АМЕ́ГА,
назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
А.М.Булыка.
т. 1, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й (свецкае Крыт Аляксандр; ? — 21.5.1983),
бел. рэлігійны дзеяч. Да 2-й сусв. вайны жыў у Зах. Беларусі. Пасля вайны ў Германіі, Англіі: святар у прыходах, адміністратар Вікарыяльнай управы Беларускай аўтакефальнай правасл. царквы ў замежжы (БАПЦ). З 1961 у ЗША: настаяцель прыхода св. Жыровіцкай Маці Божай у Кліўлендзе (ініцыятар рэліг. навучання дзяцей-беларусаў, у т. л. па гісторыі царквы на Беларусі). У 1969 епіскап, з 1970 архіепіскап епархіі БАПЦ у Паўн. Амерыцы. З 1972 мітрапаліт БАПЦ.
Л.У.Языковіч.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭПРЭНЁР (ад франц. entrepreneur прадпрымальнік),
уладальнік, арандатар, гаспадар прыватнага відовішчнага прадпрыемства (т-ра, цырка і інш.) — антрэпрызы або арганізатар гастрольных турнэ труп і асобных акцёраў. У Зах. Еўропе вядомыя з сярэдзіны 16 ст., на Беларусі — з 1770-х г. Апрача камерцыйных існавалі антрэпрэнёры, звязаныя з т-рам творчымі адносінамі: антрэпрэнёр-акцёр (Р.Бёрбедж, Англія), антрэпрэнёр-рэжысёр (М.Райнгарт, Германія), антрэпрэнёр-драматург (Ж.Б.Мальер, Францыя) і інш. Першым бел. антрэпрэнёрам быў І.Буйніцкі. Функцыі антрэпрэнёра выконвалі Ф.Ждановіч і У.Галубок.
т. 1, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦІ́ПАЎ (Васіль Рыгоравіч) (н. 15.2.1924, в. Бокачы Палкінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія),
дэндролаг. Д-р біял. н. (1981), праф. (1983). Скончыў Леніградскую лесатэхн. акадэмію (1952). Працаваў у бат. садах Латвійскай і Беларускай АН, у Чарнавіцкім ун-це. З 1977 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па садова-паркавым і ландшафтным мастацтве, праблемах экалогіі.
Тв.:
Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Устойчивость древесных растений к промышленным газам. Мн., 1979;
Определитель древесных растений. Мн., 1994 (разам з І.В.Гуняжэнкам).
т. 1, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ТЦАР (Якуб) (23.7.1690, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 11.8.1733),
бел. жывапісец. Зрабіў размалёўку інтэр’ера касцёла езуітаў у Слуцку (1715—17, не захаваўся), капліцы ў Полацку (1717—21); стварыў абразы «Распяцце», «Маці Божая», шэраг партрэтаў. У 1721—22 у Мінскім кафедральным касцёле св. Станіслава выканаў паліхромную размалёўку ў сакрысціях і алтар Маці Божай. У 1731—32 у Віцебску размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле (не захаваліся), напісаў абразы св. Андрэя Баболі і св. Тадэвуша. З 1732 працаваў у Нясвіжы, Пінску.
т. 3, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́НАЎ (Пётр Аляксандравіч) (1.11.1905, г. Віцебск — 26.1.1990),
бел. мікрабіёлаг-імунолаг. Д-р біял. н., праф. (1942). Чл.-кар. АН Казахстана (1954). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1930). З 1934 у Алма-ацінскім зоавет. ін-це, з 1961 у Ін-це біялогіі АН БССР, з 1964 у БДУ. Вывучаў уласцівасці змяінага яду. Вынайшаў проціядныя вакцыны і сывараткі, антыбіётык актынаміцын К. Навук. працы па мікробных меланінавых пігментах, бруцэлёзе буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Общая микробиология. Мн., 1969 (разам з В.І.Калешка).
т. 3, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́ТАЎ (Уладзімір Георгіевіч) (30.6.1929, г. Новасібірск, Расія — 19 2.1976),
бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту (1959), засл. трэнер Беларусі (1975). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1953). Рэкардсмен Еўропы, СССР. Трэніраваў зборную юніёраў СССР па лёгкай атлетыцы (з 1961), нац. каманду Кубы (1967—68), з 1968 старшы трэнер па скачках з шастом Рэспубліканскай школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1978 у Мінску праводзяць спаборніцтвы па скачках з шастом памяці Булатава.
т. 3, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСЬКО́ (Мікола) (Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар. ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУФАНА́ДА (італьян. buffonata літар, блазнаванне),
від тэатр. паказу і прыём акцёрскага выканання, заснаваныя на рэзкім, камедыйным перабольшанні пераважна вонкавай характарнасці. Асабліва пашырана ў цырку (гл. Клаунада). Узнікла ў народным тэатры (мім, скамарохі, італьян. камедыя дэль артэ), выкарыстоўвалася ў батлейцы. На выкарыстанне прыёмаў буфанады разлічаны і некаторыя творы Мальера, К.Гальдоні, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Я.Купалы, У.Маякоўскага і інш. Элементы буфанады выкарыстоўвалі пры стварэнні камедыйных вобразаў бел. акцёры А.Ільінскі, Г.Глебаў, П.Малчанаў.
т. 3, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАВЕ́Ц (Георгій Кліменцьевіч) (18.1.1901, г. Віцебск — 27.5.1967),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1944). Скончыў Віцебскія пях. камандныя курсы (1922), курсы «Выстрал» (1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 нач. штаба стралк. корпуса. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Ленінградскім, 3-м Бел., 1-м Укр. франтах: нач. штаба стралк. корпуса, камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. Да 1953 нач. штаба ваен. акруг.
т. 3, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)