Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: *ро́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лукно ’кошык’ (Гарб.). Зах.-укр. лу́кно ’калонія баброў’; рус. ніжнегар., наўг., пск., прыбалт. лукно́ ’кошык’, ’кошык з кары, бяросты’, ’лубок’, ’бочачка’, ’мера зерня, мукі’, ст.-рус. лукъно, лукно ’кадка’, ’ліпаўка’, ’мера сыпучых і вільготных прадуктаў’, польск. łukno ’пасудзіна’, ’мера мёду’, каш. Lukno — назва возера; н.-луж. łuknaško ’века ў прыскрынку’, в.-луж. łuknješko ’акно ў сельскім гаспадарчым будынку’, ст.-чэш. lukno ’пасудзіна для мёду і сыпучых цел’, славац. lukno ’кошык з бяросты’, ’даўняя мера для збожжа’; славен. lukno і lǫ̑kno ’ахвяраванне для ксяндза’, серб.-харв. лу̏кно ’тс’, ’мера для збожжа’, ц.-слав. лукно ’пэўная мера’. Прасл. lǫk(ъ)no ’пасудзіна з бяросты, лубу’ ’мера для збожжа, мёду’ (Слаўскі, 5, 307–308). Да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць’, lǫčiti ’лучыць, злучаць’ (Фасмер, 2, 532; Махэк₂, 343; Шустар-Шэўц, 11, 788; Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лук 1. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 164), заўвага Махэка аб няяснасці паходжання слова з’яўляецца недарэчнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжная — КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вячы́сты (БРС, КТС, Нас., Яруш.), вячыстасць ’вечнасць, спадчыннае ўладанне’ (КТС, Нас.), вѣчисто ’на вякі, вечна; моцна’ (Нас.). Укр. вічистий (лем., Грынч., СУМ), ст.-рус. вѣчистый (зах.-укр. тэр.; з граматы Юрыя Холмскага, 1376 г.). Польск. wieczysty, wieczyście, wieczystość ’вечны, на вякі, вечнасць і г. д.’, памор. v́ečəstï, чэш. věčitost ’тс’. Думку адносна запазычання з польскай мовы (Булыка, Запазыч., 61; Гіст. лекс., 94) падтрымліваюць ст.-бел. форма вечисте і адсутнасць слова ва ўсх.-бел. гістарычных помніках. Што датычыцца зах.-укр. і ст.-рус. слоў, то, мяркуючы па храналогіі і геаграфіі, неабавязкова разглядаць іх як польскія запазычанні, гэта хутчэй агульная з’ява. Неабходна адзначыць, што як для ўсх.-слав. моў, так і для польскай суфіксацыя ‑іст‑ у дадзеным выпадку не з’яўляецца натуральнай; гл. Gr. hist., 226 і наст. З паралельнай суфіксацыяй ‑it‑ аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: чэш. večitý, славац. večitý, балг. вечи́т, макед. вечит, вечито, серб.-харв. вѐчит, вѐчито ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нура́ 1 ’маркота; знясіленне’ (Нас., Касп.), ну́ра ’знясіленне’ (Яруш., Гарэц.), нуря́ ’мучэнне’ (Бяльк.), нуры́ць ’марыць, мардаваць; падаць тварам на зямлю’, нуры́цца ’маркоціцца, мардавацца’ (Нас.), параўн. рус. ну́ра ’маўклівы, пануры чалавек’ (пск., цвяр.), ну́рить ’прымушаць; знясільваць, мучыць; маркоціцца, бедаваць; гнаць, паганяць’, польск. nurzyć ’апускаць (у ваду)’, у тым ліку nurzyć oczy w ziemie ’быць панурым, апускаць галаву’. Параўноўваюць са ст.-слав. изноурити ’грабіць, нападаць’, изноурение ’здабыча’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай; больш блізкае балг. дыял. нюрим ’заўсёды маўчаць, нават калі пытаюць’, што адпавядае літ. niū́roti ’глядзець з-пад ілба, панура стаяць’. Звязана чаргаваннем з *noriti, гл. нор, нурэц, ныра́ць, пануры. Змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар. Да семантыкі параўн. фразеалагізм як у ваду апушчаны ’сумны, маркотны, маўклівы’.

Ну́ра 2 ’ніцма’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да нур! — выклічнік, што імітуе раптоўнае заглыбленне ў ваду, параўн. рус. нуром ’уніз, уперад галавой упасць’. Гл. папярэдняе слова і нуры́ць ’падаць уніз тварам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ня́нька 1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.

Ня́нька 2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.

Ня́нька 3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капо́т 1 ’капота, верхняе адзенне’ (мсцісл. Бяльк.), капота ’верхняе (святочнае) адзенне’ (Шат., Шпіл.; паўд.-усх., КЭС), ’род верхняга адзення’ (Гарэц., Бес.); ’жакет, фуфайка, халат’ (астр., смарг.), раг., паст. (Сл. паўн.-зах.), ’плашч з даматканага сукна’ (Сцяц., зэльв.), ’доўгая верхняя мужчынская вопратка з даматканага сукна’ (Сцяшк.), ’шляхецкі шарак з металічнымі гузікамі’ (гродз. Нар. сл.), ’кароткае самаробнае і паношанае верхняе адзенне’ (клец. Нар. лекс.), ’дзіцячае або жаночае адзенне накшталт паліто’ (дзярж., Нар. сл.), ’сукенка з рукавамі’ (ст.-дар., Нар. сл., ТСБМ), капот ’тс’ (браг. З нар. сл.), драг. ’сукенка для дзіцяці’ (Сл. паўн.-зах.). З франц. capote ’плашч з капюшонам’, ’жаночы капялюш’ праз польск. мову, у якой існуе з XVII ст. (Слаўскі, 2, 58–59). Параўн. ка́па (гл.). Форма капот, відавочна, з рус. капот ’жаночы халат’.

Капо́т 2 ’адкідная металічная накрыўка ў машынах’ (ТСБМ) — культурнае слова з пач. XX ст., запазычанае, відаць, з рус. капот ’тс’, якое з франц. capot.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахвя́ра (БРС, Грыг., Мядзв., Гарэц., Касп.), афяра (Нас., Касп., Мал., Сцяшк.), ’рэлігійны зарок; дар у царкву, касцёл’ (Нік. Очерки, 152), афяры ’рэчы, якія давалі ў царкву’ (Арх. ГУ), ахвярнік ’асоба, якая ходзіць па вёсках і збірае грошы на рэлігійныя патрэбы’ (КЭС, лаг.), ахвяраваць (БРС, Гарэц., Бяльк., Грыг.), афяраваць (Сцяшк.), ’даць зарок’ (Мал.), ст.-бел. з канца XV ст. офяра і офера (Гіст. мовы, 1, 198, 218), з першай палавіны XV ст. ѡферовати ’ахвяраваць, даваць зарок’ (Нас. гіст.; Гіст. мовы, 1, 52), укр. охвіра, офіра, охвірувати. Запазычана з польск. ofiara (ст.-польск. ofiera), ofiarować, гл. Цвяткоў, Запіскі, 1, 53; Гіст. мовы, 1, 181, дзе з чэш. ofěra, ст.-чэш. offěra, offerovati ад лац. offere ’запрапанаваць, прынесці ў дар’, параўн. Шцібэр, RÉS, 39, 8; Махэк₂, 410, Кюнэ, Poln., 82; Басай і Сяткоўскі (SEPS, 11 (1972), 14) дапускаюць для чэшскага слова нямецкае пасрэдніцтва (с.-в.-ням. Opfer).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аху́хцінацямненькі выкл. ’уздых аблягчэння пасля фізічнай нагрузкі’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.). Складанае ўтварэнне, у якім можна вылучыць наступныя элементы: а‑хух‑ці‑на‑ця‑мненькі, дзе а прыстаўное; хух адпавядае выкл. ’ах, ох’ (КСП); ці па паходжанню асабовы энклітычны займеннік дав. скл. адз. л. 2‑й асобы; на няяснага паходжання, магчыма, узмацняльная часціца тыпу рус. ‑на ў эвона ’вось’, звязаная з займеннікам *onъ, Фасмер, 4, 513; ця па паходжанню асабовы энклітычны займеннік він. скл. адз. л. 2‑й асобы, параўн. а́хця мне выкл. ’гора мне!’ (дзісн., Рам. 8, 519); мненькі займеннік мне з экспрэсіўнай суфіксацыяй, характэрнай для такога тыпу выклічнікаў, параўн. авохцінькі, ахці мненюшкі, ацінькі (ад аці ’дзякую’, гл.), «спешчаныя» формы тыпу спатанькі (ад спаць) і інш., гл. Карскі 2–3, 64, пры гэтым магчыма народнаэтымалагічнае збліжэнне канца слова і цёмны, цёмна, параўн. запісы а вой цямней выкл. ’выказванне незадавальнення’, якія Клопава (Лінгв. зб., 143) выводзіць з авохці мне і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́та ’багна; гразь, балота’ (БРС, Шат., Нас., Чуд., Яшкін, Бяльк.), ’месца, дзе заўсёды стаіць вада’ (Інстр. I, 15), ’сенажаць, луг’ (Сцяц., Сцяшк.), ’лес, галоўным чынам балотны’ (Касп.). Рус. боло́то, укр. боло́то, польск. błoto, чэш. bláto, ст.-слав. блато, балг. бла́то, серб.-харв. бла̏то і г. д. Прасл. bólto. Бліжэй усіх стаіць да слав. слова алб. baltë ’ціна, твань, багна, гліна, зямля’ (ілір. паходжання: параўн. паўн.-італ. palta, ламбард. palta, п’емонт. pauta). Далей параўноўваюць літ. báltas ’белы’ (выходзіць, *bolto — спачатку ’белае, светлая багна, балота’). Балта-слав. *bālta‑ ’белы’; ’балота’ (гл. Траўтман, 25) далей звязваюць з *bēla‑ ’белы’ (слав. bělъ; Траўтман, там жа). Гл. яшчэ Бернекер, 70; Фартунатаў, AfslPh, 4, 579; Буга, РФВ, 67, 232; Фрэнкель, 30 (пад balà), 32 (пад bálti); Махэк₂, 55; Слаўскі, 1, 37; Фасмер, 1, 190. Падрабязна аб слав. bolto ў слав. мовах гл. Талстой, Геогр., 144–150 і наст. Сюды і бало́цвіна ’невялікае балота’ (Яшкін).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)