РЭФО́РМЫ МО́ЎНЫЯ,

змены ў графіцы, правапісе і марфалогіі, якія абумоўлены развіццём мовы ў яе вусным і пісьмовым варыянтах, адлюстроўваюць пэўныя сацыяльныя запатрабаванні, неабходнасць якіх вызначаецца спецыялістамі-мовазнаўцамі і потым узаконьваюцца органамі ўлады. Фарміраванне бел. азбукі, норм і правіл правапісу і марфалогіі звязана са станаўленнем літаратурнай мовы. Выпрацоўка грамат. асаблівасцей і моўна-выяўленчых сродкаў новай бел. літ. мовы ў 19 ст. адбывалася ў неспрыяльных грамадска-паліт. умовах. Разам з развіццём лексікі, грамат. ладу ішла і стыхійная выпрацоўка норм і правіл пісьма; спец. Р.м. не праводзіліся. Літ.-маст., публіцыстычныя і фальклорныя творы запісваліся на роднай гаворцы аўтара. У кнігадрукаванні на бел. мове на працягу ўсяго 19 ст. выкарыстоўваліся 2 графічныя сістэмы — грамадзянскі шрыфт і лацінка (гл. Лацінскае пісьмо), што стрымлівала выпрацоўку і замацаванне правапісных норм. Дзвюма графічнымі сістэмамі друкаваліся і першыя бел. легальныя газеты «Наша доля» і «Наша ніва», прычым экзэмпляры з грамадз. шрыфтам распаўсюджваліся пераважна сярод правасл. беларусаў, а на лацініцы — сярод каталіцкага бел. насельніцтва. Аднак значныя матэрыяльныя затраты прымусілі рэдакцыю «Нашай нівы» звярнуцца да чытачоў з прапановай выказаць меркаванне пра тое, якім шрыфтам друкаваць газету ў далейшым. Разнастайныя меркаванні па гэтым пытанні змяшчаліся ў газеце ў 1912, большасць падпісчыкаў выказалася за грамадзянскі шрыфт, які і быў прыняты з канца 1912. Праведзеная рэдакцыяй дыскусія была па сутнасці першым у гісторыі бел. мовазнаўства мерапрыемствам, у якім прынялі ўдзел шырокія колы грамадскасці. Аднак выкарыстанне лацінкі ў некат. выданнях працягвалася і пазней, а ў.Зах. Беларусі ёю карысталіся да 1939. У 1917—18 пачалі з’яўляцца спец. даведнікі па бел. арфаграфіі (А.​Луцкевіча, Я.​Лёсіка, Б.​Пачопкі, Р.​Абіхта і Я.​Станкевіча), у якіх нярэдка выказваліся супярэчлівыя погляды. Найб. значнай мовазнаўчай працай таго часу была «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні ў 1918. Правапіс Тарашкевіча ўзаконіў асн. арфаграфічныя прыёмы, выпрацаваныя ў бел. друку перыяду «Нашай нівы»: галосныя перадаюцца па фанетычным прынцыпе, зычныя — па марфалагічным. У Сав. Беларусі правапіс Тарашкевіча папулярызаваў Лёсік у сваіх падручніках. Аднак у сувязі з беларусізацыяй і павелічэннем колькасці людзей, якія карысталіся бел. пісьмовай мовай, з сярэдзіны 1920-х г. выявіліся недахопы правапісу Тарашкевіча. Таму Навук. рада Інбелкульта прыняла рашэнне правесці навук. канферэнцыю па рэформе бел. правапісу. Канферэнцыі папярэднічала выданне 9 брашур па спрэчных пытаннях правапісу, у якіх шырокія колы грамадскасці мелі магчымасць пазнаёміцца з тагачаснымі правапіснымі праблемамі і шляхамі іх вырашэння. Канферэнцыя адбылася ў Мінску 14—21.11.1926. Па сваіх маштабах і праграме яна выйшла далёка за межы тагачасных навук. канферэнцый і за ёю замацавалася назва акадэмічнай У ёй прынялі ўдзел 69 прадстаўнікоў бел. навукі і культуры, дэлегаты з мовазнаўчых устаноў Масквы, Ленінграда, Кіева і 10 замежных мовазнаўцаў і дзеячаў культуры. Работа канферэнцыі вялася ў 3 камісіях: графічнай, правапіснай і літаратурнай. У правапісную камісію ўваходзіла 30 удзельнікаў канферэнцыі. Па спрэчных пытаннях правапісу выказваліся самыя разнастайныя прапановы і рэкамендацыі, якія, аднак, не лічыліся абавязковымі, паколькі іх рэалізацыю трэба было ўзаконіць. На канферэнцыі прынята рашэнне працягваць работу ў правапіснай камісіі Інбелкульта, якая на працягу 1927—29 падрыхтавала праект новага правапісу, апублікаваны ў 1930 для шырокага абмеркавання. На аснове гэтага праекта СНК БССР 26.8.1933 зацвердзіў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». У адпаведнасці з пастановай у бел. правапіс унесены наступныя змены: чаргаванне гукаў «о»—«а» (аканне) пашыралася на ўсю лексіку («прафесар», «сакратар»), за выключэннем некат. т.зв. інтэрнац. слоў тыпу «совет», «большэвік»; рэкамендавалася не перадаваць на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных («снег», «ляснік» замест «сьнег», «лясьнік»); скасоўвалася перадача мяккага «л» у запазычанай лексіцы («план», «клас» замест «плян», «кляс»); уводзілася правіла, у адпаведнасці з якім перад галоснымі пярэдняга рада зычныя вымаўляюцца мякка («сістэма», «метад» замест «сыстэма», «мэтад»); чаргаванне гукаў «э»—«а» (яканне) абмяжоўвалася толькі 1-м пераднаціскным складам («землі—зямля», «несці—нясу»); прыназоўнік «без» і адмоўе «не» прапанавана пісаць з літарай «е» («без цябе», «не было»). У галіне марфалогіі праводзілася пашырэнне канчатка «-а» ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду («завода», «цэха», «правапіса»), адмяняліся паралельныя формы на «-ом», «-ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах мн.л. («братам», «аб братах», «гарадам», «аб гарадах»), выключаліся паралельныя формы дзеясловаў на «-яце», «-іце» 1-га спражэння цяперашняга часу 2-й асобы мн.л. («працуеце», «ідзеце», «нясеце»), уводзіліся дзеепрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сац. сэнс («пануючы клас» замест «класа, якая пануе»). На аснове пастановы 1933 АН Беларусі ў 1934 выдадзены звод важнейшых арфаграфічных і грамат. правіл «Правапіс беларускай мовы», на якім грунтаваліся падручнікі і дапаможнікі на працягу наступных дзесяцігоддзяў.

У пасляваенны час Арфаграфічная камісія на чале з Я.​Коласам, К.​Крапівой і П.​Глебкам падрыхтавала чарговы праект змен і ўдакладненняў бел. правапісу. У 1950 і 1952 гэты праект абмяркоўваўся ў АН Беларусі і быў зацверджаны 11.5.1957 пастановай СМ БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». У новым праекце ўдакладняўся правапіс ненаціскных «о» і «е», правапіс «д», «т» і «дз», «ц», раздзяляльных апострафа і мяккага знака, падоўжаных зычных, складаных слоў, а таксама канчаткаў некат. назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў. На аснове гэтай пастановы складзены і выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія фармальна захоўваюць сваю сілу і ў наш час. Новы этап рэфармавання бел. літ. мовы пачаўся ў 2-й пал. 1980-х г. У 1993 была створана Дзярж. камісія па ўдакладненні правапісу бел. літ. мовы, якую ўзначаліў Н.​Гілевіч. У 1994 камісія рэкамендавала Нац. АН Беларусі і Мін-ву адукацыі падрыхтаваць новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У 1999 часовым навук. калектывам з членаў ранейшай Дзярж. камісіі выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі: (Праект новай рэдакцыі)*.

Літ.:

Камароўскі Я.М. Беларускі правапіс Мн., 1965.

А.​І.​Жураўскі, Я.​М.​Камароўскі.

т. 14, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Verfügung f -, -en пастано́ва, распараджэ́нне, дырэкты́ва; юрыд. рашэ́нне (über A – аб чым-н.);

der ~ gemäß, laut ~ зго́дна з распараджэ́ннем;

auf ~ des Geríchts зго́дна з рашэ́ннем суда́;

zur besónderen ~ для асо́бых даручэ́нняў;

zur ~ stéhen* быць [знахо́дзіцца] у распараджэ́нні;

sich j-m zur ~ stéllen адда́ць сябе́ ў чыё-н. распараджэ́нне;

éinstweilige ~ юрыд. часо́вае распараджэ́нне

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

прызначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызначаць — прызначыць.

2. Рашэнне аб залічэнні на якую‑н. пасаду, работу, а таксама дакумент з такім рашэннем. Атрымаўшы прызначэнне ў Мінск, Кавалёў адразу хацеў забраць з сабою і сям’ю, але жонка не дала згоды. Чарнышэвіч. У кішэні ў .. [Рыгора] ляжала прызначэнне на працу аграномам у Васілішкі, у калгас «Сцяг Леніна». Краўчанка.

3. Роля, функцыя каго‑, чаго‑н. Група асобага прызначэння. □ Усё мае сваё месца і прызначэнне. Не прападае дарам ні лісток, ні пясчынка. Бядуля. Спецыяльнае прызначэнне гэтага пакойчыка — даваць прыпынак людзям, па той ці іншай справе наведваўшым калгас. Колас. Прызначэнне некаторых прылад было для .. [дацэнта] незразумелым. Шахавец. // Мэта, задача, прадвызначэнне. Грамадскае прызначэнне твораў К. Чорнага — ненавідзець і ганьбаваць чалавечыя заганы, якія заставаліся ў спадчыну ад мінулага. Кудраўцаў. Зусім яшчэ маладой дзяўчынай, неяк інстынктыўна ўгадваючы сваё прызначэнне ў новым, разам з вясковымі хлапцамі пайшла ў камсамол. Галавач. А можа, і трэба гарэць дашчэнту? А можа, і трэба жыць нам ахвярна? А можа, ўсё гэта і не марна? А можа, ў гэтым гарэнні-мучэнні наша вышэйшае прызначэнне? Вярцінскі.

•••

Па прызначэнню — у прызначанае, умоўленае месца (паслаць, перадаць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рашы́ць, рашу́, рэ́шыш, рэ́шыць; зак.

1. з інф. і з дадан. сказам. Пасля раздумвання, меркавання прыйсці да якога‑н. выніку, заключэння. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры. Лынькоў. [Талаш:] — Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. Колас. [Сёмка:] — А мы з Петрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты не прыйдзеш. Гартны.

2. з інф. і з дадан. сказам. Вынесці, прыняць рашэнне адносна каго‑, чаго‑н. [Чарнавус:] — Людзі самі рашылі: Глінскаму быць старшынёй, а мне ісці ў пастухі або ў вартаўнікі. Кулакоўскі.

3. што. Знайсці неабходны адказ, вызначыць невядомае. Рашыць красворд. Рашыць ураўненне. Рашыць арыфметычную задачу. // што. Вырашыць, ажыццявіць. Рашыць праблему. □ Як рашыць такую цяжкую задачу, што трэба зрабіць, каб тутэйшыя пяскі хоць трохі лепш, радзілі? Кулакоўскі.

4. што. Разм. Патраціць, расходаваць што‑н. нажытае. [Бабейка:] — У даўгі залез па самыя вушы, каб вы ведалі. Рашыць астатні набытак прыйдзецца. Хадкевіч. [Гальвас] быў непрактычны абібок. І каб на яго рукі ўсё асталося, ён рашыў бы маёнтак за адзін год. Чорны.

•••

Рашыць жыцця — забіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. узнік, ‑ла; зак.

Пачацца, зарадзіцца; быць створаным. На сухім грудку цяжка ўзнікнуць жыццю, бо вельмі часта любяць тут прыпыняцца падарожныя. Навуменка. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад, — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. Франты адгрымелі, прайшла небяспека, І ў вёсцы Зацішак узнікла ячэйка. Хведаровіч. Мастацкая проза ў беларускай літаратуры ўзнікла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пшыркоў. // З’явіцца, паказацца. З боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Быкаў. [Студэнт:] — Раптам, на нечаканым павароце сцежкі, мы адразу спыніліся на месцы, нібы зачараваныя дзіўным відовішчам, якое ўзнікла перад намі. В. Вольскі. / Пра пачуцці і пад. І мацней за адчуванне болю, мацней за крыўду ўзнікла [у жанчыны] ўпартасць — адрэзаць дарогу яму [мужчыну] да пабегу. Мікуліч. // З’явіцца, вынікнуць, выявіцца (пра рашэнне, пытанне і пад.). План дзеяння ўзнік нечакана. Шамякін. [У Дзіміна] ўзнікла неадольная патрэба перадаць свае думкі другім, пагаварыць з кім-небудзь. Карпаў. / Пра ўяўленні, успаміны. Танкіст сумеўся, і ў хвілінку Прад ім узнік той час-пара, І ён сказаў: — Мо ты — сястра? Я помню добрую Марынку. Колас. // Пачацца; здарыцца, адбыцца. На сцэне пагасла святло і ўзнік пажар. Скрыпка. Сам сабою ўзнік лятучы мітынг. Харкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Úrteil n -(e)s, -e

1) меркава́нне, ду́мка;

sein ~ über j-n, etw. (A) fällen [ábgeben*] вы́казаць сваё меркава́нне нако́нт каго́-н., чаго́-н.;

sich (D) ein ~ über etw. (A) bílden скла́сці сабе́ ду́мку [меркава́нне] аб чым-н.

2) рашэ́нне

3) юрыд. прысу́д, прыгаво́р;

ein ~ (aus)spréchen* [fällen] вы́несці прыгаво́р [прысу́д];

óhne ~ und Recht без суда́

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

КРЫЖ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ,

унікальны твор старабел. эмальернага мастацтва, помнік пісьменства 12 ст.; рэліг. і духоўная святыня беларусаў. Зроблены ў 1161 полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай як каўчэг для захавання хрысц. рэліквій. Крыж 6-канцовы, выш. 51,8 см, даўж. верхняга перакрыжавання 14 см, ніжняга — 21 см, таўшчыня 2,5 см. Аснова з кіпарысавага дрэва, зверху і знізу пакрыта 21 залатой пласцінкай з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і 20 эмалевымі абразкамі, бакі абкладзены 20 сярэбранымі з пазалотай пласцінкамі, брыжы пярэдняга боку абведзены шнурком жэмчугу. Пласціны пярэдняга боку ўтвараюць іканапісную кампазіцыю — вял., або расшыраны, дэісус. На верхніх канцах крыжа паясныя выявы Хрыста, Маці Божай, Іаана Прадцечы. У цэнтры ніжняга перакрыжавання — 4 евангелісты, на канцах — архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе крыжа — патроны заказчыцы і яе бацькоў; св. Ефрасіння Александрыйская, Георгій і Софія. У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невял. 4-канцовы крыжык, у ніжнім — 6-канцовы. На адвароце выявы айцоў царквы Іаана Златавуста, Васіля Вялікага, Грыгора Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, св. Стафана, Дзмітрыя, Панцеляймона. З імі чаргуюцца эмалевыя арнаментальныя пласціны. Над кожным абразком часткова грэч., часткова слав. літарамі зроблены надпісы. У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі яго крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Маці Божай, часткі мошчаў св. Стафана і Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя. Унізе дробны надпіс з імем майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На баках крыжа па спіралі ў 2 рады зроблены вял. завяшчальны надпіс: «У лета 6669 кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да...40 грыўняў, і хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворную Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...» Захоўваўся (з перапынкамі) у Полацку. У 1921 крыж рэквізаваны. У 1929—41 зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1992 прынята рашэнне аб узнаўленні крыжа і створана навук.-кансультатыўная група, у склад якой уваходзілі бел. і рас. вучоныя. У 1997 брэсцкі мастак М.Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку.

Літ.:

Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;

Крест — красота церкви: [История создания и воссоздания Креста преподобной Ефросинии Полоцкой]. Мн.. 1998.

Т.​В.​Пешына.

Крыж Ефрасінні Полацкай Майстар Л.​Богша 1161.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ро́к 1 ру͡ок, рык, рік ’год’ (Нас., Мал., Бес., Сцяшк., Сцяц., Нар. Гом., Байк. і Некр., Скарбы, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ’тэрмін’ (Стан.) ’тэрмін пасяджэння земскага суда’ (Гарб.). Укр. рік, рус. дыял. рок ’тс’, рус. разан. ’непазбежнае няшчасце, лёс, доля’, стараж.-рус. рокъ ’тэрмін, год, узрост; правіла; лёс’; польск., н.-луж., чэш., славац. rok ’год’, славен. rȍk ’тэрмін’, ’прадвесце’, серб. ро̂к, харв. rȏk, rȍk, ст.-слав. рокъ ’устаноўлены, дамоўлены тэрмін’. Прасл. rokъ ’дамоўлены час, тэрмін’, утворанае ад *rekti ’сказаць’ (гл. рэкнуць), першапачаткова азначала ’нешта дамоўленае’, напрыклад, чэш. валаш. byl na istém roku ’быў, каб пачуць дакладны тэрмін вяселля’, альбо дамоўленасць у прававых адносінах, якая, як правіла, вызначалася тэрмінам на 12 месяцаў — такім парадкам слова *rokъ атрымала значэнне ’год’, параўн. ст.-бел. рокъ замероный ’вызначаны тэрмін для разгляду справы ў судзе’ (Статут 1529 г.), рокъ завитый ’канчатковы тэрмін яўкі ў суд’ (Ст.-бел. лексікон), роки статутовые ’тэрмін грашовай выплаты ад выйгранага працэсу’, роки судовые ’тэрмін судаводства земскага суда’ (Гарб.), зложыць рокъ ’вызначыць тэрмін’ (Стан.). Таму неабавязкова выходзіць з меркавання аб запазычанні ст.-бел. рокъ з польск. rok (гл. Булыка, Лекс. запазыч., 186). Гл. таксама рочкі 1. Прасл. *rokъ генетычна звязваецца з ст.-інд. racanam ’распарадак’, гоц. ragin ’думка’, ’розум’, rahnjan ’разлічваць’, тахар. A rake, тахар. B reki ’слова’, алб. rok ’тэрмін’, ’рашэнне’ (Міклашыч, 247; Фрэнкель, 693; Фасмер, 3, 497; Махэк₂, 515; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 628; БЕР, 6, 312; ESJSt, 13, 761).

Рок 2 ’поліўка з цёртага канаплянага семя’, ’расол’ (бярэз., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’лёк, селядзечы расол’ (гарад., ЛА, 4). Уграфінізм. Параўн. фін., карэльск. rokka ’гарохавы суп, поліўка’, эст. rokk ’зацірка’, комі rok ’каша’. Адсюль і рус. пячорск. рок ’поліўка з крупамі’, арханг. рокка ’поліўка з жытняй мукі з рыбай’ (Фасмер, 3, 497).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суд ’орган для разгляду судовых спраў’, ’судовы працэс’, ’думка, меркаванне’ (ТСБМ, Пас., Байк. і Некр.), ’суд (судовы орган і працэс)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’лёс, наканаванне’: nie toj ŭmiraje chto chud, da toj kamu sud (Пятк. 2), ст.-бел. судъ ’судовая ўстанова, інстанцыя’, ’судовы акт, прысуд’, ’судовы працэс’, ’цяжба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), ’тс’, ’меркаванне’ (Альтбаўэр). Укр., рус. суд, стараж.-рус. судъ, польск. sąd, в.-луж., н.-луж. sud, чэш. soud, славац. súd, серб.-харв. су̑д, славен. sọ́d ’суд, прыгавор’. балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’суд, судовы працэс, прыгавор, рашэнне, справядлівасць’. Прасл. *sǫdъ, якое з *som‑ і і.-е. кораня *dhē‑ ’класці, ставіць’ (гл. дзеяць), параўн. блізкае ст.-інд. samḍhiṣ, samdhā́ ’дагавор, сувязь, аб’яднанне’, літ. samdà ’найманне, арэнда’, samdýti, sámdaũ ’наймаць’, гл. Мее, 162, 234; Траўтман, 48; Фасмер, 3, 794. З першаснага значэння ’складанне, злучэнне’, відаць, развілася далей ’складанне думак, унясенне прапаноў, устанаўленне думак, ацэнак, і г. д.’, адкуль з’явілася спецыялізаванае значэнне ’асуджэнне каго-небудзь, судовы працэс’ → ’тыя, хто вядзе судовы працэс, вырашае спрэчкі, суд’; гл. Борысь, 539. Іншая словаўтваральная мадэль у Бязлая (3, 283–284): ад прасл. *sъ‑děti ’саставіць, злажыць’, параўн. славен. zdẹ́ti ’злажыць’, ст.-чэш. sdieti ’тс’. Шустар-Шэўц (1376) мяркуе, што корань ‑dъ у славянскім слове меў і значэнне ’гаварыць’, параўн. в.-луж. стар. dzieć, н.-луж. źaś, чэш. díti ’гаварыць’, адкуль *sǫdъ ’прыгавор’ з ’што-небудзь сумесна абмеркаванае і аб’яўленае (выказанае)’. Менш верагодная версія Семерэньі (гл. Шустар-Шэўц, там жа) аб сувязі *sǫdъ з лат. censeo < і.-е. *kendh‑ ’судзіць, даваць ацэнку’, што падтрымлівае Махэк₂ (568); супраць Трубачоў (Ремесл. терм., 236), які падкрэслівае адзіную крыніцу паходжання *sǫdъ ’суд’ і *sǫdъ ’су́д(ы)’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 64–66) звязвае з асновай прасл. *sědti, *sędǫ ’сесці’; таксама Ондруш, Этимология–1984, 178. Гл. яшчэ Сной, 590; ЕСУМ, 5, 467; ESJSt, 14, 861–862.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пригово́р м.

1. (судебный) прыгаво́р, -ру м.; прысу́д, -ду м.;

вы́нести пригово́р вы́несці прыгаво́р;

оправда́тельный пригово́р апраўда́льны прыгаво́р;

сме́ртный пригово́р смяро́тны прыгаво́р (прысу́д);

привести́ пригово́р в исполне́ние прыве́сці прыгаво́р (прысу́д) у выкана́нне;

2. (постановление) пастано́ва, -вы ж.; (решение) рашэ́нне, -ння ср.;

3. перен. прысу́д, -ду м., прыгаво́р, -ру м., вы́рак, -ку м.;

что ни сло́во — пригово́р што ні сло́ва — прысу́д (вы́рак);

4. (прибаутка) обл. пры́маўка, -кі ж., прыгаво́рка, -кі ж.;

◊

голова́ с покло́ном, язы́к с пригово́ром погов. галава́ з пакло́нам, язы́к з прыгаво́ркай.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)