упле́сціся, уплятуся, упляцешся, упляцецца; упляцёмся, уплецяцеся, уплятуцца; пр. уплёўся, уплялася, ‑лося; заг. упляціся; зак.

1. Уставіцца, увіцца ў што‑н. пры заплятанні. / у перан. ужыв. Хай сабе і ўплялася ў валасы сівізна, але адчувала.. [Ганна], што здароўе яе яшчэ не зусім растрачана. Гроднеў. // Сплесціся, пераплесціся пры росце. Сіняя валошка, Травы разрасліся, Палыны на межах Густа ўпляліся. Колас. // Уліцца, уключыцца ў што‑н. А Марыся ветліва, шырока заўсміхалася насустрач.. [Вінцусю] і, выбіваючы такт песні нагой, непрыкметна адклала гітару, радасна замахала рукамі, кіруючы песняй, у якую ўплялося і яшчэ некалькі ціхіх галасоў. Галавач. Я аж вушам сваім не даў веры, калі пачуў аксамітны голас Метлюга. Мне здалося, што ў яго нават упляліся нейкія металічныя ноткі гневу. Сабаленка.

2. Разм. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Дзімка ўплёўся за цешчыну жакетку і памалу пасоўваўся бліжэй да дзвярэй. Капыловіч.

3. Разм. Увязацца за кім‑н. Потым ваўкі ўпляліся следам, загналі яго на грушу-дзічку і завылі жудаснымі галасамі. Наўроцкі. Уплёўся [камарык] за мною, ніяк не адстане. Звініць, нібы сыпле на вочы пясок. Камарык, камарык, навошта старонкі? Найлепшы ў свеце яе галасок... Тармола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чачо́тка ​1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі. Хомчанка.

2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку. Чорны. // Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу. Гроднеў. / у перан. ужыв. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка. А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой. Прануза.

чачо́тка ​2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі. Брыль. // Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плех 1, пляшы́на ’голае месца на галаве, лысіна’, ’голае месца сярод поля, выгрызены лапік травы на лузе’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Жд. 1), паўн.-зах., гродз., зах.-віц. плех ’абсевак’, брэсц. плéх(а), паст. пляха́ ’тс’ (ЛА, 2). Рус. плеха́н ’лысы чалавек’, польск. plech ’лысіна’, plechy ’адзёр’, н.-луж. plěch ’плеш’, ’атожылак на клубняплодзе’, plěchac, plěchaty ’лысы’, в.-луж. plěch ’лысіна’, plěchač, plechaty ’лысы’, чэш. plech ’тс’, plechatý ’лысы’, plechy ’перхаць; струпы на галаве’, славац. plechavý, plechatý, plecháń ’лысы (чалавек)’, plechovo ’груба, непрыемна’, славен. plȅh ’чырвоная высыпка на скуры’, plẹ́ha ’голае месца ў лесе’, pléhi ’адзёр’, plehe (у XVIII ст.) ’шкарлятына’. Прасл. *plexъ (Сной–Бязлай, 3, 52) і *plěxъ ’лысы’, ’які лысее’, ’мясцовасць са слабой расліннасцю’ < і.-е. ploi̯k‑s‑os (Банькоўскі, 2, 606), а таксама *plъx (параўн. чэш. plchý ’лысы’) (Фасмер, 3, 281), роднаснымі якім з’яўляюцца літ. plìkas ’голы’, лат. pliks ’тс’, літ. pleĩ‑šė, pleĩkė ’лысіна’, plìkė, plėĩ‑n‑ė ’голая раўніна, пустое, бязлеснае месца’ < і.-е. *ploi̯‑so > (Буга, Rinkt., 1, 599).

Плех 2, пле̂х ’дах’, ’вільчык даху’ (Яруш., Тарн., Бяльк.), плеш, пле́шак ’верх страхі, дзе сыходзяцца скаты, прыкрыты дошкамі, высланы кастрыцай’ (Сцяшк. Сл.; слонім., Сл. ПЗБ), ’страха’: стаяць два хлевушкі пад адным плехам (бераст., Сл. рэг. лекс.). Відаць, трэба адрозніваць лексему плеш (пле́шак), якая з плеш ’лысіна’ (гл.), ад плех, якая з польск. plech < чэш. plech ’тонкая бляшаная дошчачка, бляха, якою пакрываўся вільчык, каб вада не зацякала між дошкамі (плахамі) двух скатаў’ < ст.-в.-ням. blech або в.-в.-ням. blëch/plech ’бляха’ (Міклашыч, 14; Бернекер, 1, 59; Махэк₂, 457; Бязлай, 3, 53).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; заг. адскоч; зак.

1. Аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. хутка, скокам. [Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так ўкусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас. // перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.

2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што‑н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок. Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.

3. Разм. Пачаць расці, адрасці. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.

4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець. На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за думку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй, і цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.

5. Разм. Адлучыцца на кароткі час. [Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.

•••

Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Рэзкі, высокі гук, які ўтвараецца моцным выдыханнем паветра праз сціснутыя губы ці зубы, а таксама пры дапамозе свістка ці іншага прыстасавання. Першым свіснуў самы меншы хлопчык. Ад яго свісту спынілася машына. Няхай. // Такі гук, як выражэнне незадавальнення чым‑н., асуджэнне чаго‑н. Кожнае прозвішча сустракалася то воплескамі, то маўчаннем, а то і свістам з якога-небудзь кутка плошчы. Хадкевіч.

2. Гук такога тэмбру, які ўтвараецца птушкамі, жывёламі. Свіст драздоў. Свіст сусліка. □ Травы, краскі, кожны ліст На бярозе, клёне — Салаўіны ловяць свіст, Скачуць у тым звоне. Бялевіч.

3. Высокі, рэзкі гук, які ўтвараецца парай, паветрам, што вырываецца з сілай праз вузкую адтуліну. Свіст паравоза. □ У кабіну са свістам шуганула паветра. Алешка. // Гукі, якія ўзнікаюць пры хуткім руху хваль паветра ў слаях атмасферы. Такія ўжо вятры... Здаецца, з шумам, свістам Раскладваюць кастры З асыпанага лісту. Астрэйка.

4. Гук, які ўтварае прадмет пры хуткім рассяканні паветра. Свіст куль. □ Вуліцы, па-над якімі, як адвечны праклён, толькі і чулася лаянка людзей, свіст пуг ды натужнае хрыпенне коней — гэтыя вуліцы былі прыўзняты, забрукаваны. М. Ткачоў. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў.

•••

Мастацкі свіст — высвістванне мелодыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмато́к, ‑тка, м.

1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.

2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.

3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шоўк, ‑у; мн. шаўкі, ‑оў; м.

1. Валакно, якое выпрацоўваюць вусені тутавага шаўкапрада.

2. Ніткі або пража з такога валакна ці са штучнага сінтэтычнага валакна. Шоўк-сырэц. □ Перад аперацыяй Людміла выстаўляла на стол усё, што лічыла неабходным. Калі ішла дадому, для другой змены пакідала на сталах ёд, бінты, навакаін, эфір, шоўк зашываць раны, адным словам, усё, што магло спатрэбіцца на аперацыі. Арабей.

3. Тканіна з такіх нітак, пражы ці са штучнага, сінтэтычнага валакна. На .. [дзяўчыне] была сукенка з квяцістага шоўку. Васілевіч. Багата важаць працадні: Нашый сукенак яркіх, Бяры шаўкі — усе яны — Свае, айчыннай маркі. Лужанін. // Разм. Вопратка, адзенне, вырабы з такой тканіны. Там... У аксаміце, золаце і шоўку Гадавалася, расла Панская дачка Марына. Бядуля. Пані злосна чмыхнула. Шаўкамі Зашумела, выскачыла вон. Бялевіч.

4. перан.; чаго. Пра тое, што сваім бляскам, мяккасцю, гладкасцю і пад. нагадвае такія ніткі або тканіну. Ах, хіба гэта не ўсё роўна, абы толькі ты [сын] быў ля мяне, абы рука мая гладзіла паслухмяны шоўк твае галавы, а вочы мае глядзелі ў твае вочы... Сачанка. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Шоўк травы сытым статкам калгасным прымят, — Пастуху тут раздольна і весела. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЛЯ́СКА (Alaska),

штат ЗША, на ПнЗ Паўн. Амерыкі. Аддзелены ад асн. часткі ЗША тэр. Канады. Акрамя мацерыковай часткі займае Алеуцкія а-вы, архіпелаг Аляксандра і інш. Пл. 1477 тыс. км², нас. 599 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Джуна. Найб. гарады Анкарыдж, Кетчыкан, Сітка і Фэрбанкс. Пераважае гар. насельніцтва, якое сканцэнтравана на ПдУ, каля палавіны — у Анкарыджы. На Пн і ў цэнтр. ч. Аляскі расчлянёнае плато, якое пераходзіць у прыбярэжную нізіну, на Пд Аляскінскі хр. з найвыш. пунктам Паўн. Амерыкі г. Мак-Кінлі (6193 м). Вял. рэкі Юкан і Кускакуім. Клімат халодны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ад -1,6 °C да -24,8 °C, ліп. 13,3—15,7 °C. Ападкаў на Пн каля 300 мм, на Пд 1500—4000 мм за год. Шматгадовая мерзлата, тундры і рэдкія лясы на Пн, хваёвыя лясы ў гарах на Пд. Па далінах рэк невял. плошчы, прыдатныя для земляробства. Вядучая галіна гаспадаркі — горназдабыўная: нафта, газ, вугаль, золата, руды серабра, медзі, ртуці і інш. Лясная, рыбная прам-сць. Жывёлагадоўля (паўн. алені, буйн. раг. жывёла, зверагадоўля), паляўніцтва. Вырошчваюць ячмень, сеяныя травы, бульбу. Турызм. Транспарт марскі, авіяцыйны, аўтамабільны, чыгуначны. Трансаляскінскі нафтаправод перасякае з Пн на Пд.

На думку многіх вучоных, продкі сучасных карэнных жыхароў Аляскі (індзейцаў, эскімосаў, алеутаў) паходзяць з Паўн.-Усх. Азіі. У 17 ст. эскімосы жылі пераважна ў прыбярэжных раёнах, алеуты — на п-ве алеуты — на Алеуцкіх а-вах, індзейцы — на паўд.-ўсх. узбярэжжы (тлінкіты і хайда) і ва ўнутр. раёнах Аляскі (атапаскі). У 1730-я г. Аляску даследавалі рус. экспедыцыі П.​Нагібіна, В.​Берынга, А.​Мельнікава, І.​Фёдарава, М.​Гвоздзева, але адкрыццё Аляскі звязваюць з экспедыцыяй А.​Чырыкава ў 1741. Першае рус. паселішча засн. ў 1784 на в-ве Кадзьяк. У 1798 рус. купцы стварылі «злучаную амерыканскую кампанію» (з 1799 наз. Рас.-Амер. кампанія), у карыстанне якой былі перададзены ўсе промыслы і выкапні на паўн.-зах. беразе Амерыкі ад 55° паўн. ш. да Берынгава праліва, на а-вах Алеуцкіх, Курыльскіх і інш. Цэнтрам Аляскі стаў г. Нова-Архангельск (цяпер Сітка). Першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы — А.​Баранаў (1790—1818). Валоданне Аляскай прыводзіла Расію да канфліктаў з Англіяй і ЗША У 1821 рас. імператар Аляксандр I забараніў замежным суднам плаваць уздоўж берагоў рас. уладанняў на Алясцы, але неўзабаве Расія была вымушана дазволіць ЗША (1824) і Англіі (1825) мараходства і гандаль у гэтым раёне на льготных умовах. У 1839 англ. кампанія Гудзонава заліва атрымала ў арэнду на выгадных умовах частку прыбярэжнай паласы рас. уладанняў. У час Крымскай вайны 1853—56 царскі ўрад не меў неабходных сіл у раёне Ціхага ак. для абароны сваіх паселішчаў у Паўн. Амерыцы, таму вырашыў прадаць Аляску ЗША у разліку на іх падтрымку ў барацьбе за ліквідацыю ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1856. Паводле дагавора 30.3.1867 Аляска была прададзена ЗША за 7,2 млн. долараў (каля 11 млн. руб.). У канцы 19 ст. ў блізка размешчаным раёне Канады (Клондайк), а потым і на тэр. Аляскі былі адкрыты вял. радовішчы золата, што выклікала т.зв. «залатую ліхаманку». У 1867—84 Аляска ў падпарадкаванні ваен. мін-ва ЗША У 1884—1912 — акруга на чале з губернатарам, у 1912 пераўтворана ў «тэрыторыю» ЗША, з 1959 — штат.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цяля́ и цялё, -ля́ці ср., прям., перен. телёнок м.; теля́, тело́к м.;

адсадзі́ць ц. — отня́ть телёнка от ма́тки;

◊ цяля́ты язы́к аджава́лі — язы́к проглоти́л;

у бо́га ц. ўкра́сці — у бо́га телёнка укра́сть;

куды́ Мака́р цяля́т не ганя́ў — куда́ Мака́р теля́т не гоня́л;

бог не ц. — ба́чыць круцяля́ — посл. ши́ло в мешке́ не спря́чешь;

гніло́му цяля́ці хваста́ не адарве́ — погов. ти́ше воды́, ни́же травы́;

дай бо́жа на́шаму цяля́ці во́ўка спайма́ці — посл. дай бо́же на́шему теля́ти во́лка пойма́ти;

за мо́рам ц. — паўрубля́, ды сто пераво́зу — посл. за́ морем телу́шка — полу́шка, да рубль перево́з

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вада́, -ы́, ДМ -дзе́, мн. во́ды, вод і -аў, ж.

1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўяўляе сабой хімічнае злучэнне вадароду і кіслароду.

Шклянка вады.

Марская в.

2. (звычайна з азначэннем). Напітак, тэхнічныя растворы.

Газіраваная в.

Мінеральная в.

Вапнавая в.

3. Водная паверхня ракі, возера, мора і пад., а таксама яе ўзровень.

Падарожнічаць па вадзе.

Высокая в.

Дастаўляць грузы вадой.

4. мн. Водная прастора якога-н. раёна.

Тэрытарыяльныя воды.

Унутраныя воды.

5. мн. Плынь, хвалі, водная маса.

Глыбокія воды.

Воды Нёмана.

6. мн. Мінеральныя крыніцы, курорт з такімі крыніцамі.

Лячыцца на водах.

Мінеральныя воды.

7. перан., адз. Пра наяўнасць пустога, беззмястоўнага шматслоўя ў дакладзе, лекцыі і пад. (разм.).

Не даклад, а в.

○

Верхавая вада — вада, якая сцякла ў рэчку пасля дажджу ці ўтварылася з расталага снегу.

Жоўтая вада — хвароба вачэй, пры якой зрэнка набывае жоўты колер.

Цёмная вада — слепата, выкліканая атрафіяй зрокавага нерва.

◊

Таўчы ваду ў ступе або насіць ваду ў рэшаце (разм.) — займацца пустымі справамі, марнай працай.

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

Як у ваду глядзеў — быццам загадзя ведаў.

Вады (нікому) не замуціць — не зрабіць шкоды.

Выйсці сухім з вады — застацца непакараным.

Віламі па вадзе пісана — пра што-н. маламагчымае, няпэўнае.

Ліць ваду на млын чый, каго — прыводзіць доказ або дзейнічаць на чыю-н. карысць.

Вывесці на чыстую ваду каго-н. — выкрыць чые-н. нядобрыя ўчынкі).

Цішэй вады, ніжэй травы — пра сціплага, вельмі спакойнага, ціхага чалавека.

|| памянш.-ласк. вадзі́ца, -ы, ж. (да 1 знач.; разм.) і вадзі́чка, -і, ДМ -чцы, ж. (да 1 знач.; разм.).

|| прым. во́дны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.) і вадзяны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Водны шлях.

Водны раствор.

Водны спорт.

Вадзяная пара.

Вадзяны павук.

Вадзяны млын.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)