ПЯТРО́Ў (Вячаслаў Мікалаевіч) (4.2.1922, г. Яраслаўль, Расія — 5.4.1992),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Калінінскае пях. вучылішча (1942). На фронце з 1942. Узвод аўтаматчыкаў на чале са ст. лейтэнантам П. вызначыўся ў 1944 у баях пры фарсіраванні р. Бярэзіна і каля в. Шчаткава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл., дзе за 14 гадз адбіў 10 атак акружанага праціўніка, не прапусціў яго да пераправы, чым садзейнічаў ліквідацыі варожай групы. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БАС ((Rabas) Вацлаў) (13.11.1885, Крупавіцы, каля г. Ракоўнік, Чэхія — 26.10.1954),

чэшскі жывапісец-пейзажыст. Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Пражскай АМ (1906—09, 1911—13). Рэаліст. традыцыі чэш. мастацтва 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. спалучаў з уплывамі П.​Сезана і А.​Дэрэна. Ствараў абагульненыя паэт. вобразы роднай прыроды: «Вясна» (1921), «Чэшскае сяродгор’е» (1927), «Веснавы пейзаж» (1930), «Поле і аблокі» (1933), «Зямля» (1934), цыкл «Хлеб» (1939), «Чэшская песня» (1947), «Верасень» (1953) і інш. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1953.

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЛІ́СНІК (Ceratophyllum),

род кветкавых раслін сям. рагаліснікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды Р.; апушчаны (C. demersum) і паўапушчаны, нар. назва вадзяная крапіва (C. submersum). Растуць у азёрах, сажалках, старыцах, канавах, утвараюць зараснікі.

Шматгадовыя водныя травяністыя бескаранёвыя расліны. Сцёблы тонкія, галінастыя, даўж. да 1,5 м. Лісце ў кальчаках, шматразова рассечана на лінейныя або ніткападобныя храсткаватыя долі. Кветкі дробныя, непрыкметныя, аднаполыя (апыленне падводнае). Плод — арэшак. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

Рагаліснік апушчаны.

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГУ́ЛЬКІ (Delphinium),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў гарах трапічнай Афрыкі. На Беларусі 1 від — Р. высокія (D. elatum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў рэдкалессі, сярод хмызнякоў, па лугах. У культуры вырошчваюць гібрыдныя формы, аб’яднаныя ў групу буйнакветных (D. grandiflorum).

Лісце чаргаванае, шматрассечанае. Кветкі няправільныя, буйныя, сінія, блакітныя, фіялетавыя, сабраныя ў гронку ці мяцёлчатае суквецце. Плод — лістоўка. Лек., інсектыцыдныя, дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рагулькі высокія.

т. 13, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАСЦЬ,

курганны могільнік 8—10 ст. каля в. Радасць Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У насыпах і на гарызонце выяўлены рэшткі вогнішчаў (вугальныя праслойкі і попельныя плямы). Выяўлены фрагменты ляпных гаршкоў з арнаментам у выглядзе косых насечак і ганчарнага посуду з хвалістым і лінейным арнаментам. У адным з курганоў знойдзены спалены драўляны прамавугольнік (3 × 2,6 м), у паўд.-зах. вугле якога былі перапаленыя косці нябожчыка і жал. спражка. Адносіцца да «парных курганоў» валынян.

Т.​М.​Каробушкіна.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́ЛЬДАЎСКІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны ва ўрочышчы Замхоўе, за 2 км на ПнУ ад в. Рамальдава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Валун парфірападобнага дробназярністага граніту з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,7 м, шыр. 3 м, выш. 0,6 м, у абводзе 10,4 м, аб’ём бачнай часткі 7 м³, маса 18 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з Зах. Фінляндыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАЛЕ́ЎСКІ Ян, Іаан Віцебскі, бел. мастак 18 ст. Аформіў «Ілюстраваны нотны ірмалой» (1741) з віцебскай Іаана-Багаслоўскай царквы і стварыў для яго каля 30 заставак. Уставіў у гэты ж рукапіс створаныя ім у 1700 і 1744 мініяцюры «Нараджэнне Хрыста» і «Дванаццацігадовы Хрыстос у Іерусалімскім храме сярод настаўнікаў», у якіх адышоў ад кананічных схем, выявіў кампазіцыйную здольнасць.

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Материалы к истории станковой живописи Белоруссии XVI—XVIII вв. // Музей: Худож. собр. СССР. М., 1983. Сб. 4.

Н.​Ф.​Высоцкая.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.ліст.).

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎВО́ЛЬФІЯ (Ranvolfia),

род кветкавых раслін сям. кутравых. Каля 50 (па інш. звестках — да 100) відаў. Пашыраны ў тропіках, акрамя Аўстраліі. Трапляюцца на ўзлесках вільготных трапічных лясоў.

Кусты, паўкусты або дрэвы, якія ўтрымліваюць млечны сок. Лісце простае, суцэльнае, часта скурыстае. Кветкі ў верхавінкавых ці пазушных суквеццях. Плод — з 2 касцянак. Падземныя органы Р змяінай (R. serpentina) і некат. інш. відаў маюць у сабе алкалоіды (рэзерпін, рэстынамін, іахімбін і інш.), якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Раўвольфія змяіная.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,

стан замкнутай макраскапічнай сістэмы, у якім сярэднія значэнні фіз. велічынь, што характарызуюць гэтую сістэму, не залежаць ад часу; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі.

Р.с. не з’яўляецца раўнавагай у мех. сэнсе (у сістэме пастаянна ўзнікаюць флуктуацыі фіз. велічынь каля іх сярэдніх значэнняў). Тэорыя Р.с. апісваецца ў стат. фізіцы з дапамогай Гібса размеркавання для мікракананічнага, кананічнага ці вял. кананічнага статыстычнага ансамбля ў залежнасці ад тыпу кантактаў сістэмы з навакольным асяроддзем, якія дазваляюць ці забараняюць абмен энергіяй і часціцамі.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)