восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал.Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКО́МА (Tacoma),
горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон. 179,8 тыс.ж., з прыгарадамі каля 600 тыс.ж., з г.Сіэтл і агульнымі прыгарадамі каля 2,5 млн.ж. (1998). Порт у зал. П’юджэт-Саўнд. Прам-сць: каляровая (алюміній і медзь) і чорная металургія, суднабуд., суднарамонтная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім., нафтаперапр., харч., металаапр., вытв-сцьпрамысл. абсталявання. Цэнтр рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,
смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).
Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл.Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц.т-ва «Лесахімік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫН,
горад, цэнтр Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. на аўтамагістралі Брэст—Пінск. За 110 км ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Драгічын на лініі Брэст—Гомель. 15,2 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1452 як в. Давячоравічы. З 1623 мястэчка ВКЛ, у інвентары 1778 лічыўся горадам, з 1795 мястэчка Кобрынскага пав. У 1849—167 ж., 98 дамоў, у 1897—2258 ж., 280 дамоў, царк.-прыходская школа, 2 нар. вучылішчы, сельская лячэбніца. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Д. 2 маслабойні, завод па ачыстцы мелу, ф-ка саламяных капелюшоў, 7 мукамольняў. З 1921 у Польшчы, цэнтр Драгічынскага павета. Палескага ваяв., каля 4 тыс.ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Драгічынскага раёна. З 25.6.1941 да 17.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Д. і раёне 4498 чал. У 1959—3,5 тыс.ж. З 10.11.1967 горад. У 1971—7,1 тыс.ж.
Трактарарамонтны і камбікормавы з-ды. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Брацкія магілы сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, партызан і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Стрэчання (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРА́Я ГАЛЫ́НКА,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Дзярэчын—Слонім. Цэнтр Галынкаўскага с/с і калгаса. За 18 км на ПнУ ад гар.пас. і 20 км ад чыг. ст. Зэльва, 110 км ад Гродна. 292 ж., 112 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (канец 19 ст.).
Вядома з 16 ст. як вёска Галынка ў Лідскім пав., прыватная ўласнасць. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка ў Слонімскім пав. Гродзенскай губ., дзярж. ўласнасць. У 1878 у С.Г. 293 ж.; у 1886—275 ж., 45 двароў, школа, царква, 3 сінагогі, крупадзёрка, 2 карчмы; у 1903—691 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Старавескай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв., 432 ж., 84 двары. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 у Зэльвенскім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С.Г. 386 ж. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сіняя (прыток Свіслачы). За 136 км на ПдЗ ад Магілёва, 3 км на Пн ад шашы Мінск—Гомель. Чыг. вузел (лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы). 35,2 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 18 ст. як вёска. У 1872 за 2 км ад Асіповічаў заснавана станцыя Лібава-Роменскай чыгункі з той жа назвай (40 ж., 5 дамоў). Паводле перапісу 1897, на месцы сучаснага горада існавалі 3 паселішчы з назвай Асіповічы: вёска (526 ж., 78 гаспадарак), станцыя (каля 100 ж., 11 гаспадарак), пасёлак (каля 200 ж., 38 гаспадарак), якія пазней зліліся. На пач. 20 ст. каля 1500 ж., больш за 300 двароў. У 1917 каля 4,2 тыс.ж. З лют. да мая 1918 Асіповічы заняты польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага, з мая да 4.12.1918 — германскімі, з 20.8.1919 да 10.7.1920 — польскімі войскамі. З 1922 цэнтр воласці, з 17.7.1924 мястэчка, цэнтр Асіповіцкага р-на Бабруйскай акр. (да 1930), з 15.7.1935 горад, у 1938—44 у Магілёўскай вобласці. У 1939 — 13,7 тыс.ж. 30.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Асіповіцкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 Магілёўскай абласцях (у 1962—65 у Бабруйскім раёне). У 1959 — 15,8 тыс.ж.
Прам-сць: маш.-буд. (завод аўтаагрэгатаў), буд. матэрыялаў (Асіповіцкі кардонна-руберойдавы завод, з-д жалезабетонных канструкцый), харч. (камбінаты хлебапрадуктаў, кансервава-харч., масларобчы); з-д «Каммаш», прадпрыемствы лёгкай і дрэваапр. прам-сці і інш. Працуюць камбінат быт. абслугоўвання, лясгас, лясная доследная станцыя. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму. Каля горада на р. Свіслач пабудаваны Асіповіцкае вадасховішча і ГЭС.
Літ.:
Зорин В., Ершова Г. Осиповичи: Историко-экон. очерк. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАВА,
вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).
Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАМА́ХА,
у грэчаскай міфалогіі жонка Гектара. Пасля гібелі мужа, узяцця Троі і падзелу здабычы ахейцамі Анрамаха дасталася сыну Ахіла Неапталему, якому нарадзіла 3 сыноў. Пасля яго смерці стала жонкай Гелена, брата Гектара. Да міфа аб Андрамасе звярталіся ў л-ры Гамер, Эўрыпід, Ж.Расін, у жывапісе Дж.Цьепала, Ж.Давід і інш.
Да арт.Андрамаха. Андрамаха каля цела Гектара. Маст.Ж.Давід. 1783.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБЕТО́Н,
штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл.Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.А.Белялюбскі, А.Ф.Лалейт, Р.П.Перадзерый, В.В.Міхайлаў, А.А.Гвоздзеў, бел. вучоныя І.М.Ахвердаў, Я.І.Дрозд і інш.