ПЛАСТЫФІКА́ТАРЫ (ад грэч. plastos вылеплены + лац. facere рабіць),

1) рэчывы, што павышаюць пластычнасць і (ці) эластычнасць палімераў і матэрыялаў на іх аснове пры перапрацоўцы і эксплуатацыі. Аблягчаюць размеркаванне сыпучых інгрэдыентаў у палімернай матрыцы, зніжаюць т-ру перапрацоўкі палімерных матэрыялаў, некаторыя надаюць ім негаручасць, тэрма-, мароза-, святлоўстойлівасць і інш. спец. ўласцівасці. П., якія аблягчаюць перапрацоўку (зніжаюць т-ру цякучасці гумавых сумесей), але не паляпшаюць марозаўстойлівасць вулканізату, наз. змякчальнікамі. Працэс увядзення П. у палімер наз. пластыфікацыяй. Найб. шырока П. выкарыстоўваюць пры перапрацоўцы пластмас (каля 70% ад агульнага аб’ёму пры перапрацоўцы полівінілхларыду) і эластамераў, вырабе лакафарбавых матэрыялаў.

Асн. агульныя патрабаванні да П. — сумяшчальнасць з палімерам пры ўвядзенні значнай (да 50% па масе) колькасці П., нізкая лятучасць, адсутнасць паху і колеру, хім. інертнасць, устойлівасць да вымывання ў вадкім асяроддзі. Найб. пашыраныя П. — складаныя эфіры араматычных і аліфатычных кіслот (напр., дыбутылфталат), фосфарнай к-ты, нізкамалекулярныя поліэфіры, эпаксідаваныя алеі, змякчальнікі — нафтавае масла, парафіны, каніфоль, прадукты ўзаемадзеяння алеяў з серай (факсіты), нафтавыя бітумы (рубраксы), кумарона-індэнавыя смолы.

2) Паверхнева-актыўныя рэчывы, што дадаюць у буд. растворы і бетонныя сумесі (0,15—0,3% ад масы вяжучага матэрыялу) для надання ім пластычнасці (аблягчэння ўкладкі ў форму) і зніжэння водазмяшчэння. Найб. шырока выкарыстоўваецца сульфітна-спіртавая брага (таварная форма лігнасульфанатаў — солей лігнасульфонавых кіслот), якая паскарае працэс цвярдзення і павышае трываласць бетону.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНІ́НА, ксілема,

тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.

Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл. Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.

А.​К.​Фядосаў.

Да арт. Драўніна. Асноўныя часткі ствала і яго галоўныя разрэзы: 1 — кара; 2 — асяродак; 3 — ядро; 4 — абалона; 5 — тангенцыяльны разрэз; 6 — радыяльны разрэз; 7 — папярочны разрэз.
Схема мікраскапічнай будовы драўніны: I — хвоі (1 — гадавы слой; 2 — стрыжнёвыя прамяні; 3 — вертыкальны смаляны ход; 4 — раннія трахеіды; 5 — позняя трахеіда; 6 — аблямаваная пора, 7 — прамянёвая трахеіда); II — дуба (1 — гадавы слой; 2 — сасуды; 3 — буйны сасуд ранняй драўніны; 4 — дробны сасуд позняй драўніны; 5 — шырокі стрыжнёвы прамень; 6 — вузкія стрыжнёвыя прамяні; 7 — лібрыформ).

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАГРА́ФІЯ (ад бронхі + ...графія),

кантрастны метад даследавання бронхаў. Робяць пад мясц. ці агульнай анестэзіяй. У звычайных умовах пры рэнтгеналагічных даследаваннях бронхі застаюцца нябачнымі. Для атрымання відарыса ў дыхальныя шляхі (пасля абязбольвання) уводзяць кантрастныя рэчывы. Пры двухбаковай бронхаграфіі кантраставанне кожнага лёгкага робяць па чарзе. Паказанні для бронхаграфіі: хранічны або зацяжны запаленчы працэс у бронхалёгачнай сістэме пры наяўнасці прыкмет арган. пашкоджання бронхаў, удакладненне характару і распаўсюджання звужэння трахеі і бронхаў, стамальныя і дадатковыя вусці бронхаў, выяўленыя пры эндаскапіі, удакладненне лакалізацыі і сувязі з бронхалёгачнай сістэмай ценеўтварэнняў у грудной клетцы, хранічны запаленчы працэс у сегментах лёгкага.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́СЕЛЬНІК, грабелькі,

журавельнік (Erodium),

род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (E. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.

Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін C, карацін, арган. к-ты, смолы.

Бусельнік цыкутавы.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАЛА́ТЫ,

вытворныя шчаўевай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Аксалаты (эфіры) — вадкасці (напр., дыэтылаксалат C2H5OOC—COOC2H5, tкіп 185,4 °C), растваральныя ў спіртах, эфірах, нерастваральныя ў вадзе. Атрымліваюць этэрыфікацыяй шчаўевай к-ты адпаведным спіртам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смолаў, вытворных цэлюлозы. Аксалаты (солі) — крышт. рэчывы, раскладаюцца без плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. Пашыраны ў прыродзе: водарасці, грыбы, лішайнікі, папараці маюць у саставе аксалаты кальцыю; мінералы — аксалаты жалеза. Выкарыстоўваюцца як рэагенты ў аналітычнай хіміі, як праяўляльнікі ў фатаграфіі і інш. Утварэнне аксалата кальцыю ў арганізме чалавека — прычына ўзнікнення нырачна- і жоўцекамянёвай хваробы.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДЭГІ́ДЫ,

клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛЬГА́МА (франц. amalgame ад грэч. malagma мяккая падкладка),

сплаў ртуці з інш. металам. У залежнасці ад суадносін ртуці і металу падзяляюцца на вадкія і цвёрдыя. Цвёрдыя пры награванні раскладаюцца на зыходныя кампаненты, вадкія застаюцца ўстойлівымі ў вял. інтэрвале тэмператур. Інертныя да агрэсіўных асяроддзяў, маюць добрыя цеплафіз. ўласцівасці. Утварэнне амальгамы адбываецца пры змочванні і дыфузіі ртуці ў метал. Кампаненты амальгамы ўтвараюць інтэрметал. злучэнні — меркурыды. Золата, серабро, волава лёгка сплаўляюцца з ртуццю, медзь — у здробненым стане ці пры награванні. Амальгамы — прамежкавыя рэчывы пры здабычы высакародных металаў з рудаў і канцэнтратаў; метад іх атрымання — амальгамацыя.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЗОЛЬТЭРАПІ́Я,

метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні прыродных і штучных аэразоляў, у склад якіх уваходзяць рэчывы з лек. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца пераважна пры лячэнні органаў дыхання, мясцова — пры захворваннях скуры, поласці рота, гінекалагічных і інш. хваробах. Прыродныя аэразолі эфектыўныя на прыморскіх курортах, дзе ў паветры павялічаная колькасць ёду, брому, марскіх соляў; у мясцовасцях, дзе паветра насычана фітанцыдамі, прыроднымі араматычнымі злучэннямі і інш. выдзяленнямі хвойных, эўкаліптавых і інш. раслін, а таксама ў падземных салявых выпрацоўках. У штучных умовах аснову аэразольтэрапіі складае ўдыханне распыленых у паветры настояў (гл. Інгаляцыя) або інш. спосаб выкарыстання траў, антыбіётыкаў, гармонаў і інш. лек. рэчываў.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МУС (ад лац. humus зямля, глеба),

перагной, высокамалекулярныя цёмнаафарбаваныя арган. рэчывы глебы. Складаецца з гумусавых к-т (гумінавых і фульвакіслот), гуміну і інш. Утвараецца ў выніку гуміфікацыі прадуктаў распаду арган. рэшткаў. Мае элементы жыўлення раслін, якія пасля раскладання гумусу пераходзяць у даступную для іх форму. Глебы, багатыя гумусам, урадлівыя. З колькасцю гумусу ў глебе звязаны яе водны і цеплавы рэжым, біял. актыўнасць, міграцыя ў глебавым профілі прадуктаў глебаўтварэння і інш. Колькасць гумусу ў глебе — характэрная прыкмета пры вызначэнні яе тыпаў (напр., у чарназёмах назапашваецца да 15% гумусу, у падзолістых глебах — да 6%, у шэра-бурых пустынных — менш за 1%).

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве аўтамабільных дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Падзяляюцца на грунтавыя (гліны, суглінкі, пяскі, супескі), каменныя прыродныя (жвір, бутавы камень, друз, брусчатка і інш.) і штучныя (асфальтабетон, цэментны і палімербетон і інш.), керамічныя (клінкер, тратуарныя пліткі, цагляны друз, трубы для дрэнажу), шлакавыя (шлакавы друз, адлітыя з шлакавага расплаву камяні і пліты), арган. і мінер. вяжучыя рэчывы (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты; цэмент, вапна, гіпс), бетоны і вырабы з іх, палімерныя матэрыялы (ідуць пераважна на плёнкаўтваральныя ахоўныя пакрыцці і ўмацавальныя дабаўкі да грунтоў). Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)