ЛО́ВЕЛ (Lovell) Джэймс Артур (н. 25.3. 1928, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША у адстаўцы. Скончыў Вісконсінскі ун-т і Ваенна-марскую акадэмію ў Анапалісе (1952). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 з Ф.Борманам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-7», 11—15.11.1966 з Э.Олдрынам — на КК «Джэміні-12» (як камандзір), 21—27.12.1968 з Борманам і У.Андэрсам — першы ў свеце палёт да Месяца на КК «Алалон-8» з выхадам на селенацэнтрычную арбіту (як пілот асн. блока), 11—17.4.1970 з Дж.​Суіджэртам і Ф.​Хейсам — палёт да Месяца на КК «Апалон-13» (як камандзір). Правёў у космасе 29,8 сут. Імем Л. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТЧ (Fitch) Вал Логсдан (н. 10.3.1923, г. Мерыман, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1966). Скончыў ун-т Мак-Гіла (г. Манрэаль, 1948), Калумбійскі ун-т (1954). З 1954 у Прынстанскім ун-це (з 1960 праф.). У 1987—88 прэзідэнт Амер. фіз. т-ва. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў масу μ​+-мезона, адкрыў мю-мезаатамы, удакладніў значэнне радыуса пратона (1953, з Л.​Дж.Рэйнуотэрам). Эксперыментальна выявіў парушэнне СР-сіметрыі ў распадах нейтральных К-мезонаў (1964, з Дж.У.Кронінам і інш.). Нобелеўская прэмія 1980 (з Кронінам). Нац. навук. медаль ЗША (1993).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие несохранении комбинированной четности // Успехи физ. наук. 1981. Т. 135, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

В.Л.Фітч.

т. 16, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЛБІ (Kilby) Джэк Сент-Клер (н. 8.11.1923, г. Грэйт-Бенд, ЗША),

амерыканскі інжынер-электратэхнік; вынаходнік інтэгральнай схемы. Чл. Нац. інж. акадэміі ЗША (1967). Скончыў Ілінойскі (1947) і Вісконсінскі (1950) ун-ты. З 1947 у фірме «Цэнтралаб» (г. Мілуокі), з 1958 у кампаніі «Тэксас інструментс» (г. Далас). У 1978—84 праф. Тэхаскага с.-г. і маш.-буд. ун-та. Вынайшаў маналітную паўправадніковую інтэгральную схему (мікрачып, 1958), партатыўны электронны калькулятар, паўправадніковы тэрмаграфічны прынтэр (1967, разам з інш.). Аўтар многіх вынаходстваў, якія выкарыстоўваюцца ў мікраэлектроннай тэхналогіі. Нобелеўская прэмія 2000 (з Ж.А.Алфёравым, Г.Кромерам; гл. Дадатак). Нац. навук. медаль ЗША (1969).

Тв.:

Рус. пер. — Возможное становится реальным: Изобретение интегральных схем // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №9.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.Кілбі.

т. 18, кн. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РНТАН (Thornton) Кэтрын Раян Кордэл (н. 17.8.1952, г. Мантгомеры, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р філасофіі ў галіне фізікі (1979). Скончыла Обурнскі (штат Алабама, 1971) і Віргінскі (г. Шарлатсвіл, 1977) ун-ты. З 1980 у Цэнтры замежнай навукі і тэхналогіі Узбр. сіл ЗША. У 1985—96 у атрадзе касманаўтаў НАСА. З 1996 праф. Віргінскага ун-та. Здзейсніла 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 23—28.11.1989 на КК «Дыскаверы», 7—16.5.1992 і 2—13.12.1993 на КК «Індэвар» (як спецыяліст), 20.10—5.11.1995 на КК «Калумбія» (як камандзір па карыснай нагрузцы). Правяла ў космасе 40,6 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 21,2 гадз (3 выхады). Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі», «За касмічны палёт» (4).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КАНСТРУ́КЦЫЯ ПО́ЎДНЯ 1865—77,

перыяд радыкальных сац.-эканам. пераўтварэнняў у амер. паўд. штатах пасля грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65; састаўная частка (2-я фаза) другой Амер. рэвалюцыі 1861—77. Праведзена ў час прэзідэнцтва Э.​Джонсана (1865—68) і У.​С.​Гранта (1869—77) з мэтай аднаўлення дзярж. адзінства ЗША і перабудовы жыцця паўд. штатаў краіны. Вырашала пытанні індустрыялізацыі, памяншэння ўплыву плантатараў, надання грамадз. правоў негрыцянскаму насельніцтву ў паўд. (б. рабаўладальніцкіх) штатах ЗША. Гал. рухаючыя сілы — радыкальнае крыло Рэсп. партыі (на федэральным узроўні), узбр. атрады (на мясц. узроўні). Фактычна пачалася з закону аб Рэканструкцыі ад 2.3.1867. Паводле рашэння кангрэса федэральныя войскі былі ўведзены ў паўд. штаты, іх тэр. падзелена на 5 ваен. акруг на чале з генераламі. У 1867 упершыню ў кангрэс ЗША выбраны 16 неграў. Яны ўваходзілі і ў мясц. органы ўлады. У ходзе Р.П. ў рэгіёне актывізавалася развіццё прам-сці, транспарту (чыг. буд-ва), гандлю, добраўпарадкоўваліся населеныя пункты, пашырылася асвета сярод неграў. Але з-за супраціўлення плантатараў і інш. кансерватыўных сіл (гл. Ку-клукс-клан) не ўдалося радыкальна вырашыць агр. пытанне, у большасці паўд. штатаў узмацніліся расісцкія настроі (да 1877 рэспубліканцы кантралявалі ўладу толькі ў 3 з 11 мясц. штатаў). У крас. 1877 федэральныя войскі выведзены з паўд. штатаў. У выніку Р.П. замацавана дзярж. адзінства ЗША, устаноўленае ў ходзе грамадз. вайны, зроблены захады па інтэграванні негрыцянскага насельніцтва ў амер. грамадства.

Літ.:

Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. №6.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРДЖЫ́НІЯ (Virginia),

штат ЗША, гл. Віргінія.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ВЕР (Hoover),

вадасховішча ў ЗША, гл. Мід.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́КСАН (Tucson),

горад у ЗША, гл. Тусон.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁДЭЛЬ (Gödel) Курт (28.4.1906, г. Брно, Чэхія — 14.1.1978),

аўстрыйскі матэматык і логік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. У 1933—38 у Венскім ун-це. У 1940 эмігрыраваў у ЗША; з 1953 праф. Ін-та перспектыўных даследаванняў у Прынстане. Навук. працы па матэм. логіцы і тэорыі мностваў. Аўтар тэарэм Гёдэль пра непаўнату і паўнату.

Літ.:

Нагель Э., Ньюмен Д.Р. Теорема Гёделя: Пер. с англ. М., 1970.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРО́Н (Huron),

возера ў Паўн. Амерыцы, у ЗША і Канадзе, другое па велічыні ў сістэме Вялікіх азёр. Пл. 59,6 тыс. км². Даўж. 330 км, шыр. каля 293 км, глыб. да 208 м. Злучаецца р. Сент-Мэрыс і каналам Су-Сент-Мары з Верхнім воз., пралівам Макіна — з воз. Мічыган; сцёк па р. Сент-Клэр у воз. Эры. Рыбалоўства. Суднаходства. Гал. парты — Сарнія і Мідленд (Канада), Алпіна (ЗША).

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)