сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд.Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕА́РН (Béarn),
гістарычная вобласць на ПдЗФранцыі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,8 тыс.км². Нас. каля 390 тыс.чал. (1990), значную частку складаюць баскі. Гал. горад — По. На Пд — адгор’і Зах. Пірэнеяў, на Пн — перадгорныя ўзгорыстыя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Здабыча прыроднага газу. Хім. і алюмініевы з-ды. Прамысл. цэнтр Баёна (авія- і машынабудаванне, тэкст. і абутковая прам-сць). На Пд — гарнапашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі), у перадгор’ях — пасевы пшаніцы і кукурузы, сады і вінаграднікі. Кліматычны, прыморскі і бальнеалагічны курорт Біярыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,
грамадска-культурная арг-цыябел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГАДЗІ́Р (ням. Brigadier),
1) ва ўзбр. сілах Францыі ў 1667—1788 афіцэрскі чын камандзіра пяхотных ці конных брыгад, пазней чын мал. унтэр-афіцэра ў кавалерыі, артылерыі, жандарскіх, інж. часцях; у Германіі да 1674 назва (па пасадзе) камандзіра артыл. брыгады; у Расіі ў 1722—99 афіцэрскі чын, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам; у ВКЛ да 1794 назва камандзіра артыл. ці кав. брыгады. У сучасных умовах званне брыгадзір прысвойваецца афіцэрам сухап. войск Вялікабрытаніі, Індыі, Егіпта і некаторых інш. дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБІГО́ЙЦЫ (франц. Albiegeois),
удзельнікі ерэтычнага руху ў паўд.Францыі ў 12—13 ст., прыхільнікі вучэнняў катараў і вальдэнсаў. Назва ад аднаго з цэнтраў руху г. Альбі. Адмаўлялі асн. догматы каталіцкай царквы, патрабавалі ліквідаваць царк. іерархію, землеўладанне і дзесяціну. Асн. склад альбігойцаў — рамеснікі, сяляне, іх падтрымлівалі рыцары і знаць, якія дамагаліся зямельных багаццяў царквы. На Тулузскім саборы 1119 адлучаны ад царквы, асуджаны Усяленскім саборам 1215. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 знаць адышла ад ерасі. Рэшткі альбігойцаў знішчаны інквізіцыяй у 13 — пач. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСТРО́Н»,
савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс.км, у апагеі 200 тыс.км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ФЛОТ (ваен.),
сукупная назва караблёў і суднаў рознага класа з ядзернымі энергет. ўстаноўкамі. Уключаюць атамныя падводныя лодкі і надводныя караблі. Развіваецца з 1950-х г. (першая атамная падводная лодка ў ЗША здадзена ў эксплуатацыю ў 1954). Атамныя падводныя лодкі ёсць у ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, КНР. Надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры і інш.) уваходзяць у склад ВМС ЗША і ВМФ Расіі. Атамны флот валодае значна большым энергетычным і баявым патэнцыялам у параўнанні з караблямі такога класа са звычайнымі энергет. ўстаноўкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁМІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.Бёма),
мінерал падкласа гідраксідаў алюмінію, V-AlOOH; адна з гал. складаючых частак баксітаў. Часта мае прымесі жалеза, галію, скандыю. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, лінзападобныя. Агрэгаты аалітавыя, зямлістыя. Бясколерны ці белы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Крохкі. Шчыльн. 3 г/см³. Пераважна асадкавы мінерал, утвараецца таксама ў кары выветрывання. На тэр. Беларусі як пародаўтваральны мінерал трапляецца ў высокагліназёмных пародах кам.-вуг. адкладаў Прыпяцкага прагіну. Асноўная крыніца алюмінію. Значныя радовішчы ў Венгрыі, Германіі, Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНО́БЛЬ (Grenoble),
горад на ПдУФранцыі ў Альпах, пры зліцці рэк Ізер і Драк. Адм. ц. дэпартамента Ізер і гал. горад гіст. вобласці Дафінэ. 154 тыс.ж., з прыгарадамі каля 400 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Электратэхн., хім., папяровая., харч.прам-сць, вытв-сць пальчатак. Каля Грэнобля буйныя ГЭС. Ун-т, ін-т ядзерных даследаванняў. Музеі Стэндаля (нарадзіўся ў Грэноблі), прыгожых мастацтваў. Арх. Помнікі 11—17 ст. Цэнтр альпінізму і зімовых відаў спорту. Месца правядзення Х зімовых Алімпійскіх гульняў (1968).