслі ўдар па цэнтры горада, дзе размяшчаліся ўстановы акупантаў, і раніцай пакінулі Докшыцы, захапіўшы вял. колькасць маёмасці са складаў праціўніка. 19 і 20 лютага партызаны зноў нанеслі раптоўны ўдар па Докшыцкім гарнізоне. Ворагу прычынены вял. страты ў жывой сіле і тэхніцы.