МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),
расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш. Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.
т. 10, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ДПІС,
лірычны верш малой формы ў выглядзе надпісу на партрэце, кнізе, камені, статуі і г.д., які афарыстычна выяўляе нейкую думку, адносіны аўтара да пэўнай асобы ці падзеі. Вядомыя надпісы М.Ламаносава, А.Пушкіна, Ф.Шылера, Р.Гамзатава і інш. Да Н. часам звяртаюцца бел. паэты:
Мы, пахаваныя на зямлі,
Вечна будзем зайздросціць тым, што — на зорах.
Няўжо і яны таксама
Будуць зайздросціць зямлянам?
(М.Танк. «Надпіс на камені»),
В.П.Рагойша.
т. 11, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́ЛЬСКІ МЕ́ДНА-НІ́КЕЛЕВЫ РАЁН.
На Пн Краснаярскага краю Расіі. Уключае радовішчы: Нарыльск-1 (распрацоўваецца з 1937), Нарыльск-2, Талнахскае (з 1965), Акцябрскае (з 1974). Радовішчы магматычныя, сульфідныя, звязаны з інтрузіямі асн. парод (жылы, лінза- і пластападобныя целы). Глыб. залягання 150—1500 м. Гал. рудныя мінералы: пен ландыт, халькапірыт, пірацін. Спадарожна руды маюць у сабе таксама кобальт, золата, серабро і плаціноіды. Распрацоўваюцца адкрытым і падземным спосабамі. Адм. і прамысл. цэнтр — г. Нарыльск.
т. 11, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАСТА́ЎНІЦКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1945 у Мінску на бел. мове (да 1957—1 раз, з 1958—2 разы, з 1998—3 разы на тыдзень). Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні пед. навукі і практыкі, аналізуе развіццё пед. думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадук. школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.
т. 11, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТАДО́ЗЫ,
гельмінтныя хваробы чалавека, жывёл і раслін, якія выклікаюцца нематодамі. У чалавека паразіты лакалізуюцца ў страўнікава-кішачным тракце, мышцах, органах дыхання, нырках, печані і інш. Заражэнне адбываецца пры заглынанні спелых яец ці лічынак нематодаў з вадой, прадуктамі харчавання і інш. На Беларусі пашыраны аскарыдоз і энтэрабіёз. Лячэнне тэрапеўтычнае. Да Н. жывёл адносяцца амідастамоз, метастрангілёз, мюлерыёз, трыхінелёз і інш. хваробы. Гл. таксама Гельмінтозы, Нематодныя хваробы раслін.
А.А.Астапаў.
т. 11, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛСКАЯ БІ́ТВА 1396,
бітва, што адбылася 25 вер. каля г. Нікопал (Балгарыя) паміж арміяй тур. султана Баязіда I і войскам крыжаносцаў (французы, іспанцы, італьянцы, англічане, чэхі і інш.), якім камандаваў венг. кароль Жыгманд (гл. Сігізмунд I). Больш падрыхтаваная тур. армія (гл. таксама Янычары) разграміла феад. рыцарскае войска крыжаносцаў (большасць забіта, частка трапіла ў палон, невял. колькасці пашчасціла ўцячы). У выніку гэтай перамогі Турцыя замацавала сваё панаванне на Балканскім п-ве.
т. 11, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫІ (ад лац. nutatio ваганне, калыханне),
кругавыя або вагальныя рухі органаў раслін. Уласцівы кветаносам, лісцю, караням, калеоптылям, сталонам і інш. органам вышэйшых, а таксама спарангіяносцам ніжэйшых раслін. Кругавыя Н. абумоўлены нераўнамерным ростам розных ч. органаў (рухі росту). Выражаны ў сцёблаў і вусікаў павойных і лазячых раслін. Хістальныя і кругавыя Н. органаў, што спынілі рост, напр., лісця і прылісткаў, адбываюцца ў выніку паслядоўных змен тургару ў клетках лісцевых сучляненняў.
т. 11, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТРАКІ,
1) у 10—11 ст. у Кіеўскай Русі — малодшыя дружыннікі (гл. ў арт. Дружына) князёў і баяр, якія ўдзельнічалі ў паходах і зборы даніны; О. называлі таксама кіраўнікоў княжацкай гаспадаркі і асабістых слуг князёў і баяр. У 12 ст. асобы ніжэйшай княжацкай адміністрацыі, што вяршылі суд, збіралі пошліны і падаткі.
2) У сярэдневяковай Балгарыі, Македоніі, Сербіі (да 14 ст.) феад.-залежныя сяляне, паводле свайго становішча блізкія да рабоў.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,
тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.
т. 11, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́РНАЕ АБКЛАДА́ННЕ,
сістэма прамога падаткаабкладання ў Рас. дзяржаве ў 17—18 ст., у аснову якой пакладзены двор або асобная сямейная гаспадарка. Уведзена ў 1679 замест пасошнага пасля перапісу насельніцтва 1676—78. П.а. павялічыла кантынгент падаткаплацельшчыкаў за кошт новых катэгорый насельніцтва. У 1724 заменена падушным падаткам. На Беларусі і Украіне П.а. пад назвай падымнае было ўведзена ўрадам Рэчы Паспалітай у 1649, пасля іх далучэння да Расіі таксама заменена падушным падаткам.
т. 11, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)