дако́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Давесці да канца, завяршыць пачатае. Дакончыць справу. □ — Не хацела ты, Грыпіна, прыйсці ў канцылярыю, — у цябе дакончым праўленне. Пташнікаў. Парфёнчык зацягнуўся папяросай і дакончыў: — Былы старшыня, Падлуцкі, дом узяўся сабе ставіць. Дуброўскі.

2. Разм. Дабіць, даканаць, прыкончыць. Дакончыць параненага звера. □ Наш партызанскі ўвесь атрад дакончыць ворага прыйшоў. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Адабраны з ліку іншых як лепшы; першагатунковы, выдатны. Адборнае насенне. □ Хата была прасторная і пабудаваная з адборнага матэрыялу. Колас. Атрад налічваў каля двухсот адборных малайцоў. Брыль. Па дарозе Ілью Кавальчуку трапляліся фурманкі і аўтамашыны, нагружаныя адборнай сухой бульбай. Паслядовіч.

2. Вельмі грубы, непрыстойны. Жанчына сыпала паліцаям у твар самыя адборныя, самыя моцныя праклёны. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абра́ць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; зак., каго-што.

1. Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н., выбраць. Паддубаўскі партызанскі атрад абраў гэта месца, як найбольш зручнае для пераправак. Кулакоўскі.

2. Выбраць галасаваннем (для выканання якіх‑н. абавязкаў). Сваёй працай, актыўным удзелам у грамадскія жыцці Анатоль Сцяпанавіч заслужыў высокае давер’е: нафтабудаўцы абралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета, рэспублікі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куры́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да курыцы, належыць ёй. Курыныя косці. Курынае пер’е. // Прыгатаваны з курынага мяса, з курыным мясам. Курыны булён. Курыныя катлеты.

2. у знач. наз. куры́ныя, ‑ых. Атрад птушак, да якога адносяцца куры, індыкі, курапаткі, цецерукі і інш.

•••

Курыная памяць гл. памяць.

Курыная слепата гл. слепата.

Хатка на курыных ножках (лапках) гл. хатка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матылёк, ‑лька, м.

1. Насякомае з дзвюма парамі крылаў, пакрытых пылком рознага колеру, ад якога залежыць іх афарбоўка. Над полем казачнымі аганькамі снуюць, мітусяцца матылькі. Галавач. Начны матылёк рынуўся з вуліцы на зыркае святло і замітусіўся па пакоі. Чыгрынаў.

2. толькі мн. (матылькі́, ‑оў). Атрад насякомых, якія маюць па дзве пары крылаў, пакрытых дробнымі лусачкамі; лускакрылыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дружы́на, ‑ы, ж.

1. У Старажытнай Русі — група з прыбліжаных князя, якая складала асноўнае яго войска і прымала ўдзел у кіраванні княствам. Дружына полацкага князя.

2. Добраахвотнае аб’яднанне, група, атрад, створаныя з якой‑н. мэтай. Баявыя рабочыя дружыны. Санітарная дружына. Пажарная дружына. Піянерская дружына.

•••

Народная дружына — добраахвотная арганізацыя ў СССР, якая дапамагае міліцыі ў ахове грамадскага парадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРА́ГІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з канца 1941 да вер. 1943 у г.п. Брагін і в. Савічы Брагінскага р-на. Групы ў Брагіне (15 чал., кіраўнікі П.​Р.​Зяновіч, М.​Л.​Дубіна, С.​І.​Рэпчанка) і Савічах (19 чал., кіраўнікі С.І. і Ф.​І.​Філіпенкі, Ф.​А.​Загаранскі) наладзілі сувязь з партызанамі, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, перашкаджалі фашыстам вывозіць моладзь у Германію, разграмілі варожы гарнізон і маслазавод у Савічах. Пасля арышту і расстрэлу асн. складу падпольшчыкаў патрыёты з новым папаўненнем узмацнілі дапамогу партызанам, агітацыю ў славацкіх падраздзяленнях праціўніка. У час разгрому партызанамі варожага гарнізона ў Брагіне спалілі друкарню, вывелі са строю электрастанцыю і перайшлі ў партыз. атрад імя Катоўскага.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУМАЖКО́Ў (Ціхан Піменавіч) (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач. Вял. Айч. вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.

Ц.П.Бумажкоў.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1740.

Адбылося ў Быхаўскім старостве з-за злоўжыванняў мясц. феад. адміністрацыі і ўзмацнення рэліг. супярэчнасцей. Выклікана намерам М.​Сапегі ператварыць у сваіх уладаннях на Быхаўшчыне правасл. цэрквы ва уніяцкія. Даведаўшыся пра гэта, сяляне і мяшчане мяст. Дашкавічы Аршанскага пав. ў крас. 1740 збілі уніяцкага святара і выгналі панскую адміністрацыю. Сяляне в. Сідаравічы аб’ядналіся з жыхарамі інш. вёсак і стварылі ўзбр. атрад у 200 чал. Узначалілі выступленне сяляне В.​Ярашэнка, Г.​Бушня, М.​Казёл і В.​Гетман. 27 крас. ў вёску рушылі быхаўскі намеснік Д.​Стахоўскі з 2 святарамі ў суправаджэнні атрада з быхаўскага гарнізона. Каля вёскі сяляне зрабілі засаду і забілі некалькі чалавек, у т. л. Стахоўскага. У маі выступленне задушана, 6 сялян забіта, шмат паранена.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАВУ́Х (Фелікс Аўгусцінавіч) (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)