ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),
нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел.пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.
Тв.:
Бел.пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;
Паэт;
Воўк // Крыніца. 1995. № 3;
Рус.пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;
Игра в бисер: Роман;
Рассказы. М., 1984;
Последнее лето Клингзора. М., 1986;
Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;
Сиддхартха. Мн., 1993;
Собр. соч.Т. 1—8. М.;
Харьков, 1994—95.
Літ.:
Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;
Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;
Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;
Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;
Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;
Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМЗІ́Н (Мікалай Міхайлавіч) (12.12.1766, с. Міхайлаўка Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 3.6.1826),
рускі пісьменнік, гісторык; заснавальнік рус.сентыменталізму. Чл.Рас. акадэміі (1818). У 1775—81 вывучаў ням. і стараж. мовы, філасофію, рыторыку, логіку, паэтыку; наведваў лекцыі ў Маск. ун-це. Дэбютаваў у 1787 перакладамі англ., франц., ням. пісьменнікаў. Выдаваў альманахі, часопісы (1789—1803). Працаваў у жанры гіст.аповесці: «Наталля, баярская дачка» (1792), «Марфа Пасадніца, або Заваёва Ноўгарада» (1803). У нататках «Лісты рускага падарожніка» (1791—95), аповесцях «Бедная Ліза» (1792), «Востраў Борнхальм» (1794), «Сьера-Марэна» (1795), незакончаным рамане «Рыцар нашага часу» (1802—03) і інш. ставіў пытанні лёсу рус. культуры, прыроды чалавечага пачуцця, маральнай роўнасці людзей, раскрыў багацце ўнутр. свету асобы, яе духоўнае самаўдасканаленне. Асн. праца «Гісторыя дзяржавы Расійскай» (т. 1—12, 1816—29) — новы этап у развіцці рус. гістарыяграфіі. Яна створана на аснове разнастайнага гісторыка-дакумент. матэрыялу (летапісаў, судзебнікаў, мемуараў, грамат і інш.) і ’ахоплівае перыяд ад старажытнасці да пач. 17 ст. Гісторыю краіны К. атаясамліваў з гісторыяй дзяржавы і манархічнай улады. У кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці разглядаў і гісторыю Беларусі. «Гісторыя...» — твор не толькі гіст., а і літаратурны, вылучаецца афарыстычнай дакладнасцю, элементамі архаізацыі лексікі. Аўтар вершаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, рэцэнзій на літ. і тэатр. тэмы.
Тв.:
История государства Российского: В 12 т. Т. 1—5. М., 1989—93;
Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1964;
Полн. собр. стихотворений. 2 изд. М.; Л., 1966;
Письма русского путешественника: Повести. М., 1982;
Избр. статьи и письма. М., 1982.
Літ.:
Канунова Ф.З. Из истории русской повести: (Ист-лит. значение повестей Н.М.Карамзина). Томск, 1967;
Эйдельман Н.Я. Последний летописец. М., 1983. Лотман Ю.М. Сотворение Карамзина. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАН (London) Джэк [сапр.Грыфіт
(Griffith) Джон; 12.1.1876, г. Сан-Францыска, ЗША — 22.11.1916], амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Каліфарнійскім ун-це (1896—97). Быў золаташукальнікам на Алясцы (1897—98). Друкаваўся з 1893. Вядомасць яму прынеслі т. зв. паўночныя апавяданні, у якіх дадзены яркія апісанні суровай паўн. прыроды і паводзіны чалавека ў іх: зб-кі «Сын ваўка» (1900),
«Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці марозу» (1902), раман «Дачка снягоў» (1902). Майстар анімалістычнага жанру (аповесці «Кліч продкаў», 1903, экранізацыя 1972; «Белы Ікол», 1906, экранізацыя 1946) і т.зв. марской прозы (раман «Марскі воўк»,1904, экранізацыя 1941; зб. «Апавяданні паўднёвых мораў», 1911). Пад уплывам барацьбы амер. пралетарыяту і рэвалюцыі 1905—07 у Расіі выдаў зб-кі публіцыстычных артыкулаў «Вайна класаў» (1905), «Рэвалюцыя» (1910), раман-утопію «Жалезная пята» (1908). Вяршыня творчасці Л. — аўтабіягр. раман «Марцін Ідэн» (1909) пра трагічны лёс пісьменніка з народа. Аўтар раманаў «Месячная даліна» (1913), «Маленькая гаспадыня Вялікага дома» (1916), «Сэрцы трох» (выд. 1920) і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі А.Якімовіч, А.Мардвілка, Н.Саламевіч, А.Саламевіч, У.Чаркас.
Тв.:
Бел.пер. — Незвычайны адрывак. Мн., 1926;
Бук — паштовы сабака Мн., 1930;
Забаставаў. Мн., 1931;
Кулі. Мн., 1931;
Сказанне аб Кішы. Мн., 1938;
Смок Белью.
Мн., 1947; Кліч продкаў; Любоў да жыцця; Белы Ікол. Мн., 1997; Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М., 1976; Мартин Иден: Роман; Рассказы. Мн., 1985; Маленькая хозяйка Большого дома; Сердца трех. Мн., 1987; Золотой каньон: Рассказы. Мн., 1998.
Літ.:
Балтроп Р. Джек Лондон, человек, писатель, бунтарь: Пер. с англ.М., 1981;
Стоун И. Моряк в седле: Биография Д.Лондона: Пер. с англ.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДО́СЦЬ»,
штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. ілюстраваны маладзёжны часопіс. Выдаецца з крас. 1953 у Мінску на бел. мове. Гал. рэдактары: А.Кулакоўскі (1953—58), П.Панчанка (1958—66), А.Асіпенка (1966—72), Г.Бураўкін (1972—78), В.Зуёнак (1978—82), А.Грачанікаў (1982—91), Г.Далідовіч (з 1991). Друкуе творы бел. пісьменнікаў — раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п’есы, публіцыстычныя, крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, фотарэпартажы, нарысы пра работнікаў вытворчасці, дзеячаў навукі, культуры, л-ры і мастацтва, пераклады і інш. Змяшчае ілюстрацыі, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва. Асвятляе пераважна жыццё, прац. і вытв. дзейнасць бел. моладзі.
У часопісе друкаваліся А.Адамовіч, С.Александровіч, Асіпенка, В.Бечык, П.Броўка, Р.Бярозкін, В.Вітка, С.Гаўрусёў, Л.Геніюш, А.Грачанікаў, У.Дубоўка, У.Калеснік, У.Караткевіч, К.Кірэенка, Я.Колас, Кулакоўскі, А.Куляшоў, М.Лынькоў, П.Макаль, Я.Маўр, І.Мележ, В.Палтаран, Панчанка, Б.Сачанка, М.Стральцоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, Я.Янішчыц і інш.; супрацоўнічаюць В.Адамчык, С.Андраюк, М.Арочка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Я.Брыль, Дз.Бугаёў, Бураўкін, В.Быкаў, А.Васілевіч, Н.Гілевіч, С.Грахоўскі, У.Гніламёдаў, У.Дамашэвіч, А.Жук, С.Законнікаў, Зуёнак, М.Ермаловіч, В.Каваленка, К.Камейша, А.Кудравец, Я.Лецка, А.Лойка, І.Навуменка, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, У.Юрэвіч і інш.; бел. мастакі П.Драчоў, А.Кашкурэвіч, М.Купава, А.Марачкін, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў і інш. Аўтарамі ў часопісе выступаюць таксама дзеячы культуры і навукі, працаўнікі вытворчасці і г.д. З 1988 пры часопісе выходзіць штомесячны літ. дадатак «Бібліятэка часопіса «Маладосць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАМА́ЕВА ПАБО́ІШЧА»,
«Сказанне пра Мамаева пабоішча», «Пра пабоішча Мамая...», помнік стараж.-рус. літаратуры 1-й чвэрці 15 ст., важнейшы твор Кулікоўскага цыкла, які змяшчае найбольш падрабязнае апісанне Кулікоўскай бітвы 1380.
Асн. ідэя — сцвярджэнне вядучай ролі вял. маскоўскага кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Русі ў аб’яднанні сіл усх.-слав. зямель, услаўленне гераічнага подзвігу рус. народа. Аўтар адзначае вял. ролю прадстаўнікоў ВКЛ у перамозе над войскамі Мамая, важнасць ваенна-паліт. саюза гэтага княства з Маск. дзяржавай. Гал. герой Дзмітрый Іванавіч Данскі апісаны як мужны і мудры палкаводзец. Аўтар выкарыстаў анахранізмы (напр., саюзнікам Мамая названы вял.кн.ВКЛ Альгерд, а не яго сын Ягайла, як было на самой справе), абстрактны псіхалагізм (Мамай і яго саюзнік Алег Разанскі паказаны рэзка адмоўнымі), маст. прыёмы і вобразы, уласцівыя фальклору. Апісанне рэальных падзей, заснаванае на дакумент. крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, спалучаецца ў творы з вусна-паэт. паданнямі і маст. вымыслам. Вобраз Дзмітрыя Іванавіча Данскога пададзены месцамі ў агіяграфічна-рытарычным плане.
Захавалася 8 рэдакцый «М.п.», шмат варыянтаў і спісаў. Адна з рэдакцый, скарочаны пераклад на бел. мову «Пра пабоішча Мамая», створана ў 17 ст. Яна дапоўнена кароткай гіст. аповесцю пра татарскіх ханаў, тэкст аповесці падзелены на 12 частак (кожная мае сваю назву); вызначаецца сцісласцю апісання падзей, больш дынамічным выкладам сюжэту. Рукапіс бел. рэдакцыі зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Больш поўная рэдакцыя помніка захавалася ў бел.-ўкр. хранографе «Вялікая хроніка».
Публ.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 125—143.
Літ.:
История русской литературы. Л., 1980. Т. 1. С. 175—179;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,
1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.
М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл.Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.Мельес (Францыя), У.Пол (Англія), Э.Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв.маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав.маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.
На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел.маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.Мележа) В.Турава, «Альпійская балада» Б.Сцяпанава (паводле В.Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.Рубінчыка (паводле У.Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.Клімава (паводле А.Адамовіча), «Знак бяды» М.Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.Рыбарава (паводле В.Казько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст.ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц.слав. знаццю.
Літ.:
Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;
Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст.Кн. 1. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,
помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн.Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.
Літ.:
Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;
Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;
М., 1994.
В.А.Чамярыцкі.
Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАФІМО́ВІЧ (сапр.Папоў) Аляксандр Серафімавіч
(19.1.1863, станіца Ніжнекурмаярская Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 19.1.1949),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1883—87). За рэв. дзейнасць сасланы ў Архангельскую губ. (1897—90). У 1926—29 рэдагаваў час. «Октябрь». Адзін з арганізатараў Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1899. Першая кніга — «Апавяданні і нарысы» (1901). У ранніх творах раскрываў драматызм штодзённай барацьбы чалавека за выжыванне. У аповесці «Пяскі» (1908), рамане «Горад у стэпе» (1912) — маральная праблематыка, звязаная з развіццём капіталізму ў горадзе. Раман «Жалезны паток» (1924), у аснове якога гіст. факт — паход Таманскай арміі (1918), лічыўся класікай сацыялістычнага рэалізму. Аўтар нарысаў пра калектывізацыю (серыя «Па данскіх стэпах», 1931), грамадз. і Вял.Айч. войны, артыкулаў пра л-ру. С. наведваў Беларусь, быў асабіста знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, Ц.Гартным, П.Галавачом, М.Лыньковым і інш., удзельнічаў у рабоце 2-га пленума праўлення БелАПП (1931). На бел. мову яго творы перакладалі С.Іва, П.Місько, С.Хурсік і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1959—60;
Бел.пер. — Вераб’іная ноч: Апавяданні. Мн., 1930;
Горад у стэпу. Мн., 1930;
Жывы астрог: Апавяданні. Мн., 1930;
Сопка з крыжамі: Апавяданні. Мн., 1930;
У нумары. Мн., 1930;
У сям’і: Апавяданне. Мн., 1930;
Працавітыя юнакі: Апавяданні. Мн., 1931;
Стачка. Мн., 1932;
Жалезны паток. 3 выд.Мн., 1936;
Апавяданні. Мн., 1937 (на вокл.: 1938).
Літ.:
Волков А.А. Творческий пугь А.С. Серафимовича. 2 изд. М., 1963;
Хигеров и ч Р.И. Путь писателя: Повесть о Серафимовиче. 3 изд. М., 1963;
Воспоминания современников об А.С.Серафимовиче. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ (Алена Сямёнаўна) (н. 22.12.1922, в. Ліпнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Скончыла Рагачоўскі настаўніцкі ін-т (1941) і БДУ (1946). Працавала ў Курскім абл. выд-ве, у час. «Работніца і сялянка» (1950—72), выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (1972—83). Друкуецца з 1947 (аповесць «У прасторах жыцця»). У цэнтры ўвагі пісьменніцы жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей (аповесць «Шляхі-дарогі», 1950; зб-кі апавяданняў «Блізкія знаёмыя», 1954; «Падслухала сэрца», 1960; «Пісар страявой часці», 1969; «Адно імгненне», 1974; «Мыс Добрай Надзеі», 1977; «Шурка Рэмзікаў», 1985, і інш.). Лепшыя апавяданні («Пані старшыніха прыехала», «Адно імгненне», «Зімовая дарога», «Марыула», «Падгор’е») вылучаюцца глыбінёй пранікнення ва ўнутр. свет чалавека, моцным маральна-этычным і грамадз. напаўненнем. На аўтабіягр. матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся...» (аповесці «Расці, Ганька», 1966; «Доля знойдзе цябе», 1967; «Новы свет», 1968; «Пачакай, затрымайся...», 1970; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), у якой паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае пасталенне чалавека. Аўтар кніг для дзяцей («Заўтра ў школу», 1956; «Сябры», 1958; «Калінавая рукавічка», 1963, і інш.). Творы Васілевіч дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэт. бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая нар. мова. Аўтар зб-каў эцюдаў, роздумаў, эсэ («Люблю, хвалююся — жыву...», 1986; «Элегія», 1988). Пераклала на бел. мову аповесць М.Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д.Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесць Г.Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1982—83.
Літ.:
Шкраба Р. Літаратура і мова. Мн., 1969. С. 304—316;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977. С. 91—125;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979. С. 88—114;
Яфімава М. Алена Васілевіч // Беларуская дзіцячая літаратура. Мн., 1980;
Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983. С. 27—29, 197—205.