КУЗАЎКО́ВЫЯ (Ostraciontidae),

сямейства марскіх рыб атр. іглабрухападобных. 7 родаў, каля 20 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных мораў, найб. колькасць відаў у Аўстраліі і Інда-Малайскім архіпелагу.

Даўж. да 50 см. Галава і цела ўкрыты панцырам з нерухома з’яднаных касцявых пласцінак, кіляў (грабянёў) і шыпоў. Рухомыя плаўнікі на кароткай мясістай аснове. Хвост доўгі. Большасць відаў ярка афарбаваныя. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, водарасцямі, губкамі. Маюць у сабе таксіны, пасля спец. апрацоўкі ядомыя. Аб’екты промыслу.

Да арт. Кузаўковыя. Кузаўкі: 1 — чатырохрогі; 2 — бязрогі.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІКІ́ (Limicolae),

падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.

Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.

т. 9, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬБА́ЧЫНА,

гарадзішча 10—13 ст. каля в. Кульбачына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У выніку даследаванняў выяўлены развалы печаў-каменак, жал. прылады працы і зброя, ганчарная кераміка, упрыгожанні і інш. Рас. археолаг В.​В.​Сядоў, які ў 1968 даследаваў помнік, лічыў яго стараж. г. Астрэя. Аднак раскопкі на беразе воз. Астрые (Пскоўская вобл., Расія), праведзеныя экспедыцыяй Эрмітажа, навукова даказалі месцазнаходжанне там летапіснай Астрэі. На Пн ад вёскі і Пд ад гарадзішча К. захаваліся 2 курганныя могільнікі (5 і 4 насыпаў).

С.​А.​Піваварчык.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач. чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТО́Н ((Couthon) Жорж Агюст) (22.12.1755, Арсэ, каля г. Клермон-Феран, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з лідэраў якабінцаў. Адвакат. У 1789 старшыня трыбунала ў г. Клермон-Феран. З 1791 член Заканад. сходу, з 1792 — Канвента, у 1793 і К-та грамадскага выратавання Канвента. Разам з М.Рабесп’ерам і Л.А.Сен-Жустам узначальваў урад якабінскай дыктатуры. У жн.кастр. 1793 удзельнічаў у задушэнні антыякабінскага паўстання ў г. Ліён. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 гільяцінаваны.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв., 1793—1791. М., 1994.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРАСА́О (Curaęao),

востраў у Карыбскім м., у групе Падветраных астравоў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы), каля паўн. берагоў Паўд. Амерыкі. Уладанне Нідэрландаў. Пл. 462 км². Нас. 146,1 тыс. чал. (1990), у асн. негры. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 372 м). Берагі на З і Пд акружаны каралавымі рыфамі, маюць зручныя гавані. Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў 500 мм за год. Ксерафільная хмызняковая расліннасць. Буйныя з-ды па перапрацоўцы нафты з Венесуэлы. Гал. горад — Вілемстад. К. адкрыты ў 1499 ісп. мараплаўцам А. дэ Ахедам.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗУРЫ́Т (ад лац. lazur нябесна-блакітны колер),

мінерал групы фельдшпатоідаў, складаны алюмасілікат кальцыю і натрыю, Na6[AlSiO4]Ca2[SO4]S. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Масіўныя, суцэльныя агрэгаты, рэдка крышталі (дадэкаэдры). Колер ад блакітнага да цёмна-сіняга і зеленавата-сіняга. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца ў магнезіяльных і вапняковых скарнах. Сумесь Л. з кальцытам наз. ляпіс-лазурак. Каштоўны вырабны камень; прыродная сіняя фарба (ультрамарын). Радовішчы ў Расіі, Афганістане, Чылі і інш.

Лазурыт.
Да арт. Лазурыт. Ляпіс-лазурак.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКНО́,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Бярвенка, за 27 км на У ад Гродна. Пл. 0,45 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 340 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пд да 2 м), параслі лесам, на З месцамі разараныя. Берагі на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно амаль поўнасцю выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Злучана ручаём з воз. Можнева (на ПнУ), на Пд выцякае ручай Лакніца ў р. Бярвенка.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны гарадоў Лацінскага саюза супраць панавання ў ім Стараж. Рыма. 1-я Л.в. (496—493 да н.э.; гал. бітва адбылася ў 496 да н.э. каля Рэгільскага воз. і не прынесла перавагі ніводнаму з бакоў) завяршылася аднаўленнем саюза на чале з Рымам. Эканам. і паліт. ўмацаванне рымлян парушыла раўнавагу ў саюзе і выклікала 2-ю Л.в. (340—338 да н.э., перамаглі рымляне), якая прывяла да скасавання Лац. саюза, уключэння лацінаў і іх зямель у склад Рым. дзяржавы, узнікнення т.зв. лац. права.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙТЭ (Leyte),

востраў у Філіпінскім архіпелагу. Пл. 7,2 тыс. км². Даўж. з Пн на Пд 183 км. Нас. (з бліжэйшымі астравамі) каля 3 млн. чал. (1977). Рэльеф пераважна нізкагорны, ёсць патухлыя вулканы (г. Лобі, выш. да 1350 м). Складзены з пясчанікаў, сланцаў і каралавых вапнякоў, на У з алювіяльных адкладаў. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Ападкаў да 2000 мм за год. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы. Нац. паркі — Махагнао-Волькана, Куапніт-Балінсасаяо. Вырошчваюць какосавыя пальмы, цукр. трыснёг. Гал. горад і порт — Таклобан.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)