КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАВЫ́ ПАСРЭ́ДНІК,
пасада, уведзеная ў Рас. імперыі паводле «Палажэнняў» 19.2.(3.3).1861 аб адмене прыгоннага права для садзейнічання ў правядзенні сялянскай рэформы 1861. Прызначаўся Сенатам па рэкамендацыі губ. улад з мясц. дваран-памешчыкаў (спачатку на 3-гадовы тэрмін, пазней — бестэрмінова). У межах свайго ўчастка (на Беларусі звычайна 5—7 валасцей) М.п. займаўся размежаваннем сял. і панскай зямлі, разбіраў спрэчныя пытанні паміж сялянамі і памешчыкамі, правяраў, зацвярджаў і ўводзіў у дзеянне ўстаўныя граматы, ствараў і кантраляваў органы сял. самакіравання, ажыццяўляў абмежаваную суд. (да ўвядзення міравых судоў) і паліцэйскую ўладу над сялянамі. Інстытут М.п. скасаваны (за выключэннем Закаўказзя і зах. губерняў, у т. л. беларускіх) у 1874, у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. — у 1878, у Віленскай і Гродзенскай — у 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,
канстытуцыйны прынцып правасуддзя ў дэмакр. дзяржавах, які азначае, што суддзі і засядацелі вырашаюць суд. справы на аснове закону, ва ўмовах, што выключаюць усякае ўздзеянне на іх. Паводле арт. 110 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Якое-н. умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць паводле закону.
Н.с. забяспечваецца: устаноўленым законам парадкам выбрання, назначэння і вызвалення суддзяў, іх недатыкальнасць, юрыд. працэдурай ажыццяўлення правасуддзя, тайнай нарады суддзяў пры вынясенні рашэнняў і забаронай патрабаваць выдавання гэтай тайны, адказнасцю за непавагу да суда або ўмяшанне ў вырашэнне канкрэтных спраў, стварэннем неабходных арганізацыйна-тэхн. умоў для дзейнасці судоў, а таксама матэрыяльным і сац. забеспячэннем суддзяў, устаноўленымі гарантыямі, якія адпавядаюць іх высокаму статусу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,
ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),
прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст.н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
ПРЫКА́ЗЫ,
1) цэнтральныя органы дзярж. кіравання ў Расіі 16 — пач. 18 ст. Назва ад даручэнняў, загадаў (рус. «приказов»), якія ў 15 ст. маскоўскі вял. князь даваў сваім баярам і дзякам. Паступова гэтыя даручэнні набылі рэгулярны характар і для іх выканання з’явіліся спец. памяшканні «ізбы», якія пры фарміраванні ў 16 ст.Рускай цэнтралізаванай дзяржавы ператварыліся ў пастаянныя дзярж. ўстановы — П. У 17 ст. існавала каля 80 П., гал. з іх — Пасольскі, Памесны, Разрадны і Тайных спраў. Астатнія паводле функцый падзяляліся на адм.-суд.-паліцэйскія (Земскі, Разбойны, Халопскі і інш.), тэрытарыяльныя (Казанскі, Сібірскі, Вял. Расіі, Маларасійскі і інш.), ваенныя (Стралецкі, Пушкарскі, Казачы і інш.), фінансавыя (Вял. казны, Вял. прыходу, Хлебны і інш.), дварцовыя (Вял. палаца, Пасцельны, Сакольнічы і інш.). У 1656—67 дзейнічаў П. Вял. княства Літоўскага, які кіраваў бел. і літ. землямі, часова заваяванымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кожны П. узначальваў суддзя з ліку членаў Баярскай думы. Суддзям падпарадкоўваліся дзякі, дзякам — падзячыя. Суддзя вырашаў справы аднаасобна, найб. складаныя з іх разглядаў з дзякамі. Структура П. вызначалася іх кампетэнцыяй. Вял. П. (Памесны, Разрадны і інш.) падзяляліся на сталы́ па тэр. і функцыян. прынцыпах, а сталы́ — на павыцці. Невял. па колькасці служачых П. (Пасольскі) падзяляліся адразу на павыцці. У 17 ст. сярэднімі лічыліся П. са штатам у 20—40 чал., у буйных працавала да 400 чал. Для П. характэрна спалучэнне суд., адм. і фін. функцый, частае дубліраванне функцый адзін аднаго, вял. цяганіна і хабарніцтва. У 1717—21 П. заменены Калегіямі (некат. існавалі пазней, напр., Сібірскі да 1763).
2) Цэнтр. органы кіравання пры патрыярху рус.правасл. царквы ў 17 ст.: дварцовы, казённы, разрадны.
3) Назва стралецкіх палкоў у Расіі 16 — пач. 18 ст.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.