бел. культурна-асветная арг-цыя ў Адэсе ў снеж. 1917 — лют. 1920. Аб’ядноўвала бел. інтэлігенцыю (у 1918 больш за 500 чл.). Мэта — клопат пра бежанцаў 1-й сусв. вайны і бел. насельніцтва ў Адэсе. Стаяла на паліт. платформе партыі бел. эсэраў, выступала за нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа. Выдавала газ. «Белорусы в Одессе». «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыі ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэнне краёвага ўрада Беларусі і яе федэратыўны саюз з Расіяй (28.1.1918), рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17.12.1917 кіраўніцтвам Зах. вобласці і фронту Усебел. з’езда ў Мінску (3.3.1918), супраць умоў Брэсцкага мірнага дагавору (7.4.1918). 19.3.1918 на аб’яднаным пасяджэнні рады «Беларускага гаю» і Бел. вайсковай рады створана Бел.нац. рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада выбрала Бел.нац. камісарыят, у які ўвайшлі Я.Трафімаў, С.М.Некрашэвіч, А.В.Баліцкі, Г.Я.Козел, П.Н.Гудзень, П.В.Ільючонак, С.А.Янушкевіч, А.Ф.Ляжневіч, І.І.Мацюкевіч, П.Пячонкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у Мінску з 20.1.1919 да чэрв. 1941, да 31.8.1923 абл. музей. У аснове калекцый матэрыялы Царк.-археал. музея і Т-ва аматараў прыроды і археалогіі. У 1941 у музеі больш за 60 тыс. экспанатаў: найб. каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі 15—18 ст. (друкаваная Трыёдзь 1494, Тураўскія мінеі-чэцці 1525, слоўнік П.Бярынды і інш.), дарчыя граматы 16—17 ст., грашовыя скарбы 10—18 ст., вырабы цэхавых майстроў, слуцкія паясы, абразы 15—19 ст., карціны бел. мастакоў, бел.нац. адзенне, прадметы працы і хатняга ўжытку і інш. Пры музеі існавалі архіў рукапісных дакументаў 16—18 ст. і навук.б-ка. Музей папаўняўся матэрыяламі археал. раскопак, этнагр. экспедыцый і экспанатамі, перададзенымі інш. музеямі. У 1940—41 музей папоўніўся калекцыямі зброі з Нясвіжскага замка кн. Радзівілаў. У Вял.Айч. вайну разрабаваны ням.-фаш. акупантамі, большасць калекцый загінула. Уцалелыя экспанаты зберагаюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Дырэктарамі музея працавалі П.Харламповіч, В.Ластоўскі, С.Рак-Міхайлоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЎ ((Bellow) Сол) (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),
амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬЦЮКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (н. 26.11.1956, пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас фп. Р.Шаршэўскага; 1987, клас кампазіцыі Я.Глебава). У 1982—89 заг.муз. часткі Бел.т-ра юнага гледача. Працуе ў розных муз. жанрах і стылявых кірунках (ад класіка-рамантычных да сучасна-авангардных). Сярод твораў: кантаты «Начны матылёк», «Святло сонца», для хору а капэла «Вандроўнікі», «Забыты Богам край» (1987—95); «Усяночная», містэрыя «Благаславі нас, Божа» (1995, з А.Залётневым); З сімфоніі: 1-я «Гравюры» (1990), 2-я «Са званамі» (1994), 3-я (1995); Канцэрт для габоя і камернага арк.; «Капрычыо» для флейты і камернага арк.; «Сумнае прынашэнне Моцарту» для флейты, фп. і струннага арк.; камерна-інстр. творы («Стронцый-90», «Музыка для габоя і магнітнай стужкі»); рамансы на вершы М.Багдановіча і Б.Ахмадулінай; музыка да кінафільмаў «Францыск Скарына», «Тутэйшыя», «Язэп Драздовіч», «Полацкая жамчужына» і інш. і драм. спектакляў (больш за 30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНСКІ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л,
міжнароднае аб’яднанне сацыяліст. і с.-д. партый у 1919—23. Створаны былымі ўдзельнікамі Інтэрнацыянала 2-га (фармальна адноўлены на кангрэсе ў Жэневе 31.7——6.8.1920; падрыхтоўчую працу вяла Выканаўчая камісія, створаная на канферэнцыі ў г. Берн 3—10.2.1919, скліканай былым старшынёй Міжнароднага сацыялістычнага бюро Э.Вандэрвельдэ). Лідэры — Вандэрвельдэ, С. і Б.Уэб, О.Баўэр, К.Каўцкі, Р.Макдональд і інш. Ідэйна і арганізацыйна процістаяў Камуністычнаму Інтэрнацыяналу. Праграма Бернскага інтэрнацыяналу (прынята ў 1920) прадугледжвала «мірнае і паступовае перарастанне капіталізму ў сацыялізм» праз пашырэнне дэмакр. правоў і свабод, абагульненне асн. сродкаў вытворчасці пры ўмове кампенсацыі і інш. У 1920—21 аб’ядноўваў партыі 15 краін (у т. л.С.-д. партыю Германіі, Брыт. лейбарысцкую партыю і інш.), больш за 6 млн.чл. (1920). У лют. 1921 некаторыя с.-д. партыі выйшлі з Бернскага інтэрнацыяналу і разам з інш. прыхільнікамі ўтварылі цэнтрысцкі Інтэрнацыянал 2 ½. У маі 1923 абедзве арг-цыі аб’ядналіся ў Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемадзейных жывых элементаў рознай складанасці (гены, клеткі, тканкі, органы, арганізмы, біяцэнозы, экасістэмы, біясфера). Валодаюць уласцівасцямі цэласнасці, адноснай устойлівасці, а таксама здольнасцю адаптацыі да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя, развіцця, самаўзнаўлення і эвалюцыі. Біялагічныя сістэмы — адкрытыя сістэмы, для якіх умовай існавання служыць абмен энергіяй, рэчывам і інфармацыяй паміж часткамі сістэмы і з навакольным асяроддзем. Важнейшая праблема ў вывучэнні біялагічных сістэм — іх прасторавая і часавая арганізацыя, якая прадугледжвае ўключэнне ў сістэму некалькіх элементаў (больш за адзін), што адрозніваюцца пэўным наборам камплементарных паміж сабой прыкмет, на аснове чаго грунтуюцца ўзаемаадносіны паміж элементамі і забяспечваецца ўстойлівасць сістэмы. Тэорыя інфармацыі дазваляе ўвесці колькасныя ацэнкі ўзроўню арганізацыі, што забяспечваецца множнасцю, ступенню разнастайнасці элементаў і сувязяў паміж імі. На гэтай аснове адрозніваюць дэтэрмінаваныя, імаверныя і хаатычныя сістэмы. Біялагічныя сістэмы захоўваюць сваю спецыфічнасць у зменлівых умовах асяроддзя. Іх іерархічнасць і самарэгуляцыя забяспечваюцца шматузроўневым кіраваннем на аснове адваротных сувязяў. Гл. таксама Сістэмны падыход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс.т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс.т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс.км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,
працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.Боас, М.Мід, Б.Маліноўскі, Р.Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.
Літ.:
Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́МПІЯ (Olympia),
старажытнагрэчаскі горад на ПнЗ п-ва Пелапанес, на р. Алфей. Рэліг. цэнтр стараж. грэкаў, месца культу Зеўса і правядзення Алімпійскіх гульняў. Буйны цэнтр мастацтваў (7—4 ст. да н.э.). У канцы 7 ст. да н.э. пабудаваны храм Геры і 12 скарбніц на шляху да храма. Гал. Частка арх. ансамбля — храм Зеўса (468—456 да н.э., арх. Лібан), дзе знаходзілася вялізная статуя Зеўса з золата і слановай косці (скульпт. Фідый), залічаная грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету.
Сярод арх. помнікаў: будынак савета (булеўтэрый, 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 5 ст. да н.э.), храм Маці багоў (1-я пал. 4 ст. да н.э.), свяцілішча Пелапса, гімнасій і інш. З усталяваннем хрысціянства Алімпія заняпала, у 426 н.э. спалена па загадзе рым. імператара Феадосія II. У час раскопак (вядуцца з 1829) выяўлена больш за 130 статуй, каля 13 тыс. бронзавых прадметаў, да 10 тыс. надпісаў на бронзавых таблічках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:
самба
бомба
пломба
клумбаі г.д.
Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самаст. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.Барташэвіча і І.Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.М.Вардамацкага і В.І.Несцяровіча (1994).