падзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак.

1. Пачаць дзьмуць. З лесу падзьмуў свежы ветрык. Бядуля. З раніцы захмарылася, падзьмуў моцны вецер. Лось. / у безас. ужыв. Ад ракі падзьмула халадком. Бяганская. І падзьмула свежым раннем, Лугам, соснамі, жыццём! Агняцвет.

2. Дзьмуць некаторы час. [Прыстром] узяў на далонь камяк зямлі, памяў яго, падкінуў угору, нават падзьмуў на яго. Шынклер. — Што, што? — яна падзьмула ў трубку, патрэсла яе, зноў прыклала да вуха. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамо́жаны, ‑ая, ‑ае.

Той, якога перамаглі. Жартамі, на якія быў вялікі майстар Янка Купала, Бядуля быў пераможаны. Хведаровіч. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць: Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. / у знач. наз. перамо́жаны, ‑ага, м. Услед за .. [глушыцай] паляцеў і пераможца. Крыху счакаўшы, з моцным лопатам цяжка ўзняўся і нізам пацягнуў у той жа бок і пераможаны. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піка́нтны, ‑ая, ‑ае.

1. Востры на смак, рэзкі. Пікантны соус.

2. перан. Які сваёй незвычайнасцю выклікае цікавасць. — Цікава, цікава, — адразу загарэўся Леў Іванавіч, падкі на ўсякія нечаканыя і пікантныя здарэнні. Васілевіч. // Не зусім прыстойны. Наконт тытулавання па бацьку.. [Іван Мацвеевіч] зараз жа расказаў пікантны анекдот. Бядуля.

3. перан. Прывабны, спакуслівы. Пікантная жанчына. □ Другія ж кінатэатры відаць здалёку. Ля іх ззяюць неонавыя рэкламы, на якіх паказаны самыя пікантныя кадры з фільмаў. Філімонаў.

[Фр. piquant. — калючы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́нны 1, ‑ая, ‑ае.

Прыгнаны, дастаўлены (сухім або водным шляхам) з другога месца. Прыгонны лес. Прыгонная жывёла.

прыго́нны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыгону (у 2, 3 знач.). Прыгонная гаспадарка.

2. Які з’яўляецца ўласнасцю памешчыкапрыгонніка, належыць яму. Прыгонныя сяляне. Прыгонны майстар. Прыгонны тэатр. Прыгонны акцёр. / у знач. наз. прыго́нны, ‑ага, м.; прыго́нная, ‑ай, ж. З суседняга маёнтка пана Чапкоўскага ўцёк прыгонны. Бядуля.

•••

Прыгоннае права гл. права.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.

•••

Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́шата, ‑а, М ‑шаце; мн. рашо́ты (з ліч. 2, 3, 4 рэ́шаты), рашо́таў; н.

1. Рэч хатняга ўжытку для прасейвання мукі і пад. у выглядзе шырокага абруча з сеткай. У сенцах Мацвей падсяваў у рэшаце жыта. Чорны. Дзесяткі людзей лавілі рыбу кошыкамі, торбамі, рашотамі. Бядуля.

2. Агульная назва прыстасаванняў у зернеачышчальных, сартавальных і пад. машынах.

•••

Галава як рэшата гл. галава.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Цуды ў рэшаце гл. цуд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сагнуць.

2. у знач. прым. Складзены пад вуглом у суставе (пра канечнасці). Баец ужо спаў, шырока раскінуўшы рукі з сагнутымі пальцамі. Федасеенка. // Які прымае дугападобную форму пры згінанні. Толькі на астраўку між кустоў мільгалі іх [хлопцаў] сагнутыя спіны. Няхай. // Скрыўлены, згорблены. Супроць брамы гэтага доміка сядзела сагнутая худая жанчына сярэдніх гадоў. Бядуля. // Пахілены (пра дрэва, расліны). Сагнутая вярба. // Пагнуты. Сагнутая бляшанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свісцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Духавы народны музычны інструмент у выглядзе дудкі з дрэва або чароту. З вуліцы чуваць трэск барабана, віск флейты-свісцёлкі і размерны тупат ног. «Маладосць».

2. Тое, што і свістулька. Андрэйка трымае ў руках лазовую свісцёлку, якую днём скруціў яму дзед, і ціхутка свішча. Бядуля. Свісцёлкай з лапушыны Ён [Пеця] свішча з-пад рукі І голасам птушыным Іх [шчыглоў] вабіць на сілкі. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвалю́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад хваляваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які выклікае хваляванне, трывожыць, непакоіць. Пасля такіх хвалюючых, бурных перажыванняў Пятрусь злёг... Нікановіч. Хвалюючым помнікам салдацкай вернасці гучаць шматлікія надпісы, што пакінулі воіны на крапасных сценах: «Смерць фашызму!» «Звязда». І пахне зямля такім да болю знаёмым хвалюючым пахам, якім можа пахнуць толькі родная зямля. Даніленка. Хвалюючы голас пранізвае сэрцы слухачоў. Бядуля.

3. Дзеепрысл. незак. ад хваляваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грамадзя́нін, ‑а; мн. ‑дзяне, ‑дзян; м.

1. Чалавек, які адносіцца да пастаяннага насельніцтва краіны, карыстаецца правамі і выконвае абавязкі, устаноўленыя яе канстытуцыяй. Грамадзянін Савецкага Саюза.

2. Высок. Свядомы член грамадства, чалавек, які падпарадкоўвае асабістыя інтарэсы інтарэсам грамадства. Карл Маркс — грамадзянін свету.

3. Дарослы чалавек, мужчына, а таксама форма звароту да яго. — Вам што трэба, грамадзянін? — холадна звярнуўся да .. [фабрыканта] Саламон. Бядуля. [Дзяўчына:] Там адзін грамадзянін просіць прыняць яго без чаргі. Крапіва.

4. Уст. Жыхар горада, гараджанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)