РА́КАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1906 з жоўтай цэглы замест драўлянага касцёла Маці Божай Ружанцовай (17 ст.) на правым беразе р. Іслач. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і паўкруглай апсідай. Цэнтр. неф накрыты спічастым 2-схільным, бакавыя (больш нізкія) нефы — пакатымі 1-схільнымі дахамі. На гал. фасадзе шчыпец з зубчастым абрамленнем, 2-ярусныя чацверыковыя вежы, завершаныя высокімі шпілямі. Гал. ўваход вырашаны 3 стральчатымі парталамі з акном-ружай над імі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і контрфорсамі ў пра-. сценках, дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі і паясамі.

А.​М.​Кулагін.

Ракаўскі касцёл.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ІСПА́НСКІ ДАГАВО́Р 1812 Аб саюзе супраць Францыі.

Падпісаны 20 ліп. ў г. Вял. Лукі (Расія) рас. канцлерам М.​П.​Румянцавым і ўпаўнаважаным ісп. картэсаў (парламента) Сеа Бермудэсам. Былі абвешчаны дружба, згода і саюз паміж дзяржавамі, выказаны іх цвёрды намер сумесна весці барацьбу супраць агульнага ворага — франц. імператара Напалеона І. Аляксандр І прызнаў законнасць картэсаў, што сабраліся ў г. Кадыс і прынятай імі Кадыскай канстытуцыі 1812. Аднаўляліся гандл. адносіны паміж краінамі. Паводле дагавора Расія і ісп. патрыёты ўзгаднілі ваен. намаганні ў барацьбе з Напалеонам, што ў пэўнай ступені ўскладніла перакідку франц. войск з Іспаніі ў Расію і Цэнтр. Еўропу ў час вайны 1812 і кампаніі 1813.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-ГРА́НДЭ (Rio Grande), Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Río Bravo dei Norte),

рака ў ЗША і Мексіцы (на працягу каля 2 тыс. км утварае мяжу паміж імі). Даўж. 2870 км, пл. басейна 570 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Сан-Хуан (сістэма Скалістых гор), цячэ пераважна па засушлівых плато, месцамі ў вузкіх каньёнах, упадае ў Мексіканскі заліў. Буйны прыток Пекас (злева). Сцёк амаль поўнасцю разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні 570 м³/с, у вусці 15—20 м³/с. Буйныя вадасховішчы Элефант-Б’ют і Фалькон. Суднаходная на асобных участках. На Р.-Г. — гарады Альбукерке, Эль-Паса, Ларэда (ЗША), Сьюдад-Хуарэс, Нуэва-Ларэда (Мексіка).

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАНТУ́Й (ад тат. літар. — свята плуга),

старажытнае веснавое земляробчае свята даісламскага паходжання ў татараў (казанскіх, сібірскіх і інш.) і башкіраў. Традыцыйна адзначаўся да пач. веснавой сяўбы вёскамі адной акругі пачаргова без дакладнай даты ў залежнасці ад прыродных умоў. Уключаў частаванне прыгатаванай на лузе ў катлах абрадавай кашай, наведванне могілак, спарт. спаборніцтвы (бег, скачкі вярхом, нац. барацьбу — керэш і інш.), дзіцячыя і юнацкія забавы. З 20 ст. праводзіцца паўсюдна пасля завяршэння палявых работ як нац. свята. У 1990-я г. адроджана святкаванне С. ў бел. татараў Акрамя татараў і башкіраў С. адзначаюць некат. групы народаў, якія жывуць па суседстве з імі, — марыйцаў, рускіх, удмуртаў, чувашоў.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МУЭЛЬСАН (Samuelsson) Бенгт Інгемар (н. 21.5.1934, г. Хальмстад, Швецыя),

шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН, замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў мед. каледж Лундскага ун-та. З 1958 у Каралінскім ін-це (з 1972 праф., з 1982 рэктар), у 1967—72 праф. Стакгольмскага каралеўскага вет. каледжа. Вылучыў і ўстанавіў хім. структуру і біяхім. якасці некат. простагландзінаў і звязаных з імі біялагічна актыўных рэчываў. Паказаў іх утварэнне з арахідонавай к-ты, а таксама, што арахідонавая к-та і ферментатыўныя сістэмы ўтварэння простагландзінаў ёсць ва ўсіх ядз. клетках жывёльных арганізмаў. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.​Бергстрэмам і Дж.​Р.​Вейнам).

А.​Ю.​Маніна.

Б.Самуэльсан.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЫХ МУЗЫ́ЧНЫ,

здольнасць чалавека ўспрымаць, запамінаць, уяўляць асобныя якасці гукаў музычных, адчуваць функцыян. сувязі паміж імі; неабходная перадумова кампазітарскай і выканальніцкай дзейнасці. Вылучаюць асн. віды С.м.: абсалютны (здольнасць распазнаваць, вызначаць, уяўляць абс. вышыню асобных муз. гукаў) і адносны, ці інтэрвальны (здольнасць выяўляць гукавышынныя суадносіны паміж гукамі). С.м. ўключае пачуцці ладавае і рытму, слых меладыйны, гарманічны і інш. Існуе спецыфічная яго форма — унутраны слых (муз.-слыхавыя ўяўленні) — здольнасць мысленна ўяўляць асобныя гукі, меладычна-тэмат. развіццё, гарманічную паслядоўнасць, тэмбрава-каларыстычныя фарбы, тэмп, дынаміку, агогіку, драматургію муз. твора і інш.; неад’емная якасць прафесіяналізму выканаўцы. С.м. развіваецца і ўдасканальваецца ў працэсе заняткаў музыкай, у прыватнасці сальфеджыо.

В.​У.​Мазанік.

т. 15, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

від легкавога аўтамабіля, абсталяванага для заняткаў аўтамабільным спортам. Адрозніваюць С.а. дарожнага тыпу і спецыяльныя.

Бываюць 2- і 4-месныя з адкрытым ці закрытым кузавам. На С.а. устанаўліваюць выбухабяспечны паліўны бак, рамяні бяспекі, асобныя прыводы тармазоў задніх і пярэдніх колаў і інш. С.а. дарожнага тыпу выпускаюцца на базе серыйных аўтамабіляў і ў параўнанні з імі маюць рухавікі павялічанай магутнасці, палепшаныя дынамічныя якасці, павышаную ўстойлівасць і інш. Прызначаны для спаборніцтваў на горных трасах, ралі і інш. Спецыяльныя С.а. вырабляюць з выкарыстаннем толькі асобных вузлоў і дэталей серыйных аўтамабіляў. Прызначаны для шашэйна-кальцавых гонак на вял. дыстанцыі (на кароткіх дыстанцыях карыстаюцца гоначнымі аўтамабілямі).

т. 15, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБСТАНТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. substantivum назоўнік),

пераход у разрад назоўнікаў слоў інш. часцін мовы ў выніку набыцця імі здольнасці ўказваць непасрэдна на прадмет, а не толькі на яго прыкмету; безафіксны спосаб утварэння назоўнікаў пераважна ад прыметнікаў як разнавіднасць канверсіі. Пры С. ўтвараюцца назоўнікі, што могуць мець значэнне асобы («хворы», «маладая»), прозвішча або мянушкі («Чорны», «Сівы»), відаў жывёлін («хобатныя», «хордавыя»), відаў страў («гарачае», «салодкае»), памяшканняў («мыйная», «сталовая»), інш. з’яў і прадметаў («праязны», «сутачныя») і г.д.

Субстантываваныя прыметнікі захоўваюць формы скланення прыметніка. Аказіянальна-кантэкставая С. можа закранаць і інш. часціны мовы («Ваша вечнае «не» мне надакучыла»; «Ну, давай «пяць» і не злуй болей»).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЗІНЬ,

кітайская імператарская дынастыя [265—420]. Адрозніваюць Зах. Ц. [265—316] і Усх. Ц. [317-420]. Першая засн. палкаводцам Сыма Янем, які ў 280 перамог царства У і на кароткі час аб’яднаў дзяржаву; сталіца — г. Лаян. Міжусобіцы канца 3 — пач. 4 ст. аслабілі імперыю і дазволілі хуну і інш. качавым плямёнам захапіць Паўн. Кітай; у 316 імператар Мінь-дзі ўзяты імі ў палон. Адзін з саноўнікаў імперыі Сыма Жуй у 317 засн. Усх. Ц.; сталіца — г. Цзянькан (цяпер г. Нанкін). У час праўлення Усх. Ц. вялася бесперапынная барацьба за ўладу паміж знаццю Паўн. і Паўд. Кітая. У 420 да ўлады прыйшла дынастыя Сун (гл. Паўднёвыя і паўночныя дынастыі ў Кітаі).

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭХІНАКА́КТУС (Echinocactus),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў паўд. штатах ЗША і Мексікі. Культавая расліна ацтэкаў, якая выкарыстоўвалася імі ў якасці ахвярнага стала. У аранжарэях і пакоях вырошчваюць Э. Грузона (E. grusonii), вялізны (E. ingens) і інш.

Шматгадовыя расліны. Зялёныя сцёблы (выконваюць функцыю фотасінтэзу) шарападобныя ці кароткацыліндрычныя. выш. 1,5—3 м і дыям. 1—1,5 м, са шматлікімі рэбрамі, на якіх знаходзяцца калючкі. Кветкі жоўтыя, радзей чырв., размешчаны на верхавінцы сцябла ў выглядзе вяночка. Плод — ягадападобны. Мякаць сцёблаў некат. відаў выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці. Харч. і дэкар. расліны.

Эхінакактус: 1 — Грузона; 2 — вялізны.

т. 18, кн. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)