МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),
поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РАЭ, Мероэ (грэч. Meroē),
старажытны горад у Судане, на Пд ад 5-га парога Ніла (паміж вёскамі Кігейк, Дэркаб і Бегаравія), сталіца Мераіцкага царства ў 9—8 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э. Зручнае геагр. размяшчэнне (караванныя шляхі ад Ніла і Чырвонага м. да Міжземнамор’я), радовішчажал. руды садзейнічалі ўзвышэнню горада. У М. ўзнік першы ў Афрыцы алфавіт. Каля 330—340 н.э. заваявана Аксумскім царствам. З пач. 20 ст. вядуцца археал. раскопкі. Захаваліся руіны замкаў, рым. лазняў, абсерваторыі, храмаў Амона, Ісіды і інш. Асноўная тэр. М. занята жылымі кварталамі і вытв. майстэрнямі. На У ад М. некропалі: адзін царскі і 2 агульныя.
Літ.:
Кацнельсон И.С. Напата и Мероэ — древние царства Судана. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАГА МО́РА НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана ў межах аднайменнай акваторыі і на прылеглых да яе тэр. Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Германіі і Даніі. Пл. 700 тыс.км², з іх 500 тыс.км² на шэльфе. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 3729 млн.т, газу 8411 млрд.м³. Газаносныя адклады каменнавугальнага, пермскага, ніжнетрыясавага ўзросту, нафтагазаносныя — сярэдняга і верхняга трыясу, юры, мелу і палеагену на глыб. 100—4000 м. Першае нафтавае радовішча на сушы адкрыта ў 1870 (Германія), на шэльфе — у 1967 (сектар Даніі), газавае адпаведна ў 1944 (Германія) і ў 1965 (сектар Вялікабрытаніі). Да 1990-х г. адкрыта 211 нафтавых і газанафтавых, 160 газавых і газакандэнсатных радовішчаў (найб. нафтавае Статфіёрд — 317 млн.т, газавае Гронінген — 1960 млрд.м³). Здабыча нафты і газу вядзецца фантанным і механізаваным спосабамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́КУ,
востраў на Пд Японскага архіпелага, у Японіі. Пл. 17,8 тыс.км². Каля С. 300 дробных астравоў і скал (разам з імі пл. 18,8 тыс.км²). Абмываецца Ціхім ак., Унутраным Японскім м., шматлікімі пралівамі. Даўж. берагавой лініі каля 1800 км. Паўн.-зах. і паўд.-ўсх. берагі расчлянёны слаба, паўн.-ўсх. і паўд.-зах. моцна парэзаны бухтамі. Пераважаюць горы. На Пн ланцуг узгоркаў і нізкагор’яў, складзеных у асн. з гранітаў; на Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 1981 м (г. Ісідзуты), пераважна са сланцаў. Радовішча меднай руды (Бесіяма). Клімат субтрапічны, мусонны, частыя тайфуны. Ападкаў да 3000 мм за год. Вечназялёныя шыракалістыя лясы. Вырошчваюць рыс, цукр. трыснёг, цытрусавыя; сады. Рыбалоўства. Буйн. гарады: Мацуяма, Такамацу, Такусіма, Коты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),
паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн.т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн.т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн.т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІХА́Р,
штат на ПнУ Індыі. Пл. 173,9 тыс.км². 86,3 млн.чал. (1994), каля 2/3 — біхарцы. Адм. ц. — г. Патна. На Пн — частка Інда-Гангскай раўніны, на Пд — пласкагор’е Чхота-Нагпур (макс.выш. больш за 1000 м). Клімат трапічны мусонны з сухой зімой і вільготным летам. Ападкаў каля 1000 мм за год. На Пд штата — гал. раён Індыі па здабычы каменнага вугалю, жал. і меднай руды, слюды (буйнейшае ў свеце радовішча; гл.Біхарскі слюданосны раён), уранавай сыравіны, баксітаў. Развіты металургічная (Бакара, Ранчы, Джамшэдпур), маш.-буд., цэментная, папяровая, хім., нафтахім., харч.прам-сць. Пад пасевамі каля 50% пл., значная ч. зямель арашаецца. Гал. культура — рыс. Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, ячмень, зернебабовыя, бульбу, на ПнУ — джут, на левабярэжжы Ганга — цукр. трыснёг. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў. Транспарт чыгуначны і рачны.