сродкі, якія выкарыстоўваюцца для пераправы войск і баявой тэхнікі пры пераадоленні водных перашкод. Бываюць табельныя (штатныя), індывідуальныя, мясц. і падручныя. Да табельных адносяцца пантонныя паркі, пераправачна-дэсантныя сродкі, мостаўкладчыкі, механізаваныя масты, разборныя метал. масты (гл.Мост ваенны), танкавыя плаўсродкі, дэсантныя лодкі і інш. Індывідуальныя П.с. — плавальныя касцюмы і выратавальныя камізэлькі. Выкарыстоўваюць таксама П.с. мясц. (судны, баржы, катэры, лодкі, паромы і інш.) і падручныя (бочкі, бітоны, бярвёны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАДРУКАВА́НЫЯ КНІ́ГІ,
старадрукаваныя кнігі, умоўная назва кніг, выпушчаных у пэўнай краіне на працягу пэўнага перыяду пасля ўзнікнення кнігадрукавання. Найчасцей гэта кнігі, выдадзеныя ў першай друкарні краіны. У Еўропе з’явіліся ў 1440-я г., на Беларусі — у 1-й чвэрці 16 ст. Першыя кнігі, друкаваныя наборнымі літарамі ў перыяд ад 1440 да 1500 уключна, наз.інкунабуламі, а выданні 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. Гл.таксама ў арт.Выдавецкая справа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТ (ад лац. pigmentum фарба) у выяўленчым мастацтве, каляровы парашок, што ўваходзіць як састаўная частка ва ўсе віды фарбаў і вызначае іх колеравыя якасці. Бываюць П. арганічныя і неарганічныя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на натуральныя (вохра, мел, сурык і інш.) і штучныя (сажа, ультрамарын, бялілы і інш.). Да П. адносяць таксамаарган. лакі. Дамешкі да П. сувязнога рэчыва вызначаюць тэхн. якасці фарбаў (напр.Акварэль, Пастэль і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАХЛО́Р (ад піра... + грэч. chlōros зялёны),
мінерал падкласа складаных аксідаў групы ніабата-танталатаў, (Na, Ca)2(Nb, Ta, Ti)2 O6(O, OH, F). Разнавіднасць, абагачаная танталам і уранам — гатчаталіт. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі, зерні. Колер чырвоны, жоўты, зялёны з бураватым адценнем. Цв. 4—5,5. Шчыльнасць 3,7—5 г/см³. Трапляецца ў карбанатытах, шчолачных гранітоідах і палевашпатавых метасаматытах. Руда ніобію і танталу. Гл.таксамаНіобіевыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРУВАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,
поліферментны комплекс, што каталізуе акісляльнае дэкарбаксіліраванне піравінаграднай кіслаты з утварэннем ацэтыл-KaA у тканках чалавека, жывёл, раслін, а таксама ў аэробных мікраарганізмаў. З дапамогай гэтага працэсу вугляводы ўключаюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкл. Мае ў сабе 3 ферменты (піруватдэкарбаксілаза, ліпаілтрансацэтылаза, ліпаілдэгідрагеназа) і кафактары, што ўтвараюць комплекс з малекулярнай масай 4,8—10 млн. Прымае ўдзел у найважн. працэсе забеспячэння клетак энергіяй, таму актыўнасць П. шырока рэгулюецца рознымі фактарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛЯСУ́ХА»,
бел.нар. сольны танец імправізацыйнага характару. Наз.таксама «Плясавая», «П.-рассядуха». Муз. памер 2/4. Тэмп ад павольнага да вельмі хуткага. Пабудаваны на разнастайных прысядачных рухах (таму наз. і «П.-рассядуха») і дробатах з суправаджэннем пляскання ў далоні. Танец часам суправаджаецца кароткімі, часцей чатырохрадковымі прыпеўкамі. Сустракаюцца варыянты «П.», якія выконваюцца пад «Барыню». Мяркуюць, што танец запазычаны ў пач. 20 ст. ў перасяленцаў з Расіі. Зафіксаваны ў Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАЛЕФІ́НЫ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі ці суполімерызацыі алефінаў (гл.Ненасычаныя злучэнні). Вядомыя тэрмапласты і эластамеры. Паводле маштабаў вытв-сці і галін выкарыстання займаюць 1-е месца сярод сінт. палімераў. Найб. пашыраны — поліэтылен і поліпрапілен. Тэрмапластычныя матэрыялы, для якіх характэрны высокія мех. эластычнасць і дыэлектрычныя ўласцівасці, устойлівасць да ўздзеяння агрэсіўных асяроддзяў, нізкая вільгаце- і газапранікальнасць. У прам-сці выкарыстоўваюць таксама поліізабутылен — прадукт полімерызацыі ізабутылену (гл.Каўчукі сінтэтычныя) і этылен-прапіленавыя каўчукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
тэрмін, характэрны для заканадаўства шэрагу краін і міжнар. пагадненняў Уключае правы на вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі, знакі абслугоўвання, фірменныя найменні і ўказанні паходжання або наймення месца паходжання тавару, а таксама правы, што тычацца абароны супраць нядобрасумленнай канкурэнцыі. Міжнар. прававая ахова П.у. ажыццяўляецца шляхам замежнага патэнтавання па ўстаноўленых нормах, гал. з якіх замацаваны ў Парыжскай канвенцыі па ахове П.у. 1883 (з папраўкамі 1900, 1911, 1925, 1934, 1958, 1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНАЯ ТЭРАПІ́Я,
працоўная дзейнасць хворага чалавека з лек. мэтай або з мэтай рэабілітацыі.
Пашырана пры лячэнні псіхічна хворых, накіравана на развіццё або захаванне ў іх прафес. навыкаў; стымулюе жыццёвыя працэсы, умацоўвае інтэлектуальна-валявыя якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэальнасці, вызваляе хворага ад адчування асабістай непаўнацэннасці. П.т. выкарыстоўваюць таксама ў траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, дзе яна накіравана на аднаўленне парушанай рухальнай функцыі і працоўных навыкаў (напр., пры паралічах, паркінсанізме, плексітах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ТНАЕ ПРАВА,
зборнае паняцце, якое азначае галіны права, што рэгулююць адносіны, якія выяўляюць прыватныя інтарэсы і заснаваныя на незалежнасці і ініцыятыве індывід. уласнікаў і аб’яднанняў (карпарацый) у іх маёмаснай дзейнасці і асабістых адносінах, у адрозненне ад публічнага права, якое рэгулюе і ахоўвае агульныя інтарэсы. Аснову П.п. складае цывільнае права, якое рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі немаёмасныя адносіны, а таксамагандл. права ў яго разнастайнасцях (у краінах, дзе дзейнічае гандл. права).