род кветкавых раслін сям. капуставых. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі як рэдкая занесеная расліна трапляецца гіршфельдыя шэрая (H. incana). Расце па чыгунках, на сухіх камяністых адхонах і ўздоўж дарог.
Апушаныя шэра-зялёныя аднагадовыя травяністыя расліны з моцнаразгалінаваным сцяблом, выш. да 0,6 м. Ніжняе лісце лірападобнае, з яйцападобнымі выемчата-зубчастымі сегментамі, у разетцы, верхняе — нешматлікае, маленькае, лінейнае. Кветкі дробныя, бледна-жоўтыя, з суцэльнымі пялёсткамі і трохлопасцевымі мядовымі залозкамі. Плод — цыліндрычны бугрысты стручок. Меданосныя расліны, месцамі — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ІЗАЛЯ́Т,
асобіна або папуляцыя аднаго біял. віду, аддзеленая, адасобленая геагр. перашкодамі ад асн. арэала. Садзейнічае відаўтварэнню, таму што не адбываецца спароўвання паміж адасобленымі папуляцыямі і абмену спадчыннай інфармацыяй. Геаграфічны ізалят можа ўзнікнуць ад змены фіз.-геагр. умоў у межах арэала, калі «папуляцыі заснавальнікаў» здолеюць замацавацца ў адасобленых раёнах са спрыяльнымі для іх умовамі навакольнага асяроддзя. Адбываецца дыферэнцыроўка віду на расы, разнавіднасці, падвіды, з наступным утварэннем новага віду (напр., у гарах зах.ч. ЗША — 23 віды і падвіды трусоў; шмат падвідаў галапагоскіх уюркоў, звычайнай вавёркі, сігаў у Еўразіі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВЕ́Я (Hevea),
род раслін сям. малачайных. Больш за 10 відаў. Пашыраны ў лясах трапічнай Амерыкі. Гевею бразільскую (H. brasiliensis), якая расце ў басейне р. Амазонка (а таксама 2 інш.віды), культывуюць у вільготных тропіках як асн. крыніцу каўчуку натуральнага.
Дрэва выш. 30—40 м. Лісце трайчастаскладанае. Кветкі дробныя, аднаполыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод каробачкападобны. Насенне авальнае, буйное (да 3 см), з шчыльнай карычневай абалонкай. Млечны сок мае ў сабе каўчук, для атрымання якога дрэва падсочваюць з 10—12-гадовага ўзросту. З аднаго дрэва атрымліваюць да 7,5 кт каўчуку за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАСПО́РЫЙ (Helminthosporium),
род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Шматлікія віды роду пашыраны ўсюды. Паразітныя формы, прыстасаваныя да пэўных відаў раслін, выклікаюць гельмінтаспарыёзы, сапратрофныя развіваюцца на кары, лісці, сухіх галінках і сцёблах дрэвавых і травяністых раслін. На Беларусі найб. шкодныя гельмінтаспорый ячменны (H. teres), гельмінтаспорый аўсяны (H. avenae), гельмінтаспорый злакавы (H. gramineum).
Міцэлій шматклетачны, пранізвае асобныя органы раслін, развіваецца ва ўсіх тканках або знаходзіцца ў стадыі спакою. Канідыяносцы прамыя, слабаразгалінаваныя, вузлаватыя, у паразітных відаў сабраны ў пучкі, у сапратрофаў — адзіночныя. Канідыі цыліндрычныя, падоўжана-эліпсападобныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця адзначаны стадыі сумчатых грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАБРЫ́ЦА (Seseli),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі 3 віды: Ж. аднагадовая (S. annua), Крылова (S. krylovii) і звілістая (S. tortuosum). Растуць у сухіх светлых лясах, хмызняках, на схілах і ўзлесках, як занесеныя — каля дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем або карэнішчам. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шыза-зялёнае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 2 мерыкарпіямі Лек (мачагонны, гаючы і ветрагонны сродак) і эфіраносныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБА́ТЫЯ КІТЫ́ (Odontoceti),
падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 4 сям.: кашалотавыя (Physeteridae), дзюбарылыя (Ziphiidae) і 2 сям.дэльфінаў. 75 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах і акіянах. Найб. вядомыя аднарог, афаліна, бялуха, касатка, кашалот і інш. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды.
Даўж. цела 1,2—21 м, маса да 100 т. Самцы буйнейшыя за самак. У адрозненне ад бяззубых кітоў, маюць ад 2 да 240 аднавяршынных зубоў. Галава вял., насавая адтуліна (дыхала) адна, адкрываецца на цемені. Нараджаюць 1 вял. дзіцяня і 4—6 месяцаў кормяць яго малаком. Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМу геалогіі, уласцівасць розных, але блізкіх паводле хім. саставу рэчываў крышталізавацца ў аднолькавых структурах пры адным тыпе хім. сувязі. Падзяляецца на віды — дасканалы і недасканалы (абмежаваны) і шэраг тыпаў — ізавалентны, гетэравалентны, палярны, кампенсацыйны, індукцыйны і інш. Законы І. тлумачаць складаны хім. састаў большасці мінералаў, асабліва з групы сілікатаў, размеркаванне рэдкіх элементаў у горных пародах і рудах. Напр., большая ч. ітрыю і рэдкіх зямель змяшчаецца ў апатыце, сфене і флюарыце, дзе ізаморфна яны замяшчаюць кальцый. Прыкладам дасканалага І. з’яўляюцца мінералы пераменнага саставу, якія даюць неперарыўныя рады: плагіяклазы, скапаліты, вальфраміты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМША́НКІ (Bryozoa),
клас беспазваночных жывёл. 4 атр., каля 20 тыс. відаў, з іх сучасных каля 4 тыс. Пашыраны ўсюды марскія і прэснаводныя формы. Жывуць пераважна прымацаванымі манаморфнымі (прэснаводныя) ці паліморфнымі (марскія) калоніямі. На Беларусі найб. трапляюцца 3 віды. Нагадваюць мох, водарасці або студзяністыя цяжы.
Даўж. калоній да 20 см, складаюцца з мікраскапічных асобін (заоідаў), заключаных у вапнавую, хіцінавую або студзяністую ячэйку (цыстыд). Сістэмы органаў спрошчаныя. Гермафрадыты. Жывяцца мікраарганізмамі і арган. часцінкамі. Садзейнічаюць ачышчэнню вадаёмаў як фільтратары, але імі абрастаюць і засмечваюцца гідратэхн. збудаванні.
Імшанка прэснаводная: 1 — участак калоніі (павялічана), 2 — калонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЫ́ЛЬ (Stipa),
род кветкавых раслін сям. злакаў. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых, субтрапічных і горных раёнах тропікаў абодвух паўшар’яў. Асн. расліны стэпаў, прэрый, пампасаў і паўпустынь. У Цэнтр.бат. садзе Нац.
АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: К. валасацік (S. capillata), К. перысты (S. pennata), К. Лесінга (S. lessingiana).
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, шчыльнакустовыя расліны з моцным голым сцяблом выш. 30—150 см. Лісце вузкае, складзенае ўздоўж, шылападобнае. Суквецці — сціснутая або слабараскіданая мяцёлка з аднакветнымі двухполымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя, прамысл., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛА,
віды кветкавых раслін роду Zantedeschia сям. ароідных. 9 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі вырошчваюцца ў цяпліцах і пакоях К. эфіопская (Z. ephiopica) і яе сарты: з белым пакрывалам — Перл фон Штутгар, Мікалай; з зялёным — Грынланд, з жоўтым — Голдэн Эмперон, з ружовым — Сапрайз Гібрыдс.
Шматгадовыя расліны выш. у сярэднім 100 см, з тоўстым членістым карэнішчам і доўгачаранковым стрэлкападобным шырокім лісцем. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, сабраны ў суквецце — пальцападобны катах, абкружаны прыгожым белым яйцападобным пакрывалам. Плод — ярка-чырв. ягада. Цвіце ў кастр.—красавіку.